СКЛАДАНАКВЕ́ТНЫЯ, астравыя (Compositae, або Asteraceae),
сямейства двухдольных раслін парадку астравых. Найб. арганізаваныя прадстаўнікі вышэйшых раслін. Адзін згал. ачагоў развіцця С. — сухія нагор’і Цэнтр. Мексікі. Удзельнічаюць у фарміраванні расл. покрыва ў паўпустынях, альпійскім поясе тропікаў і інш. Больш за 1 тыс. родаў, каля 30 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. На Беларусі каля 250 відаў з 60 родаў. Буйнейшыя — бадзяк, васілёк, дзівасіл, зубнік, крываўнік, палын, пупок, старасцень, чартапалох, ястрабок. У садах і парках, радзей у пакоях культывуюцца каля 20 відаў з 12 родаў (напр., аксаміткі, вяргіня, пірэтрум, рудбекія).
Адна- і шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты і дрэвы (у тропіках). Лісце простае, чаргаванае ці супраціўнае без прылісткаў. Для вегетатыўных органаў характэрны млечнікі або смаляныя хады. Трубчастыя кветкі размешчаны ў цэнтры кветаложа, афарбаваныя язычковыя — па краі. Суквецце — кошык, які мае ад аднаго (мардоўнік) да 1 тыс. і больш (сланечнік) кветак. Звычайна кошыкі сабраны ў разнастайныя верхавінкавыя суквецці (мяцёлчатыя, шчыткападобныя і інш.). Плод — сямянка. Сярод С. алейныя (напр., сафлор, сланечнік), агароднінныя (напр., артышок, салата), лек. (напр., календула, піжма, рамонак, палын, дэкар. (напр., астра, вяргіня, хрызантэма) расліны, некат. пустазелле [напр., амброзія, асот, галінзога (амерыканка), лопух, чартапалох].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСЛА́НДЫЯ (Ísland),
Рэспубліка Ісландыя (Lýðveldið Ísland), дзяржава на в-ве Ісландыя ў паўн.ч. Атлантычнага ак. На Пн абмываецца Грэнландскім м., на У — Нарвежскім м., на З Дацкі прал. аддзяляе І. ад Грэнландыі. Пл. 103 тыс.км². Нас. 272,55 тыс.чал. (1996). Дзярж. мова — ісландская. Сталіца — г.Рэйк’явік. І. падзяляецца на 8 абласцей, якія ўключаюць 23 акругі (сіслы). Нац. свята — Дзень абвяшчэння незалежнай рэспублікі (17 чэрвеня).
Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1944. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва на 4 гады. Вышэйшы орган дзярж. улады — парламент (альцінг) складаецца з 2 палат: верхняй і ніжняй (выбіраюцца на 4 гады). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду. Акругамі кіруюць чыноўнікі, прызначаныя цэнтр. уладай. Органы мясц. кіравання — выбарныя муніцыпалітэты гарадоў. Суд. сістэма складаецца зВярх. суда, які з’яўляецца вышэйшай апеляцыйнай інстанцыяй, гар. і ніжэйшых судоў.
Прырода. Большая ч. вострава — плато выш. 400—800 м над узр. м, месцамі ўкрытае лёдам, са шматлікімі вулканамі (каля 200). Найб. вядомыя — Гекла, Лакі, Аск’я і Хванадальсхнукур (найвыш. пункт І., 2119 м). На З і Пд — паласа ўзбярэжных нізін Моцна парэзаная берагавая лінія са шматлікімі фіёрдамі. Характэрны гарачыя крыніцы, гейзеры. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: торф, лігніт, ісландскі шпат, сера. Мінер. крыніцы. Клімат субарктычны, марскі, абумоўлены ўплывам Гальфстрыма. Сярэдняя т-растудз. ад 0 °C на ўзбярэжжы да -10 °C у гарах, ліп. адпаведна 11 °C і 0 °C. Ападкаў за год ад 465 мм на Пн да 2000—4000 мм на Пд. Ледавікі і снежнікі (пераважна на Пд) займаюць больш за 13% тэр. краіны, буйнейшыя з іх Ватнаёкудль (пл. каля 8400 км², магутнасць да 1 км), Лаўнгёкудль (1020 км²), Хофсёкудль (1000 км²). Рэкі кароткія (з парогамі і вадаспадамі), маюць значныя запасы гідраэнергіі. Характэрны шматлікія невял. азёры, буйнейшыя з іх — Тынгвадлаватн, Міватн. Глебы пераважна горныя арктычныя, на ўзбярэжных нізінах і невысокіх плато — вулканічныя, тарфяніста-дзярновыя. Расліннасць небагатая — горная тундра, тарфяныя балоты, увільготненыя злакавыя лугі. Жывёльны свет: пясцы, лемінгі, шмат птушак, прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі — Тынгведлір, Міватн-ог-Лахсаў, Скафтафедль, Ёкульсаўргльювур; шматлікія рэзерваты, помнікі прыроды.
Насельніцтва. 99% складаюць ісландцы. Нац. меншасці: датчане, амерыканцы, шведы, немцы і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (лютэране) — 96%, ёсць католікі. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,6 чал. на 1 км², найб. на ПдЗ вострава (каля 15 чал. на 1 км²). Гар. насельніцтва 92%. Найб. гарады (тыс.ж.): Рэйк’явік — 104,3 (1995), Коўпавагур — 16,7, Хабнарфіёрдур — 15,6, Акурэйры — 14,4 (1991). У прам-сці занята 24%, у сельскай гаспадарцы — 6% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя У старажытнасці І. была невядома. Каля 867 востраў адкрылі нарвежцы. У 9 ст. тут жылі нешматлікія пустэльнікі. Паміж 870 і 930 на ім пасялілася каля 20 тыс.чал. Гэта былі пераважна праціўнікі караля Харальда I Сінязубага, які аб’яднаў Нарвегію і актывізаваў барацьбу супраць родавай знаці. У І. прыбывалі і каланісты знарв. пасяленняў у Ірландыі і Шатландыі. Тагачаснае грамадства падзялялася на свабодных (гл.Бонды) і несвабодных жыхароў, Родавыя вярхі мелі вырашальны голас на сходах (цінгах). Каля 930 у І. створаны агульнанар. сход (альцінг). Адным засн. заняткаў насельніцтва было мараплаўства. У 980-я г. ісландцы адкрылі Грэнландыю, каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі; яны падтрымлівалі гандл. сувязі з народамі Еўропы, у т. л.зусх. славянамі. Каля 1000 альцінг ухваліў прыняцце ў І. хрысціянства, якое пранікала сюды пераважна з Нарвегіі. У 1056 і 1106 створаны першыя епіскапствы, падпарадкаваныя нарв.царк. іерархіі. Перыяд незалежнасці І. (10—12 ст.) быў і эпохай росквіту ісландскай культуры, асабліва л-ры. Родавае процістаянне і адсутнасць цэнтр выканаўчай улады прывялі ў 13 ст. да грамадз. вайны, што дапамагло нарв. каралям завалодаць востравам (1262—64). Панаванне нарвежцаў прыспешыла працэс феадалізацыі краіны. Улада на месцах перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў, мясц. заканадаўства прыстасавана да нарвежскага. Маёмасць апальнай знаці была канфіскавана ва ўласнасць кароны і здавалася ў арэнду. У 1380 разам з Нарвегіяй І. апынулася ў уніі з Даніяй. З гэтага часу ўсе царк і свецкія пасады ў І. займалі датчане. У 1537—50 Крысціян III навязаў І. лютэранства, пераадолеўшы супраціўленне ч. грамадства і каталіцкага духавенства. Паступовае пагаршэнне клімату (з 13 ст.), пірацтва на Атлантычным ак., увядзенне Даніяй гандл. абмежаванняў (з 1602 дацкая манаполія на гандаль з І.), выбухі вулканаў і эпідэміі зрабілі немагчымым у 14—18 ст.эканам. і дэмаграфічнае развіццё вострава (заняпад сельскай гаспадаркі, запавольванне прыросту насельніцтва). У пач. 19 ст. І. канчаткова страціла фармальныя прыкметы аўтаноміі (у 1800 указам дацкага караля скасаваны альцінг, у 1808 ліквідавана мясц. самакіраванне). Пасля скасавання дацка-нарв. уніі (1814) І. засталася ў складзе ўладанняў Даніі. У 1-й пал. 19 ст. ў асяроддзі маладой і нешматлікай ісландскай інтэлігенцыі ўзнік рух за нац адраджэнне пад лозунгамі эканам. і паліт. незалежнасці, які ўзначаліў І.Сігурдсан. У выніку дацкі ўрад вымушаны быў пайсці на ўступкі: у 1843 адноўлены альцінг (з дарадчымі функцыямі), у 1854 скасавана дацкая гандл. манаполія, у 1871 І. атрымала абмежаваную аўтаномію (замацавана паводле канстытуцыі 1874), пашыраную ў 1903. У 1870—90 значная колькасць насельніцтва эмігрыравала ў ЗША і Канаду. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў І. сфарміраваўся каап. рух, пачалі стварацца першыя паліт. партыі.
