метад сінтэзу палімераў, пры якім макрамалекула ўтвараецца шляхам паслядоўнага далучэння малекул аднаго ці некалькіх манамераў да актыўнага цэнтра, што знаходзіцца ў канцы растучага ланцуга; адзін з асн. спосабаў атрымання высокамалекулярных злучэнняў. У П. ўступаюць нізкамалекулярныя рэчывы, малекулы якіх маюць кратныя сувязі (алефіны, дыенавыя і ацэтыленавыя вуглевадароды, альдэгіды, нітрыты і інш.) або цыклічныя групоўкі, здольныя раскрывацца (аксіды алефінаў, цыклічныя эфіры, лактоны, лактамы і інш.).
Паводле колькасці манамераў, што ўдзельнічаюць у П., адрозніваюць гамаполімерызацыю (адзін манамер) і суполімерызацыю (2 і больш), паводле прыроды актыўнага цэнтра — радыкальную П., калі актыўны цэнтр — свабодны радыкал (гл.Ланцуговыя хімічныя рэакцыі), і іонную П., актыўныя цэнтры — іоны (аніённая ці катыённая П.) або палярызаваныя малекулы (каардынацыйна-іонная П.). Пры П. развіццё кінетычнага ланцуга (працэс П. ўключае некалькі асн. стадый, т.зв. элементарных актаў — ініцыіраванне, рост ланцуга, яго абрыў і перадача) адбываецца адначасова з ростам матэрыяльнага ланцуга макрамалекулы. Найб. пашыраныя спосабы ажыццяўлення П.: П. ў масе, ці блочная (П. вадкага манамера ў адсутнасці растваральніку), П. ў растворы (полімерызуецца раствораны манамер), эмульсійная П. і суспензійная П. (П. манамера, дыспергаванага ў вадзе), газафазная (П. газападобнага манамера пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення ці на паверхні каталізатара), а таксама цвердафазная П. (П. манамераў у крышт. або шклопадобным стане). Метадам П. атрымліваюць каля 75% агульнага аб’ёму сінт. палімераў, што вырабляюць у свеце, (у т. л.найб. буйнатанажныя поліалефіны, полістырол, полівінілхларыд), а таксама асн. масу каўчукоў сінтэтычных.
Літ.:
Оудиан Дж. Основы химии полимеров: Пер. с англ.М., 1974;
Иванчев С.С. Радикальная полимеризация. Л., 1985;
Брук М.А., Павлов С.А. Полимеризация на поверхности твердых тел. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫБАЛТЫ́ЙСКІ ФРОНТ ПЕ́РШЫў Вялікую Айчынную вайну.
Утвораны 20.10.1943 у выніку перайменавання Калінінскага фронту. Дзейнічаў на паўн.-зах. і зах. напрамках. Камандуючыя: ген. арміі А.І.Яроменка (кастр.—ліст. 1943), ген. арміі І.Х.Баграмян (ліст. 1943 — люты 1945); чл.ваен. савета ген.-лейт. Дз.С.Лявонаў (кастр. 1943 — ліст. 1944), ген.-лейт. М.В.Рудакоў (ліст. 1944 — люты 1945); нач. штаба ген.-лейт., з 28.6.1944 ген.палк. У.В.Курасаў (кастр. 1943 — люты 1945). У розны час уваходзілі арміі: 2-я гв., 4-я ўдарная, 6-я гв., 11-я гв., 39-я, 43-я, 51-я, 61-я, 5-я гв.танк., 3-я паветраная. З 1 да 21 ліст. 1943 войскі фронту вялі наступленне на Віцебска-Полацкім напрамку, у снеж. правялі Гарадоцкую аперацыю 1943. У лют.—сак. 1944 войскі П.ф.п. ва ўзаемадзеянні з войскамі Зах. фронту пачалі наступленне пад Віцебскам. Летам 1944 разам з войскамі 1-га, 2-га і 3-га Бел. франтоў ажыццявілі Беларускую аперацыю 1944: удзельнічалі ў Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944, правялі Полацкую аперацыю 1944 і Шаўляйскую аперацыю 1944. З 14.9.1944 з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. і Ленінградскага франтоў пры падтрымцы Балт. флоту ўдзельнічаў у Прыбалтыйскай аперацыі 1944; з войскамі 2-га і 3-га Прыбалт. франтоў ажыццявіў Рыжскую, з войскамі 3-га Бел. фронту — Мемельскую (Клайпедскую) аперацыі. Са студз. 1945 войскі фронту ўдзельнічалі ва Усх.-Прускай аперацыі. 24.2.1945 П.ф.п. скасаваны, яго войскі пад назвай Земландская група (камандуючы І.Х.Баграмян) уключаны ў склад 3-га Бел. фронту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПТАЛАМЕ́І (грэч. Ptolemaioi),
