ЗАБО́РСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну,
састаўная частка Расонскага патрыятычнага падполля. Дзейнічала ў жн. 1941 — крас. 1942 (кіраўнік У.В.Петрачэнка) на тэр. Віцебскай вобл. Мела 3 групы (23 чал.): у вёсках Аўсюкова і Забор’е (А.Дз.Цітоў, І.Ф.Лапатка), Лакці і Пакоціна (Я.А.Каган, А.І. і Н.І.Папляцеевы), Баканіха і Шарстова (М.Ф.Максіменка). Падпольшчыкі дзейнічалі ў кантакце з партызанамі, збіралі для іх зброю, разведданыя, харчаванне, медыкаменты. Разам з партызанамі ўдзельнічалі ў падрыве моста цераз р. Дрыса, 6 мастоў на шашэйных дарогах, спалілі будынак ням. камендатуры ў в. Забор’е, здзейснілі шэраг дыверсій па знішчэнні баявой тэхнікі, аўтатранспарту і жывой сілы ворага. Вясной і летам 1942 амаль усе падпольшчыкі пайшлі ў партызаны. Дзейнасць падполля ўвекавечана ў Музеі баявой садружнасці бел., рус., латв. і літ. партызан у г.п. Расоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТНЕ́ВІЧ (Уладзімір Зянонавіч) (14.4.1853, в. Ліцвяны Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — сак. 1927),
бел. археолаг, гісторык. Д-рцарк. гісторыі (1897), праф. (1904). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1875), Пецярбургскую духоўную акадэмію (1879). У 1879—83 выкладчык у Варшаўскім духоўным вучылішчы. З 1884 дацэнт, з 1899 экстраардынарны праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі. У 1880—90-я г. ўваходзіў у групу бел. інтэлігенцыі, што гуртавалася вакол газ. «Минский листок»; член гіст.т-ва Нестара-летапісца, Маск. археал. і царк.-архіўнага т-ваў, камісіі па зборы стараж. актаў і інш. Даследаваў каля 700 курганоў дрыгавічоў пераважна ў Бабруйскім, Мазырскім, Рэчыцкім пав., вызначыў межы іх рассялення і этнавызначальныя прадметы. Шэраг прац прысвяціў пытанням царк. гісторыі, дзейнасці першых славянафілаў і інш. У 1918 чытаў лекцыі на курсах беларусазнаўства ў Кіеве. Звесткі пра далейшую дзейнасць адсутнічаюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫЧАЁВАЕ ПРА́ВА,
сукупнасць няпісаных прававых норм, агульнапрынятых у пэўным грамадстве. Узнікла непасрэдна з грамадскіх адносін і санкцыянавана дзярж. уладай. На Беларусі панавала да 15 ст. У 15 — пач. 16 ст. паступова замянялася пісаным правам, у якім побач з новымі нормамі захоўваліся нормы З.п. ў форме закону. Пасля выдання Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 З.п. адводзілася толькі дапаможная роля ў рэгуляванні тых праваадносін, якія не былі прадугледжаны законам. З.п. рэгулявала ўсе праваадносіны ў грамадскім жыцці, дзейнасць службовых асоб, дзярж. павіннасці насельніцтва, асн. грамадзянска-прававыя адносіны і інш.Найб. доўга панавала ў шлюбна-сямейных адносінах. Асаблівае месца ў сістэме З.п. займалі нормы копнага права, якія дзейнічалі на Беларусі з глыбокай старажытнасці да 18 ст. (гл.Копны суд). Уплыў З.п. адчуваўся і пазней, асабліва ў зямельным і сямейным праве.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МСКІ РУХ,