1.12.1918 І. абвешчана суверэннай дзяржавай (з уласным урадам і паўнамоцным парламентам) у персанальнай уніі з Даніяй. 18.5.1920 альцінг прыняў канстытуцыю краіны. У час 2-й сусв. вайны, пасля захопу Даніі ням.-фаш. войскамі (май 1940), у І. высадзіліся брыт., у ліп. 1941 — амер. войскі. 17.6.1944 паводле рэферэндуму, праведзенага ў сувязі з заканчэннем 25-гадовага тэрміну уніі з Даніяй, І. абвешчана рэспублікай. Першым прэзідэнтам стаў С.Б’ёрнсан. З 1948 краіна карысталася амер. дапамогай у межах Маршала плана. У 1-й пал. 20 ст., дзякуючы развіццю рыбалоўства і рыбаперапрацоўкі, адбыўся хуткі ўздым узроўню жыцця насельніцтва. З мэтай забеспячэння сваіх эканам. інтарэсаў І. пашырыла сферу выключнага рыбалоўства (у 1975 — да 200 марскіх міль), што стала прычынай канфлікту з Вялікабрытаніяй, ФРГ і інш.еўрап. дзяржавамі (т. зв. «трасковыя войны»). Робяцца спробы развіцця інш. галін прам-сці, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. У паліт. жыцці І. гал. ролю адыгрываюць Партыя незалежнасці (засн. ў 1929), Прагрэс. партыя, С.-д. партыя (абедзве засн. ў 1916), Нар. саюз (засн. ў 1968); дзейнічае Федэрацыя прафсаюзаў І. Ніводная з партый не мае вырашальнага ўплыву ў грамадстве, што выклікае неабходнасць стварэння кааліцыйных урадаў і прыводзіць да частай змены кабінетаў. Пасля 2-й сусв. вайны найб. трывалыя кааліцыі стваралі Партыя незалежнасці зПрагрэс. партыяй (1950—56, 1974—78, 1983—88, з 1995) і сацыял-дэмакратамі (1959—71, 1991—95). Прэм’ер-міністр Д.Одсан (з 1991). Прэзідэнт краіны О.Р.Грымсан (з 1996). І. — член ААН (з 1946), НАТО (з 1949), Паўн. савета (з 1952), Еўрап. асацыяцыі свабоднага гандлю (з 1970), Савета Еўропы, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.
Гаспадарка. Паводле аб’ёму валавога ўнутр. прадукту (ВУП) на душу насельніцтва І. займае адно з вядучых месцаў у групе развітых дзяржаў (18,8 тыс.дол. ЗША, 1995). Доля прамысловасці ў ВУП каля 30%, сельскай гаспадаркі — 12%. Каля 20% ВУП і 75% экспартных паступленняў забяспечваюць рыбалоўства і рыбаперапрацоўка, у якой занята 12% працаздольнага насельніцтва. Улоў рыбы ў 1995 склаў 1,62 млн.т. Ловяць пераважна мойву (1/2 улову), траску, селядцоў. Асн. раёны перапрацоўкі рыбы (засолачныя станцыі і халадзільнікі, з-ды рыбакансервавыя, па вытв-сці рыбнай мукі і тлушчу) — Рэйк’явік, Акурэйры, Сіглуфіёрдур, Вестманаэяр. Выпрацоўка электраэнергіі 4,9 млрд.кВтгадз (1995), пераважна на ГЭС (93,5%). Геатэрмальная электрастанцыя ў г. Крафла. Спажыванне электраэнергіі на душу насельніцтва ў І. адно з самых высокіх у свеце (18 тыс.кВтгадзза год). Гарачыя крыніцы выкарыстоўваюць на абагрэў жылля і цяпліц. Чорная і каляровая металургія развіваецца на таннай электраэнергіі, вядзецца металаапрацоўка, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, мінер. угнаенняў. Вытв-сць (тыс.т, 1995): алюмінію — 88, ферасіліцыю — 72, дыятаміту — 29, цэменту — 185. Гал. цэнтры — Хабнарфіёрдур (алюмініевы з-д), Акранес (цэментны з-д), Гувунес (камбінат азотных угнаенняў). Ёсць верфі па рамонце і буд-ве рыбалоўных суднаў (Рэйк’явік, Акурэйры), малочныя з-ды і мясакамбінаты, тэкст., трыкат., гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. Аснова сельскай гаспадаркі — мяса-воўнавая авечкагадоўля і малочная жывёлагадоўля. С.-г. ўгоддзі выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці і пашы (22% тэр. краіны). Гадуюць авечак (451 тыс. галоў, 1996), буйн. раг. жывёлу, коней, поні. Апрацоўваецца каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць бульбу, турнэпс, кармавыя травы, у цяпліцах (больш за 100 га) — памідоры, агуркі і інш. Транспарт марскі і аўтамабільны. Асноўная ч. грузаперавозак прыпадае на марскі флот (танаж каля 170 тыс. брута-рэг. т). У рыбалоўным флоце больш за 1 тыс. суднаў агульным танажом каля 130 тыс. брута-рэг. т. Аўтатранспарт (119 тыс. аўтамабіляў) ажыццяўляе пераважна ўнутр. груза- і пасажыраперавозкі. Даўж. аўтадарог больш за 12,5 тыс.км. У краіне 24 аэрапорты і аэрадромы. Гал.трансп. цэнтр Рэйк’явік. У Кеблавіку міжнар. аэрапорт і амер.ваен. база. Экспарт (1,6 млрд.дол. ЗША, 1994): рыба і рыбапрадукты (75% кошту), алюміній (9,5%), дыятаміт, ферасіліцый, бараніна, воўна і інш. Імпарт (1,5 млрд.дол. ЗША, 1994): машыны і абсталяванне (19%), сродкі транспарту (11%), с.-г. прадукты (10%), нафта і газ (9%). Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Нарвегія. Ірландыя, Германія, Японія, Данія, Швецыя Беларусь набывае ў І. пераважна рыбу (468 тыс.дол. ЗША, 1996). І. наведвае каля 160 тыс. замежных турыстаў за год. У 1994 даход ад турызму склаў 137 млн.дол. ЗША. Грашовая адзінка — ісландская крона.
Літаратура. Фальклор І. збярогся ў запісах 13 ст. (зб. міфалагічных і гераічных песень «Эда Старэйшая»), Былі пашыраны вершы скальдаў, сагі, створаныя невядомымі аўтарамі, у т. л. радавыя сагі, у якіх апавядалася пра жыццё першых ісландскіх пасяленцаў і іх нашчадкаў («Сага аб Эгіле», «Сага аб жыхарах пясчанага берага», «Сага аб людзях Лаксдаля», «Сага аб Грэціры», «Сага аб Ньяле»); сагі стараж. часоў («Сага аб Вёльсунгах», якая з’яўляецца пераказам «Эды Старэйшай», «Сага аб Храмундзе Грэйпсане», «Сага аб Хэрвёр» і інш.); у каралеўскіх сагах — жыццяпісы нарвежскіх каралёў («Хеймскрынгла» С.Стурлусана, аўтара празаічнай «Эды Малодшай» — трактата аб язычніцкай міфалогіі). У 12 ст. створана кароткая гісторыя І. «Кніга аб ісландцах» А.Торгільсана, пазней — «Кніга аб паселішчах». Пасля страты І. незалежнасці (13 ст.) яе л-ра доўгі час была ў заняпадзе і прадстаўлена пераважна перакладам Бібліі, зробленым пратэстантамі, і кнігай лютэранскага пастара Хадльгрымюр П’етурсана «Перадвелікодныя псалмы» (1666). Асн.літ. жанрам амаль да 19 ст. былі т. зв. рымы — вершаваныя пераказы розных сюжэтаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. вяліся спрэчкі вакол праблем рамантызму і рэалізму. Значнае месца ў л-ры гэтага часу належыць творчасці Г.Магнусана — песняра сял. жыцця (цыкл «Ферма ў гарах», т. 1—4, 1908—11). Рэаліст. тэндэнцыі выявіліся ў апавяданнях Г.Паўльсана, у іранічнай паэзіі С.Г.Стэфансана. Найб. вядомыя празаікі 20 ст. Г.Гунарсан, Т.Тоўрдарсан (майстар гумарыстычнага стылю), Х.К.Лакснес. Сярод сучасных раманістаў О.І.Сігурдсан («Гульня фарбаў зямлі», 1947, «Ліст пастара Бёдвара», 1965), С.Бергвейсан, Б.Б’ярман, Д.Відар. Укладам у паэзію І. 20 ст. стала творчасць неарамантыка Д.Стэфаўнсана, які браў натхненне ў фальклоры і баладах Т.Гудмундсана — песняра Рэйк’явіка. Новыя мадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў творчасці С.Стэйнара («Час і вада», 1948), паэтаў Сігурдсана, С.Х’яртарсана, Ханес П’етурсана, М.Іохумсана. Прызнанне атрымалі празаік Т.Вільх’яўльмсан, драматургі А.Богасан, Стэфаўнсан, С.Нордаль, публіцыст І.Аўрнасан.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі мастацтва на тэр. І. адносяцца да 9—10 ст. (пераважна метал. вырабы, аздобленыя плеценым арнаментам) і маюць сляды ўплыву мастацтва вікінгаў. Стараж. ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, з дзярновых і тарфяных блокаў, з дзярновымі дахамі і размешчанымі ў рад памяшканнямі. З прыняццем хрысціянства (каля 1000) мастацтва І. развівалася ў рэчышчы раманскага, пазней гатычнага стыляў з уплывамі ірл., нарв. мастацтва і нарманскага звярынага стылю. З 11—12 ст. вядома арнаментальная разьба па дрэве (рэльефы, распяцці, статуі). Плецены арнамент упрыгожвае і сярэбраныя пасудзіны 12—13 ст., гатычныя мініяцюры 14—15 ст., алтарныя вышываныя пакрывалы. У 2-й пал. 16—18 ст. мастацтва ў І. заняпала, актыўна развівалася толькі нар. творчасць (разьба, ткацтва). З сярэдзіны 18 ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк’явіку). У 19 ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. Узнікла нац. школа жывапісу (партрэтыст С.Гудмундсан, пейзажысты Т.Торлаўхсан, А.Іоўнсан), у якой вобразы дзікай, некранутай прыроды І. сталі сімваламі нац. адраджэння. Рэаліст. жывапіс 20 ст. адлюстроўвае яркія вобразы радзімы (К’ярваль, І.Стэфаўнсан), казкі і паданні (Г.Торстэйнсан), быт. сцэны (К.Іоўнсдаўцір, Г.Шкевінг), гіст. і фалькл. матывы (А.Свейнсан, С.Оўлафсан, скульпт. Э.Іоўнсан). У архітэктуры І. з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк’явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адм. і прамысл. будынкі (арх. Гудмундсан, Г.Самуэльсан, С.Тордарсан). У сучасным мастацтве суіснуюць рэаліст. тэндэнцыі (С.Сігурдсан) і авангардныя плыні (С.Арынб’ярнар, Т.Скуласан). Характэрныя віды нар. творчасці — разьба, вышыўка, вязанне.