Лагіды, грэка-македонская дынастыя цароў эліністычнага Егіпта ў 3—1 ст. да н.э.Найб. значныя прадстаўнікі: П. I Сатэр («выратавальнік»; каля 366—283 да н.э.), цар у 305—283 да н.э. Адзін з палкаводцаў Аляксандра Македонскага. З 323 да н.э. сатрап. Ператварыў Егіпет у арганізаваную і цэнтралізаваную дзяржаву. Пры ім сталіца Александрыя стала гасп. і духоўным цэнтрам Егіпта (засн.Александрыйскі мусеян, б-ку). Аўтар гісторыі паходаў Аляксандра Македонскага (не захавалася). П. II Філадэльф («які любіць сястру»; 308—246 да н.э.), цар у 285—246 да н.э. Стварыў моцны флот, далучыў шэраг тэр., умацаваў паліт. і эканам. становішча Егіпта. У адпаведнасці з егіп. традыцыямі ўзяў шлюб з уласнай сястрой. П. III Евергет («дабрадзей»; каля 284—221 да н.э.), цар у 246—221 да н.э. Пры ім Егіпет дасягнуў найб. памераў і валодаў найвыш. аўтарытэтам сярод эліністычных дзяржаў. У час праўлення П. VI Філаметара («які любіць маці»), цара ў 180—145 да н.э., пачаліся працяглыя дынастычныя войны. Пры яго пераемніках Егіпет (з 168 да н.э.) трапіў пад рым. ўплыў.
Стаўленік Рыма П. XI Аляксандр II [80 да н.э.] забіты паўстаўшымі александрыйцамі. П. XII Філапатар Новы Дыяніс [80—51 да н.э.] вярнуўся на прастол з дапамогай рым. легіянераў. Цэзар падтрымаў Клеапатру VII у барацьбе за трон з яе братам і мужам П. XIV. У 30 да н.э. праўленне П. скончылася, Егіпет стаў рым. правінцыяй.
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́Ў-ВО́ДКІН (Кузьма Сяргеевіч) (5.11.1878, г. Хвалынск Саратаўскай вобл., Расія — 15.2.1939),
расійскі жывапісец. Засл. дз. маст. Расіі (1930). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства ў В.Сярова (1897—1905), студыі А.Ажбе ў Мюнхене (1901), у прыватных акадэміях у Парыжы (1905—08). Чл. аб’яднанняў «Свет мастацтва» (з 1911), «Чатыры мастацтвы» (з 1924). У 1918—33 выкладаў у ленінградскіх Дзярж. вольных маст. майстэрнях, Вышэйшых маст.тэхн. майстэрнях. Вышэйшым маст.-тэхн. ін-це, АМ. Наведаў Італію (1905) і Паўн. Афрыку (1907). Зазнаў уплывы ням. і франц. майстроў сімвалізму і мадэрну, італьян. рэнесансу, рус. іканапісу, В.Барысава-Мусатава. Элегічная сузіральнасць, разарваны, вялы рытм, змрочны каларыт ранніх работ («Бераг», 1908; «Сон», 1910, і інш.) у 1910-я г. змяніліся напружанасцю і пластычнай яснасцю вобразаў, востра-рытмізаванай кампактнай кампазіцыяй, кантрастамі адкрытых яркіх колераў, выкарыстаннем прыёмаў сферычнай перспектывы; «Хлопчыкі гуляюць» (1911), «Купанне чырвонага каня» (1912), «Паўдня» (1917) і інш. У 1920-я г. пісаў прасякнутыя пафасам рэв. барацьбы тэматычныя карціны: «1918 год у Петраградзе» (1920), «Пасля бою» (1923), «Смерць камісара» (1928) і інш. Аўтар аналітычна строгіх партрэтаў (аўтапартрэт, 1918; «Г.А.Ахматава», 1922), паэт. партрэтна-жанравых кампазіцый («Дзяўчына ў сарафане», «Дзяўчына каля акна», абедзве 1928), нацюрмортаў («Ранішні нацюрморт», 1918; «Чаромха ў шклянцы», 1932). Працаваў таксама як графік і тэатр. мастак.
