Падпісаны 12.7.1920 у Маскве. 11.9.1919 урад РСФСР звярнуўся да ўрада Літвы з прапановай заключыць мір на аснове прызнання незалежнасці літ. дзяржавы. 31.3.1920 урад Літвы заявіў пра гатоўнасць заключыць мір з Сав. Расіяй пры ўмове прызнання незалежнасці Літвы ў яе этн. межах са сталіцай у Вільні. 7.5.1920 у Маскве пачаліся перагаворы: літ. дэлегацыя настойвала на ўключэнні ў склад Літвы тэр. Ковенскай, Віленскай, Сувалкаўскай і Гродзенскай губ. (з гарадамі Беласток, Бельск, Гродна, Брэст, Кобрын, Пружаны), Навагрудскага пав. Мінскай губ., часткі Ілуксцкага і Гробінскага пав. Курляндскай губ. Выкарыстоўваўся і такі аргумент, як права беларусаў на самавызначэнне. 9.5.1920 член літ. дэлегацыі Д.Сямашка выступіў з заявай аб намеры «пры ўстанаўленні граніц абараняць беларускія землі на моцы беларуска-літоўскіх пагадненняў ад імперыялістычных памкненняў Польшчы... і Савецкай Расіі». Заява выклікала пратэст з боку кіраўніка сав. дэлегацыі на перагаворах А.А.Іофе, які паставіў пад сумненне правамоцтвы Сямашкі выступаць ад імя бел. народа. Падпісаны дагавор прадугледжваў з боку РСФСР безагаворачнае прызнанне самастойнасці і незалежнасці Літвы; урэгуляванне маёмасных, фін. і эканам. пытанняў; аказанне Літве бязвыплатнай эканам. дапамогі ў памеры 3 млн.руб. золатам; вяртанне Літве культ. каштоўнасцей, што былі вывезены ў час 1-й сусв. вайны і знаходзіліся на тэр. РСФСР; прадугледжваліся далейшыя перагаворы пра заключэнне гандл. і транзітных пагадненняў і інш. Фіксавалася дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой; прадугледжвалася ўключэнне ў склад Літвы г. Вільні і часткі зямель, заселеных пераважна беларусамі, у т. л. Гродна, Паставы, Браслаў, Ашмяны, Ліда. Факт заключэння такога дагавора выклікаў супрацьдзеянне з боку органаў БНР і кіраўніцтва Польшчы. 11.9.1920 польскі Савет абароны дзяржавы вырашыў дамагацца далучэння Віленшчыны і Гродзеншчыны да Польшчы. Пад уздзеяннем Антанты Польшча прызнала права Літвы на Вільню (замацаваны Сувалкаўскім пагадненнем 7.10.1920), аднак у выніку т.зв. бунту Л.Жалігоўскага (8—9.10.1920) і ўтварэння Сярэдняй Літвы Вільня і Віленскі край былі далучаны да Польшчы. Такім чынам, дагавор не быў выкананы ў поўным аб’ёме. Пасля вызвалення Заходняй Беларусі ў кастр. 1939, карыстаючыся палажэннямі гэтага дагавора, Прэзідыум Вярх. Савета СССР прыняў рашэнне аб перадачы Літве Вільні і Віленскага краю.
Кр.: Документы внешней политики СССР. Т. 3. М., 1959; Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1 (1917—1922 гг.). Мн., 1997.
Літ.:
Коўкель І. Польска-літоўскі канфлікт і роля ў ім беларускіх палітычных партыяў і арганізацыяў (1920—1923 гг.) // Беларусіка = Albaruthenica. Мн., 1994. Кн. 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ IДзмітрыевіч
(30.12.1371, Масква — 27.2.1425),
вялікі князь маскоўскі [1389—1425]. Старэйшы сын Дзмітрыя Іванавіча Данскога. Жанаты з Соф’яй, дачкой вял. князя літ. Вітаўта. Да Маскоўскага княства далучыў у 1392 Суздальска-Ніжагародскае і Мурамскае княствы, у 1397—98 — Волак Ламскі, Бежацкі Верх, Волагду, Вялікі Усцюг і землі комі. Для барацьбы з татарамі заключыў з ВКЛ саюз (1392), які распаўся ў сувязі з захопам Вітаўтам у 1403—04 Смаленска і Вязьмы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІ́ЛЬ IIВасілевіч Цёмны
(10.3.1415—27.3.1462),
вялікі князь маскоўскі [1425—62]. Сын Васіля I Дзмітрыевіча і Соф’і, дачкі вял. князя літ. Вітаўта. Амаль 30 гадоў ваяваў з кааліцыяй удзельных князёў, якою кіраваў галіцкі кн. Юрый Дзмітрыевіч і яго сыны. У 1446 аслеплены адным з іх, Шамякам (адсюль прозвішча Цёмны). Ліквідаваў большасць удзелаў у Маскоўскім княстве, умацаваў велікакняжацкую ўладу. Пры ім выбраны мітрапаліт (1448), рус. царква стала незалежная ад канстанцінопальскага патрыярха.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЬКО́ЎСКІ (Сяргей Іванавіч) (19.10.1854, г. Ізюм, Украіна — 7.10.1917),
украінскі жывапісец. У 1876—85 вучыўся ў Пецярбургскай АМ у М.Клота і У.Арлоўскага. Аўтар лірыка-эпічных пейзажаў, адметных мяккімі колеравымі спалучэннямі, жанравых і гіст. карцін («Раніца. Статак у стэпе», 1884, «Казацкі луг», 1893, «Казак і дзяўчына», 1894), манум. пано, альбомаў «З украінскай даўніны» (1900) і «Матывы ўкраінскага арнаменту» (1912, абодва разам з М.Самокішам).
