электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне. Узнікае пры ядз. пераўтварэннях (гл.Радыеактыўнасць), выпрамяненні Сонца (сонечная радыяцыя), астрафіз. працэсах у Сусвеце (касмічныя прамяні). Пашырана разуменне Р. як радыеактыўнага — іанізавальнага выпрамянення, калі ўзаемадзеянне патокаў элементарных часціц ці эл.-магн. квантаў з пэўным асяроддзем вядзе да іанізацыі яго атамаў і малекул. Характарызуецца дозамі выпрамянення, вымяраецца дазіметрычнымі прыладамі. Уплывае на жывыя арганізмы (гл.Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў), выкарыстоўваецца для кансерватыўнага лячэння злаякасных пухлін і інш. (гл.Прамянёвая тэрапія). Пра небяспеку радыяцыйнага забруджвання біясферы і метады барацьбы з непажаданымі наступствамі Р. гл. ў арт.Радыяцыйная бяспека, Радыяцыйная экалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,
стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз.рэлаксацыяй.
Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАШЭ́ННЕ СУДА́,
пастанова суда першай інстанцыі, які вырашае па сутнасці цывільную справу. Афармляецца ў пісьмовым выглядзе, падпісваецца і абвяшчаецца суддзёй. Набывае законную сілу пасля заканчэння тэрміну на касацыйнае абскарджанне і апратэставанне. У выпадку прынясення касацыйнай скаргі або касацыйнага пратэсту рашэнне, калі яно не адменена, набывае законную сілу пасля разгляду справы вышэйстаячым судом. Рашэнне Вярх. Суда Рэспублікі Беларусь набывае законную сілу неадкладна пасля яго абвяшчэння. Неадкладнаму выкананню падлягаюць Р.с. інш.суд. інстанцый па справах аб спагнанні аліментаў, аб аднаўленні на рабоце або ў ранейшай пасадзе няправільна звольненага ці пераведзенага работніка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫЖО́Ў (Уладзімір Рыгоравіч) (1.5.1914, в. Майсееўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1974),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы камандзіраў батальёнаў і штабных работнікаў (1942). У Вял.Айч. вайну з 1942 на Паўн.-Зах., Бранскім, 1-м Укр. франтах. Удзельнік Маскоўскай, Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Польшчы, баёў у Германіі. Мотастралк. батальён на чале з маёрам Р. вызначыўся ў баях каля г. Кельцы (Польшча) у студз. 1945, калі прарваў абарону праціўніка, перарэзаў шашэйную дарогу і чыгунку на Кракаў, першы фарсіраваў р. Одэр, захапіў плацдарм і ўтрымліваў яго да падыходу падмацавання. Пасля вайны да 1962 на парт. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́КЕТС ((Ricketts) Хаўвард Тэйлар) (9.2.1871, г. Фіндлі, штат Агайо, ЗША — 3.5.1910),
амерыканскі патолаг і мікрабіёлаг. Скончыў ун-т у г. Лінкальн (1894) і мед. каледж Паўн.-зах. ун-та ў г. Чыкага. З 1902 праф. Чыкагскага ун-та. Навук. працы па пытаннях інфекц. хвароб. Апісаў плямістую ліхаманку Скалістых гор, выявіў яе ўзбуджальніка, эксперыментальна даказаў, што хваробу перадаюць кляшчы пэўных відаў. Высветліў, што брушны тыф перадаецца праз адзежную вош (узбуджальнік жыве і ў крыві ахвяры, і ў целе вошы). Яго імем названа група ўнутрыклетачных мікраарганізмаў (гл.Рыкетсіі). Калі вывучаў сыпны Тыф у Мексіцы, заразіўся і памёр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНАЯ ЗАРАБО́ТНАЯ ПЛА́ТА,