Тв.:
Хлыновск. Пространство Эвклида. Самаркандия: [Повести). 2 изд. Л., 1982.
Літ.:
Костин В.И. К.С.Петров-Водкин. М., 1966;
Русаков Ю.А. Петров-Водкин. Л., 1975;
Яго ж. Рисунки Петрова-Водкина: [Альбом]. М., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ БІЯХІ́МІЯ,
раздзел біяхіміі, які вывучае змены абмену рэчываў, што ўзнікаюць у арганізме ў выніку дзеяння на ягоіанізавальнага выпрамянення. Цесна звязана з радыебіялогіяй. Асн. задача Р.б. — высвятленне механізмаў узнікнення асаблівасцей цячэння метабалічнай рэакцыі арганізма ў адказ на апрамяненне на малекулярным, субклетачным, клетачным, аргана-тканкавым, арганізмавым узроўнях. На Беларусі Р.б. развіваецца з канца 1950-х г. Даследаванні праводзяцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі Нац.АН, БДУ, Віцебскім мед. ін-це і інш. Уклад у Р.б. зрабілі А.Ц.Пікулеў, Л.С.Чаркасава, Т.М.Міронава, В.Г. і К.В. Фамічэнкі і інш. Вывучаліся дзеянні лятальных доз рэнтгенаўскіх і гама-прамянёў на бялковы і вугляводны абмен у функцыянальна важных тканках жывёльнага арганізма, малых доз вострага, фракцыянаванага і хранічнага апрамянення на паказчыкі абмену рэчываў (прыярытэт бел. школы біяхімікаў), складаных бялковых біяпалімераў, амінакіслот, ферментаў вугляводна-энергет. нуклеінавага абмену, дзеянне адносна невял. доз нейтронаў прамежкавых энергій на абмен рэчываў. Пасля Чарнобыльскай катастрофы (1986) арганізаваны Ін-т радыебіялогіі Нац.АН Беларусі, Н.-д. клінічны ін-т радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі. Даследуюцца эфекты малых доз радыяцыі на гарманальны статус арганізма (гармоны шчытападобнай, падстраўнікавай і палавых залоз), фосфарна-кальцыевы абмен, метабалізм вугляводаў, імуналагічныя паказчыкі (Я.Ф.Канапля, Г.Р.Гацко, І.М.Багель і інш.).
Літ.:
Ионизирующее излучение и обмен веществ. Мн., 1962;
Фамічэнка К.В., Петрусенка Г.П. Сістэма нуклеаз у тканках пасля адрэналэктаміі і рэнтгенаўскага апраменьвання // Весці АНБССР. Сер. біял.навук. 1985. № 5;
Основные итоги выполнения научного раздела Гос. программы РБ по минимизации и преодолению последствий катастрофы на Чернобыльской АЭС на 1996—2000 гг. за 1996 г.Мн. 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗВЕ́ДКА ПАРТЫЗА́НСКАЯў Вялікую Айчынную вайну,
збор, апрацоўка і перадача ваен., эканам. і паліт. інфармацыі аб праціўніку; адзін з відаў забеспячэння баявой дзейнасці партызан і адна з форм дапамогі Чырв. Арміі. Праводзілася спец. падраздзяленнямі разведкі і разведчыкамі, якія складалі каля 10% (1944) асабовага складу партыз. фарміраванняў, а таксама сувязнымі, падпольшчыкамі і інш. патрыётамі. У 1942 у тыле ворага дзейнічалі 5150 разведчыкаў, у канцы 1943 — больш за 8 тыс., да ліп. 1944—24 тыс.Р.п. кіравалі Паўн.