Літ.:
Безхутрий М.М. Сергій Васильківський: Біогр. повість. Київ, 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІЯЛІ́ТЫ [ад грэч. ophis змяя + ...літ(ы)],
асноўныя і ультраасноўныя інтрузіўныя (дуніты, перыдатыты, піраксеніты, габра), эфузіўныя (пераважна базальты і іх туфы) і асадкавыя (глыбакаводныя асадкі акіянскага тыпу) горныя пароды, якія трапляюцца разам. Афіяліты разглядаюць як рэлікты акіянскай кары геал. мінулага, перамешчаныя на ўскраіны мацерыкоў. Важна даследаваць афіяліты, каб выяўляць радовішчы рудаў, генетычна звязаныя з пародамі афіялітавага комплексу (хрому, нікелю, плаціны, золата, ртуці і інш.), а таксама вывучаць развіццё зямной кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАГДАНО́ВІЧ (Ірына Эрнстаўна) (н. 30.4.1956, г. Ліда Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса, літ.-знавец, крытык. Канд.філал.н. (1985). Скончыла Гомельскі ун-т (1978). З 1983 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1973. У зб. «Чаравікі маленства» (1985), «Фрэскі» (1989), «Вялікдзень» (1993) паэтычны роздум пра родны край, яго гісторыю і культуру, няпростыя клопаты і турботы сучаснікаў. Даследуе бел. паэзію (манаграфія «Янка Купала і рамантызм», 1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́НІЯ,
беларускі разьбяр па дрэве 2-й пал. 15 — 1-й пал. 16 ст. Стварыў для пінскага князя Фёдара Яраславіча двухбаковы разны абраз «Премудрость созда себе храм. Праздники» на тэму прытчаў Саламонавых (зберагаецца ў Рус. музеі ў С.-Пецярбургу).
Літ.:
Плешанова И.И. Два резных деревянных образка в собрании Русского музея // Памятники культуры: Новые открытия: Ежегодник, 1979. Л., 1980.
Ананія. «Премудрость созда себе храм. Праздники». Абраз. Канец 15 — пач. 16 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРО́НІКАЎ (Андронікашвілі) Іраклій Луарсабавіч
(28.9.1908, С.-Пецярбург — 11.6.1990),
рускі пісьменнік, літаратуразнавец. Засл. дз. маст. РСФСР (1959). Д-рфілал.н. (1956). У літ.-знаўчых працах даследаваў творчасць М.Ю.Лермантава. У напаўбелетрыстычных творах («Загадка Н.Ф.І.», 1938; «Тагільская знаходка», 1956, і інш.) расказваў пра архіўныя і тэксталагічныя пошукі. Выступаў з уласнымі вуснымі апавяданнямі, у якіх ствараў партрэты пісьменнікаў, артыстаў. Дзярж. прэмія СССР 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДРУШЭ́ВІЧ (Ян) (пач. 16 ст. — 1567 ?),
рэлігійны і дзярж. дзеяч ВКЛ, паэт-лацініст. Канонік у Вільні, біскуп у Кіеве і Луцку. Аўтар дыдактычна-рэліг. паэмы «Lens Lituana olim...» (каля 1543) пра легендарнае забойства ў Вільні 14 францысканскіх манахаў у перыяд княжання Альгерда (1345—77). Гал. змест і пафас паэмы ў апалагетычна-хрысц. тэндэнцыйнасці, дыдактызме, асуджэнні братазабойстваў.
Літ.:
Дорошкевич В.И. Новолатинская поэзия Белоруссии и Литвы: Первая половина XVI в. Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАЛІ́Т [ад грэч. bathos глыбіня + ...літ(ы)],
буйное інтрузіўнае цела (пл. больш за 200 км², якое складзена пераважна з гранітоідаў і залягае сярод асадкавых тоўшчаў складкавых абласцей у ядрах антыклінорыяў. Звычайна арыентавана сваёй доўгай воссю паралельна распасціранню складкавых структур. Утвараецца на значнай глыбіні і агаляецца ў выніку дэнудацыі. Паводле сучасных уяўленняў, баталіт ўзнікае над сейсмафокуснымі паверхнямі — зонамі Беьёфа за кошт плаўлення частак матэрыялу мантыі і зямной кары.