КЛІ́НА (ад грэч. klinō нахіляю), клінальная зменлівасць у біялогіі,
паступовае павелічэнне або змяншэнне (колькасны градыент) якой-н. адзнакі, уласцівасці ўнутры папуляцыі або віду; адно з выяўленняў унутрывідавой геагр. зменлівасці. Тэрмін прапанаваны англ. біёлагам Дж.Хакслі (1939). Можа закранаць колькасныя прыкметы (напр., павелічэнне памераў цела пазваночных у больш высокіх шыротах) і якасныя (напр., адноснае павелічэнне колькасці «чорнай» формы двухкрапінкавай божай кароўкі ў параўнанні з «чырвонай» формай пры нарастанні кантынентальнасці клімату). Развіваецца ў выніку ўзаемадзеяння натуральнага адбору, які прыстасоўвае кожную папуляцыю да лакальнага асяроддзя, з патокам генаў, што вядзе да уніфікацыі папуляцый віду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),
старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл.Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў уперс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛЬГУНО́ЎСКІ КУРГА́Н, Літой курган,
курган пач. 6 ст. да н.э. каля г. Кіраваград (Украіна). Раскапаны ў 1763 рас.ген. А.П.Мельгуновым, ад імя якога і паходзіць назва. Увыніку даследаванняў на глыбіні каля 1,8 м выяўлена грабніца, абкладзеная каменнымі плітамі. Сярод знаходак жал. меч скіфскага тыпу ў залатых ножнах з выявамі фантастычных істот, залатыя дыядэма, стужка з фігуркамі малпаў і ібісаў, бляшкі ў выглядзе арлоў, сярэбраныя ножкі ад трона урарцкай работы. Лічаць, што курган быў насыпаны над пахаваннем багатага воіна-правадыра, магчыма, удзельніка скіфскіх паходаў у Пярэднюю Азію.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ЛЬДА (ням. Mulde літар. карыта) у геалогіі, чашападобная разнавіднасць сінклінальнай складкі або тэктанічная ўпадзіна ізаметрычнай ці авальнай формы. Памеры М. ад некалькіх дзесяткаў метраў да соцень кіламетраў. Вылучаюць: М. накладзеныя, што запоўнены адкладамі, якія залягаюць паката або гарызантальна рэзка нязгодна з дыслацыраванымі горнымі пародамі (часта змяшчаюць буравугальныя радовішчы); М. асядання — зніжэнне паверхні над падземнымі горнымі вырабаткамі або ў выніку распрацоўкі нафтавых і газавых радовішчаў; М. ўціснутыя — прагінанне паверхні над ачагамі гразевых вулканаў; М. кампенсацыйныя — паніжэнні ў надсалявых адкладах вакол саляных купалаў у сувязі з адтокам пластычнай солі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМЫ́ТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
глебы, якія фарміруюцца на ніжніх частках схілаў, у лагчынах і ярах увыніку адкладу змытага дажджавымі і талымі водамі глебавага драбназёму. Таксама наз. дэлювіяльнымі глебамі (гл.Дэлювій). Развіваюцца звычайна ва ўмовах кароткачасовага залішняга ўвільгатнення. Маюць слаісты профіль з вял. колькасцю гліністых і пылаватых часцінак і гумусу (2—3%). Колерам падобныя на перагнойны гарызонт нязмытых глеб. Сярэдне- ці слабакіслыя. Паводле магутнасці дэлювію падзяляюцца на слаба- (да 20 см), сярэдне- (20—50), моцна- (50—100) і вельмі моцнанамытыя (больш за 100 см). Багатыя элементамі жыўлення раслін. Выкарыстоўваюцца пад сенажаці і пашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́ЛАВАННЕ,
адмена або змякчэнне крымін. пакарання. З’яўляецца адным з асн. канстытуцыйных паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы амаль ва ўсіх краінах свету. Уяўляе сабой акт індывід. міласэрнасці да асобы, асуджанай судом за ўчыненне якога-н. (звычайна цяжкага) злачынства. Прымяненне П. можа быць матывавана па-рознаму (чыстасардэчнае раскаянне, проста з меркавання гуманнасці і інш.). Найчасцей увыніку П. найб. суровыя меры пакарання (напр., смяротная кара) замяняюцца на больш мяккія. З асобы, якая адбыла пакаранне, актам П. можа быць знята судзімасць. У Рэспубліцы Беларусь права П. належыць Прэзідэнту дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАГЕ́ННАСЦЬ.