Літ.:
Васильев Я.А. Исландия вчера и сегодня. М., 1986;
Андрессон К.Е. Современная исландская литература, 1918—1948: Пер. с исл. М., 1957;
Стеблин-Каменский М.И. Древнескандинавская литература. М., 1979;
Искусство стран и народов мира. Т. 2. М., 1965;
Eldjárn K. Icelandic art. New York, 1961.
Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Бутырчык (літаратура), В.Я.Буйвал, С.У.Пешын (архітэктура і выяўленчае мастацтва).
Герб і сцяг Ісландыі.Да арт.Ісландыя. Вадаспад на поўдні краіны.Да арт.Ісландыя. Горад Акурэйры на паўночным узбярэжжы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ШКО́ЛА ЗА МЯЖО́Й.
Станаўленне бел. школьніцтва за мяжой звязана з арганізацыяй нац.-культ. жыцця і прысутнасцю свядомай нац. інтэлігенцыі. Першыя масавыя перасяленні беларусаў (канец 19 — пач. 20 ст.) не былі адзначаны дзейнасцю бел. школ. У перыяд паміж 1-й і 2-й сусв. войнамі ў Латвіі пры Мін-ве асветы дзейнічаў Бел. аддзел для кіраўніцтва навуч. ўстановамі, арганізацыяй і падтрымкай бел. школ займаліся т-ва«Беларуская хатка», Беларускіх вучыцялёў таварыства, працавалі бел. гімназіі ў Дзвінску, Люцыне, Рызе (прыватная), больш за 60 бел. школ у Дзвінскім, Люцынскім пав. і Рызе. У Літве справы школьніцтва вялі Мін-вабел. спраў, Беларускі прафесіянальны вучыцельскі саюз і т-ва «Беларуская хатка» ў Вільні, Беларускае культурна-асветнае таварыства ў Коўне і інш.
Дзейнасцю бел. школ Вільні і Віленскага краю кіравала Беларуская школьная рада (да пач. 1921 было закладзена каля 200 бел.пач. школ), на аснове якой у крас. 1921 створана Таварыства беларускай школы. Працавалі Віленская беларуская гімназія, дзесяткі школ. У 1921—39 у Зах. Беларусі ў выніку палітыкі паланізацыі бел. школ амаль не засталося. З 500 школ, што існавалі тут напярэдадні польск. акупацыі, да 1936 засталося 16, у 1939 не стала ніводнай. Былі закрыты бел. гімназіі ў Клецку, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах, а Віленская рэарганізавана ў Бел. філіял польск. гімназіі.
У 2-ю сусв. вайну па розных прычынах у Германіі і Аўстрыі апынулася каля 500 тыс. беларусаў (гл.Дыяспара беларуская, Эміграцыя). У 1945—50 пры Беларускіх лагерах для перамешчаных асоб працавалі дзіцячыя сады, пач. школы, гімназіі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Дашкольным выхаваннем былі ахоплены дзеці ад 3 да 6 гадоў, у Зах. Германіі сады існавалі ў лагерах Ватэнштэт (1945—48), Вайдэн, Міхельсдорф, Шляйсгайм (1946), Мітэнвальд, Майнлёз, Фогенштраўс, Віндзішбергердорф, Остэргофен (1947), Гібельштат (1948), Бакнанг і Розенгайм (1949). У праграму заняткаў уваходзілі экскурсіі, гульні, спевы, дэкламаванне вершаў, чытанне і пераказ апавяданняў. Пач. школы для дзяцей 7—11 гадоў ствараліся ва ўсіх лагерах, дзе былі значныя бел. асяродкі. Першыя адкрыліся восенню 1945 у лагерах Гослар, Ватэнштэт, Рэгенсбург, працавалі яны і ў лагерах Мітэнвальд (1947—49), Віндзішбергердорф (1947—49), Міхельсдорф (1946—49), Остэргофен (1946—49), Гановер (1946—50), Бакнанг (1949—50). Выкладаліся бел. і ням. мовы, арыфметыка, геаграфія, гісторыя, прыродазнаўства, закон Божы, шмат увагі надавалася эстэт. і фіз. развіццю. Працавалі Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, гімназіі імя М.Багдановіча (Ватэнштэт, 1945—50), імя У.Ігнатоўскага (Майнлёз, 1947—49), у Остэргофене (1947—49). У Аўстрыі на ваен. ф-цы ў Швадорфе ў 1944 працавала школа для дзяцей. У Верхняй Аўстрыі былі 2 бел. школы — у Кірхсгайме і ў лагеры для перамешчаных асоб ДП 701-А Рыд. У сувязі з дазволам перамешчаным асобам выбіраць месца сталага пражывання, у пач. 1950-х г. у асн. завяршыўся выезд беларусаў у інш. краіны свету. На новых месцах пасялення пры бел. грамадска-культ. цэнтрах і дамах ствараліся суботнія і нядзельныя школы. Найб. былі ў ЗША (гарады Саўт-Рывер, 1952; Нью-Брансуік, 1954; Нью-Йорк, 1954; Кліўленд, 1956; Чыкага, 1957; Нью-Джэрсі, 1954; Дэтройт, 1958), Канадзе (Таронта, 1957, 1961), Вялікабрытаніі (Лондан, 1957; Манчэстэр, 1958; Брадфард, 1963). Школы для бел. дзяцей дзейнічалі ў Вялікабрытаніі пры англіканскай царкве (1962) і Хрысц. аб’яднанні бел. работнікаў; у 1961—75 у Лондане працавала сярэдняя школа-інтэрнат імя Кірылы Тураўскага пры Бел. каталіцкай місіі. У Аўстраліі ў г. Мельбурн пры дапамозе Бел.цэнтр.к-та нядзельная школа была адчынена ў 1957, некат. час працавалі школы ў гарадах Сідней, Адэлаіда, Перт. Для падтрымкі школ пры грамадскіх арг-цыях існавалі школьныя фонды, у т. л.Бел. школьны фонд у ЗША (1956), фонд бел. падручнікаў у Канадзе (1973). Навучальную літ-ру для бел. дапаўняльных школ (чытанкі, лісткі з песнямі, нотамі, граматычныя практыкаванні і інш. школьныя канспекты) выдавалі ў Нью-Йорку Бел. выдавецкі фонд, выдавецкая суполка імя Ф.Скарыны, бел. парафіі св. Кірылы Тураўскага, св. Ефрасінні Полацкай (Саўт-Рывер), Жыровіцкай Божай Маці (Нью-Брансуік) і інш.З 1970-х г. беларуская школа за мяжой перажывае цяжкасці, зменшылася іх колькасць, новае пакаленне беларусаў у асн. стала англамоўнае. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, працэсы адраджэння выклікалі цікавасць беларусаў да нац. традыцый, культуры, і дзейнасць школы зноў актывізавалася. Працуюць (1996): бел. ліцэі ў Гайнаўцы і імя Б.Тарашкевіча ў Бельску-Падляскім, Вілеская беларуская гімназія, бел. класы ў г. Рыга, Даўгаўпілс (Латвія), Вісагінас (Літва), нядзельныя школы для дарослых і дзяцей у Маскве, Рызе, Ташкенце, Новасібірску, Таліне, Кішынёве і інш.; у дзесятках школ Беласточчыны (Польшча) выкладаюць бел. мову як прадмет.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАНДЫНА́ЎСКІЯ ГО́РЫ, Скандынаўскае нагор’е. На Скандынаўскім п-ве, у Швецыі і Нарвегіі. Даўж. каля 1700 км, шыр. ад 200—300 км на Пн да 600 км на Пд, выш. да 2469 м (г. Гальхёпіген). Стромка абрываюцца да ўзбярэжжа Нарвежскага м., пакатымі ўступамі спускаюцца да Батнічнага зал., утвараючы пласкагор’е Норланд. Складзены зкрышт. і метамарфічных парод, якія змяты ў складкі ў каледонскую эпоху; на У злучаюцца зБалт. шчытом. Пасля доўгай дэнудацыі горы перанеслі паўторнае падняцце ў кайназоі, якое ўтварыла сістэму блокаў, трэшчын і разломаў. Найб. амплітуды падняцці дасягнулі ў цэнтр. і зах. частках С.г., што вызначыла зрушанасць водападзельных хрыбтоў на З. і значную шыр.ўсх. схілаў. У чацвярцічны час С.г. траплялі пад покрыўнае зледзяненне, з чым звязана шырокае развіццё ледавіковых адкладаў і форм рэльефу. С.г. ўяўляюць сабой рад выцягнутых зПнУ на ПдЗ горных плато, якія расчлянёны тэктанічнымі далінамі на асобныя масівы. Вяршынныя паверхні — фіельды, серыя паднятых на выш. больш за 2000 м пенепленаў. Найб. высокія пласкагор’і ў паўд.ч. С.г. — Ютунхеймен, Хардангервіда, Юстэдалсбрэ, Тэлемарк, Доўрэфіель. Над сярэднім узр. пласкагор’яў (ад 900 да 1700 м) узвышаюцца асобныя групы вяршынь і хрыбтоў з альпійскімі формамі рэльефу. У сярэдняй ч. С.г. прыкметна зніжаюцца. Іх перасякае Емтландская зона тэктанічных апусканняў — прадаўжэнне глыбока ўрэзанага ў сушу Тронхеймс-фіёрда. На Пн распасціраецца хр. Х’елен, перасечаны папярочнымі і падоўжнымі далінамі, над якімі ўздымаюцца завостраныя вяршыні з каравымі і даліннымі ледавікамі на схілах (г. Кебнекайсе, 2123 м). Крайняя Пн — пласкагор’е Фінмаркен (300—500 м) з асобнымі астанцовымі вяршынямі. На З С.