АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс. відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
т. 1, с. 524
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́НАЎСКАЕ БАЛО́ТА,
у Беларусі, у Дубровенскім і часткова Аршанскім р-нах Віцебскай вобласці. Пераважна вярховага (64%) і нізіннага (34%) тыпаў, на водападзеле Дняпра і Зах. Дзвіны. Пл. 5,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6,8 м, сярэдняя 2,2 м. Першапачатковыя запасы 12,8 млн. т. На 1,4 тыс. га выяўлены адклады сапрапелю. Асушаныя ўчасткі часткова пад сенажаццю і ворывам, месцамі пад лесам. 2 пясчаныя астравы, на адным — р.п. Асінторф.
т. 2, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАНАВА́ННЕ,
агратэхнічны прыём паверхневай апрацоўкі глебы, догляду і інтэнсіўных тэхналогій вырошчвання с.-г. культур. Праводзіцца з мэтай раздрабнення і разрыхлення ворнага пласта, выраўноўвання ўзаранай паверхні, загортвання насення (пры раскідной сяўбе) і мінер. угнаенняў, а таксама частковага знішчэння праросткаў і ўсходаў пустазелля. Робіцца на глыб. да 10—15 см баронамі раздзельна або адначасова з узворваннем, культывацыяй, прыкочваннем. Памяншае страты глебавай вільгаці, паляпшае паветра- і водапранікальнасць глебы, узмацняе мікрабіял. працэсы, актывізуе назапашванне засваяльных раслінамі пажыўных рэчываў.
т. 2, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГЛАСАКСО́НСКАЕ ЗАВАЯВА́ННЕ,
заваяванне Брытаніі паўн.-герм. плямёнамі англаў, саксаў, ютаў і фрызаў у 5—6 ст. Іх пірацкія напады на Брытанію з сярэдзіны 5 ст. змяніліся перасяленнем у прыбярэжныя раёны і ў глыб краіны. Нягледзячы на ўпартае супраціўленне брытаў і кельтаў, большая частка Брытаніі да канца 6 ст. была заваявана, а брыты знішчаны, заваяваны або выцеснены ў Шатландыю, Уэльс і на кантынент. Склаліся англасаксонскія каралеўствы Кент, Уэсекс, Сусекс, Эсекс, Усх. Англія, Нартумбрыя, Мерсія.
т. 1, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫНЁЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,
у Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Брынёў. Выяўлена ў 1973 у адкладах верхняга алігацэну і міяцэну. Мае адзін паклад. Сярэдняя магутнасць вугальнага пласта 5,8 м (макс. 19,9 м). Сярэдняя глыб. залягання 65 м (макс. 83 м). Вугалі гумусавыя, маркі I Б. Цеплыня згарання 7,1—21,5 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 26,6%. Разведана папярэдне. На пл. 7,1 км² запасы вугалю 38,6 млн. т. Радовішча не эксплуатуецца (1996).
т. 3, с. 277
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУЗЯ́НКА,
возера ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна (працякае праз возера), за 40 км на ПнУ ад г. Верхнядзвінск. Пл. 0,64 км², даўж. 1,74 км, найб. шыр. 790 м, найб. глыб. 2,3 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 1107 км².
Схілы катлавіны выш. да 2 м, на З да 8 м, пераважна разараныя. Берагі сплавінныя, на З нізкія, пясчаныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае ўздоўж берагоў. Турызм.
т. 3, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНСКАЕ БАЛО́ТА,
у Беларусі, у Маладзечанскім і Валожынскім р-нах Мінскай вобл., у пойме Бярэзіны (бас. Нёмана). Нізіннае. Пл. 9,4 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 7,6 тыс. га.
Глыб. торфу да 6,2 м, сярэдняя 2,9 м. Першапачатковыя запасы торфу 46,6 млн. т. Ёсць лугавы мергель. Асушана 6 тыс. га. Землі выкарыстоўваюцца пад ворыва і сенажаць. На неасушанай ч. балота пераважаюць хмызнякі і асокі, на 200 га лес. Ёсць пясчаныя астравы і грады.
т. 3, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ДРЫНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Аўсянка (працякае праз возера), за 36 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 0,22 км², даўж. 750 м, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі 2,25 км. Пл. вадазбору 432 км².
Схілы катлавіны выш. 2—3 м, пад лесам, на Пн і ПдЗ разараныя. Берагі сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Вада празрыстая амаль да дна. Зарастае.
т. 4, с. 56
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЛЛЕ,
возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вельніца (выцякае з возера), за 7 км на З ад г.п. Расоны. Пл. 0,55 км², даўж. 0,93 км, найб. шыр. 840 м, найб. глыб. 4,6 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 1,7 км².
Схілы катлавіны нізкія, на Пд выш. да 3 м, разараныя, месцамі пад лесам. Берагі на Пн і У нізкія, пясчаныя, на Пд і З затарфаваныя, парослыя хмызняком.
т. 4, с. 69
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЕРН (Vänern),
возера на Пд Швецыі. Размешчана на выш. 44 м. Пл. 5,5 тыс. км². Даўж. каля 140 км, шыр. да 80 км, глыб. да 100 м. Шмат астравоў. Берагі пераважна нізкія, моцна расчлянёныя. У Венерн упадае больш за 30 рэк (найб. Кларэльвен). Выцякае р. Гёта-Эльв (сцёк у праліў Катэгат). Замярзае са снеж.—студз. да канца красавіка, Венерн — частка ўнутр. суднаходнага воднага шляху Стакгольм—Гётэбарг. На Венерне гарады Карлстад, Марыестад, Венерсбарг.
т. 4, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)