хваробатворнасць, здольнасць некат. арганізмаў выклікаць інфекц. захворванні інш. істот. Тэрмін звычайна ўжываецца ў адносінах да мікраарганізмаў і вызначае іх патэнцыяльную магчымасць выклікаць хваробы. Залежыць ад вірулентнасціінфекц. агента і ўспрымальнасці арганізма, які інфіцыруецца. Для кожнага мікроба П. мае адносны характар і звязана з відам, узростам, полам і фізіял. станам арганізма, у які ён укараняецца. П. узнікла ў працэсе эвалюцыі мікробаў увыніку адаптацыі іх да пэўных відаў арганізмаў (напр., бактэрыі брушнога тыфу паразітуюць толькі ў арганізме чалавека). Гл. таксама Патагенныя мікробы. А.І.Ерашоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАКЛАСТЫ́ЧНЫЯ ПАРО́ДЫ, піракласты (ад грэч. pyr агонь + klaō ламлю, разбіваю),
абломкавыя горныя пароды, якія ўтварыліся ў выніку намнажэння выкінутага з жарала або асаджанага з вогненных хмар і лавін абломкавага матэрыялу (вулканічныя брэкчыі, туфы і інш.) у час вывяржэння вулканаў. Да П.п. адносяцца таксама адклады, якія ўтвараюцца пры зацвярдзенні гразевых патокаў, што суправаджаюць вулканічныя вывяржэнні. Пасля адкладання П.п. спякаюцца ці падвяргаюцца дыягенезу. На Беларусі П.п. ёсць у складзе вендскай (ратайчыцкая світа, базальтавыя туфы і інш.) і верхнедэвонскай (шчолачна-трахітавыя і трахітабазальтавыя туфы і інш.) вулканічных фармацыях платформавага чахла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫНЁМАНСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,
геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). За 1,5 км на ПнЗ ад в. Прыгодзічы Гродзенскага р-на, на правым беразе р. Нёман, на паўн. схіле Калодзежнага рова. Уключае 4 буйныя глыбы пясчана-жвірова-галечнага кангламерату, з іх найб.даўж. 10,4 м, шыр. 6,1 м, выш. 5,9 м, у абводзе 27,6 м, аб’ём бачнай часткі 198,4 м³, маса каля 525,7 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі карбанатным растворам флювіягляцыяльных адкладаў пры напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬВАТА́ЦЫЯ (ад лац. solvere раствараць),
узаемадзеянне часціц (малекул, іх асацыятаў, іонаў) растворанага рэчыва з малекуламі растваральніку. Уплывае на ўсе фіз. і фіз.-хім. працэсы, што адбываюцца ў растворах. Абумоўлена Электрастатычнымі і ван-дэр-ваальсавымі сіламі ўзаемадзеяння (неспецыфічная С.), а таксама каардынацыйнымі сувязямі і вадароднай сувяззю (спецыфічная С.). Увыніку С. ўтвараюцца сальваты — малекулярныя ўтварэнні пастаяннага ці пераменнага саставу, у якіх малекула (іон) растворанага рэчыва абкружана сальватнай абалонкай з малекул растваральніку. Асобны выпадак С. — гідратацыя.
Літ.:
Бургер К. Сольватация, ионные реакции и комплексообразование в неводных средах: Пер. с англ.М., 1984.