НАРЭ́ЙКА (Noreika) Віргіліюс-Кястуціс (н. 22.9.1935, г. Шаўляй, Літва),
літоўскі спявак (тэнар), педагог. Нар.арт.СССР (1970). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1958, клас К.Пятраўскаса), з 1976 выкладае ў Літ.муз. акадэміі (з 1987 праф.). З 1957 саліст, у 1975—91 маст. кіраўнік і дырэктар Літоўскай оперы. Спявае ў буйнейшых т-рах свету. Валодае гнуткім голасам прыгожага тэмбру вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах, яскравым артыстызмам. Сярод партый: Даніла, Андрус, Нагліс, Юлюс («Піленай», «Дачка», «Вайва», «Ave, vita» В.Кловы), Скудуціс і Юргяліс («Даля» Б.Дварыёнаса), Тадас («Птушкі, якія заблудзіліся» В.Лаўрушаса), Альфрэд, Герцаг, Атэла («Травіята», «Рыгалета», «Атэла» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Пінкертон, Каварадосі, Рудольф («Мадам Батэрфляй», «Тоска», «Багема» Дж.Пучыні), Вертэр і дэ Грые («Вертэр» і «Манон» Ж.Маснэ), Эдгар, Немерык («Лючыя ды Ламермур», «Любоўны напітак» Г.Даніцэці), Ленскі («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Уладзімір Ігаравіч («Князь Ігар» А.Барадзіна), Моцарт («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Прынц («Любоў да трох апельсінаў» С.Пракоф’ева), Валодзя Гаўрылаў («Не толькі любоў» Р.Шчадрына). Здымаецца ў кіно. Дзярж. прэміі Літвы 1960, 1970.
Літ.:
Гусев А., Хачатурова Н. Виргилиюс Норейка. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСО́ВІЧЫ,
вёска ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл., на р. Вуць, каля аўтадарогі Гомель—Церахоўка. Цэнтр сельсавета і племзавода «Насовічы». За 21 км на Пд ад г. Добруш, 30 км ад Гомеля, 6 км ад чыг. ст. Зябраўка. 1701 ж., 663 двары (1999). Сярэдняя і муз. школы, школа-сад, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнікі землякам, настаўнікам і вучням, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнік ахвярам Чарнобыля. Каля вёскі археал. помнік Насовічы.
У канцы 16 ст. вядома як вёска Рэчыцкага пав.ВКЛ. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Гомельскага пав.; 1378 ж., 239 двароў, 2 школы, бальніца, вінакурны і піваварны з-ды, крама, царква, 7 кірмашоў на год. З снеж. 1926 да 1927 цэнтр Насовіцкага раёна, з 1927 цэнтр сельсавета Гомельскага, з 1931 — Церахоўскага, з 1954 — Добрушскага р-наў, з 1938 у Гомельскай вобл. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі загубілі ў Н. 56 чал., 155 чал. вывезлі на катаржныя работы ў Германію, у вер. 1943 вёску спалілі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕСЦЯРЭ́НКА Васіль Барысавіч (н. 2.12.1934, г.п. Красны Кут Луганскай вобл., Украіна),
бел. вучоны ў галіне ядз. энергетыкі і радыяцыйнай бяспекі. Чл.-кар.Нац.АН (1972), д-ртэхн.н. (1968), праф. (1969). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1978). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча імя Баўмана (1958). З 1963 заг. лабараторыі Ін-та цепла- і масаабмену, у 1965—90 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1965 нам. дырэктара, з 1977 дырэктар, з 1987 заг. лабараторыі), адначасова ў 1971—87 гал. канструктар перасовачных АЭС. З 1990 дырэктар Ін-та радыяцыйнай бяспекі «Белрад». Навук. працы па вывучэнні цеплаабмену і газадынамікі ў ядз. рэактарах з дысацыіруючым цепланосьбітам, даследаванні новых хімічна рэагавальных цепланосьбітаў, вызначэнні тэхніка-эканам. характарыстык АЭС з рэактарамі на хуткіх нейтронах. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.
Тв.:
Физико-технические основы применения диссоциирующих газов как теплоносителей и рабочих тел атомных электростанций. Мн., 1971;
Теплообмен в ядерных реакторах с диссоциирующим теплоносителем. Мн., 1980 (разам з Б.Я.Твяркоўкіным);
Масштабы и последствия катастрофы на Чернобыльской АЭС для Беларуси, Украины и России. Мн.. 1996;
Чернобыльская катастрофа: радиационная защита населения. Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВЫ ДВОР,
вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астрына—Радунь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 55 км ад Гродна, 40 км ад чыг.ст. Ражанка. 659 ж., 267 двароў (2000). Лясніцтва, філіялы Гродзенскага кансервавага з-да і Шчучынскага акц.т-ва «Масласырзавод». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).