г. амаль ушчыльную падыходзяць да ўзбярэжжа і моцна расчлянёныя. Вял. колькасць фіёрдаў: самы доўгі ў Еўропе — Согнефіёрд (даўж. 220 км, шыр. 5—6 км), Хардангер-фіёрд, Букн-фіёрд і інш.З боку мора фіёрдавае ўзбярэжжа акаймавана вузкай (30—60 км) паласой прыбярэжнай раўніны, утворанай у выніку маладых тэктанічных падняццяў (выш. да 40 м), дзе сканцэнтравана значная частка нас. пунктаў, гандл. і рыбалавецкіх партоў Нарвегіі. Карысныя выкапні: жал., медна-нікелевыя, сульфідныя, тытанавыя руды. Клімат умераны, пераважна акіянічны з халаднаватым летам, умерана халоднай зімой. Пад уплывам цёплага Паўн.-Атлантычнага цячэння сярэдняя т-растудз. адносна высокая для гэтых шырот і зменьваецца ад 1 °C да -14 °C, сярэдняя т-раліп. ад 16 °C да 6 °C. Ападкаў на зах. схілах да 3000 мм, на ўсх. — 400—800 ммза год. Клімат фіельдаў характарызуецца нізкімі т-рамі зімовых і летніх месяцаў, што разам з вялізнай вільготнасцю вызначае развіццё сучаснага зледзянення. Снегавая лінія ляжыць на выш. 700—800 м на Пн, 1500—1700 м на Пд. На З яна ніжэйшая, чым на У. Агульная плошча зледзянення С.г. каля 5 тыс.км². Найб. ледавікі Юстэдалсбрэ, Фольгефані. Густая сетка мнагаводных, парожыстых рэк, шматлікія азёры тэктанічна-ледавіковага паходжання. С.г. ўкрыты горна-таежнымі лясамі (хвоя, елка), асабліва на ўсх. схілах. Лясы падымаюцца да выш. 300—500 м на Пн і 900—1100 м на Пд. Вышэй паласа бярозавага крывалесся. Фіельды бязлесныя, пераважае горна-тундравая хмызняковая і мохава-лішайнікавая расліннасць, якая месцамі чаргуецца з лугамі. Па рачных далінах — нізкастволыя бярэзнікі. На зах. схілах фармацыі верасоўнікаў і тарфянікаў. На Пд — мяшаныя і шыракалістыя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЙЕ́МЕН, Йеменская Рэспубліка (Аль Джумхурыя аль Йаманія),
дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі, на Пд Аравійскага п-ва. Абмываецца водамі Чырвонага і Аравійскага мораў. Мяжуе на Пнз Саудаўскай Аравіяй, на Уз Аманам (б.ч. мяжы не дэмаркіравана). Пл. 532 тыс.км². Нас. 13972,5 тыс.чал. (1997). Сталіца — г.Сана (з 1990), статус эканам. сталіцы мае г.Адэн. Падзяляецца на 17 правінцый. Дзярж. мова — арабская, б.ч. насельніцтва размаўляе на йеменскім дыялекце. Дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень йеменскага адзінства (22 мая).
Дзяржаўны лад. Й. — рэспубліка. Паводле канстытуцыі 1994 кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца парламентам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — Палаце прадстаўнікоў (301 дэпутат, выбіраюцца насельніцтвам), выканаўчая ўлада — ураду на чале з прэм’ер-міністрам.
Прырода. Й. пераважна горная краіна. На З — Йеменскія горы (Джэбель) выш. да 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб, складаюцца з высокіх плато, расчлянёных глыбокімі далінамі. Шмат патухлых вулканаў. На Пд і ў цэнтр.ч. горы выш. да 2513 м, паўн. схілы якіх павольна зніжаюцца да пустыні Руб-эль-Халі. На У — невысокія пласкагор’і і пластавыя ўзвышшы. Уздоўж узбярэжжа Чырвонага м. і Адэнскага зал. паласой у 50—60 км цягнецца пустыня Тыхама. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, золата, серабро, каменны і буры вугаль, жал., поліметал. і уранавыя руды, графіт, сера, бітумінозныя сланцы, фасфарыты, соль, гіпс, паўкаштоўныя камяні (онікс, агат, халцэдон). На ўзбярэжжы клімат трапічны, гарачы і сухі. Тыхама — адна з самых спякотных і сухіх пустынь у свеце. Сярэдняя т-растудз. 24 °C, чэрв. 31 °C, ападкаў менш за 100 мм. У гарах лета ўмерана цёплае і вільготнае, зіма халаднаватая і сухая, у снеж.—лютым бываюць замаразкі. Каля г. Сана (на выш. 2400 м) сярэдняя т-рачэрв. 21 °C, студз. 14 °C, ападкаў 700—1000 ммза год. Рэкі невялікія. Частка рэк (Мур, Забід, Масіла, Тыбан і інш.) у верхнім і сярэднім цячэнні мае пастаянны вадасцёк, большасць перасыхае. Глебы чырвона-бурыя, зрэдку саланчаковыя. Расліннасць на раўніне пустынная і паўпустынная, на схілах гор калючыя хмызнякі і невял. дрэвы (акацыя, мімоза), па далінах лістападныя і вечназялёныя лясы, на ўнутр. плато сухія стэпы, месцамі саванна. У аазісах пустынь і паўпустынь фінікавыя і какосавыя пальмы. Жывёльны свет: газелі, шакалы, гіены, паўзуны, шмат малпаў, эндэмічны драпежнік мускусны кот (в-аў Сакотра); з птушак — пеліканы, фламінга, цацаркі. У прыбярэжных водах — тунец, сардзіны, скумбрыя, лангусты, амары, крэветкі, крабы і інш.
Насельніцтва. Й. — этнічна аднародная краіна, каля 90% складаюць йеменскія арабы. Жывуць таксама індыйцы, пакістанцы, іранцы, самалійцы і інш. Каля 100 тыс.чал. вядуць качавы спосаб жыцця на У і ПнУ. Большасць насельніцтва належыць да сектаў шыітаў-зейдзітаў і сунітаў-шафіітаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 26 чал. на 1 км², найб. ў Джэбелі — каля 100 чал. на 1 км², у Хадрамаўце і вакол г. Адэн — 45 чал. на 1 км², на Пн — каля 1 чал. на 1 км². У гарадах жыве 34% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж.): Сана — 972, Адэн — 562 (1995), Таіз — 178, Хадэйда — 155, Эль-Мукала — 50 (1986).
Гісторыя. Дзярж. ўтварэнні на тэр. Й. існавалі са стараж. часоў. На рубяжы 2—1-га тыс. да н.э. тут складвалася своеасаблівая паўд.-аравійская цывілізацыя, узніклі дзяржавы Хадрамаўт, Катабан, Саба, пазней — Маін, якія дасягнулі найб. росквіту ў 2—1 ст. да н.э. (гэта тэрыторыя атрымала ад ант. географаў назву «Arabia felix» — «Шчаслівая Аравія»). Іх развіццю спрыяў гандаль з краінамі Міжземнамор’я і Індыяй. У пач. 4 ст.н.э.тэр. Й. ўключана ў Хім’ярыцкае царства, тут пашырыліся іудаізм і хрысціянства. У 525 Й. заваяваны эфіопамі, у 575 — Сасанідамі (гл.Сасанідаў дзяржава). У канцы 6 — пач. 7 ст. на тэр. Й. існавала шмат дробных уладанняў, якія каля 630 уключаны ў склад Араб.халіфата. Паступова пануючай рэлігіяй стаў іслам. У 10 ст. частка тэр. Й. апынулася пад уладай шыіцкай секты зейдзітаў. Некалькі стагоддзяў тут ішлі міжусобіца і барацьба паміж рознымі дынастыямі. У пач. 16 ст. Й. падпарадкавалі туркі-асманы, але ў выніку агульнайеменскага паўстання яны мусілі ў 1633 пакінуць краіну. Утварылася незалежная тэакратычная дзяржава на чале з зейдзіцкімі імамамі. У 1839 англічане захапілі раён Адэна (Паўд. Й.), дзе пазней былі створаны брыт. калонія і пратэктараты Адэн (Усходні і Заходні). У Паўн. Й. аднавілася тур. панаванне (1872).
У выніку антыасманскага паўстання 1904—11 Паўн. Й. дамогся аўтаноміі, у 1918 абвешчаны каралеўствам на чале з імам Ях’я ібн Мухамедам. Паводле англа-йеменскага дагавора 1934 Вялікабрытанія прызнала незалежнасць Паўн. Й., але пакінула за сабой Адэн. У 2-ю сусв. вайну Й. захоўваў нейтралітэт, у 1943 разарваў дыпламат. адносіны з Італіяй. У 1948 у выніку змовы забіты Ях’я. Да ўлады прыйшоў яго сын Ахмед, які часткова адышоў ад палітыкі самаізаляцыі дзяржавы: быў створаны савет міністраў, Й. прыняў удзел у Бандунгскай канферэнцыі 1955. У 1962 у выніку антыманархічнай рэвалюцыі скінута ўлада імама і абвешчана Йеменская Араб. Рэспубліка (ЙАР). Новы ўрад прапанаваў шырокую праграму сац.эканам. рэформ, ажыццяўленне якой прыпыніла грамадз. вайна (скончана ў 1970). У 1971 адбыліся першыя ў гісторыі Паўн. Й. ўсеагульныя выбары паводле канстытуцыі 1970. У 1978 прэзідэнтам ЙАР выбраны Алі Абдала Салех.
