МО́ДЭЛЬ ((Model) Вальтэр) (24.1.1891, г. Гентын, Германія —21.4.1945),
германскі ваенны дзеяч. Ген.-фельдмаршал (1944). З 1909 у кайзераўскай арміі, удзельнік 1-й сусв. вайны. З 1940 камандзір 3-й танк. дывізіі, з кастр. 1941—41-га танк. корпуса. У студз. 1942 — ліст. 1943 (з перапынкамі) камандуючы 9-й арміяй на Усх. фронце. У лют.—сак. 1944 узначальваў групу армій «Поўнач», у крас.—чэрв. 1944 — «Паўночная Украіна». Праводзіў тактыку «выпаленай зямлі», вызначаўся асаблівай жорсткасцю. 28.6.1944 як «майстар абароны і адступлення» прызначаны камандуючым групай армій «Цэнтр», каб спыніць наступленне сав. войск у ходзе Беларускай аперацыі 1944. Аднак герм. войскі на чале з М. панеслі вял. страты і найб. цяжкія паражэнні. 15.8.1944 адхілены ад пасады. З вер. 1944 камандуючы групай армій «Б» (у Францыі), якая была разгромлена ў ходзе Рурскай аперацыі 1945 і 18 крас. капітулявала, пасля чаго М. скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАБНЯ́ (Аляксандр Апанасавіч) (22.9.1835, с. Грышына Роменскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 11.12.1891),
украінскі і рускі філолаг-славіст; кіраўнік харкаўскай лінгвістычнай школы. Брат Андрэя А.Патабні. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1877). Скончыў Харкаўскі ун-т (1856), з 1875 праф. гэтага ун-та. Развіваў псіхал. кірунак у рус. мовазнаўстве. Асн. працы па агульным мовазнаўстве, тэорыі славеснасці, тыпалогіі, лексікалогіі, гіст. стылістыцы, семасіялогіі, літ. мове, тэорыі фразеалогіі: «Мысленне і мова» (1862), «З запісак па рускай граматыцы» (т. 1—2, 1874; т. 3—4, апубл. 1899—1941), «З запісак па тэорыі славеснаці» (апубл. 1905) і інш.Вял. ўклад яго ў славістыку, асабліва ў слав. дыялекталогію, параўнальна-гіст. граматыку слав. моў, даследаванне рус. і ўкр. моў.
Літ.:
О.О.Потебня: Ювілейний эб. до 125-річчя з дня народження. Київ, 1962;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТАРЖЫ́НСКІ (Іван Сяргеевіч) (3.3.1896, с. Петра-Свістунова Вясёлаўскага р-на Запарожскай вобл., Украіна — 22.2.1960),
украінскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў укр.вак. школы. Нар.арт.СССР (1944). Скончыў Екацярынаслаўскую кансерваторыю (1922). З 1925 саліст Харкаўскага, з 1935 — Кіеўскага т-раў оперы і балета. З 1946 праф. Кіеўскай кансерваторыі. Валодаў моцным, гнуткім, выразным голасам аксамітнага тэмбру, вял. артыстызмам. Сярод партый: Карась («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Выбарны, Тарас Бульба («Наталка Палтаўка», «Тарас Бульба» М.Лысенкі), Гаўрыла («Багдан Хмяльніцкі» К.Данькевіча), Чуб («Ноч перад калядамі» М.Рымскага-Корсакава), Сусанін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Галіцкі («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Базіліо («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Сярод вучняў: Дз.Гнацюк, А.Кікаць, Я.Чарванюк і інш.Дзярж. прэмія СССР 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛО́ЎСКІ (Фёдар Іларыёнавіч) (27.11. 1908, г.п. Міхайлаўка Запарожскай вобл., Украіна — 6.4.1989),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху на тэр. Палескай вобл., Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў палкавую кав. школу (1932), курсы сав. будаўніцтва (1939) і палітсаставу (1940). З 1940 у Чырв. Арміі. Удзельнік баёў на воз. Хасан у 1938, сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял.Айч. вайну ў пач.ліп. 1941 стварыў разам з Ц.П.Бумажковым і ўзначаліў партыз. атрад у Акцябрскім р-не Палескай вобл., са студз. 1942 камандзір Палескага партыз. злучэння, з мая 1942 камандзір 123-й Акцябрскай партыз. брыгады, адначасова з крас. 1943 чл. Палескага падп. абкома КП(б)Б, з ліст. 1943 — Акцябрскага падп. райкома КП(б)Б. Званне Героя Сав. Саюза прысвоена ў ліку першых сав. партызан. Пасля вайны да 1966 на сав. і гасп. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЕ́ЦКІ (Аляксандр Іванавіч) (2.11.1884, г. Казань, Татарстан — 2.8.1961),
украінскі літаратуразнавец. Акад.АНСССР (1958), АН Украіны (1939). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1907). Дырэктар Ін-та л-ры імя Т.Шаўчэнкі АН Украіны (1939—41, 1944—61), гал. рэдактар час. «Радянське літературознавство» (1957—61). Даследаваў праблемы гісторыі ўкр. і сусв. л-ры (працы: «Зараджэнне драматычнай літаратуры на Украіне», 1923; «Слова аб палку Ігаравым» і ўкраінская літаратура XIX—XX ст.», 1958; «Мастацкая проза. І.Франко», 1956; «Пушкін і Украіна», 1938; «Паэма Дантэ», 1956, і інш.). Працаваў у галіне тэорыі і псіхалогіі літ.-маст. творчасці. Пытанні гісторыі бел. л-ры і ўкр.-бел. літ. узаемасувязяў — у даследаваннях «Вершы Сімяона Полацкага на тэмы з усеагульнай гісторыі» (1914), «Сімяон Полацкі і ўкраінскае пісьменства XVII ст.» (1959), «Украінская літаратура сярод іншых славянскіх літаратур» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ДНЫ (Дзям’ян) (сапр.Прыдвораў Яфім Аляксеевіч; 13.4.1883, в. Губаўка Кіраваградскай вобл., Украіна — 25.5.1945),
рускі паэт. Вучыўся ў Пецярбургскім ун-це (1904—08). Першы зб. «Байкі» (1913). Вершы, песні, байкі, вершаваныя аповесці і фельетоны ў зб. «Дзіва дзіўнае і іншыя казкі» (1916), «Кожны Ерамей пра сябе разумей», «Праўда і няпраўда» (абодва 1917) і інш. Аўтар героіка-сатыр. эпапеі «Пра зямлю, пра волю, пра рабочую долю» (1917), паэм «Запаветная зямля» (1920), «Галоўная вуліца» (1922). У грамадз. вайну папулярныя былі яго песні («Праводзіны»), сатыр. творы («Маніфест барона фон Урангеля»), жартоўныя вершы («Танька-Ванька»). У 1920 некаторыя творы ўпершыню надрукаваны ў бел.газ. «Звязда» («Нашым братам — польскім сялянам», «Вялікая штука — навука», «Пан Кміта» і інш.). Творчасць Беднага блізкая да фальклору, многія радкі з вершаў сталі прыказкамі. На бел. мову творы Беднага перакладалі А.Александровіч, А.Дзяркач, А.Астрэйка, Ю.Свірка, Э.Валасевіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБРЭ́МБСКАЯ-ЯБЛО́НСКАЯ ((Obrębska-Jabłońska) Антаніна) (12.1.1901, в. Пчэльня, Украіна — 19.11.1994),
даследчыца польскай, усх.-слав., у т. л.бел., моў. Д-рфілал.н., праф. Адзін з арганізатараў і кіраўнік (1956—72) кафедры бел. філалогіі Варшаўскага ун-та. У 1953—57 кіравала секцыяй укр. і бел. філалогіі ў Польска-сав. ін-це, у 1958—68 аддзелам бел. мовы ў Ін-це славяназнаўства Польскай АН. Асн. кірункі навук. прац — дыялекталогія, гісторыя і культура польск. мовы, русістыка, беларусістыка (польска-бел.-літоўскае моўнае памежжа, гісторыя мовы, анамастыка). Рэдактар (з М.В.Бірылам) «Падручнага польска-беларускага слоўніка» (1962). Кіравала падрыхтоўкай да выдання «Люду беларускага» М.Федароўскага (т. 5—7, 1958—69). Па яе ініцыятыве распачата вывучэнне гаворак Беласточчыны і выданне дыялектнага атласа рэгіёна (т. 1—3, 1980—89).
