БУЙНІ́ЦКАЕ ПО́ЛЕ,

месца значных гіст. падзей каля в. Буйнічы Магілёўскага р-на. У час Налівайкі паўстання 1594—96 тут адбыўся бой паміж казацка-сял. атрадам С.​Налівайкі і войскам ВКЛ. У снеж. 1595 атрад Налівайкі ўзяў штурмам Магілёў. Супраць яго сабрана 18-тыс. войска, якое ўзначаліў рэчыцкі староста М.​Буйвід. Паўстанцы (больш за 2 тыс. чал.) на Буйніцкім полі абгарадзіліся радамі вазоў, утварыўшы т.зв. табар, і прынялі бой, цэлы дзень адбівалі атакі войска, нанеслі яму значныя страты. Вечарам з-за недахопу сіл паўстанцы адышлі на Быхаў.

У Вял. Айч. вайну Буйніцкае поле — месца жорсткіх баёў у час Магілёва абароны 1941. Ням. камандаванне, плануючы прарвацца ў Магілёў з ПдЗ (з боку Бабруйска), сканцэнтравала на гэтым напрамку 3-ю танк. дывізію і пях. часці. Ім процістаяла 172-я стралк. дывізія (ген.-м. М.​Ц.​Раманаў) і апалчэнцы. На Буйніцкім полі трымалі абарону 388-ы стралк. полк (палк. С.​Ф.​Куцепаў), 340-ы лёгкі артыл. полк (палк. І.​С.​Мазалаў) і батальён нар. апалчэння (камісар П.​Е.​Цярэнцьеў). З 10 ліп. праціўнік вёў масіраваную бамбардзіроўку і артыл. абстрэл, 12 ліп. сав. артылерыя, апярэдзіўшы атаку праціўніка, агнём па скопішчы танкаў нанесла ворагу значныя страты. Праціўнік накіраваў на сав. пазіцыі праз Буйніцкае поле 170 танкаў. Бой працягваўся 14 гадзін, было знішчана 39 танкаў. Свае пазіцыі сав. войскі ўтрымлівалі да 22 ліпеня. На Буйніцкім полі 13—14 ліп. знаходзіўся карэспандэнт газ. «Известия» К.Сіманаў, які апісаў баі ў рамане «Жывыя і мёртвыя». Паводле завяшчання Сіманава яго прах развеяны над Буйніцкім полі. Тут пастаўлены помнік у гонар воінаў 388-га стралк. палка, мемарыяльны знак на ўшанаванне памяці Сіманава.

В.​С.​Паваліхіна.

т. 3, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАТРАПЕ́Й (ад грэч. apotropaios які адводзіць бяду),

амулет, абярэг, прадмет, выява або дзеянне, якім прыпісвалі магічную здольнасць засцерагаць ад няшчасця і злога духу.

Апатрапеямі былі выявы жахлівых божастваў, звяроў і прадметаў (егіпецкага Беза, Гарпагоны, льва, грыфона, фаласа, складзеных пальцаў і г.д.), якія насілі як нацельныя амулеты; архітэктурныя рэльефы ў выглядзе звярыных мордаў і падобныя выявы на пасудзінах, зброі; нацельныя крыжыкі і ладанкі, што быццам аберагаюць вернікаў ад «нячыстай сілы».

Бел. нар. назва абярэ́г. З эпохі палеаліту як апатрапей выкарыстоўвалі амулеты з зубоў, кіпцюроў і касцей жывёл. Розныя амулеты-апатрапеі былі ў эпоху язычніцтва і ранняга хрысціянства: у курганных могільніках 9—13 ст. на Беларусі знойдзены амулеты-падвескі (лунніцы, крыжыкі), амулеты-змеевікі, змеегаловыя бранзалеты і інш. Апатрапейная сімволіка прысутнічала ў традыц. сямейнай і каляндарнай абраднасці. На Палессі апатрапеем было «завівала», якім накрывалі маладую ў найб. адказныя моманты вяселля; да вянца незалежна ад пары года надзявалі верхняе суконнае або футравае адзенне. Апатрапейная заклінальная магія — неад’емная частка вясенне-летніх абрадаў: сцябанне людзей і жывёлы асвячонай вярбой з традыц. прыгаворамі, асвячэнне вуглоў новай хаты свянцонай вадою; магічны круг вакол двара ў час падрыхтоўкі да веснавой сяўбы; трохразовы абход жывёлы з магічнымі прадметамі і заклінаннямі перад першым выганам у поле; юраўская раса, абрадавае печыва ў выглядзе крыжа і інш. Апатрапейны кірунак мелі такія формы калектыўнай абраднасці, як абворванне вёскі, хрэсны ход, тканне ручніка за дзень ці ноч, здабыванне «жывога» агню трэннем і інш. Адным з дзейсных апатрапеяў здаўна лічыўся чырвоны колер і арнамент. Апатрапеем лічыліся хлеб, вада, агонь, раса, зямля, вострыя металічныя прадметы, чалавечыя валасы, бурштын, зерне, ільняное валакно і семя, мак, пахучыя расліны (цыбуля, часнок, мята, палын) і інш.