-Зах. аператыўная група ЦККП(б)Б, развед. аддзелы Цэнтр. і Бел. штабоў партыз. руху, аператыўныя групы і прадстаўніцтва БШПР пры штабах франтоў, развед. органы партыз. фарміраванняў. У дапамогу Чырв. Арміі Р.п. ў вер. 1941 здабыла звесткі пра сканцэнтраванне буйных сіл ворага для наступлення на Маскву і прыблізныя тэрміны яго пачатку; у жн. 1942 — пра перакідку ням. войск у раён Ленінграда; загадзя перадала даныя пра маючае адбыцца наступленне герм. войск у раёне Арла і Курска, пра план контрудараў на Палессі, у раёне Кіева і інш. Толькі з кастр. да канца 1943 бел. партызаны перадалі камандаванню сав. войск звесткі пра размяшчэнне 338 аэрадромаў і пасадачных пляцовак, 871 склад, 152 прадпрыемствы, што выраблялі ваен. прадукцыю. Р.п. здабыла звесткі пра сакрэтную зброю вермахта — самалёты-снарады і ракеты Фау-1 і 2 (гл.Фау), вытворчасць у Германіі фаустпатронаў і інш. (аб выніках дзейнасці бел. партызан і Р.п.гл. таксама Партызанскі рух на Беларусі ў Вялікую Айчынную вайну). Каля 6 тыс.партыз. разведчыкаў і сувязных загінулі пры выкананні заданняў. Сярод тых, каму прысвоена званне Героя Сав. Саюза, разведчыкі Г.І.Маслоўская, М.А.Міхайлашаў, М.Тапівалдыеў, У.А.Хамчаноўскі, В.З.Харужая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАПА́ЛЬСКІ ДАГАВО́Р 1922, савецка-германскі дагавор 1922,
падпісаны паміж РСФСР (Г.В.Чычэрын) і Германіяй (К.І.Вірт і В.Ратэнаў) у г. Рапала (Італія) 16 крас. ў час Генуэзскай канферэнцыі 1922. Заключэнню дагавора папярэднічалі двухбаковыя перагаворы ў Маскве ў 1921 і ў Берліне ў крас. 1922. Паводле дагавора аднаўляліся дыпламат. і консульскія адносіны паміж абедзвюма дзяржавамі (былі разарваны пасля Ліст. рэвалюцыі 1918 у Германіі), бакі адмаўляліся ад узаемных фін. прэтэнзій (Сав. Расія — ад кампенсацыі ваен. і неваен. страт, нанесеных 1-й сусв. вайной, Германія — ад выплаты ёй даўгоў царскага ўрада і пакрыцця кошту нацыяналізаваных сав. ўладамі герм. прадпрыемстваў), надаваўся статус найб. спрыяння двухбаковым гандл.-эканам. адносінам. Дадатковае сакрэтнае пагадненне да дагавора прадугледжвала супрацоўніцтва герм.узбр. сіл (рэйхсвера) з Чырв. Арміяй (у т. л.вытв-сць і выпрабаванне ў Сав. Расіі ням. зброі), што парушала ўмовы Версальскага мірнага дагавора 1919. Дагавор ратыфікаваны ВЦВК РСФСР 16 мая, герм. рэйхстагам — 4 ліп.; 5.11.1922 яго дзеянне пашырана на інш.сав. рэспублікі, у т. л.БССР. Р.д. стварыў дагаворна-прававую аснову для развіцця паліт., эканам. і культ. сувязей паміж Сав. Расіяй і Германіяй, значна ўмацаваў міжнар. становішча бакоў, у т. л. прарваў іх знешнепаліт. ізаляцыю. Страціў сілу пасля нападу нацысцкай Германіі на СССР (чэрв. 1941).
Публ.: Советско-германские отношения от переговоров в Брест-Литовске до подписания Рапалльского договора. Т. 2. (1919—1922). М., 1971.
