КО́НРАД (Conrad) Чарлз (н. 2.4.1930, г. Філадэльфія, ЗША),

касманаўт ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1953), Ваен.-марскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1961). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 21—29.8.1965. з Г.​Куперам здзейсніў палёт па касм. караблі «Джэміні-5» (як 2-і пілот); 12—15.9.1966 з Р.Горданам — палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (як камандзір); 14—24.11.1969 з Горданам і А.Бінам — палёт на касм. караблі «Апалон-12» (як камандзір) на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Бінам) на яго паверхню; 25.5—22.6.1973 з П.​Вейцам і Дж. Кервінам — палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 1-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць палётаў 49,15 сут. Залаты медаль імя Ю.​А.​Гагарына.

т. 8, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЙЛЕР (Mailer) Норман (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),

амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац. рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.​Манро).

Т.​Я.​Камароўская.

т. 10, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НДЭЛЬЗОН (Mendelsohn) Эрых (21.33.1887, г. Ольштын, Польшча — 15.9.1953),

нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Мюнхене (1907—11). З 1933 працаваў у Вялікабрытаніі, Палесціне, ЗША (выкладаў у Каліфарнійскім ун-це). Яго творы ў духу стыляў мадэрн і экспрэсіянізм спалучаюць пошукі выразных скульпт.-пластычных арх. форм са строгай функцыянальнасцю планіроўкі і агульнай кампазіцыі (астрафіз. лабараторыя, т.зв. вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія, 1920—21). Больш познія работы набліжаны да архітэктуры функцыяналізму: універмагі ў Нюрнбергу і Штутгарце (1926—28), Калумбусхаўс у Берліне (1929—32); банк у Іерусаліме (1938). Багатай пластычнай фантазіяй вылучаецца шпіталь Майманіда ў Сан-Францыска (ЗША, 1946). Аўтар праекта трыкат. ф-кі «Чырвоны сцяг» у Маскве (1925).

Э.Мендэльзон. Вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія. 1920—21.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНО́ФСКІ (Panofsky) Вольфганг Курт Герман (н. 24.4.1919, Берлін),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1954), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Замежны член Рас. АН (1988). З 1934 у ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1938). З 1951 праф. Стэнфардскага ун-та (з 1953 дырэктар Лабараторыі фізікі высокіх энергій, у 1961—84 дырэктар лінейнага паскаральнага цэнтра). Навук. працы па ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў спін і цотнасць пі-мезона (1950—52, разам з Дж.​Штэйнбергерам), назіраў нараджэнне мю-мезонных пар фатонамі (1956). Развіў метад сустрэчных пучкоў. Пад кіраўніцтвам П. ў 1966 запушчаны буйнейшы (на 22 ГэВ) Стэнфардскі лінейны паскаральнік электронаў. Прэмія імя Э.​Фермі 1978.

Тв.:

Рус. пер. — Классическая электродинамика. М., 1963 (разам з М.​Філіпсам).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Панофскі.

т. 12, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАХО́Д, паравое судна,

марское або рачное самаходнае судна, якое прыводзіцца ў рух паравой машынай ці паравой турбінай.

П. з паравой машынай Дж.​Уата пабудаваны ў 1802 у Вялікабрытаніі. У 1807 у ЗША Р.​Фултан пабудаваў колавы рачны П. У Расіі першае судна з паравой машынай (землечарпалка) створана ў 1810; марскі П. («Елізавета», для зносін паміж Пецярбургам і Кранштатам) — у 1815. Напачатку П. былі колавыя, з 1840-х г. — з грабным вінтом. З сярэдзіны 20 ст. П. выцясняюцца больш эканамічнымі цеплаходамі (з рухавіком унутр. згарання). У СССР з 1958 буд-ва П. спынена. Сучасныя П. з паравой (або газавай) турбінай наз. турбаходамі, турбаэлектраходамі (гл. Электраход).

Параходы: 1 — буксір з грабным колам (1801; Шатландыя); 2 — рачны пасажырскі (19 ст., ЗША).

т. 12, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОСТПАЗІТЫВІ́ЗМ (ад пост... + пазітывізм),

філасофскія канцэпцыі, што ўзніклі ў 1950—70-я г. ў працэсе крытыкі неапазітывізму. Не мае акрэсленага зместу, нярэдка атаясамліваецца з сучаснай аналітычнай філасофіяй, у інш. выпадках мае вельмі вузкую трактоўку. Тэарэт. абгрунтаваны ў працах К.​Попера «Логіка навуковага адкрыцця» (1959) і Т.​Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1963). Да асн. плыней П. адносяць крытычны рацыяналізм, прагматычны аналіз (У.​Куайн, М.​Уайт, ЗША), канцэпцыі І.​Лакатаса, М.​Полані (Вялікабрытанія), П.​Феерабенда і Р.​Рорці (ЗША), розныя варыянты сучаснага філас. рэалізму і інш. Агульным для ўсіх канцэпцый П. з’яўляецца адыход ад арыентацыі на сімвалічную логіку і звяртанне да гісторыі навукі, прызнанне вызначальнай ролі ў пазнанні тэарэт. ўзроўню ведаў, перанос акцэнту на сацыякульт. і каштоўнасныя аспекты навук. пазнання.