т. 1, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.

На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такога тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.​Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх. ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс. чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 4, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБРА́ДАВАЕ ПЕ́ЧЫВА адзін з элементаў сямейных і каляндарных святаў і абрадаў многіх народаў свету. На Беларусі ім сустракалі і частавалі гасцей, бралі ў поле, едучы першы раз сеяць, пакідалі ў полі на дажынках, давалі жывёле, каб добра вялася, ім клікалі вясной буслоў і г. д. На радзіны звычайна пяклі жытнія пірагі (дарылі бабкам-павітухам), якія з жартамі ламалі, каштавалі, елі з баршчом за святочным сталом. Жанчын, што ішлі ў адведкі, частавалі пірагамі (на Брэстчыне такі пірог наз. скрушок). На вяселле акрамя каравая пяклі пшанічныя пірагі маладым — месяц, падручнік, крыж (булка з крыжам). Падручнік і крыж пяклі для маладой, з імі яна ехала да маладога і клала на века дзяжы свекрыві. Памінальнае печыва заўсёды было прэснае (мёртвы хлеб) — корж, гарачыкі, галушкі, праснак. Корж і гарачыкі крышылі ў канун, «па крошцы» раздавалі прысутным за жалобным сталом. На Каляды пяклі жытнія пірагі-каляднікі, якімі абдорвалі калядоўшчыкаў. На саракі выпякалі 40 піражкоў (птушкі з цеста, галушкі, варэнікі) з макам або з фасоляй (іх называлі саракі, жаваронкі, бапкі). У вялікі пост пяклі храсцы-крыжыкі, саху, барану (булку, абкладзеную шышкамі), якія бралі ў поле, едучы сеяць. На Благавешчанне пяклі пампушкі, галёпы, якімі сустракалі буслоў, на Вялікдзень — здобныя пірагі (паскі, калачы). На Палессі на Юр’я пяклі расянік і хадзілі з ім вакол жыта, у Бярозаўскім р-не гатавалі піражок-юрок і клалі ў жыта (калі жыта яго не закрывала, то гэта прадказвала дрэнны ўраджай). У некаторых мясцінах на Юр’я ішлі ў поле з хлебам і інш. частаваннем. На святы рабілі таксама варэнікі з хлебнага цеста з макам або канапляным семем (на Варвару, Міколу), каржы з мёдам (напярэдадні Купалля).

Г.​Ф.​Вештарт.

Да арт. Абрадавае печыва. Вясельны каравай.

т. 1, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОРНАЗДАБЫЎНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ, горная прамысловасць,

комплекс галін нар. гаспадаркі, якія займаюцца разведкай і здабычай карысных выкапняў, а таксама іх першаснай перапрацоўкай і абагачэннем. Вылучаюць асн. групы: паліваздабыўныя, рудаздабыўныя прадпрыемствы, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім., гідрамінеральная.

Горназдабыўная прамысловасць узнікла ў далёкім мінулым, калі чалавек пачаў карыстацца неабходнымі яму выкапнямі. Яе хуткае развіццё звязана з прамысл. пераваротам канца 18 — пач. 19 ст., калі шматразова павялічыліся патрэбы ў высокакаларыйным паліве, разнастайнай металургічнай сыравіне, буд. матэрыялах геал. паходжання, падземных водах, мінер. солях і інш. выкапнях. Сучасная структура прадукцыі сусветнай горназдабыўной прамысловасці характарызуецца значнай перавагай у ёй (вартасным выражэнні) паліўнаэнергет. сыравіны — нафты, прыроднага газу, кам. вугалю. У апошнія дзесяцігоддзі развіццё горназдабыўной прамысловасці звязана з пераважным пераходам да адкрытай распрацоўкі радовішчаў цвёрдых карысных выкапняў. Пашыраецца працэс выкарыстання ўсё больш беднай сыравіны, павелічэння аб’ёму перапрацоўваемай горнай масы, глыбінь горных работ і інш., якія патрабуюць удасканалення спосабаў здабычы і тэхналогіі перапрацоўкі сыравіны. Прагрэс горназдабыўной прамысловасці ў асноўным звязаны з далейшым развіццём традыц. метадаў здабычы і перапрацоўкі сыравіны, а таксама з укараненнем прынцыпова новых тэхнал. схем і тэхн. рашэнняў (стварэнне комплексаў па распрацоўцы жалеза-марганцавых канкрэцый на дне акіянаў, распрацоўкі адносна танных метадаў атрымання металаў з марской вады і інш.).

