адна з трох сусв. рэлігій (разам зхрысціянствам і ісламам). Узнік у 6 ст. да н.э. як рэакцыя стараж.-інд. насельніцтва на брахманізм і каставы падзел грамадства, дзе дасягненне канчатковай мэты рэліг. практыкі залежала ад брахманаў і было недасягальнае для ніжэйшых кастаў. Заснавальнікам будызму лічыцца інд. прынц Сідхартха Гаўтама, празваны Будам. У цэнтры будызму вучэнне пра 4 высакародныя ісціны: існуе жыццё-пакута; прычына пакут у жаданнях; паглыбляючыся ў нірвану, можна спыніць пакуты; метад дасягнення нірваны — «васьмярычны шлях» (складаецца з сапраўдных поглядаў, рашучасці, намагання, засяроджвання; кантролю над мовай; з праведных дзеянняў, жыцця, намераў). У будызме выказваецца думка пра адмаўленне і ад крайнасцей, звязаных з рытуаламі брахманізму, і ад аскетызму; ён вядомы як «сярэдні шлях». Першапачаткова будызм быў хутчэй філас.-этычным вучэннем, пазней пашырыўся за межы Індыі, набыў рысы рэлігіі. Дактрына будызму распрацавана ў працэсе стварэння будыйскіх школ і кірункаў. На мяжы 1—2-га тыс.н.э. перастаў адыгрываць адметную ролю ў гісторыі і культуры Індыі, як сусв. рэлігія фарміраваўся за яе межамі.
Літ.:
Щербатской Ф.И. Избранные труды по буддизму. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЗБО́Р, вадазборны басейн, вадазборная плошча,
1) вадазбор паверхневых водаў — тэрыторыя, з якой паверхневыя воды і грунтавыя воды сцякаюць у пэўны вадаём. Абмежаваны водападзеламі. Гідралагічнае значэнне вадазбору — у ператварэнні атм. ападкаў у сцёк. Характарызуецца паказчыкамі гідраграфічнымі (плошча, даўжыня, сярэдняя і найб. шырыня, сярэдні нахіл і вышыня надузр. м., форма, каэфіцыент асіметрыі) і геагр. (геагр. становішча, лясістасць, азёрнасць, забалочанасць, разаранасць, урбанізацыя і інш.). Кожны паказчык уплывае на фарміраванне і велічыню сцёку, які вызначаецца метэаралагічнымі фактарамі, асаблівасцямі геал. будовы тэрыторыі вадазбору, рэльефу, ландшафтаў у яго межах. Найважнейшая характарыстыка вадазбору — плошча. Каля 90% рэк Беларусі маюць малыя плошчы вадазбору (да 200 км²), 8 рэк (Дняпро, Прыпяць, Нараў з Бугам, Нёман, Зах. Дзвіна, Бярэзіна Дняпроўская, Сож і Вілія ў межах Беларусі) — больш за 10 тыс.км²; вадазборы рэк і вадаёмаў Беларусі належаць да бас. Чорнага (65% тэр.) і Балтыйскага мораў. Па форме вылучаюць 5 тыпаў вадазбораў.
2) Вадазбор падземных водаў абмежаваны плошчай тэктанічнай структуры, з паверхні якой адбываецца жыўленне ваданосных гарызонтаў і ваданосных комплексаў. Не заўсёды супадае па плошчы з вадазборам паверхневых водаў. У вузкім сэнсе вадазбор — плошча, з якой адбываецца прыток падземных водаў да водазаборнага збудавання — свідравіны, калодзежа, галерэі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСПРО́ВІЧ ((Kasprowicz) Ян) (12.12.1860, в. Шымбаж, каля г. Інавроцлаў, Польшча — 1.8.1926),
польскі паэт, перакладчык. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Вроцлаўскім ун-тах. З 1888 жыў у Львове і Пароніне (Польшча), у 1908—25 выкладаў у Львоўскім ун-це. Друкаваўся з 1882. Рэаліст. тэндэнцыі ў паказе сац. канфліктаў у польск. вёсцы ў 1880—90-х г. уласцівы зб-кам «Паэзія» (1889), «З сялянскага загона» (1891), гіст. драмам «Канец свету» (1891), «Бунт Наперскага» (1899). Двухпланавасць, матывы жыцця і смерці, страснасць паэт. інтанацый характэрны для паэмы «Хрыстос» (1890), цыклу санетаў «Куст дзікай ружы» (1898). Аўтар цыкла пейзажнай лірыкі «З Альпаў», «З Татраў», «Над безданню» (1898), у паэт. цыклах «Балада пра сланечнік» (1908), «Імгненне» (1911) роздум пра чалавека, сябе і паэзію. У зб-ках «Кніга ўбогіх» (1916), «Гімны» (1921), «Мой свет» (1926) выявіліся уплыў сімвалізму, рэліг.-містычныя настроі. Пераклаў на польск. мову «Песню пра зубра» Міколы Гусоўскага. На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі А.Гурыновіч, Я.Купала, С.Дзяргай.