ліберальна-апазіц. грамадская і паліт.дзейнасць земскіх гласных і земскай інтэлігенцыі ў Расіі ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. Быў накіраваны на расшырэнне правоў земстваў. Выяўляўся ў падачы земскіх адрасоў і хадайніцтваў на імя імператара, правядзенні нелегальных сходаў і з’ездаў, выданні за мяжой брашур і артыкулаў, стварэнні нелегальных паліт. арг-цый. У 1880—82 выдавалася газ. «Земство». Створаны земскія аб’яднанні «Гутарка» (1899), «Саюз вызвалення» (вер. 1903), «Саюз земцаў-канстытуцыяналістаў» (ліст. 1903). Асн. дзеячы: І.І.Петрункевіч, У.А.Бобрынскі, П.Дз. і П.Дз.Далгарукавы, П.А.Гейдэн, У.Л.Вярнадскі, Ю.А.Навасільцаў і інш. Са стварэннем у пач. Рэвалюцыі 1905—07 паліт. партый кадэтаў і акцябрыстаў З.р. пайшоў на спад. У час 1-й сусв. вайны выявіўся ў стварэнні Земскага саюза (1914) для дапамогі ўраду ў арганізацыі забеспячэння арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМО́ЭНС, Камоінш (Camões) Луіш ды (снеж. 1524 або студз. 1525, Лісабон — 10.6.1580), партугальскі паэт, буйн. прадстаўнік партуг. Адраджэння. Літ.дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар шматлікіх санетаў, напісаных у манеры Ф.Петраркі, і п’ес «Цар Селеўк» (апубл. 1645), «Філадэма» і «Камедыя пра Амфітрыёнаў» (апубл. абедзве 1587). Сусветную вядомасць яму прынесла эпічная паэма ў 10 песнях «Лузіяды» (1572) пра падарожжа Васка да Гамы ў Індыю. Паэма звязана з ант. эпічнай традыцыяй і тагачаснай культурай, міфалагічныя і фантаст. вобразы і сітуацыі ў ёй спалучаюцца з рэаліст. апісаннямі прыроды, побыту і нораваў жыхароў; услаўляюцца мужнасць і стойкасць чалавека, сцвярджаецца каштоўнасць ведаў, выкрываецца жорсткасць правіцеляў, улада золата. Твор прасякнуты верай у бязмежныя магчымасці чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Лирика. М., 1980;
Лузиады;
Сонеты. М., 1988.
Літ.:
История всемирной литературы. М., 1985. Т. 3. С. 399—404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМЕЛІ́ТЫ,
манахі каталіцкага жабрацкага ордэна, заснаванага ў 1155 св. Бертольдам у Палесціне. Назва ад гары Кармель, дзе быў першы скіт К. Ордэн зацверджаны папам рымскім у 1247. Манахі павінны былі жыць у асобных келлях, не мець уласнасці, працаваць фізічна, строга захоўваць пасты, быць маўклівымі і г.д. У 13 ст. К. перабраліся на Кіпр, у Сіцылію, Англію і інш. краіны Зах. Еўропы. З канца 14 ст. сталі пашырацца ў Польшчы, адкуль праніклі ў ВКЛ. У 1452 зацверджаны і жаночы ордэн кармелітак. Мужчынскія кляштары К. існавалі ў Ружанах (цяпер Пружанскі р-н; з 1617), Мсціславе (з 1618), Вільні (з 1628), Глыбокім (з 1639), Гродне (з 1676), Мінску (з 1704), Пінску (з 1734), Гудагаі (Астравецкі р-н; з 1764) і інш. У 19 ст. ўсе кармеліцкія кляштары зачынены. У 1990-я г. пачала аднаўляцца дзейнасць К. у Мядзеле і Гудагаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЧА́ГІНА-АЛЕКСАНДРО́ЎСКАЯ (Кацярына Паўлаўна) (23.12.1874, г. Кастрама, Расія — 15.1.1951),
руская актрыса. Нар.арт.СССР (1936). Акцёрскую дзейнасць пачала ў 1887, выступала ў розных гарадах Рас. імперыі, у т. л. ў Магілёве. З 1904 у Пецярбургу: у т-рах В.Камісаржэўскай, Літ.-маст.т-ва, з 1915 у Александрыйскім (цяпер Тэатр драмы імя Пушкіна). На правінцыяльнай сцэне сыграла каля 400 роляў у п’есах А.Астроўскага, М.Гогаля, А.Грыбаедава і інш. Выканаўца характарна-быт. роляў. Стварыла галерэю вобразаў рус. жанчын. Сярод лепшых: Уліта, Ефрасіння Патапаўна, Домна Панцялеўна («Лес», «Беспасажніца», «Таленты і паклоннікі» Астроўскага), Хрысціна Архіпаўна («Платон Крэчат» А.Карнейчука), Дзямідзеўна («Нашэсце» Л.Лявонава) і інш. Здымалася ў кіно: Уліта («Іудушка Галаўлёў» паводле «Паноў Галаўлёвых» М.Салтыкова-Шчадрына, 1934). У створаных ёй вобразах камедыйнасць спалучалася з глыбокім драматызмам. Аўтар кн. «Старонкі жыцця» (выд. 1955). Дзярж. прэмія СССР 1943.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́КЕРЫ (англ. quakers літар. якія трасуцца),