У выніку ўзбр.нац.-вызв. барацьбы народаў Паўд. Й. ў 1967 абвешчана незалежная Нар. Рэспубліка Паўд. Йемена (з 1970 Нар.Дэмакр. Рэспубліка Йемен, НДРЙ). Кіраўніцтва абвясціла сацыяліст. арыентацыю краіны і ажыццявіла шэраг рэформ, скіраваных на мадэрнізацыю феад.-плем. структуры грамадства. У 1972 успыхнуў узбр. канфлікт з ЙАР, які скончыўся падпісаннем пагаднення аб аб’яднанні 2 дзяржаў (не рэалізаваны). У 1978 створана Йеменская сацыяліст. партыя, ген. сакратаром у 1980 выбраны Алі Насэр Мухамед (адначасова кіраўнік дзяржавы і прэм’ер-міністр). Партыя выступала за развіццё дзярж. сектара ў эканоміцы, стварэнне калект. гаспадарак, цеснае супрацоўніцтва зСССР і інш.сацыяліст. краінамі. У 1979 адбыўся новы ўзбр. канфлікт з ЙАР. У 1980-я г.ўнутр. канфлікты, частыя змены кабінетаў, непаразуменні ў кіраўніцтве па пытаннях ўнутр. і знешняй палітыкі перашкаджалі працэсу сац.-эканам. развіцця НДРЙ. У 1989 ва ўмовах крызіснай эканам. сітуацыі кіраўніцтва краіны адмовілася ад сацыяліст. праграмы. Перагаворы паміж урадамі абедзвюх йеменскіх дзяржаў скончыліся падпісаннем 22.5.1990 дагавора пра стварэнне аб’яднанай Рэспублікі Йемен (РЙ). Прэзідэнтам яе выбраны Алі Абдала Салех. У канцы 1993 адносіны паміж Паўн. і Паўд. Й. рэзка пагоршыліся, у крас. 1994 пачалася маштабная вайна. У маі 1994 у Адэне абвешчана Дэмакр. Рэспубліка Йемен. У ліп. 1994 войскі РЙ устанавілі кантроль над усёй тэр.Паўд. Й. Вясной 1997 адбыліся выбары новага парламента РЙ. Й. — чл. Лігі араб. дзяржаў (з 1945), ААН (з 1947). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў жн. 1995.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Усеагульны нар. кангрэс, Йеменскае аб’яднанне ў абарону рэформ, Йеменская сацыяліст. партыя. Прафс. аб’яднанне — Усеагульная федэрацыя прафсаюзаў рабочых Йеменскай Рэспублікі.
Гаспадарка. Й. — аграрная краіна. Яе эканоміка перажывае цяжкі крызіс як вынік баявых дзеянняў у 1994. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 37,1 млрд.дол. ЗША, на душу насельніцтва — 2520 дол. ЗША. Доля ВУП (%): прам-сці — 24, сельскай гаспадаркі — 21, сферы паслуг — 55. У сельскай гаспадарцы занята 54% працаздольнага насельніцтва. Гал. галіна — земляробства. Пасяўная пл. каля 3210 тыс.га. Асн. раёны — Джэбель (на тэрасаваных багарных землях), Тыхама, Хадрамаўт, Лахдж (на арашальных землях). Прыродныя ўмовы дазваляюць атрымліваць па 2—3 ураджаі за год. Гал. экспартная культура — кава. У аазісах — фінікавая пальма. Асн. збожжавыя: дура (афр. проса), сорга, пшаніца, ячмень. кукуруза; тэхн. — індзіга, кунжут, бавоўнік, тытунь, хна, кат (наркатычная расліна), імбір. Традыцыйна развіта садоўніцтва (бананы, персікі, абрыкосы, гранаты, цытрусавыя, манга, інжыр). У цэнтр. раёнах развіта вінаградарства (больш за 40 сартоў). На паліўных землях агародніцтва, бахчаводства. Бульбаводства. Жывёлагадоўля пашавага характару. Гадуюць (млн. галоў, 1996): авечак — 3,7, коз — 3,2, буйн. раг. жывёлу (пераважна зебу) — 1,1, коней, аслоў, вярблюдаў. У Хадрамаўце і Джэбелі — пчалярства. У прыбярэжных раёнах — рыбалоўства; улоў рыбы (1995) складае 86,8 тыс.т. Здабываюць жэмчуг, каралы, перламутр. Вядучая галіна прам-сці — здабыча і перапрацоўка нафты. Запасы нафты — 550 млн.т у раёне Марыб і прав. Хадрамаўт (Масіла), газу — 130—170 млрд.м³. Штогод на Марыбскім радовішчы здабываюць каля 10 млн.т нафты. Нафтаперапрацоўка на з-дах у Адэне і Марыбе (магутнасць каля 9 млн.т). Нафта і нафтапрадукты складаюць каля 90% экспарту краіны. Здабываюць таксама кухонную соль (запасы ў Саліфе 300—500 млн.т), жал. руду, гіпс, паўкаштоўныя камяні. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 1,9 млрд.кВт∙гадз. З-ды металаапрацоўчай прам-сці: суднарамонтны (Адэн), зброевы (Сана), па вытв-сці тары для нафтапрадуктаў (Хадэйда) і алюмініевага посуду (Таіз). Прадпрыемствы лёгкай прам-сці: бавоўнаачышчальныя (у Сане, Хадэйдзе, Забідзе, Лахджы), тэкст. (у Сане, Адэне), швейныя, гарбарныя. Ёсць з-ды хім. прам-сці (лакафарбавы ў Адэне і пластмасавых вырабаў у Таізе). Развіты галіны харч. прам-сці (кандытарская, алейная, кансервавая, рыбная, малочная, тытунёвая). Вытв-сцьбуд. матэрыялаў у Таізе, Сане (цэментны з-д), мэблі ў Сане, запалак у Адэне. Развіта саматужна-рамесніцкая вытв-сць дываноў, тэкстылю, абутку, упрыгожанняў з золата, серабра, ганчарных вырабаў. Ва ўнутр. перавозках асн. з’яўляецца аўтамаб. транспарт. Даўж. аўтадарог з асфальтавым пакрыццём 11 тыс.км. Аўтапарк больш за 510 тыс. машын, у м. 282 тыс. грузавых. Шырока выкарыстоўваецца ўючны транспарт на стараж. караванных шляхах. 11 аэрапортаў, з іх 4 міжнар. (у Сане, Адэне, Таізе, Хадэйдзе). Знешнегандл. марскія перавозкі — на замежных суднах. Гал. парты: Хадэйда (вываз кавы, сухафруктаў, скуры, бавоўны), Адэн (транзітны порт), Моха, Саліф, Эль-Мукала. Экспарт складае 1,1 млрд.дол. ЗША (1994): нафта і нафтапрадукты, кава, бавоўна, фінікі, рыбапрадукты, соль і інш. Імпарт — 1,8 млрд.дол. ЗША (1994): нафта, машыны і абсталяванне, тавары нар. ўжытку, хім. прадукцыя. Асн.гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Японія, Расія, краіны бас. Індыйскага ак. Грашовыя адзінкі — йеменскі рыял і йеменскі дынар.
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр.Паўн. Й. выяўлены рэшткі стараж. гарадоў (з 2-га тыс. да н.э., Марыб, Маін), умацаваных мурамі з вежамі, ірыгацыйных пабудоў (Марыбская плаціна, 7 ст. да н.э.), каменных храмаў з рэльефамі, статуямі, размалёўкамі (храм Авам каля Марыба, 8 ст. да н.э.). Знойдзены каменная і бронз. скульптура. творы гліптыкі, кераміка. З І. ст.н.э. вядомы г. Сана, дзе паводле літ. крыніц, быў 20-павярховы замак Гумдан. З пашырэннем ісламу (7 ст.) будаваліся мячэці, напачатку «дваровага» тыпу (аль-Джама аль-Кебір у Сане), пазней — у выглядзе купальных залаў (аль-Ашрафія ў Таізе, 13 ст.); мінарэты звычайна ярусныя, круглыя ці шматгранныя, з невял. купалам. Традыц. жылыя дамы ў гарадах 3—7-павярховыя, каменныя ці цагляныя, з міжпаверхавымі паясамі (у Сане), ажурнымі балконамі (у Хадэйдзе); у селішчах — высокія сырцовыя і каменныя, часам вежавыя дамы ці чарацяныя хаціны на драўляным каркасе. У Паўд. Й. захаваліся руіны сталіцы царства Катабан г. Тымна (9—1 ст. да н.э., рэшткі каменных умацаванняў, вял. будынкаў з высечанымі на сценах надпісамі, надмагільныя стэлы некропаля з квадратнымі пліткамі, са схематычнымі выявамі твараў, насценныя бронз. рэльефы і статуі эліністычнага характару); у Хадрамаўце — руіны гарадоў 5—4 ст. да н.э.з абарончымі мурамі з часанага каменю (Шабва) і рэшткамі дамоў, скальныя грабніцы і вадаёмы (Адэн). У розных раёнах знойдзены прадрапаныя і нанесеныя вохрай выявы канца 1-га тыс. да н.э.: фігуркі людзей і жывёл з бронзы і золата, кераміка згеам. арнаментам. У нешматлікіх сучасных гарадах (Шыбам, Тарым) захавана ў асноўным стараж. аблічча: сырцовыя 6—7-павярховыя да мы вежавага тыпу, якія шчыльна прымыкаюць адзін да аднаго і ствараюць знадворку непрыступны мур з адзінай брамай, што вядзе ў горад. Фасады высокіх дамоў часта аздоблены шматколернай размалёўкай. Каля г. Адэн захаваліся ўмацаванні сярэдзіны 19 ст. (і фрагменты 16—17 ст.). Для культавай архітэктуры характэрны мячэці з плоскім ці купальным перакрыццем галерэй, якія абкружаюць двор, Мінарэты з паясамі зубчастай муроўкі з цэглы сырцу, маўзалеі-«куба» з яйкападобным купалам і ажурным парапетам, што завяршае сцены. У архітэктуры сучаснага Й. новыя канструкцыі спалучаюцца зтрадыц. элементамі. Развіваецца выяўл. мастацтва. Захоўваюцца стараж. віды нар. мастацтва: інкрустацыя па дрэве і метале, філігрань, вышыўка, дыванаткацтва і інш.