Тв.:
Бел.пер. — у кн. Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАІ́НЧЫК (Васіль Пятровіч) (н. 7.3.1950, в. Чарапы Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. кампазітар, піяніст. Засл. арт. Беларусі (1982). Нар.арт. Беларусі (1995). Скончыў Бел. кансерваторыю па кл.фп. (1974, кл. В.Шацкага) і кампазіцыі (1981, кл. Я.Глебава). З 2000 праф.Бел. ун-та культуры. З 1974 маст. кіраўнік вак.-інстр. ансамбля «Верасы», адначасова з 1998 маст. кіраўнік дзіцячага ансамбля «Верасяты»; з 1997 муз., з 2000 маст. кіраўнік маладзёжнага т-ра эстрады пры Бел. ун-це культуры. Выканаўца і аўтар шматлікіх твораў на фп., электронных муз. інструментах. Стварыў шэраг стылявых інтэрпрэтацый, аранжыровак, электронных кампазіцый, якія вызначаюцца яркім меладыйным малюнкам, свежымі тэмбравымі фарбамі, неардынарнасцю структуры. Піша музыку для сімф. аркестра, эстрады, камерна-інстр. творы, песні. Сярод твораў: балет «Крылы над Расіяй» (паст. 1987); араторыя «Хлапчыш-Кібальчыш» (сл. У.Някляева, 1984); арк. музыка — для сімф.арк. «Сімфанічныя варыяцыі» (1980), для эстр.арк. «Варыяцыі», «Балеро», «Карнавал» (усе 1984); п’есы для электронных інструментаў «Назад да зорак» (1985), «Жыццё артыста» (1986); музыка да спектакля «Голы кароль» (1993); песні, у т. л. «Зорка кахання», «Горад юнацтва», «Так не бывае». Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРО́Л (М.) (сапр.Пятэльскі Сцяпан Язэпавіч; каля 1890, мяст. Гарадок Беластоцкага пав. — канец 1917 ці пач. 1918),
бел. паэт, перакладчык, публіцыст, фалькларыст. Скончыў царк. настаўніцкае вучылішча ў Ялоўцы (1909, Беласточчына). Настаўнічаў на Беласточчыне, Гродзеншчыне, Ковеншчыне. З 1914 на фронце. Узнаг. Георгіеўскім крыжам. З 1909 друкаваўся ў «Нашай ніве». У паэзіі Арла — матывы паняволення роднага краю і народа, роздум над рэнегацтвам часткі бел. інтэлігенцыі. Вершы адметныя лірызмам, паяднаннем рэальнага і абагульнена-сімвалічнага, філасафічнасцю. У іх прыкметны ўплыў вобразаў, матываў, паэтыкі Я.Купалы і Я.Коласа. Даследчык і прапагандыст бел.нар. песні. Лічыў яе крытэрыем высокага паэт. майстэрства. Перакладаў на бел. мову В.Бялінскага, дастасоўваючы думкі рус. крытыка да патрэб самасцвярджэння нацыі, гал. праблем маладой бел. л-ры. Зукр. л-ры пераклаў байкі Л.Глібава.
Тв.:
Лірнік. Мн., 1991.