Літ.:
Czurak M. Bibliografia prac Antoniny Obrębskiej-Jabłońskiej // Acta Bałtico-Slavica. 1984. № 16.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАГО́ЦКІ (Сільвестр Сільвестравіч) (17.1.1813, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 11.7.1889),
украінскі багаслоў, філосаф, педагог. Скончыў Кіеўскую духоўную акадэмію (1837). Прафесар гэтай акадэміі (1841—51) і Кіеўскага ун-та (1851—86). Вял. ўвагу аддаваў пытанням гіст.-філас. навукі ў яе ўзаемаадносінах з самымі рознымі галінамі навук. і грамадскага жыцця. Спрабаваў крытычна пераасэнсаваць гегелеўскую і інш.ідэаліст. сістэмы з хрысц. пазіцый. Аўтар «Філасофскага лексікона» (т. 1—4, 1857—73), які быў, па сутнасці, першай у Расіі спробай філас. слоўніка. Свае філас. погляды свядома падпарадкоўваў абароне праваслаўя, крытыкаваў матэрыялізм як вучэнне, што вядзе да атэізму.
Тв.:
Критический взгляд на философию Канта. Киев, 1847;
О характере философии средних веков // Современник. 1849. № 6;
Обозрение системы философии Гегеля. Киев, 1860;
Введение в историю философии. Киев, 1871;
Философский словарь... Киев, 1876;
Философия XVII и XVIII вв. в сравнении с философиею XIX в. и отношение той и другой к образованию. Вып. 1—3. Киев, 1878—84.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВАНІ́ЎСКІ (Сава Яўсеевіч) (29.5.1910, г. Кіраваград, Украіна — 2.5.1989),
украінскі пісьменнік. У 1927—30 вучыўся ў Адэскім і Харкаўскім с.-г. ін-тах. Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках (больш за 30) «Рапартую!» (1931), «Блізкае і далёкае» (1948), «Сіняя птушка» (1980), «Вечны агонь» (1986) і інш. рамантычна-ўзнёсла апаэтызаваў рэчаіснасць, хараство бацькоўскай зямлі, лёс свайго пакалення. Аўтар п’ес «Лёс паэта» (1939), «Далёкае рэха» (1961), раманаў «Таполя на тым беразе» (1965), «Корсунь» (1972; пра героіку Вял.Айч. вайны) і інш. Уражанні ад паездак па Італіі, Германіі, Польшчы і Турцыі ў вершах і нарысах. Нарысы, артыкулы Галаваніўскага ў кн. «Паядынак» (1941), «Часопіс» (1968), «Мемарыял» (1987) і інш. На бел. мову творы Галаваніўскага перакладалі П.Глебка, А.Звонак, М.Танк, М.Калачынскі, Л.Салавей, К.Цітоў.
Тв.:
Твори. Т. 1—3. Київ, 1980—81;
Рус.пер. — Мост к людям: Размышления, воспоминания, рассказы. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВА́ЦКІ (Якаў Фёдаравіч) (17.10.1814, в. Чэпелі Львоўскай вобл., Украіна — 13.5.1888),
украінскі вучоны і паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1841). З 1848 прафесар, у 1849 і 1864—66 рэктар Львоўскага ун-та. З 1867 у Расіі, старшыня Віленскай камісіі для разбору і выдання стараж. актаў. Першыя вершы апублікаваў у альманаху «Русалка Дністрова» (1837). У творах 1830—40-х г. прапагандаваў ідэі адзінства ўкр. народа, развіцця л-ры на роднай мове. Вывучаў фальклорна-літ. сувязі ўкр. і бел. народаў, гісторыю і этнаграфію Беларусі. Аўтар даследаванняў па пытаннях гісторыі, адукацыі, фальклору, этнаграфіі, мове, археалогіі і інш.Асн. працы: «Народныя песні Галіцкай і Угорскай Русі» (ч. 1—4, 1878), «Некалькі слоў пра Біблію Скарыны і пра рукапісную рускую біблію з XVI ст...» (1865).
Тв.:
Черты домашнего быта русских дворян на Подляшье, т.е. в нынешней Седлецкой и Гродненской губерниях, по актам XVI ст. Вильна, 1888.