Вядома з 15 ст. З 1720 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. З 1843 у Лідскім пав. Віленскай губ. У сакавіку 1863 каля Н.Д. царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага пав. на чале з Л.Нарбутам. У 1897 у мястэчку 822 ж., касцёл (з 1749), 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Шчучынскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1937 у.Н.Д. 655 ж., касцёл, царква, паштовае агенцтва, праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 20.1.1960 у Шчучынскім р-не (у 1960—61 у Радунскім р-не).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ Віктар Платонавіч (17.6.1911, Кіеў — 1987),
рускі пісьменнік. Скончыў Кіеўскі будаўнічы ін-т (1936), адначасова вучыўся ў тэатр. студыі пры Кіеўскім т-ры рус. драмы. Працаваў акцёрам, тэатр. мастаком. Удзельнік Вял.Айч. вайны, потым журналіст. Пасля 1974 жыў у Францыі. У аповесці «У акопах Сталінграда» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947; фільм «Салдаты», 1957) аўтабіягр. вобраз апавядальніка-афіцэра, праўдзівая, падкрэслена празаічная карціна франтавых будняў. Аповесць «У родным горадзе» (1954, фільм «Горад запальвае агні», 1958) пра складаны лёс франтавіка, які вярнуўся з вайны. Аўтар аповесці «Кіра Георгіеўна» (1961), дарожных нататак пра замежныя паездкі, кнігі апавяданняў пра сустрэчы з людзьмі мастацтва, л-ры «У жыцці і ў лістах» (1971), эсэістычнай асацыятыўнай прозы «Запіскі разявакі» (1975), «Маленькая журботная аповесць» (1986), публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра архітэктуру, жывапіс, кінамастацтва і інш.
В.П.Някрасаў.
Тв.:
Избр. произв.: Повести, рассказы, путевые заметки. М., 1962;
По обе стороны океана;
Записки зеваки;
Саперлипопет, или Если б да кабы, да во рту росли грибы... М., 1991;
Маленькая печальная повесть: Проза разных лет. М., 1991;
В самых адских котлах побывал...: Сб. повестей и рассказов, воспоминаний и писем. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯКРА́САЎ Генадзь Канстанцінавіч (8.9.1918, г. Росаш Варонежскай вобл., Расія — 5.8.1987),
расійскі і бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі тэатр.ін-т імя Астроўскага (1941). З 1937 працаваў у Ленінградскім Новым т-ры юнага гледача, т-рах Балтыйскага флоту, Паўн. групы войск. З 1950 у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі імя Горкага. З 1960 у т-ры імя Массавета. Творчасць адметная псіхал. верагоднасцю, тонкім адчуваннем стылю твора і рэжысёрскай ідэі. Сярод лепшых роляў на бел. сцэне — Ермашоў і Бонч-Бруевіч («Брэсцкая крэпасць» і «Галоўная стаўка» К.Губарэвіча), Сакалоў («Песня нашых сэрцаў» В.Палескага), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Астраў («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), Эдгар («Кароль Лір» У.Шэкспіра), Хігінс («Пігмаліён» Б.Шоу), Алан Окапел («Шакалы» А.Якабсана); у т-ры імя Массавета — Лужнін («Злачынства і кара» Ф.Дастаеўскага), Генерал («Смерць Пазухіна» М.Салтыкова-Шчадрына), Вэл Ксаўе («Арфей спускаецца ў пекла» Т.Уільямса), Дэрвіш («У ноч зацьмення Месяца» М.Карыма). Зняўся ў бел. фільмах «Чалавек не здаецца», «Першыя выпрабаванні» і «Якаў Багамолаў» (тэлевізійны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́БАЛЬ,
гарадскі пасёлак у Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Обаль; чыг. станцыя на лініі Віцебск—Полацк, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. За 23 км на З ад Шуміліна, 68 км ад Віцебска. 3,3 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў гіст. крыніцах у 1503 як сяло ў Полацкім ваяв.ВКЛ. Належала Зяновічам. З 1772 у Рас. імперыі. З пач. 19 ст. цэнтр Петрапаўлаўскай вол. Полацкага пав. Росту О. садзейнічала пабудова Рыга-Арлоўскай чыгункі (1886). У канцы 19 ст. ў О. царк.-прыходская школа, вадзяны млын, бровар, Обальская драўняна-хімічная мануфактура. З 1922 пачаў выпуск прадукцыі торфазавод. З 1924 О. — цэнтр сельсавета Сіроцінскага (з 1961 Шумілінскага) р-на. У Вял.Айч. вайну ў О. дзейнічала Обальскае камсамольскае падполле. У снеж. 1962 — ліп. 1966 О. у Полацкім р-не. З 30.9.1968 гар. пасёлак.
