МУ́РБАН-БУ-ХА́СА,
нафтавае радовішча ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (эмірат Абу-Дабі), за 80 км на ПдЗ ад г. Эт-Тарыф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1962. Распрацоўваецца з 1964. Паклады на глыб. 2,3—2,4 км, прымеркаваны да ніжнемелавых адкладаў (порыстыя рыфавыя вапнякі і шчыльныя вапняковыя гліны), магутнасцю 150 м. Першапачатковыя прамысл. запасы нафты 395 млн. т. Нафтаправод да порта Джэбель-Дхана і г. Рувейс.
т. 11, с. 34
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЮНКУ́М, Мойынкум,
пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі, на Пд Казахстана, паміж хрыбтамі Каратау і Кыргызскім на Пд і нізоўямі р. Чу на Пн. Пл. 40 тыс. км². Выш. ад 300 м на Пн да 700 м на ПдУ. Утворана ў выніку перавеву марскіх мелавых і рачных адкладаў р. Чу. Пераважаюць паўзарослыя градавыя і ўзгоркаватыя пяскі, часткова барханы. На схілах — белы саксаул, астрагалы; у паніжэннях — джузгун, палын. Зімовыя пашы.
т. 11, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫШКО́Ў (Канстанцін Раманавіч) (30.9.1893, в. Горкі Расонскага р-на Віцебскай вобл. — 10.8.1942),
генерал-лейтэнант артылерыі (1940). Скончыў Акад. курсы ўдасканалення камсаставу (1929, 1936). У Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну 1918—20 на Петраградскім фронце, удзельнік разгрому кранштацкага мяцяжу. З 1937 у Артыл. упраўленні РСЧА: нач. аддзела, нам. нач., нач. упраўлення артыл. баз і арсеналаў, з 1942 нам. нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Памёр ад ран на Сталінградскім фронце.
т. 11, с. 54
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯША́НЫЯ АПА́ДКІ,
вадкія і цвёрдыя ападкі, якія на працягу сутак выпадаюць адначасова або паслядоўна, пераходзяць з аднаго віду ў другі. Пры тэарэт. разліках М.а. лічаць толькі тыя, якія складаюцца з сумесі снежных камякоў (або ледзяных круп) з дажджавымі кроплямі. На Беларусі адзначаюцца з канца вер. да мая (11—13% ад агульнай сумы ападкаў за год). За год бывае 15—30 сутак з М.а., колькасць іх павялічваецца з Пд на Пн.
т. 11, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБІЛІТЭ́Т (ад лац. nobilitas знаць),
у Рымскай рэспубліцы замкнутае кола патрыцыянскіх і знатных плебейскіх сем’яў, якое сфарміравалася да пач. 3 ст. да н.э. Паводле традыцыі толькі прадстаўнікі Н. маглі займаць вышэйшыя дзярж. пасады. Н. быў захавальнікам паліт. традыцый арыстакратычнай рэспублікі, але з яго асяроддзя выходзілі і апазіцыйныя палітыкі. У часы імперыі страціў былое значэнне. У больш шырокім значэнні, у т. л. ў стараж. аўтараў, Н. — «знаць», у процілегласць «народу», «чэрні».
т. 11, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНЫ НАСТА́ЎНІК СССР,
ганаровае званне, якое прысвойвалася высокапрафес. настаўнікам, выкладчыкам і інш. работнікам агульнаадукацыйных устаноў і інш. за заслугі ў пед. і выхаваўчай дзейнасці, за дасягненні ў працы, высокае прафес. майстэрства і ўдзел у грамадскім жыцці. Уведзена Указам Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 3.7.1979. Існавала да 1991 г.
Народныя настаўнікі СССР у Беларусі
1979. В.С.Аўраменка, А.Я.Ларын.
1983. Г.А.Іванова.
1985. В.Г.Гаховіч.
т. 11, с. 179
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАФТЭ́НЫ,
насычаныя аліцыклічныя вуглевадароды, што змяшчаюцца ў нафце. Найважнейшыя — цыклагексан, метылцыклагексан і метылцыклапентан. У нафце ёсць таксама і больш складаныя вуглевадароды, што маюць ад 2 да 5 цыклаў у малекуле — бі- і поліцыклічныя Н.: біцыклаактан, біцыклананан, β-каратан (насычаны β-карацін), адамантан і іх вытворныя, насычаныя вуглевадароды стэроіднага і тэрпеноіднага тыпаў. У прам-сці з бензінавай фракцыі нафты вылучаюць цыклагексан і метылцыклагексан. Гл. таксама Аліцыклічныя злучэнні.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 11, с. 218
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́МА (ад грэч. nomē язва, якая пашыраецца),
форма вільготнай гангрэны, што хутка пашыраецца. Звычайна ўзнікае пры рэзкім аслабленні ахоўных сіл арганізма. Хварэюць пераважна дзеці пасля цяжкіх інфекц. хвароб. Пашкоджвае слізістыя абалонкі поласці рота, тканкі твару, зрэдку — палавыя органы, прамую кішку і інш. Працякае з высокай т-рай цела, язвамі, ацёчнасцю твару, вакол ачага воскападобная зона, якая паступова мярцвее. На месцы язваў фарміруюцца глыбокія рубцы. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны.
М.З.Ягоўдзік.
т. 11, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ЎКА,
вёска ў Віцебскім р-не. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 4 км на Пд ад Віцебска, каля чыг. ст. Мядзвёдка. 2522 ж., 880 двароў (2000). Віцебскі эксперым. пладова-агароднінны камбінат, Мядзвёдкаўскае збожжапрыёмнае прадпрыемства. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У 1861—1942 тут існаваў Ноўкінскі шклозавод.
т. 11, с. 384
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. nullification знішчэнне),
пазбаўленне дакумента юрыд. сілы законнасці. Н. грошай — пазбаўленне дзяржавай папяровых грошай сілы законнага плацежнага сродку. Выкарыстоўваецца, калі падзенне пакупной цаны грошай з-за інфляцыі дасягае такой ступені, што вартасць, прадстаўленая папяровай грашовай адзінкай, зводзіцца амаль да нуля, або калі зняцце грошай, што страцілі сілу законнага плацежнага сродку, выклікана зменай паліт. улады. Часам фактычна супадае з дэвальвацыяй, калі абясцэненыя грошы абменьваюцца на новыя па вельмі нізкім курсе.
т. 11, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)