На Беларусі існуюць наступныя асн. галіны горназдабыўной прамысловасці: паліваздабыўная, рудаздабыўная, прам-сць неметал. выкапняў, мясц. будматэрыялаў, горнахім. і гідрамінеральная. На пач. 1996 было 370 прадпрыемстваў горназдабыўной прамысловасці (2,11% ад агульнай колькасці прамысл. прадпрыемстваў рэспублікі), на якіх працавала 24 457 чал. (2,08% ад занятых у прам-сці). Аб’ём кошту прадукцыі горназдабыўной прамысловасці склаў 4,2% ад агульнага па прам-сці Беларусі. Найбольшыя аб’яднанні і прадпрыемствы: «Беларуськалій», «Беларусьнафта», «Ваўкавыскцэментнашыфер», «Граніт», «Крычаўцэментнашыфер» і інш.

А.​А.​Саламонаў.

Да арт. Горназдабыўная прамысловасць. Горназдабыўны камбайн у шахце ВА «Беларуськалій».

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛУЧЭ́ННЕ ЗЯМЕ́ЛЬ БЕЛАРУ́СІ ДА РАСІ́ЙСКАЙ ІМПЕ́РЫІ.

Ажыццёўлена ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй у 1772, 1793 (без Аўстрыі) і 1795 (пра кожны падзел гл. асобны арт.). Расія набыла пераважна землі Беларусі, Левабярэжнай Украіны Правабярэжнай Украіны, Літвы пл. 41 млн. дзес. з 3,8 млн. чал. Бел. землі ў 1802 атрымалі ўстойлівы адм.-тэр. падзел: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. (пра кожную губ. гл. асобны арт.). Вышэйшую ўладу на месцах узначальвалі губернатары і ген.-губернатары. Калегіяльным органам пры губернатару было губернскае праўленне. Сістэма суд. органаў улады будавалася адпаведна Устанаўленню для кіравання губернямі 1775 з захаваннем саслоўнасці іх прадстаўніцтва. Паліт. правы паноў (памешчыкаў-прыгоннікаў) і шляхты размяжоўваліся і абмяжоўваліся. З 1772 праводзіўся разбор шляхты. З 1773 да выбараў на судовыя пасады дапускаліся толькі асобы, якія мелі больш за 20 прыгонных; пазней былі забаронены самавольныя шляхецкія сходы (ранейшыя сеймікі). Антырус. настроі шляхты прывялі да паўстання 1794. У ходзе рэвізіі 1772, 1782, 1795 і інш. былі запрыгонены катэгорыі раней вольных людзей (выбранцы, зямяне і інш.). У рэліг. палітыцы быў дэклараваны прынцып талерантнасці, захаваны ордэн езуітаў (скасаваны ў 1773 ва ўсім астатнім свеце), у 1782—83 створана Магілёўская рымска-каталіцкая архіепархія. Спробы ў 1780—82 і 1795 перавесці уніятаў у праваслаўе мелі толькі частковы поспех з-за непадрыхтаванасці і матэр. незабяспечанасці гэтай акцыі. Уніяты пераведзены ў праваслаўе у выніку Полацкага царкоўнага сабору 1839. У 1791 далучаныя тэрыторыі ўключаны ў мяжу яўр. аселасці; яўрэям забаранялася пакідаць гэтыя тэрыторыі для пасялення і гандлю ў глыбі Расіі. Паводле Тыльзіцкага міру 1807 у склад Рас. імперыі ўвайшла Беласточчына (у ліп. 1808 утворана Беластоцкая вобласць). Я.​К.​Анішчанка.

т. 6, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАНО́ЧЫЯ ВУЧЫ́ЛІШЧЫ І ГІМНА́ЗІІ,