Обальскі керамічны завод, торфапрадпрыемства, лясніцтва. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, дзіцячы сад, Обальскага камсамольскага падполля музей, 2 б-кі, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну; магіла ахвяр фашызму. Помнік падпольшчыкам, помнік архітэктуры 19 ст. — сядзіба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ОП-АРТ (англ. op art скарочанае ад optikal art аптычнае мастацтва),
кірунак абстрактнага мастацтва. Узнік у канцы 1940-х г. у Парыжы ў творчасці групы мастакоў на чале з В.Вазарэлі (сапр. Ванархей) на аснове геам. абстракцыянізму. Блізкі да кінетычнага мастацтва, у адрозненне ад якога стылістычна не выходзіць за межы жывапіснага твора. З 1960-х г. пашырыўся ў зах.-еўрап. і амер. жывапісе, дызайне і рэкламе. У творах О.-а. выкарыстоўваюць аптычныя ілюзіі, заснаваныя на асаблівасцях зрокавага ўспрыняцця, што стварае фіктыўны вобраз, які існуе толькі ў свядомасці гледача (эфекты прасторавага перамяшчэння, зліцця ці бязважкасці форм, ілюзіі руху, паслядоўнай змены вобразаў і няўстойлівай формы і інш.). Гэта дасягаецца ўвядзеннем рэзкіх колеравых і танальных кантрастаў, рытмічных чаргаванняў, перасячэннем спіралепадобных і кратавых канфігурацый, закручаных ліній і інш. Часта выкарыстоўваюцца матэрыялы, якія не ўласцівы жывапісу (метал, шкло, пластык і інш.), але маюць паверхню, што адбівае святло, а таксама ўстаноўкі зменлівага асвятлення, дынамічныя канструкцыі і інш. Сярод прадстаўнікоў: Р.Анушкевіч, К.Крус-Дыес, Л.Пунс, Б.Райлі, Р.Сота і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДАВА́НА (Padovano) Джавані (Ян) Марыя [сапр.Моска да Падова (Mosca da Padova) Джанмарыя; каля 1493, г. Падуя (?),
Італія — 31.3.1574], італьянскі скульптар і архітэктар; прадстаўнік Адраджэння. У 1515—30 працаваў у Падуі і Венецыі, з 1532 у Рэчы Паспалітай, у т. л. ў Вільні. Прыдворны мастак вял. князя ВКЛ Жыгімонта I Старога. Майстар надмагільнай пластыкі. Сярод твораў: барэльеф «Цуд са шклянкай» для базілікі св. Антоніа ў Падуі, надмагіллі Б.Тарноўскай (каля 1536), Я.Тарноўскага і яго сына (1561—70) у саборы ў Тарнуве, С.Алясніцкага (1450) у кафедральным касцёле ў Познані, П.Гамрата (1545) і С.Мацеёўскага (1552) у кафедральным касцёле на Вавелі ў Кракаве, жонак Жыгімонта II Аўгуста Лізаветы (1546—52) і Барбары Радзівіл (1553—63, абодва не захаваліся) у Вільні, ківорый для касцёла Дзевы Марыі ў Кракаве (1551—54) і інш. Аўтар 4 медалёў з партрэтамі Жыгімонта I Старога і яго сям’і (1532), арх. праектаў атыкаў і лесвіцы ў «Сукеніцэ» (1555—59) і нішаў для каралеўскіх надмагілляў у капліцы Жыгімонтаў на Вавелі (1571—74).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДКА́НЦЛЕР,
службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст., намеснік канцлера. Замяшчаў канцлера ў кіраванні дзярж. канцылярыяй, вёў (як і канцлер) замежныя і ўнутр. справы, кіраваў працай пісараў і сакратароў у канцылярыі ВКЛ, быў хавальнікам малой дзярж. пячаткі. Паводле загаду вял. князя ВКЛ выдаваў асобам дзярж. дакументы за сваім подпісам і малой пячаткай. Першым вядомым П. быў кн.Б.Глінскі — П. вял.кн. Свідрыгайлы ў 1446. Афіцыйна як пастаянная пасада ўведзена ў ВКЛ 11.3.1566 у сувязі з пашырэннем справаводства ў велікакняжацкай канцылярыі і неабходнасцю знаходжання канцлера ў сталіцы для зацвярджэння найважнейшых дзярж. дакументаў. На яе быў прызначаны А.Б.Валовіч. Канцлер або П. суправаджалі вял. князя ў інш. гарады і мясцовасці або за мяжу, каб зацвярджаць дзярж. дакументы. П. прымалі ўдзел у падрыхтоўцы дзярж. законапраектаў і іх канчатковым рэдагаванні, кіравалі камісіяй па падрыхтоўцы Статута ВКЛ 1588. На пасаду П. прызначаліся буйныя феадалы, якія спалучалі з ёй інш.дзярж. пасады, мелі адукацыю і практычны вопыт дзярж., суд. ці канцылярскай службаў. З 16 ст. П. быў хавальнікам дзярж. архіўных актаў — Метрыкі Вялікага княства Літоўскага.