ГУЛЕ́ГІНА (Марыя Агасаўна) (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),
спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац.акад.т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́КАЎ ((Bukov) Эміліян Несцеравіч) (8.8.1909, г. Кілія Адэскай вобл., Украіна — 20.10.1984),
малдаўскі пісьменнік і грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Малдавіі (1982). Герой Сац. Працы (1979). Скончыў Бухарэсцкі ун-т (1936). Першы паэт. зборнік — «Праца кіпіць» (1932). Творы 1930—40-х г. (зб. «Мова сонца», 1937) накіраваны супраць каланіяльнага рэжыму баярскай Румыніі. У кнігах паэзіі «Я бачу цябе, Малдавія» (1942), «Дзень сённяшні — дзень заўтрашні» (1965, Дзярж. прэмія Малдавіі 1966), «Дрэва жыцця» (1974), раманах «Горад Рэут» (1956), «Магістраль» (1969) і інш. — узнёсласць чалавечых пачуццяў, патрабавальнасць да чалавека, адказнасць перад сабой і народам. Пераклаў на малд. мову асобныя вершы Я.Купалы. На бел. мову творы Букава пераклалі А.Астрэйка, Р.Барадулін, Х.Жычка, М.Калачынскі, Я.Семяжон і інш. (у кн. «Малдаўскія апавяданні», 1958; «Паэты сонечнай Малдовы», 1960).
Тв.:
Бел.пер. — Нараджэнне першай зоркі. Мн., 1980.
Літ.:
Чиботару С.С. Писатель и время: Исслед. творчества Е.Букова: Пер. с молд. Кишинев, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.
Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).
Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАШЧА́К (Яраслаў Антонавіч) (19.2.1921, г. Броды, Украіна — 2.3.1989),
дырыжор. Нар.арт.СССР (1979). Скончыў Вышэйшы муз.ін-т імя М.Лысенкі (Львоў, 1939). З 1944 дырыжор у оперных т-рах Украіны і Расіі. З 1972 гал. дырыжор, з 1980 дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. На бел. сцэне кіраваў пастаноўкай опер «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Міндыя» А.Тактакішвілі (1972), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1973), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (1974), «Дон Карлас» Дж.Вердзі (1979), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1986) і балетаў «Крылы памяці» У.Кандрусевіча (1986), «Кармэн-сюіта» Ж.Бізэ — Р.Шчадрына (1974), «Спартак» А.Хачатурана (1980), «Балеро» на муз. М.Равеля (1984); вак.-харэагр. прадстаўлення «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа (1983). Выканальніцкая манера Вашкевіча вызначалася спалучэннем эмац. свабоды са строгім густам, уважлівым стаўленнем да аўтарскага тэксту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЗНЯ́К (Міхайла) (Міхаіл Сцяпанавіч; 3.10.1881, с. Воліца Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 20.11.1954),
украінскі літаратуразнавец. Акад.АН Украіны (1929), праф. (1939). Скончыў Львоўскі ун-т (1908). Даследаваў гісторыю стараж.ўкр. пісьменства, гісторыю нац. тэатра («Матэрыялы да гісторыі ўкраінскай песні і верша. Тэксты і заўвагі», т. 1—3, 1913—25, «Пачатак украінскай камедыі, 1619—1819», 1919; «Гісторыя ўкраінскай літаратуры», т. 1—3, 1920—24, і інш.). Многія работы прысвяціў творчасці ўкр. пісьменнікаў 19 — пач. 20 ст. Працаваў таксама ў галіне мовазнаўства («Галіцкія граматыкі ўкраінскай мовы», «Граматыка Лаўрэнція Зізанія 1596 г.», абедзве 1911) і фалькларыстыкі (склаў зб. «Украінскія народныя казкі», кн. 1—3, 1946—48). Асвятляў укр.-бел. літ. і культ. Сувязі 16—17 ст. (кн. «Пісьменніцкая дзейнасць Івана Барэцкага на Валыні і ў Львове», 1954).