т. 12, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭД-РЫ́ВЕР (Red River),

1) рака на Пд ЗША, правы прыток р. Місісіпі. Даўж. 2050 км, пл. басейна 233 тыс. км² Вытокі на плато Лана-Эстакада, у сярэднім і ніжнім цячэнні перасякае Прымексіканскую нізіну. У нізоўях падзяляецца на рукавы: Олд-Рывер (упадае ў р. Місісіпі) і Атчафалая (упадае ў Мексіканскі зал., сцёк толькі ў разводдзе). Паводкі ў канцы вясны — пач. лета. Сярэдні расход вады 880 м³/с. ГЭС. Буйное вадасх. Тэксома. Суднаходная ад г. Шрыўпарт.

2) Рака ў ЗША і Канадзе. Даўж. 920 км, пл. басейна 297 тыс. км². Цячэ па Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Веснавое разводдзе. Сярэдні расход вады каля 240 м³/с. Суднаходная ў сярэднім і ніжнім цячэнні. На Р.-Р. — г. Вініпег (Канада).

т. 13, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́СТ (West) Бенджамін (10.10.1738, г. Спрынгфілд, штат Пенсільванія, ЗША — 11.3.1820),

амерыканскі мастак. Першапачаткова працаваў у Філадэльфіі і Нью-Йорку як акварэліст, рысавальшчык і жывапісец-пейзажыст. У 1760—63 падарожнічаў па Італіі. З 1763 пастаянна працаваў у Лондане, з 1792 — прэзідэнт Каралеўскай АМ. У партрэтах парадная прадстаўнічасць нярэдка спалучаецца з рэаліст. дакладнасцю вобразаў: партрэт палкоўніка Г.​Джонсана (каля 1775—76). Яго гіст. кампазіцыям («Смерць генерала Вулфа», каля 1770; «Дамова У.​Пэна з індзейцамі», 1772; «Смерць на белым кані», 1796), пабудаваным па тыповых для класіцызму 18 ст. кампазіцыйных схемах, уласцівы імкненне да верагоднасці ў перадачы падзеі і адначасова да этнагр. дакладнасці дэталей. Творчасць У. адыграла значную ролю ў станаўленні прафес. выяўл. мастацтва ў ЗША.

Б.Уэст. Смерць на белым кані. 1796.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛА́ЭРЦІ (Flaherty) Роберт (16.2.1884, г. Айран-Маўнтын, ЗША — 23.7.1951),

амерыканскі кінарэжысёр, заснавальнік амер. дакумент. кіно. Скончыў горную школу ў Мічыгане (1910). З 1910 прымаў удзел у экспедыцыі па кан. Запаляр’і, дзе ў 1919 у Гудзонавым заліве пачаў здымкі жыцця эскімосаў, аб’яднаныя ў фільме «Нанук з Поўначы» (1922). Наватар дакумент. фільма, засн. на працяглым кінаназіранні рэальнага жыцця: «Маана паўднёвых мораў», «24-доларавы востраў» і «Гісторыя ганчара» (усе 1926). З 1932 у Вялікабрытаніі, зняў фільмы «Індустрыяльная Брытанія» (з Дж.​Грырсанам, 1932), «Чалавек з Арана» (1934), у якіх працягваў тэму складаных адносін чалавека з прыродай, спалучыў рэаліст. метад назірання з паэт. выяўленнем; маст. фільм «Маленькі паганяты сланоў» (з З.​Корда, 1937). З 1939 у ЗША: фільмы «Зямля» (1939—41), «Луізіянская гісторыя» (1948).

Г.​У.​Шур.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ЕР (Boyer) Пол Дэлас (н. 31.7.1918, г. Прова, штат Юта, ЗША),

амерыканскі біяхімік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1968), Нац. АН ЗША (1970). Скончыў ун-ты імя Брайэма Янга (1939; г. Прова) і штата Вісконсін (1943; г. Мадысан). З 1945 ва ун-це штата Мінесота (з 1956 праф.), з 1963 праф. Каліфарнійскага ун-та (г. Лос-Анжэлес; у 1965—83 дырэктар Ін-та малекулярнай біялогіі). Навук. працы па энзімалогіі. Пастуляваў і выкарыстаў для тлумачэння механізму дзеяння пратон-транспартавальнай адэназінтрыфасфатазы новы прынцып работы алігамерных ферментаў («механізм чаргавальнага звязвання»; 1977). Нобелеўская прэмія 1997 (з Дж.Э.Уокерам, Е.К.Скоу).

Тв.:

Рус. пер. — На пути к пониманию каталитического механизма АТР-синтетазы // Биохимия. 2001. Т. 66, вып. 10.

М.​М.​Касцюковіч.

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)