Літ.:
Лойка А.А. Гісторыя беларускай літаратуры. Дакастр. перыяд. 2 выд.Мн., 1989. Ч. 2. С. 459—561;
Саламевіч Я.М. Арол — нашаніўскі паэт, перакладчык, публіцыст // Бел. мова і літаратура ў школе. 1988. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАСО́БЛЕНЫЯ ЧЛЕ́НЫ СКА́ЗА,
залежныя кампаненты, якія інтанацыйна і сэнсава выдзяляюцца ў сказе, каб надаць ім большае значэнне і павысіць камунікатыўную дзейнасць. Вызначаюцца немагчымасцю сінтаксічнай спалучальнасці зінш. членамі сказа, не аб’ядноўваюцца з імі ў словазлучэнні, аддзяляюцца ад іх працяглай паўзай, маюць сінтагматычны націск, аслабленую ці ўзмоцненую інтэнсіўнасць маўлення. Адносна свабодна размяшчаюцца ў структуры сказа і на пісьме выдзяляюцца коскай ці працяжнікам.
Адасобленыя члены сказа могуць быць дапасаваныя і недапасаваныя азначэнні («Неба, зацягнутае шэрымі хмарамі, нізка навісла над лесам», У.Карпаў, «Быў у замку дзед Даніла, родам дзесь з-пад Мазыра», Я.Колас), прыдаткі («Салавей, пясняр крылаты, прыляцеў вясной дахаты», Я.Пушча), дапаўненні («Замест цёмнай нуднай ночы — Ясны дзень даўно настаў», У.Хадыка), акалічнасці («Добра ў садзе хадзіць, сустракаючы сонечны ранак», П.Панчанка). Утвараюць сінтаксічна непадзельныя канструкцыі, якія заключаюць у сабе адпаведнае сцвярджэнне ці адмаўленне і выконваюць паўпрэдыкатыўную функцыю («Ужо не вернецца ніколі краса, адцвіўшая даўно», П.Трус) або служаць для канкрэтызацыі асобных словаформаў, выконваючы ўдакладняльна-паясняльную (непрэдыкатыўную) функцыю («Там, далёка, за дамамі, разляглося поле», Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗБЯРУ́К (Уладзімір Міхайлавіч) (н. 29.8.1923, в. Бандары Беластоцкага ваяв., Польшча),
бел.літ.-знавец і крытык. Канд.філал.н. (1963). Скончыў БДУ (1949). Настаўнічаў. З 1955 выкладаў у Полацкім пед. ін-це. У 1959—93 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1954. Даследуе бел. л-ру стараж. перыяду, 19 — пач. 20 ст., праблемы бел. рамантызму, бел.-польскія літ. сувязі, творчасць Я.Коласа, Ф.Багушэвіча, Ф.Скарыны, А.Гаруна, К.Каліноўскага, Г.Пельгрымоўскага, мітрапаліта Кіпрыяна і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), кн. «Старонкі літаратурных сувязей» (1970), даследаванняў па гісторыі Беларусі.