Таварыства сяброў (Society of Friends), паслядоўнікі радыкальнага кірунку ў пратэстантызме, заснаванага ў 1652 у Англіі Дж.Фоксам пры ўдзеле У.Пена. У выніку праследаванняў з боку ўрада і афіц.англіканскай царквы многія абшчыны К. з 1670-х г. эмігрыравалі ў Паўн. Амерыку. Становішча англ. і амер. К. легалізавана прыняццем у 1689 «Закону аб верацярпімасці». Асновы веравучэння сістэматызаваны тэолагам Р.Баклі (1676), арганізац. структуры распрацаваны Пенам, які заснаваў гал. асяродак К. у штаце Пенсільванія (ЗША). К. лічаць крыніцай веры ўнутр. праяўленне Бога, якое даецца кожнаму чалавеку, адмаўляюць усе знешнія формы культу, інстытут свяшчэнства, не прызнаюць вайск. службу, прысягу, выступаюць супраць рэліг. і сац. няроўнасці (у т. л. змагаліся супраць рабства, аказвалі дапамогу ахвярам 1-й і 2-й сусв. войнаў). За сваю пацыфісцкую дзейнасць атрымалі Нобелеўскую прэмію міру 1947.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЕР ((Keller) Готфрыд) (19.7.1819, г. Цюрых, Швейцарыя — 15.7.1890),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1840—42), у Гайдэльбергскім ун-це. Літ.дзейнасць пачаў у 1846 як паэт (зб. «Вершы»). Вядомасць прынёс раман «выхавання» «Зялёны Генрых» (1855, 2-я рэд. 1879—80), напоўнены філас. роздумам пра лёс чалавека ў грамадстве, прызначэнне мастацтва. Аўтар рамана «Марцін Заландэр» (1886), зб-каў навел «Людзі з Зельдвілы» (т. 1—2, 1856—74), «Сем легенд» (1872), «Цюрыхскія навелы» (1878), «Выслоўе» (1881), літ.-крытычных эсэ, публіцыст. твораў. Маст. манеры К. ўласцівы мяккі гумар і сатыра, пластычнасць і яркасць вобразаў, павучальнасць і філасафічнасць.
Тв.:
Рус.пер. — Новеллы. Л., 1970;
Зеленый Генрих. М., 1972;
Избранное. Л., 1988.
Літ.:
Павлова Н.С., Седельник В.Д. Швейцарские варианты: Лит. портреты. М., 1990;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́МБРЫДЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адзін са старэйшых універсітэтаў Еўропы, буйны навук. цэнтр Вялікабрытаніі. Засн. ў 1209 у Кембрыджы. Ужо з 13 ст. ў К.у. вызначыліся традыцыйныя ф-ты: гуманітарны, юрыд., багаслоўскі і медыцынскі. Ун-т быў цэнтрам Рэфармацыі ў Англіі, а ў 17 ст. — перадавой навукі таго часу. З ім звязана дзейнасць Т.Мора, Эразма Ратэрдамскага, Ф.Бэкана, І.Ньютана, Ч.Дарвіна. У Кавендышскай лабараторыі К.у. працавалі Дж.Максвел, П.Дзірак, Дж.Дж.Томсан, Э.Рэзерфард. У 1911 вучоныя ун-та апрацавалі 11-е выд. энцыклапедыі «Брытаніка», якое лічыцца адным з лепшых. К.у. складаецца з каледжаў, якія ўяўляюць сабой самакіроўныя карпарацыі; у кожным з іх каля 400 студэнтаў розных ф-таў. Узначальвае ун-т канцлер. У 1993 у К.у. каля 14 тыс. студэнтаў. Пры ун-це працуюць цэнтры навук. даследаванняў, ін-ты, школы, музеі, Кембрыджская абсерваторыя, бат. сад, б-ка.