Г.С.Смалякоў (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Йемена.Да арт.Йемен. Традыцыйная забудова гарадоў на паўночным усходзе краіны.Да арт.Йемен. Ландшафт у даліне Хадрамаўт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГАЯ СУСВЕ́ТНАЯ ВАЙНА́ 1939—45,
самая вялікая і кровапралітная вайна ў гісторыі чалавецтва. У яе была ўцягнута 61 дзяржава, больш за 80% насельніцтва Зямлі, ваен. дзеянні ішлі на тэр. 40 дзяржаў, а таксама на марскіх і акіянскіх прасторах. Пачалася ў выніку абвастрэння барацьбы паміж буйнейшымі дзяржавамі за перадзел зон уплыву, што склаліся пасля першай сусветнай вайны 1914—18. Вырашальную ролю ў развязванні вайны адыграла Германія, правячыя колы якой імкнуліся ліквідаваць Версальска-Вашынгтонскую сістэму дагавораў (1919—22). З устанаўленнем у 1933 фаш. дыктатуры палітыка Германіі грунтавалася на ідэалогіі нацызму. У 1936 Германія заключыла дагавор з Японіяй, вядомы пад назвай «Антыкамінтэрнаўскі пакт», да якога потым далучыліся Італія, Іспанія і інш. краіны; у 1939—40 ён ператварыўся ў адкрыты ваен. саюз Германіі, Італіі і Японіі (гл.Берлінскі пакт 1940). Блоку агрэсіўных краін процістаяла кааліцыя Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША і іх саюзнікаў. Правячыя колы зах. дзяржаў, спрабуючы адвесці пагрозу ад сваіх краін, спачатку імкнуліся не да таго, каб стрымаць фаш. агрэсараў, а каб накіраваць іх удар на інш. дзяржавы, потым на СССР. Такая палітыка паскарала рост ваенна-прамысл. патэнцыялу дзяржаў фаш. блоку. Японія ў пач. 1930-х г. акупіравала значную ч. Кітая, Італія ў 1935 — Эфіопію, у 1939 — Албанію, Германія ў 1938 — Аўстрыю (гл.Аншлюс). У 1936—39 здзейснена герм.-італьянская інтэрвенцыя ў Іспаніі. Кульмінацыяй патуральніцкай палітыкі зах. дзяржаў у адносінах да фаш. агрэсараў стала Мюнхенскае пагадненне 1938 аб расчляненні Чэхаславакіі: 1.10.1938 Германія акупіравала Судэцкую вобл., у 1939 — усю краіну.
Каб прадухіліць агрэсію на У, СССР заключыў з Германіяй 23.8.1939 дагавор аб ненападзе, а 28.9.1939 — дагавор «Аб дружбе і граніцы». Сав. Саюз імкнуўся выйграць час для ўмацавання сваёй абараназдольнасці.
Да 1.9.1939 нацысцкая Германія мела ўзбр. сілы ў 4,6 млн.чал., 4093 баявыя самалёты, 3195 танкаў, 107 караблёў, у т. л. 57 падводных лодак. Аснову стратэгічнай канцэпцыі вермахта складаў «бліцкрыг» («маланкавая вайна»), Вайна пачалася нападам 1.9.1939 гітлераўскай Германіі на Польшчу. 3.9.1939 вайну Германіі аб’явілі Вялікабрытанія і Францыя. У склад іх кааліцыі ўвайшлі і брыт. дамініёны і калоніі (Аўстралія, Новая Зеландыя, Індыя, Паўд.-Афр. Саюз, Канада і інш.). На працягу 9 месяцаў усе гэтыя краіны вялі т.зв.«дзіўную вайну» — практычна нічога не рабілі. Гэта дазволіла Германіі за некалькі тыдняў разграміць Польшчу, паступова акупіраваць Данію, Нарвегію, Бельгію, Галандыю, Люксембург. 17.9.1939 СССР увёў свае войскі на тэр.Зах. Беларусі і Зах. Украіны, якія былі ў складзе Польшчы. Зах. Беларусь аб’ядналася зБССР, Зах. Украіна — з УССР. 10.5.1940 ням.-фаш. войскі пачалі наступленне на Францыю. Абышоўшы «лінію Мажыно» зПн, прарваўшы абарону ў раёне Седана, 20 мая гітлераўцы выйшлі да Ла-Манша. Бельгійская армія, брыт. экспедыц. сілы і частка франц. арміі былі адрэзаны ў Фландрыі. 28 мая капітулявала бельгійская армія. Англійскім і частцы франц. і белы. войск, блакіраваным у раёне Дзюнкерка, удалося эвакуіравацца ў Вялікабрытанію (гл.Дзюнкеркская аперацыя 1940). У пач.чэрв. 1940, прарваўшы фронт, гітлераўцы вымусілі франц. армію капітуляваць (гл.Французская кампанія 1940). 14 чэрв. без бою заняты Парыж. 22 чэрв. Францыя падпісала акт аб капітуляцыі. 10.6.1940 Італія аб’явіла вайну Францыі і Вялікабрытаніі. Італьян. войскі ў жн. захапілі Брыт. Самалі, частку тэр. Кеніі і Судана, у сярэдзіне вер. ўварваліся ў Егіпет, але ў снеж. 1940 разбіты англ. войскамі. Пачатае ў кастр. 1940 наступленне італьянцаў з Албаніі на Грэцыю грэч. армія адбіла. У студз.—маі 1941 брыт. войскі пры падтрымцы паўстаўшага насельніцтва і партызан выгналі італьянцаў з Брыг. Самалі, Кеніі, Судана, Эфіопіі, Італьян. Самалі, Эрытрэі. Італьян. флот на Міжземным моры панёс вялікія страты. У пач. 1941 у Паўн. Афрыку на дапамогу італьян. войскам прыбыў герм. Афрыканскі корпус ген. Э.Ромеля. У крас. 1941 італьян.-ням. войскі дасягнулі лівійска-егіпецкай граніцы. У той жа час яп. войскі пачалі акупацыю новых раёнаў Кітая, захапілі паўн.ч.франц. Індакітая. Пасля паражэння Францыі Вялікабрытанія апынулася адзін на адзін з Германіяй. Дапамагчы англічанам усё больш схіляўся ўрад ЗША Вясной 1941 ЗША увялі свае войскі ў Грэнландыю, летам — у Ісландыю. У жн. 1940 герм. авіяцыя пачала масіраваную бамбардзіроўку Вялікабрытаніі (гл.Бітва за Англію 1940—41).
Летам 1940 да СССР былі далучаны Прыбалт. дзяржавы, на іх тэр. створана магутная групоўка Чырв. Арміі, якая магла наносіць прамыя ўдары па Германіі з мора і паветра. 28.6.1940 Чырв. Армія ўвайшла ў Бесарабію і Паўн. Букавіну, зтэр. якіх сав. авіяцыя магла пагражаць нафтапромыслам Румыніі — гал. пастаўшчыка нафты Германіі. У адказ у вер. 1940 Германія ўвяла свае войскі ў Румынію. Паміж Германіяй і СССР пачаўся перыяд адкрытага дыпламат. проціборства за ўплыў на Балканах. Ужо ў крас. 1941 Германія цалкам панавала ў гэтым рэгіёне, вясной 1941 яна акупіравала Балгарыю, Грэцыю, частку Югаславіі. Да Берлінскага пакта далучыліся Венгрыя, Румынія, Славакія, у 1941 — Балгарыя і Фінляндыя. Сав. Саюзу ўдалося дасягнуць буйной паліт. перамогі на Усходзе: 13.4.1941 падпісаны сав.-яп. пакт аб нейтралітэце, што значна знізіла верагоднасць вайны на 2 фронты.
22.6.1941 нацысцкая Германія напала на СССР. Пачалася Вялікая Айчынная вайна Савецкага Саюза 1941—45, якая стала найважнейшай часткай Д.с.в. Настаў якасна новы этап вайны, які прывёў да кансалідацыі ўсіх антыгітлераўскіх сіл. 12.7.1941 заключана пагадненне паміж СССР і Вялікабрытаніяй аб сумесных дзеяннях, 2 жн. — паміж СССР і ЗША аб ваенна-эканам. супрацоўніцтве і аказанні матэрыяльнай падтрымкі СССР. 14.8.1941 ЗША і Вялікабрытанія абнародавалі Атлантычную хартыю, да якой 24 вер. далучыўся СССР. Каб папярэдзіць стварэнне фаш.ваен. баз на Б.Усходзе, англ. і сав. войскі ў жн.—вер. 1941 увайшлі ў Іран. Сумесныя ваенна-паліт. дзеянні сталі пачаткам стварэння антыгітлераўскай кааліцыі. Супраць СССР Германія кінула свае асн. сілы: 83% сухапутных сіл вермахта, у т. л. 86% танк. дывізій і 100% матарызаваных, 4 з 5 паветраных флатоў. Сав.-герм. фронт стаў асноўным.
Гітлераўскія войскі за 3 тыдні прасунуліся на 350—600 км, захапілі Прыбалтыку, Малдавію, Беларусь, значную частку Украіны і РСФСР. Аднак Германіі не ўдалося дасягнуць стратэгічнай мэты «Барбароса плана». У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі ў час Маскоўскай бітвы 1941—42 пацярпеў крах міф пра непераможны вермахт, значна актывізаваўся партызанскі рух на акупіраванай тэр.СССР і Рух Супраціўлення; Германія вымушана была перайсці да тактыкі працяглай вайны.
7.12.1941 Японія нападам на амер.ваен. базу Пёрл-Харбар у Ціхім акіяне развязала вайну супраць ЗША. 8 снеж. ЗША, Вялікабрытанія і шэраг іншых краін аб’явілі вайну Японіі. 1.1.1942 падпісана Дэкларацыя прадстаўнікамі 26 дзяржаў — удзельніц антыгітлераўскай кааліцыі, якая абавязвала іх выкарыстоўваць ваен. і эканам. рэсурсы ў вайне супраць краін фаш. блока. 26.5.1942 СССР і Вялікабрытанія падпісалі дагавор аб саюзе супраць Германіі і яе сатэлітаў. 11.6.1942 СССР і ЗША заключылі пагадненне аб прынцыпах узаемадапамогі ў вядзенні вайны.
