МАНЕ́ВІЧ (Леў Яфімавіч) (20.8.1898, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 11.5.1945),
ваенны разведчык, Герой Сав. Саюза (1965), камбрыг (1938). Скончыў Вышэйшую школу штабной службы камсаставу РСЧА (1921), Ваен. акадэмію РСЧА (1924), вучыўся ў Ваен.-паветр. акадэміі імя Жукоўскага. У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Перад 2-й сусв. вайной у некат. краінах Еўропы быў вядомы як камерсант, уладальнік камерцыйных фірм; на самай справе вёў разведку (псеўд.Эцьен, Конрад Кертнер, Старасцін). У канцы 1936 арыштаваны і італьян. асобым трыбуналам асуджаны да 12 гадоў зняволення, якое адбываў у турмах і канцлагерах. У 1943 перададзены гітлераўцам, прайшоў канцлагеры Маўтхаўзен, Мельк, Эбензе. Адзін з арганізатараў падполля, кіраўнік падп. арг-цыі ў канцлагеры Эбензе (Аўстрыя). Вызвалены 6.5.1945 амер. войскамі безнадзейна хворы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗІК (Мікалай Фёдаравіч) (каля 1852, в. Лаўрышава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — пасля 1913),
бел.нар. прапаведнік-мараліст, паэт-самавук. Аўтар дыдактычнага, бытапісальнага верша «Сцяпан і Тацяна» (1889). У паперах А.Ельскага (Варшава, Гал. архіў стараж. актаў) захаваўся сшытак 1890 з вял. творам М. (каля 400 радкоў) «Сачыненне пад рыфму на п’янства і гультайства». У Цэнтр. б-цы АН Літвы (Вільнюс) зберагаюцца рукапісы М. «Чыгунка», «П’янлівага развага...», «Заключэнне для павучання», «Вясковыя дзяды, або Памінальныя дні» і інш. Творы М. напісаны мяшанай бел.-рус. моваю, пераважна невысокага маст. ўзроўню, кансерватыўнага зместу. Пісаў часта пад псеўд. Аляксандр Шункевіч.
Тв.:
Сцяпан і Тацяна / Публ. У.Казберука // Шляхам гадоў. Мн., 1994. [Вып. 4].
Літ.:
Н.Я.Н. [Нікіфароўскі М.Я.]. Глашатаи добрых начал в сельской среде // Живая старина. 1902. Вып. 3—4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РТАС (Афанасій) (свецкае імя Антон Вікенцьевіч; 21.9.1904, Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.11.1983),
бел.рэліг. дзеяч, гісторык праваслаўнай царквы. Магістр багаслоўя (1933). Скончыў тэалагічны ф-т Варшаўскага ун-та (1930). У 1942—44 епіскап віцебскі і полацкі. Удзельнік Усебеларускага царк. сабора 30.8—2.9.1942, на якім была абвешчана Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ). З 1944 у эміграцыі ў Германіі, кіраваў бел. прыходамі ў брыт. зоне акупацыі. 6.5.1946 разам з епіскапатам БАПЦ далучыўся да Рус. зарубежнай правасл. царквы (РЗПЦ). З пач. 1950-х г. архіепіскап РЗПЦ у Аргенціне, з 1970 у Аўстраліі — архіепіскап сіднейскі і новазеландскі. З 1971 жыў у Аргенціне. Даследаваў гісторыю праваслаўя Беларусі, у 1947 выдаў у Германіі «Матэрыялы да гісторыі Праваслаўнай Беларускай царквы».
Тв.:
Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАР’Я́НЕНКА (сапр.Петлішэнка) Іван Аляксандравіч
(9.6.1878, хутар Сачэванаў Кіраваградскай вобл., Украіна — 4.11.1962),
украінскі акцёр, педагог. Нар.арт.СССР (1944). З 1946 праф. Харкаўскага ін-та тэатр. мастацтва. З 1 895 у прафес. трупе М.Крапіўніцкага, з 1899 у розных трупах, у Другім Кіеўскім гар.рус.драм. т-ры, з 1917 дырэктар, рэжысёр і акцёр Нац. ўзорнага т-ра, акцёр Дзярж.драм.т-ра (абодва ў Кіеве). У 1923—58 у Харкаўскім драм. т-ры імя Т.Шаўчэнкі. Акцёр шырокага творчага дыяпазону, выконваў гераічныя, характарныя і камедыйныя ролі: Гонта («Гайдамакі» паводле Шаўчэнкі), Прохар («Васа Жалязнова» М.Горкага), Багдан Хмяльніцкі (аднайм. п’еса А.Карнейчука), князь Яраслаў («Яраслаў Мудры» І.Качаргі), Макбет (аднайм. п’еса У.Шэкспіра) і інш.Дзярж. прэмія СССР 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІ ((Massalski) Эдвард Тамаш Ануфрыевіч) (23.9.1799, в. Рудаўка Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 28.6.1879),
польскі пісьменнік. З роду Масальскіх, брат Ю.А.Масальскага. Вучыўся ў Магілёве, Полацку, Віленскім ун-це. У 1823 арыштаваны як член тайнага студэнцкага т-вафіларэтаў. З 1832 рэдактар сатыр.час. «Bałamut» («Баламут») у Пецярбургу. З 1853 жыў у Варшаве. У дыдактычным рамане «Пан Падстоліч, або Чым з’яўляемся мы і чым быць можам» (ч. 1—5, Вільня; Пецярбург, 1831—33, адначасова выйшаў на рус. мове ў перакладзе П.Гаеўскага) паказаў цяжкае жыццё бел. сялян, стварыў вобраз ідэальнага пана. Аўтар прац «Пра славянскія скарбы» (1853), «Звычай пінчукоў і беларусаў» (не апубл.), «Граматыка польскай мовы» (1858), артыкулаў па эканоміцы сельскай гаспадаркі, мемуараў пра сваё знаходжанне на Беларусі (часткова апубл. Г.Масціцкім у кн. «З філарэцкага свету». Вільня, 1924).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКЕ́ВІЧ (Самуіл Іванавіч) (1580?, в. Сэрвач Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. — 1642),