Тв.:
Якуб Колас (жыццё і творчасць). Мн., 1962;
Традыцыі польскага рамантызму ў беларускай літаратуры пачатку XX ст.Мн., 1972;
Ступені росту: Бел.літ. канца XIX — пачатку XX ст. і традыцыі пол. пісьменнікаў. Мн., 1974;
Паэма Якуба Коласа «Новая зямля»: У святле слав. традыцый. Мн., 1979;
Славянскія літаратуры і праблемы беларускага параўнальнага літаратуразнаўства (дакастрычніцкі перыяд). Мн., 1982;
Рамантычны пошук: Назіранні надбел. рамантызмам пачатку XX ст.Мн., 1983;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЫЁНАЎ (Міхаіл Фёдаравіч) (3.6.1881, г. Ціраспаль, Малдова — 10.5.1964),
расійскі жывапісец, графік, тэатр. мастак; адзін з лідэраў рус.авангарду, заснавальнік лучызму. Вучыўся ў маскоўскім Вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1898—1908) у У.А.Сярова і І.І.Левітана. Стваральнік суполак «Блакітная ружа» (1907), «Асліны хвост» (1912), адзін са стваральнікаў аб’яднання «Бубновы валет» (1910), арганізатар выстаўкі «Мішэнь» (1913). З 1914 у Швейцарыі, з 1915 у Парыжы, мастак у антрэпрызе С.П.Дзягілева. У ранніх работах звяртаўся да постімпрэсіянізму, лучызму, фавізму; «Заход сонца пасля дажджу» (1908), «Раніца ў Казармах» і «Лучызм» (абедзве 1910). «Прамяністы пейзаж» (1912). Пасля 1915 адмовіўся ад станковага жывапісу і працаваў у тэатр.-дэкарацыйным мастацтве, дзе найб. выявіліся прынцыпы лучызму. Стваральнік дэкарацый і касцюмаў да пастановак «Паўночнае сонца» М.Рымскага-Корсакава (1915), заслоны, дэкарацый і касцюмаў да «Рускіх казак» А.Лядава (1917), да «Блазна» С.Пракоф’ева (1921), эскізаў касцюмаў да «Класічнай сімфоніі» (1930), дэкарацый і касцюмаў да «Над Барысфенам» (1932) Пракоф’ева. Ілюстраваў футурыстычныя кнігі В.Хлебнікава, А.Кручоных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІПЕ́ННЕ,
пераход вадкасці ў пару, які адбываецца з утварэннем у аб’ёме вадкасці бурбалак пары; адзін зфазавых пераходаў I роду. Пры К. бурбалкі павялічваюцца ў аб’ёме ў выніку выпарэння вадкасці ў поласць бурбалак, усплываюць на паверхню вадкасці, а насычаная пара, што ў іх знаходзіцца, пераходзіць у паравую фазу над паверхняй вадкасці. К. пачынаецца, калі ціск насычанай пары ў бурбалках дасягае значэння знешняга ціску, і можа адбывацца ва ўсім тэмпературным інтэрвале раўнавагі вадкасці і пары (паміж трайным пунктам і крытычным станам).
Для падтрымання К. да вадкасці неабходна падводзіць некаторую колькасць цеплаты, якая ідзе на параўтварэнне і на работу пары супраць знешняга ціску. Значэнне тэмпературы кіпення вадкасці залежыць ад яе хім. прыроды і знешняга ціску, з павелічэннем якога т-ра К. павялічваецца. К. можна выклікаць таксама памяншэннем знешняга ціску пры пастаяннай т-ры, што тлумачыцца з’явай кавітацыі. Залежнасць т-ры К. ад знешняга ціску ляжыць у аснове вызначэння бараметрычнага ціску. Выкарыстоўваецца ў розных тэхн. і тэхнал. працэсах (атрыманне вадзяной пары ў паравых катлах, выпарванне, рэктыфікацыя, кансерваванне, атрыманне нізкіх т-р і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́НГЛА-АФГА́НСКІЯ ВО́ЙНЫ,
каланіяльныя войны Англіі супраць Афганістана. У першую англа-афганскую вайну (1838—42) англ. войскі занялі (1839) гарады Кандагар, Газні, Кабул. У выніку партыз. вайны, якая перарасла ў нар. паўстанне (1841), акупац. армія была знішчана. У 1842 Англія прызнала паражэнне і пакінула Афганістан. У час другой англа-афганскай вайны (1878—80) англ. войскі занялі г. Кандагар. Эмір Якубхан заключыў з Англіяй Гандамакскі дагавор, які выклікаў у 1879 нар. паўстанне. У 1880 пад Майвандам (каля Кандагара) афганцы разбілі англ. брыгаду. Англія адмовілася ад намеру заваяваць Афганістан, аднак дамаглася свайго кантролю над яго знешняй палітыкай. Трэцяя англа-афганская вайна пачалася ў маі 1919 пасля абвяшчэння Афганістанам незалежнасці. Паражэнне англ. войскаў у выніку паўстання пуштунскіх плямёнаў, а таксама ўздым рэв. руху ў Індыі змусілі Англію заключыць у чэрв. 1919 перамір’е, у жн. 1919 — прэлімінарны мірны дагавор.