Летам 1942 ням. войскі пачалі новае наступленне на сав.-герм. фронце. 17.7.1942 пачалася Сталінградская бітва 1942—43 — адна з пераломных у вайне. 19.11.1942 пачалося контрнаступленне сав. войск пад Сталінградам, якое скончылася акружэннем і разгромам 330-тыс. групоўкі войск праціўніка. Захапіўшы ініцыятыву, Чырв. Армія нанесла гітлераўцам шэраг паражэнняў зімой і вясной 1943. Англ. войскі ў гэты час бамбілі гарады Германіі, вялі баі ў Паўн. Афрыцы. Японія панавала на моры, акупіравала Бірму, Малаю, Філіпіны, а-вы Інданезіі і інш., стварыла пагрозу Аўстраліі. Нарошчванне сіл ЗША у Ціхім акіяне з 1-й пал. 1942 прывяло да змены суадносін сіл на карысць саюзнікаў. Пасля шэрагу паражэнняў у Каралавым моры і каля в-ва Мідуэй (1942) яп. флот перайшоў да абароны. Пасля падзей у Эль-Аламейнскай аперацыі ЗША і Вялікабрытанія ў сярэдзіне ліст. 1942 занялі тэр. Марока, Алжыра, уступілі ў Туніс; вясной 1943 дамагліся капітуляцыі італа-герм. войск на п-ве Бон. 10.7.1943 амер. і англ. войскі высадзіліся на в-ве Сіцылія, у пач. верасня — на Апенінскім п-ве. 25 ліп.фаш. ўрад Мусаліні быў скінуты. Новы італьян. ўрад 3.9.1943 падпісаў перамір’е з ЗША і Вялікабрытаніяй, у кастр. аб’явіў вайну Германіі. Пачаўся распад фаш. блока. На працягу 1943 амер. войскі высадзіліся ў Новай Гвінеі, захапілі Алеуцкія а-вы, нанеслі шэраг паражэнняў яп.ВМФ.
Разгром ням.-фаш. войск у Курскай бітве 1943 прымусіў фаш. Германію перайсці да стратэгічнай абароны, на ўсіх франтах змянілася ваенна-паліт. становішча. Колькасць дзяржаў, што аб’явілі вайну Германіі, зчэрв. 1941 да снеж. 1943 павялічылася з 5 да 36. У 1944 сав. войскі ліквідавалі блакаду Ленінграда, вызвалілі Правабярэжную Украіну, Крымскі п-аў, увайшлі ў Румынію. У выніку Беларускай аперацыі 1944 была вызвалена ўся тэр. Беларусі, значная частка Літвы, Латвіі, пачалося вызваленне Польшчы. 23.8.1944 у выніку паўстання ў Румыніі быў скінуты ваенна-фаш. рэжым Антанеску; новы ўрад аб’явіў вайну Германіі. Тое ж адбылося і ў Балгарыі. 29.8.1944 пачалося Славацкае нац. паўстанне. Сав. войскі вялі баі за вызваленне Чэхаславакіі, Венгрыі, Югаславіі, паўн.-ўсх. раёнаў Нарвегіі (гл.Будапешцкая аперацыя 1944—45, Вісла-Одэрская аперацыя 1945). 6.6.1944 англа-амер. і канадскія войскі высадзіліся ў Нармандыі, 15 жн.амер.-французскія — у Паўд. Францыі, быў адкрыты другі фронт. 19.8.1944 пачалося Парыжскае паўстанне, да прыходу саюзнікаў франц. сталіца была ўжо ў руках патрыётаў. У пач. 1945 пачалося магутнае наступленне сав. войск па ўсім фронце ад Карпат да Балтыйскага мора, а армій саюзнікаў — у Італіі і Германі Для каардынацыі дзеянняў саюзнікаў і пасляваен. ўпарадкавання свету адбылася Крымская канферэнцыя 1945. У 2-й пал. красавіка — пач. мая саюзнікі дайшлі да Эльбы, уступілі ў Чэхаславакію, Аўстрыю. 16 крас. пачалася Берлінская аперацыя 1945. 25 крас.сав. войскі ў раёне Торгаў на р. Эльба аб’ядналіся з часцямі 1-й амер. арміі. 6—11.5.1945 сав. войскі разграмілі апошнюю ням. групоўку і завяршылі вызваленне Чэхаславакіі. У поўнач 8 мая ў Карлсхорце (прадмесце Берліна) прадстаўнікі герм.вярх. галоўнакамандавання падпісалі акт аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі. У маі 1945 з усёй кааліцыі дзяржаў, якія развязалі Д.с.в., барацьбу працягвала толькі Японія. Разам зеўрап. праблемамі на Патсдамскай канферэнцыі 1945 была ўдзелена вял. ўвага лёсу Японіі. 8.8.1945 СССР аб’явіў вайну Японіі, 10 жн. тое ж зрабіла Манголія. Сав.-мангольскія войскі разграмілі квантунскую армію і вызвалілі паўн.-ўсх. частку Кітая, Паўн. Карэю, 6 і 9 жн. ЗША упершыню выкарысталі новую зброю, скінуўшы 2 атамныя бомбы на гарады Хірасіма і Нагасакі. 2.9.1945 Японія падпісала акт аб капітуляцыі. Д.с.в. скончылася.
Подзвігам людзей, сярод якіх было шмат беларусаў, у Д.с.в. быў іх удзел у падп. барацьбе супраць фашызму ў канцлагерах Асвенцім, Бухенвальд, Дахау, Майданак і інш. У Маўтгаўзене пасля гераічнай гібелі ген.-лейт. Дз.М.Карбышава падп. барацьбу ўзначаліў ураджэнец Чавусаў палк. Л.Я.Маневіч. У канцлагерах у Рэгенсбургу, Нойаўбінгу, Вурдэне, Асвенціме і інш. актыўную барацьбу вялі ген. П.Д.Цумараў і інш. патрыёты. Найбольш моцным і арганізаваным быў удзел сав. патрыётаў, у т. л. беларусаў, у франц. Супраціўленні. Д.с.в. была самай разбуральнай і кровапралітнай у свеце. У ёй загінула каля 62 млн.чал. Найбольшую колькасць ахвяр панёс Сав. Саюз — 27 млн.чал., у т. л. больш за 2,5 млн. — жыхары Беларусі. Завял. ўклад у перамогу над фаш. Германіяй БССР была запрошана на канферэнцыю ў Сан-Францыска (25.4.1945) для выпрацоўкі і падпісання (26.6.1945) Статута ААН і тым самым быць у ліку першапачатковых дзяржаў — заснавальніц ААН.
Разгром фашызму карэнным чынам змяніў расстаноўку сіл у свеце. Перамога, атрыманая пры вырашальнай ролі СССР, прывяла да стварэння сусв. сістэмы сацыялізму, якая паўстагоддзя рабіла глабальны ўплыў на развіццё пасляваен. свету. Эканам. і ваенна-паліт. цэнтр краін Захаду перамясціўся з Еўропы ў ЗША. Перамога над фашызмам выклікала рост нац. самасвядомасці народаў, спрыяла распаду каланіяльнай сістэмы.
Літ.:
История второй мировой войны, 1939—1945. Т. 1—12. М., 1973—82;
Документы и материалы кануна второй мировой войны, 1937—1939. Т. 1—2. М., 1981;
Годкризиса, 1938—1939: Док. и материалы. Т. 1—2. М., 1990;
Черчилль У. Вторая мировая война: Сокр. пер. с англ.Кн. 1—3. М., 1991;
Ог Мюнхена до Токийского залива: Взгляд с Запада на трагич. страницы истории второй мировой войны: Перевод. М., 1992;
Вторая мировая война: Два взгляда. М., 1995.
У.І.Гуленка.