бел. грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Адукацыю атрымаў, відаць, у Навагрудку. У перапынках паміж вайск. службаю (1601—21) служыў пры дварах магнатаў А.Вішнявецкага і Радзівілаў. У 1617—18 дэпутат трыбунальнага суда ад Навагрудскага пав., потым навагрудскі гарадскі пісар. У час вайск. службы пабываў у Прыбалтыцы, Расіі, на Украіне. Ваен.-паліт. ўражанні ляглі ў аснову яго «Дыярыуша» — мемуараў (ахопліваюць 1594—1621) на польск. мове. У іх звесткі пра вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і яе вынікі, бытавыя замалёўкі, партрэты суайчыннікаў. Успаміны вызначаюцца высокім маст. майстэрствам, даюць аб’ектыўнае ўяўленне пра падзеі і факты ваен.-паліт. і грамадскага жыцця таго часу.
Літ.:
История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;
Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów. Wrocław, 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІХ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 26.3.1938, в. Сосенка Кінель-Чаркаскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1962). Вучыўся ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1962—66). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта, нацюрморта. Сярод твораў: «Навабранцы каля вечнага агню» (1967), «Восень на Салаўках» (1972), «Пскоўскі крэмль. Вечар» (1974), «Аўтапартрэт» (1975), «Гонкі на Браслаўскіх азёрах» (1978), «Ідзе вясна» (1980), «Цёплы вечар» (1981), «Залаты вечар. Возера Глубелька» (1983), «Адгрымелі навальніцы» (1985), «Збожжа ўбрана» (1986), «Пейзаж са стагамі» (1993), «Салаўіныя мясціны» (1994), «З-за хмар паказаўся месяц» (1995), «Пасля дажджу» (1996), «Згасае дзень» (1998), «Так паступова гасну я» (1999) і інш. Творы вызначаюцца дакладнасцю жывапісных распрацовак, рэалістычнасцю, маст. завершанасцю. Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Літ.:
Фатихова Г. Владимир Московских: Живопись: [Альбом]. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛО́ЎСКІ (Мікалай Паўлавіч) (парт.псеўд.Сакалоўскі, Алесь, Андрэй, Марцін, Пракоп; 1905, в. Ялоўка Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. — 27.11.1938),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. З 1922 рабочы на чыгунцы. З 1926 сакратар Смалявіцкага і Капыльскага райкомаў, з 1929 Мінскага акр.к-та ЛКСМБ. З ліп. 1930 на нелегальнай рабоце ў Зах. Беларусі, першы сакратар ЦК КСМЗБ, з 1934 чл. Сакратарыята ЦККПЗБ. Удзельнік I з’езда КСМЗБ (1933), П з’езда КПЗБ (1935), IV з’езда Кампартыі Польшчы (1932), VII кангрэса Камінтэрна (1935). На VI кангрэсе КІМ выбраны канд. у чл. Выканкома КІМ, на II з’ездзе КПЗБ — чл.ЦККПЗБ. У крас. 1935 вярнуўся ў Мінск, да канца 1936 на кіруючай рабоце ў прадстаўніцтве ЦККПЗБ у Мінску. 29.12.1937 арыштаваны, 12.4.1938 асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны 4.2.1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАХНЮ́К (Алег Васілевіч) (н. 7.5.1928, в. Амбросенка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),
мастак. Вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 з бацькамі ў Германіі, дзе скончыў бел. гімназію імя М.Багдановіча (г. Ватэнштэт), рабіў ілюстрацыі для бел. часопіса «Шляхам, жыцця». З пач. 1950-х г. жыве ў г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Працаваў на з-дзе Форда. Аўтар плакатаў, ілюстрацый для паштовак і часопісаў, дэкарацый, 5 разных іканастасаў для правасл. цэркваў (4 для бел., 1 для рускай), кургана-помніка «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы. Удзельнічае ў штогадовых выстаўках у бел. грамадскім цэнтры ў Саўт-Рыверы; яго кампазіцыі, скульптуры і рэльефы ўзнаўляюць рэаліі ранейшага вясковага жыцця на радзіме («Запрэжаны конік», «Сейбіт», «Стары селянін»), увасабляюць фалькл. персанажаў, гіст. сімвалы («Пагоня»).