Літ.:
Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Бел.-ўкр.літ. ўзаемасувязі пач. XX ст.Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎПА́К (Сідар Арцёмавіч) (25.5.1887, г.п. Кацяльва Палтаўскай вобл., Украіна — 11.12.1967),
украінскі дзярж. дзеяч і военачальнік, адзін з арганізатараў партыз. руху на Украіне ў Вял.Айч. вайну. Двойчы Герой Сав. Саюза (1942, 1944). Ген.-маёр (1943). Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У 1937—41 старшыня Пуціўльскага гарсавета Сумскай вобл. У Вял.Айч. вайну камандзір Пуціўльскага партыз. атрада, злучэння партыз. атрадаў Сумскай вобл. (са студз. 1944—1-я Укр.партыз. дывізія імя Каўпака), чл. падпольнага ЦК КП(б)У. Узначальваў 5 рэйдаў партызан па ням.-фаш. тылах, у т. л. ў 1942—43 — з бранскіх лясоў па тэр. Гомельскай, Палескай, Пінскай, Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцей. У студз. 1943 на воз. Чырвонае (Жыткавіцкі р-н) партызаны К. разам з бел. партызанамі стварылі аэрадром. З 1947 нам. старшыні, з 1967 чл. Прэзідыума Вярх. Савета Украіны. Дэпутат Вярх. Савета СССР у 1946—67. Аўтар успамінаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),
расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГАДЗЕ́ЕЎ (Аляксей Пятровіч) (7.4.1926, г.п. Альхаватка Данецкай вобл., Украіна — 23.7.1997),
бел. харавы дырыжор, педагог. Нар.арт. Беларусі (1971). Скончыў Бел. кансерваторыю (1956, клас Г.Зелянковай). З 1959 хормайстар, у 1960—93 гал. хормайстар Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Адначасова з 1958 выкладаў у Бел. акадэміі музыкі. Спектаклі, пастаўленыя з яго ўдзелам, вызначаліся высокай якасцю хар. гучання: оперы «Арэстэя» С.Танеева і «Атэла» Дж.Вердзі (1963), «Багема» Дж.Пучыні (1968), «Хаваншчына» (1970) і «Барыс Гадуноў» (1974) М.Мусаргскага, «Міндыя» А.Тактакішвілі (1973), «Лаэнгрын» Р.Вагнера і «Джардана Бруна» С.Картэса (1977), «Новая зямля» Ю.Семянякі (1982), «Іван Сусанін» М.Глінкі (1984), «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (1985), «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі (1992), сцэн. кантата «Карміна Бурана» К.Орфа (1983) і інш. Аўтар метадычных прац, кн. «Тэхніка харавога дырыжыравання» (1968).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗА́НСКІ (Барыс Аляксандравіч) (25.4.1891, г. Адэса, Украіна — 5.4.1973),
савецкі хімік-арганік. Акад.
АН СССР (1946, чл.-кар. 1943). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Маскоўскі ун-т (1918), дзе і працаваў (праф з 1935). З 1936 у Ін-це арган. хіміі АНСССР (у 1954—66 дырэктар). Навук. працы па нафтахіміі і каталітычных пераўтварэннях вуглевадародаў. Выявіў заканамернасці гідрагенізацыі і дэгідрагенізацыі вуглевадародаў, гідрыравання этылену і яго гамолагаў; правіла гідрагенолізу і ізамерызацыі C3- і C4-цыклаалканаў. Адкрыў каталітычную рэакцыю селектыўнага гідрагенолізу цыклапентанавых вуглевадародаў у асяроддзі вадароду на плацінавым каталізатары (1934, разам з М.Дз.Зялінскім і А.Ф.Платэ), рэакцыю араматызацыі парафінавых вуглевадародаў (1936, разам з А.Ф.Платэ), рэакцыю Cs-дэгідрацыклізацыі (1954). Даследаваў састаў бензінавых фракцый нафтаў розных радовішчаў (1946—60). Дзярж. прэмія СССР 1949.
Тв.:
Исследования в области химии углеводородов: Собр. избр. тр.М., 1979.