эканамічны паказчык, што вызначае аб’ём прадметаў спажывання і паслуг, які работнік можа набыць на свае грошы, атрыманыя ў форме аплаты працы; састаўная частка рэальных даходаў насельніцтва. Яе велічыня залежыць ад памеру аплаты ў адпаведнасці з колькасцю і якасцю працы і ад цэн на тавары і паслугі, падаткаў і інш. Вылічваецца ў працэнтах ці як каэфіцыент і вызначае суадносіны паміж намінальнай (грашовай) заработнай платай і індэксам цэн на тавары і паслугі ў дадзены перыяд за вылікам спагнаных падаткаў і ўзносаў. Памяншэнне Р.з.п. звязана з інфляцыяй, калі яна не кампенсуецца павелічэннем, індэксацыяй заработнай платы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ЛЕЯ ЗАКО́Н НАМАГНІ́ЧВАННЯ,
залежнасць намагнічанасці ферамагнетыка ад напружанасці знешняга магн. поля ў слабых палях, калі напружанасць поля, што дзейнічае на цела, многа меншая за каэрцытыўную сілу. Устаноўлены Дж.У.Рэлеем (1887). Для крывой пачатковага намагнічвання выражаецца формулай J = χаб ∙ H±RH2, дзе J — намагнічанасць; H — напружанасць знешняга магн. поля; χаб — абарачальная магнітная ўспрыімлівасць, якая характарызуе абарачальную лінейную частку працэсу; R — пастаянная Рэлея, якая характарызуе неабарачальныя нелінейныя працэсы намагнічвання (неабарачальныя зрушэнні даменных межаў); знак «+» адпавядае H>0, знак «−» H<0. Неабходная ўмова для выканання закону — павольная, квазістатычная змена магн. поля для звядзення да мінімуму эфектаў, абумоўленых магн. паслядзеяннем (гл.Магнітная вязкасць).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭПРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + лац. productio стварэнне),
узнаўленне і размнажэнне выяў (малюнкі, чарцяжы, карціны, фотаздымкі, тэксты, дакументы і інш.) фатаграфічным або паліграф. спосабам; узноўлены сродкамі друку малюнак, карціна, фотаздымак. Узнікла ў графіцы 16 ст. для капіравання твораў мастацтва (рэпрадукцыйная гравюра ў розных тэхніках), з 2-й пал. 19 ст. ручныя спосабы рэпрадуктавання выцеснены фотамеханічнымі. Р. характарызуюць колькасць фарбаў на адбітку (адна-, двух- і шматколерныя), спосаб друку (афсетны ці глыбокі друк, фотатыпія, шаўкаграфія і інш.), матэрыял, на якім робяць адбітак (папера, бляха, каленкор, цэлафан і інш.). Р. называецца факсімільнай, калі пры ўзнаўленні дакладна перадаюцца змест і ўсе асаблівасці аб’екта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСТЫТУ́ЦЫЯў біялогіі,
аднаўленне арганізма і яго частак (органа, тканкі, клеткі) Пасля пашкоджання. Па меркаванні адных вучоных, рэгенерацыя і рэпарацыя (аднаўленне пашкоджанняў у малекулах дэзоксірыбануклеінавай к-ты) — разнавіднасці Р.; па меркаванні другіх, Р. — рэгенерацыя ўсяго арганізма з невял. яго часткі (напр., з перадротавага ўчастка цела немертыны можа аднавіцца цэлы чарвяк). У раслін рэстытуцыйныя ўтварэнні адрозніваюцца ад ч. арганізма, якая засталася, і ад аднятай (напр., калі аддзяляюць ч. ліста, то можа ўзнікнуць новая ліставая пласцінка або лейкападобны ліст з чаранком). Р. ў медыцыне — поўная рэгенерацыя (замена дэфекту раўнацэннай тканкай), а няпоўная рэгенерацыя — субстытуцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМАЎЗГАРА́ННЕ,
узнікненне ачага гарэння без крыніцы запальвання. Абумоўлена рэзкім нарастаннем скорасці экзатэрмічных працэсаў у выніку саманагравання гаручых цвёрдых матэрыялаў (торф, вугаль, драўнянае пілавінне і інш.). Паводле прыроды працэсу, што выклікае саманаграванне матэрыялу, адрозніваюць С. хім. (гл.Пірафорныя рэчывы), мікрабіял. і цеплавое. Адбываецца пры пэўных умовах, калі цеплавыдзяленне ў ходзе рэакцыі большае за цеплаадвод у навакольнае асяроддзе. Механізм узнікнення гарэння пры С. падобны на механізм узнікнення цеплавога самазагарання. У адрозненне ад С., якое праяўляецца ў выглядзе тлення ці полымнага гарэння, самазагаранне ўзнікае ў выглядзе аб’ёмнага полымнага гарэння газаў і вадкасцей. Гл. таксама Узгаранне.