Да арт.Другая сусветная вайна 1939-45. Салдаты вермахта ўзломліваюць польскую дзяржаўную граніцу (1.9.1939).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Салдаты Войска Польскага праходзяць па вызваленай Варшаве (1945).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Жыхары Сафіі вітаюць часці Чырвонай Арміі (верасень 1944).Да арт.Другая сусветная вайна 1939—45. Падпісанне акта аб безагаворачнай капітуляцыі Германіі (8.5.1945).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПА́ЛЫ Я́НКІ ЛІТАРАТУ́РНЫ МУЗЕ́ЙЗасн. ў 1944 у Мінску, адкрыты 20.9.1945. Размяшчаўся ў будынку б. Дома прафсаюзаў (пл. Свабоды, 23), з 1950 — у б. доме Саюза пісьменнікаў Беларусі (вул. Энгельса, 21), з 1959 у спец. будынку, пабудаваным на месцы дома, дзе ў 1927—41 жыла сям’я Я.Купалы (вул. Я.Купалы, 4). Стваральнік і першы дырэктар музея — жонка Я.Купалы У.Ф.Луцэвіч. Пл. экспазіцыі 492 м². Захоўвае прадметы духоўнай і матэрыяльнай культуры (каля 35,2 тыс. адзінак, у т. л. 27,3 тыс. асноўнага фонду), звязаныя з жыццём і грамадскай дзейнасцю Я.Купалы. Кніжны фонд налічвае 6500 экз., у т. л. ўсе прыжыццёвыя выданні кніг Я.Купалы, 1111 кніг з Віленскай бібліятэкі-чытальні Даніловіча «Веды», дзе Я.Купала працаваў бібліятэкарам; перыяд. выданні 1905—42: газеты «Наша ніва» (1906—15), «Северо-Западный край» з першай публікацыяй верша «Мужык», «Наша доля», «Звон», «Рунь», «Беларусь», «Беларускае жыццё», «Голас Беларуса», «Наша думка», «Беларуская думка», асобныя нумары час. «Лучынка», «Саха», «Вольны шлях», «Маладняк», «Зоркі», «Малады араты», «Чырвоны сейбіт», «Беларускі каляндар» (1909—17) і інш., газеты і лістоўкі перыяду Вял.Айч. вайны і перыёдыка пасляваен. часу з творамі Я.Купалы; публікацыі пра яго на бел., рус., укр., груз., арм., літ., лат., славенскай, эст., балг., польск., чэш., англ., ням., франц., ісп., кіт. і інш. мовах свету, у т. л. кніга аднаго верша «А хто там ідзе?» на 83 мовах. Фонд рукапісаў Я.Купалы (больш за 1240 адзінак) захоўвае рукапісы твораў, аўтарызаваныя машынапісныя лісты, кнігі паэта з дарчымі надпісамі. У фотаархіве музея (3594 адзінкі) фотаздымкі Я.Купалы 1888—1942, яго родных, групавыя здымкі з пісьменнікамі, дзярж. і грамадскімі дзеячамі, сябрамі, знаёмымі і інш., а таксама фотаздымкі святаў паэзіі ў Мінску, Вязынцы, Ляўках, Акопах, вечароў у гонар паэта, купалаўскага фотапленэру, рэсп. і міжнар. Купалаўскіх чытанняў і інш.У кінафонавідэаархіве музея (каля 230 адзінак) фоназапісы выступленняў Я.Купалы, успамінаў пра паэта яго родных і блізкіх, бел., рас. і інш. пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і інш. Асобны раздзел фанатэкі складае муз.-літ. Купаліяна: песні і рамансы на словы паэта, драм. творы Я.Купалы ў выкананні артыстаў тэатраў, радыё і тэлебачання. Зберагаюцца дакумент. кадры кінахронікі пра жыццё і творчасць, пахаванне Я.Купалы ў 1942 у Маскве, перапахаванне ў 1962 у Мінску, кадры кіначасопісаў «Савецкая Беларусь», прысвечаных юбілеям Я.Купалы, кінафільмы «Янка Купала. Жыццё і творчасць», «Паўлінка», «Раскіданае гняздо» і інш., дыяфільмы «Янка Купала» (1955, 1982). З 1991 фарміруецца калекцыя відэастужак: фільм «Ніколі я не паміраў», запісы вечароў і тэлеперадач, прысвечаных Я.Купалу, спектакляў «Тутэйшыя», «Паўлінка» і інш. У фондзе выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (больш за 2000 адзінак, у т. л. больш за 1000 адзінак маст. Купаліяны) прыжыццёвыя партрэты паэта работы Дз.Полазава (1921), Я.Кругера (1923), працы, прысвечаныя Я.Купалу або сюжэтам з яго твораў, жывапісцаў С.Андруховіча, Г.Бржазоўскага, М.Гусева, А.Кроля, Х.Ліўшыца, З.Паўлоўскага, М.Савіцкага, П.Сергіевіча, У.Стальмашонка, І.Стасевіча, В.Цвіркі, Я.Ціхановіча, А.Шаўчэнкі і інш.; графікаў Э.Агуновіча, М. і У. Басалыгаў, А.Кашкурэвіча, Я.Куліка, М.Купавы, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча; скульптараў З.Азгура, А.Анікейчыка, А.Бембеля, А.Глебава, У.Летуна, М.Палякова і інш., работы самадз. майстроў. Зберагаюцца асабістыя рэчы, дакументы, узнагароды Я.Купалы, вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва (вазы, дэкар. талеркі, шкатулкі) з партрэтамі паэта і выявай помнікаў яму. У экспазіцыі макеты хаты ў Вязынцы, дзе нарадзіўся Я.Купала, дачы ў Ляўках, эскізы і макеты да драмы «Раскіданае гняздо», трагікамедыі «Тутэйшыя», камедыі «Паўлінка», оперы Р.Пукста «Машэка», п’есы У.Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц» (пра юнацтва паэта), значкі і медалі, паштоўкі з выявамі Я.Купалы, купалаўскіх мясцін. Асобны фонд музея складае архіў У. Ф.Луцэвіч (3078 адзінак): дакументы, рукапісы, эпісталярная спадчына, фотаздымкі, яе асабістыя рэчы. Фонд ушанавання памяці Я.Купалы (1100 адзінак) захоўвае ўспаміны, артыкулы і вершы, прысвечаныя Я.Купалу. Супрацоўнікі музея праводзяць святы паэзіі, выстаўкі, дні музея ў вёсках, навук.рэсп. (з 1995 міжнар.) канферэнцыі «Купалаўскія чытанні». Па ініцыятыве музея створаны Міжнар. фонд Я.Купалы, які аб’ядноўвае даследчыкаў спадчыны паэта з Беларусі, Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі, Англіі, ЗША. Музей падрыхтаваў і выдаў зб-кі матэрыялаў пра жыццё і дзейнасць паэта, матэрыялы міжнар. Купалаўскіх чытанняў, бібліяграфіі твораў Я.Купалы, успаміны, буклеты пра яго. Музей мае 4 філіялы: Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Вязынка», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Ляўкі», Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Яхімоўшчына». На матэрыялах фондаў музея створаны Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі», музей-кватэра Я.Купалы ў Пячышчах (Татарстан, 1975), гісторыка-літ. музей «Над ракой Арэсай» у калгасе «Чырвоная змена» Любанскага р-на (1980), музеі ў школах імя Я.Купалы ў в. Сеніца Мінскага р-на (1982) і в. Бяларучы Лагойскага р-на (1998).
Літ.:
Літаратурны музей Янкі Купалы. Мн., 1981;
Святло Купалава Дому. Мн., 1998.
Ж.К.Дапкюнас.
Купалы Янкі літаратурны музей.Купалы Янкі літаратурны музей. Рабочы кабінет паэта.Купалы Янкі літаратурны музей. Фрагмент экспазіцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯДЫ́,
вёска ў Валяўкоўскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл. на р. Мярэя (прыток Дняпра). Цэнтр саўгаса. За 29 км на У ад г. Дуброўна, 140 км ад Віцебска. 707 ж., 287 двароў (1999).
Вядома з канца 16 ст. ў Аршанскім пав.З 1607 сяло, уладанне падстолія ВКЛ М.Глябовіча, з сярэдзіны 17 ст. — Сапегаў. У 1672 мястэчка. Ў 1738 — 23 дымы, у 1745 пабудавана Пакроўская царква, у 1799 — царква Іаана Багаслова. З 1772 у Рас. імперыі. З 1773 мястэчка Л. ў дзярж. кіраванні, пазней уласнасць кн. Пацёмкіна, Любамірскіх. У вайну 1812 у ваколіцах Л. дзейнічаў партыз. атрад Дз.В.Давыдава. У 1897 у Хаўбнянскай вол. Горацкага пав. Магілёўскай губ.; 4434 ж., 599 дамоў, 4 правасл. царквы, 2 багадзельні, 8 яўр. і 1 царк.-прыходская школа, паштова-тэлегр. станцыя, 2 гарбарні, 2 крупадзёркі, 3 маслабойні, 11 кузняў, 4 пенькатрапальні, 3 ільнотрапальні, вадзяны млын, 82 гандл. і 2 піўныя крамы, шынок, 2 заезныя двары, 2 кірмашы на год. У рэвалюцыю 1905—07 дзейнічала Ляднянская арг-цыяРСДРП. З 1923 цэнтр воласці Горацкага пав. Смаленскай губ.З 3.3.1924 у БССР, з 17.7.1924 да 8.7.1931 цэнтр Ляднянскага раёна Аршанскай акр. У 1924—26 і з 1954 цэнтр сельсавета, з 1938 у Віцебскай вобл. У 1925 у Л. 3747 ж., 689 гаспадарак. З 27.9.1938 да 10.3.1954 — гар. пасёлак. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі разбурылі гар. пасёлак, загубілі частку жыхароў. У 1963—781 ж., 229 двароў, у 1972—735 ж., 275 гаспадарак.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, дзіцячы сад, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Радзіма мастака С.К.Заранкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр.Ільін) Фёдар Фёдаравіч
(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),
савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн.ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав.ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (зліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.
Тв.:
О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,
у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Шоша, за 32 км на ПнУ ад г. Глыбокае. Пл. 2,6 км², даўж. 6 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 53,7 м (самае глыбокае на Беларусі), даўж. берагавой лініі каля 15 км. Пл. вадазбору 30,4 км². Катлавіна глыбока (на 70—80 м) урэзана ў тоўшчу марэнных адкладаў, схілы выш. да 30 м (на ПнЗ і ПдУ да 10 м), пераважна пад хмызняком, на асобных участках параслі лесам. Берагі ў асноўным зліваюцца са схіламі, на ПнЗ і ПдУ нізкія, парослыя хмызняком. Падводныя схілы катлавіны вельмі стромкія. У цэнтр.ч. возера некалькі глыбокіх упадзін, раздзеленых падняццямі дна. Зона мелкаводдзя пясчаная і пясчана-галечная, уздоўж усх. і зах. берагоў месцамі выслана валунамі. Пяскі да глыб. 10—15 м, глыбей ложа выслана глінамі, якія ў глыбакаводнай ч. змяняюцца глеямі. У залівах фарміруюцца сапрапелі. Водная Маса адметная вял. колькасцю кіслароду ва ўсёй тоўшчы і нізкімі т-рамі; у летні час паверхневы слой вады да глыб. 7—8 м праграваецца да 18—20 °C, ніжэй за 20 м — да 5—6 °C. У прыбярэжнай зоне паласа надводнай расліннасці шыр. да 25 м, месцамі адсутнічае. Падводная расліннасць пашырана да глыб. 5—7 м. Жывёльны свет багаты, адзначаны пасяленні баброў, ёсць рэлікт ледавіковага перыяду — рачок лімнакалянус, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каб захаваць унікальны вадаём, возера і прыбярэжная тэр. аб’яўлены гідралаг. заказнікам Доўгае. На Пн і ПнЗ упадаюць ручаі з азёр Свядава і Псуя, на Пд выцякае ручай у воз. Шо.