Літ.:
Трухнов Г.М. Поучительные уроки истории: Три сов.-герм. договора (1922—1926 гг). Мн., 1979;
Космач В.А., Романовский Д.В. Советская Беларусь и Германия в 1917—1932 гг.: кампании солидарности, торговля, культурный обмен (уроки истории для современности). Витебск, 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСІ́ЙСКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ з філіялам у г.Самара. Створаны ў 1995 у Маскве на базе рэарганізацыі Рас.дзярж.навук.-тэхн. архіва
(РДНТА) у г. Самара (засн. ў 1967 у Маскве як Цэнтр.дзярж. архіў навук.-тэхн. дакументацыі на базе аддзела навук.-тэхн. дакументацыі Цэнтр.дзярж. архіва нар. гаспадаркі СССР, у 1976 пераведзены ў Самару, з 1992 РДНТА),
яго філіяла ў Маскве і Рас.н.-д. цэнтра касм. дакументацыі. 1062 фонды, 2 347 211 адзінак захоўвання з 1855 да нашага часу. Зберагае н.-д., канструктарскую, праектную і патэнтную дакументацыю ўстаноў Рас. імперыі, арг-цый саюзнага і федэральнага падпарадкавання Рас. Федэрацыі. Сярод фондаў матэрыялы па гісторыі рас. ракетна-касм. тэхнікі і касманаўтыкі, комплексы дакументаў мін-ваў СССР: агульнага машынабудавання, авіяц. прам-сці, сувязі, аховы здароўя і мед. прам-сці, энергетыкі, паліўнай прам-сці, прыладабудавання, сувязі, буд-ва і транспарту; АНСССР, Дзяржкіно, Дзяржтэлерадыё і інш.; асабістыя фонды вучоных і вынаходнікаў, першых касманаўтаў. Матэрыялы ў Самарскім філіяле (больш за 800 фондаў) па гісторыі электраэнергетыкі, машынабудавання, металаапрацоўкі, паліўнай, металургічнай, хім. і нафтахім., лясной і дрэваапрацоўчай, лёгкай, харч. прам-сці, транспарту. У асобнае архівасховішча вылучаны дакументы прадпрыемстваў Дзяржкамабаронпрама. Захоўваецца дакументацыя пра ўдзел у міжнар. і нац. выстаўках, кірмашах, матэрыялы навук. і тэхн. з’ездаў, кангрэсаў, нарад, канферэнцый, вядучых н.-д. і праектных устаноў. Зберагаецца праектная дакументацыя нар.-гасп. аб’ектаў Беларусі, Бел. тэатра імя Я.Коласа, запаведна-паляўнічай гаспадаркі «Белавежская пушча» і інш. Частка фондаў архіва засакрэчана ў адпаведнасці з Законам Рас. Федэрацыі «Аб дзяржаўнай тайне».
Літ.:
Архивы России: Москва и Санкт-Петербург. М., 1997. С. 180—186.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́ННАСЦЬ,
сукупнасць расл. згуртаванняў (фітацэнозаў) Зямлі або асобных яе рэгіёнаў. Характарызуецца колькасцю і спалучэннем відаў, наяўнасцю розных жыццёвых форм раслін, іх прасторавай структурай і дынамікай. Пакрывае амаль усю паверхню мацерыкоў (акрамя ледзяных пустынь унутр.тэр. Антарктыды, Грэнландыі, самых высокіх раёнаў горных масіваў і сухіх пустынь), знаходзіцца ў акіянах і інш. вадаёмах. Утварае важны кампанент біясферы (фітасферу), звязана з асаблівасцямі клімату, воднага рэжыму, глебы, рэльефу, а таксама з жывёльным светам, разам з якім фарміруе розныя біягеацэнозы. Адыгрывае найважн. ролю ў першасным сінтэзе арган. рэчыва і кругавароце рэчываў. Размеркаванне Р. мае пераважна занальны характар і звязана з кліматычнымі паясамі (асабліва на раўнінах, а ў гарах выяўляецца верт. пояснасцю). У розных класіфікацыях адрозніваюць Р. водную, мезафітную, ксерафітную, галафітную, або драўнінную, травяністую, кустовую, хмызняковую. Асн. класіфікацыйныя адзінкі — асацыяцыя, фармацыя, тып. Некалькі дзесяткаў тыпаў Р. сушы характарызуюць самыя буйныя біёмы: тундру, лясны (тайга, трапічныя лясы і інш.), саванну, стэп, пустыню і інш. На Беларусі прыроднае расліннае покрыва займае 67,2% тэр., якая адносіцца да 2 буйных батаніка-геагр. абласцей — Еўрапейскай таежнай хвойна-лясной (барэальнай) і Еўрапейскай шыракаліста-лясной (немаральнай). Пашырана Р. лясная (35,6%), лугавая (17,1%), балотная (12,2%) і хмызняковая (2,3%). Асобны тып утварае водная Р. — макрафіты. Паводле прыродна-кліматычных умоў вылучаюць 3 геабат. падзоны: дубова-цемнахвойныя лясы (Паўночная), грабава-дубова-цемнахвойныя лясы (Цэнтральная) і шыракаліста-хваёвыя лясы (Паўднёвая). На Р. адмоўна ўплываюць гасп. дзейнасць чалавека, тэхнагеннае забруджванне прыродных экасістэм, змены экалагічных умоў, таму яна патрабуе рацыянальнага выкарыстання, пастаяннай аховы і аднаўлення. Вывучае Р. геабатаніка, фітацэналогія і экалогія. Гл. таксама Геабатанічнае раянаванне і іл. да яго, Расліны, Флора.