КА́БЕЛЬНАЕ СУ́ДНА,

марское судна для пракладкі, падняцця і рамонту падводных (марскіх, акіянскіх) кабеляў сувязі. Мае кабелеўкладачныя машыны з электрапрыводам: кармавую (для апускання кабелю на дно) і 2 насавыя (для падняцця кабелю з дна), апаратуру бесперапыннага кантролю эл. характарыстык кабелю (напр., каэфіцыента перадачы сігналаў), прылады з захопамі для пошуку кабелю і інш. У трумах К.с. ўкладваюць віткамі да некалькіх тысяч кіламетраў падводнага кабелю сувязі. Водазмяшчэнне К.с. 7—20 тыс. т, скорасць пракладкі кабелю на глыбіню да 6 км — 15 км/гадз.

т. 7, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЬЦАВЫ́ ЛА́ЗЕР,

квантавы генератар з кальцавым рэзанатарам у форме многавугольніка з адбівальнымі люстэркамі ў яго вяршынях. Выкарыстоўваецца ў якасці адчувальнага элемента квантавых гіраскопаў. К.л. адчувальны да вярчэння вакол восі, перпендыкулярнай да плоскасці рэзанатара; дазваляе вывучаць канкурэнцыю сустрэчных хваль, сінхранізацыю іх частот, параметрычны рэзананс, квантаванне частаты біццяў і інш. На Беларусі работы па стварэнні і даследаванні К.л. праводзяцца з 1965 у Ін-це фізікі Нац. АН, БДУ, БПА.

Літ.:

Круглик Г.С. Квантово-статистическая теория кольцевых ОКГ. Мн., 1978.

Г. С.​Круглік.

т. 7, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНАПЕ́ЛЬКА (Валерый Канстанцінавіч) (н. 7.1.1948, пас. Дымаўшчына Віцебскага р-на),

бел. вучоны ў галіне радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (1990 праф. (1992). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971). З 1974 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, з 1996 у Вышэйшым каледжы сувязі. Навук. працы па тэорыі інфармацыі, тэорыі кадзіравання, лічбавай апрацоўцы інфармацыі, распрацоўцы звышвялікіх інтэгральных схем і сістэм на іх аснове, у т. л. сістэм памяці.

Тв.:

Надежное хранение информации в полупроводниковых запоминающих устройствах М., 1986 (разам з У.​В.​Лосевым).

т. 7, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НУС (Іван Іванавіч) (н. 2.5.1934, в. Рыбалава Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Гродзенскі мед. ін-т (1964). З 1982 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1990 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве розных доз апрамянення на ход наркозу і пасляаперацыйнага перыяду ў анкалагічных хворых. Распрацаваў комплексную інтэнсіўную тэрапію хворых з вострай ныркавай недастатковасцю.

Тв.:

Основы анестезиологии, реаниматологии и интенсивной терапии в вопросах, задачах и ответах. Мн., 1992.

т. 8, с. 9

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́КУЛЬ, каракульскія смушкі,

шкуркі, знятыя з ягнят каракульскай пароды авечак на 1—3-я суткі пасля нараджэння.

Каштоўнае футра, мае пругкую, шаўкавістую, бліскучую воўну з завіткамі рознай формы (валькаватыя, бобападобныя, кольчатыя і інш.) і памераў (4,5—8 мм), якія ўтвараюць малюнак смушка. Найб. каштоўныя шкуркі — з валькаватымі завіткамі, размешчанымі паралельна-канцэнтрычнымі або прамымі радамі даўж. 12—30 мм і больш. Часцей трапляюцца чорныя (больш як 80%) і шэрыя (12—15%) смушкі, каляровых мала. Са шкурак неданошаных каракульскіх ягнят атрымліваюць каракульчу.

т. 8, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМЯ́НСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 2-й пал. 19 ст. ў в. Карма Добрушскага р-на Гомельскай вобл. Крыжападобны ў плане будынак з трыма апсідамі. Над сяродкрыжжам невял. галоўка на чацверыку. Дамінанта аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі — высокая двух’ярусная званіца, што прымыкае да бабінца. Паверхня сцен гарызантальна руставаная. Аконныя і дзвярныя праёмы дэкарыраваны ліштвамі з кілепадобнымі завяршэннямі франтончыкаў, аркамі з паўкалонамі. Неф і трансепт храма перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бабінец — крыжовым, апсіды — конхамі.

А.​Ю.​Пятросава.

Кармянская Пакроўская царква.

т. 8, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦ ((Katz) Бернард) (н. 26.3.1911, г. Лейпцыг, Германія),

англійскі фізіёлаг.

Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952; віцэ-прэзідэнт з 1965). Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1934). У 1935—39 і 1946—50 ва Універсітэцкім каледжы ў Лондане, з 1952 праф. і заг. кафедры біяфізікі ў ім жа. Навук. працы па нервова-мышачнай фізіялогіі і біяфізіцы, пераважна па вывучэнні механізму генерацыі біяэл. патэнцыялаў, сінаптычнай перадачы ад клеткі да клеткі і фіз.-хім. уласцівасцей клетачных мембран. Нобелеўская прэмія 1970 (разам з Дж.​Аксельрадам і У.Эйлерам).

т. 8, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́РТНІК (ад польск. kwartnik чвэрць),

польская сярэбраная манета, роўная паўгроша, 1/96 польскай грыўні. Чаканіўся з 13 ст., у 14—16 ст. меў некалькі разнавіднасцей: сілезскі (лігатурная Maca 1,7 г, упамінаецца каля 1294 і да 1325—30), кракаўскі (маса 1,6 г, 1337—1403), львоўскі, або рускі (маса 1,6 г, 1340—79), паморскі (маса 0,46 г, чаканіўся ў Шчэціне, пазней у інш. гарадах Зах. Памор’я з 1408 і да 16 ст.). З канца 14 ст. адпавядаў 3 дэнарыям і называўся тэрнарыем, траяком.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́МЕРАВА,

горад у Расіі, цэнтр Кемераўскай вобл., на р. Том, пры ўпадзенні р. Іскіцім. Засн. ў 1918 з с. Шчаглова (вядома з 1720) і с. Кемерава (з 1863), у 1925—32 наз. Шчаглоўск. 500 тыс. ж. (1997). Прыстань. Чыг. станцыя. Прам-сць: хім., машынабудаванне (хім. машынабудаванне, эл.-тэхн., эл. рухавікі, эл. маторы, стромаўталініі і інш.), лёгкая, харч., мед. і буд. матэрыялаў. У раёне вядзецца здабыча каменнага вугалю. 5 ВНУ, у т. л. ун-т. 3 т-ры. Музеі краязнаўства і выяўл. мастацтваў.

т. 8, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРАТААКАНТО́МА [ад грэч. keras (keratos) рог, рэчыва рога + akantha калючка, шып, вастрыё + ...ома],

дабраякасная эпідэрмальная пухліна валасяных фалікул. Мяркуюць, што прырода К. вірусная. Найчасцей бывае ў людзей сярэдняга ўзросту, якія маюць кантакт з вугляродам і прадуктамі каменнага вугалю. На твары, кісцях рук узнікае шчыльнае, паўшарападобнае зацвярдзенне, 2—3 см у дыяметры, з уцісканнем у цэнтры, запоўненым рагавымі масамі, якія лёгка выдаляюцца. Праз 3—6 месяцаў пасля К. застаюцца рубцы, магчыма перараджэнне ў пласкаклетачны рак. Лячэнне: рэнтгенатэрапія, электракаагуляцыя, хірургічнае.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 8, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)