пачатковыя і сярэднія навуч. ўстановы ў Рас. імперыі. Адны з іх падпарадкоўваліся Ведамству ўстаноў імператрыцы Марыі (Марыінскія), другія — Мін-ву нар. асветы; епархіяльныя вучылішчы былі пад наглядам Сінода. Марыінскія вучылішчы былі 2 тыпаў: сярэднія (з 7-гадовым тэрмінам навучання, засн. ў 1858, у 1862 перайменаваны ў гімназіі) і з 4-гадовым тэрмінам навучання (з 1880-х г.). З канца 1880-х г. у Беларусі існавалі Мінскі і Віцебскі дзіцячыя прытулкі, Лепельскае 4-класнае вучылішча. У 1911 гімназіі былі ў Гродне, Віцебску, Мінску. Вучылішчы Мінва нар. асветы засн. ў 1858, падзяляліся на вучылішчы з 6-гадовым курсам навучання (1-ы разрад) і 3-гадовым (2-і разрад); у 1870 яны пераўтвораны ў гімназіі і прагімназіі. З 1876 такія вучылішчы працавалі ў Брэсце, Пружанах, Слоніме, Мсціславе, Нясвіжы, Ашмянах, Жыровічах, Віцебску, Мінску, Парычах (для дачок духавенства), Гарадоцкае руска-латышскае вучылішча, а таксама 10 жан. нар. вучылішчаў і жан. змены пры 36 прыходскіх і 7 нар. вучылішчах. Навучанне ва ўсіх жан. вучылішчах і школах Беларусі вялося на рус. мове. У 1913 працавалі 33 яўр. жан. навуч. ўстановы. Пасля 1912 засн. Гарадоцкае і Брэсцкае вышэйшыя жан. пач. вучылішчы, 16 вышэйшых пач. вучылішчаў супольнага навучання (Чачэрскае, Прапойскае, Жлобінскае і інш.). Да 1913 адкрыты жан. дзярж. гімназіі ў Гомелі, Мінску, Бабруйску, Брэсце, Віцебску, Ваўкавыску, Пінску, Клімавічах, Мазыры, Полацку, Слоніме, Слуцку і інш. Навучанне платнае. У канцы 1870-х г. у Беларусі было 21 прыватнае жан. вучылішча. Прыватныя гімназіі пачалі адкрывацца з 1872. Выпускніцам гімназій з 1881 прысвойвалася званне настаўніцы пач. школы. Гл. таксама Віцебская Марыінская жаночая гімназія, Брэсцкія гімназіі, Гомельскія гімназіі, Гродзенскія гімназіі і інш.

Г.​Р.​Сянькевіч.

т. 6, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЛАГІ́ЧНЫ ПАРК, заапарк,

навукова-асветная ўстанова, у якой у няволі трымаюць дзікіх жывёл для дэманстрацыі, вывучэння, захавання і ўзнаўлення. Адрозніваюць З.п. стацыянарныя, дзе жывёл трымаюць у клетках, вальерах або на вял. агароджаных плошчах (напаўвольна), і рухомыя — выстаўкі (філіялы). У некат. З.п. дэманструюць пароды свойскіх жывёл і бат. калекцыі (зоабат. паркі, напр., у Будапешце, Казані, Парыжы і інш.); бываюць камерцыйныя, у якіх праводзяць паказальныя выступленні з удзелам жывёл. Асн. задачы З.п.: захаванне калекцый дзікіх жывёл (асабліва рэдкіх і знікаючых відаў) мясц. і сусв. фауны ў штучных умовах (напр., у З.п. былі выратаваны ад знікнення алень Давіда, гавайская казарка, конь Пржавальскага і інш.); правядзенне н.-д., вучэбнай і навук.-асв. работы ў галіне заалогіі і аховы прыроды (напр., акліматызацыя жывёл, вывучэнне хвароб і метадаў лячэння, расплоджванне жывёл, правядзенне лекцый, экскурсій і інш.).

З.п. існавалі ў старажытнасці, напр. у Стараж. Рыме, Азіі і Афрыцы, дзе дзікіх жывёл трымалі з дэкар., рытуальнымі і інш. мэтамі; у Стараж. Егіпце, Кітаі З.п. пад назвай «Сады ведаў» існавалі 3 тыс. гадоў назад; у Еўропе вядомы з 14 ст. (у т. л. на Беларусі пад назвай «Мядзведжая акадэмія» існавалі ў гарадах Нясвіж, Смаргонь і належалі Радзівілам). Большасць З.п. заснаваны ў 19 ст.: у Лондане (1828), Берліне (1844), Мадрасе (1855), Мельбурне (1857), Парыжы (1858), Франкфурце-на-Майне (1858), Капенгагене (1859), Гамбургу (1863), Нью-Йорку (1865), Калькуце (1875). У 1990 у свеце было каля 850 З.п. (у т. л. ў Расіі каля 15, самыя старыя ў Маскве і С.-Пецярбургу). Буйнейшыя — Берлінскі ў Германіі і лонданскі Рэджэнспарк.

На Беларусі працуюць Гродзенскі заалагічны парк і Мінскі заапарк.

Э.​Р.​Самусенка.

У Мінскім заалагічным парку.

т. 6, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст. н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.​В.​Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.

В.​С.​Вяргей.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),

нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. СПб., 1994;

Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;

Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.

Літ.:

Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;

Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;

Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ. М., 1996;

Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.

Н.​К.​Мазоўка.

М.Лютэр.

т. 9, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)