бел. фалькларыстка, удзельніца паўстання 1830—31. З 9 гадоў жыла ў маёнтку Ліксна Віцебскай губ. Збірала і апрацоўвала бел.нар. песні, пісала вершы, стылізаваныя пад нар. плачы-галашэнні. 29.3.1831 узначаліла паўстанне ў мяст. Дусяты (Дусетас, Літва), арганізавала партыз. атрад, які ў чэрв. пасля шматлікіх баёў уліўся ў рэгулярнае польск. войска; П. уключана ў яго штаб, прызначана ганаровым камандзірам роты і атрымала званне капітана. У кастр. 1831 захварэла і памерла. Вобраз П. паслужыў асновай для напісання вершаў паэтамі розных краін Еўропы. Імя П. насіў асобны жаночы батальён 1-й пях. дывізіі імя Т.Касцюшкі Войска Польскага, сфарміраванай у 1943 у СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛА ((Polo) Марка) (каля 1254, г. Венецыя, Італія — 8.1.1324),
італьянскі падарожнік. У 1271 разам з бацькам і дзядзькам (венецыянскія гандляры) адправіўся ў Кітай праз М.Азію, Іранскае нагор’е, Памір, пустыні Такла-Макан і Гобі. У Кітаі пражыў каля 17 гадоў, быў на службе ў манг. хана Хубілая. Па яго даручэннях пабываў амаль ва ўсіх абласцях краіны. У 1292 пакінуў Кітай морам цераз Малаку, Яву, Суматру, Цэйлон, Персію і вярнуўся ў Венецыю ў 1295. Прымаў удзел у вайне Венецыі з Генуяй. Каля 1297 трапіў у палон да генуэзцаў. Яго расказы аб падарожжах запісаны пізанцам Рустычана і змешчаны ў «Кнізе» Марка Пола (1298) — адной з першых еўрап. крыніц па геаграфіі, этнаграфіі, гісторыі краін Усходу.
Тв.:
Рус.пер. — «Книга» Марко Поло. М., 1956.
Літ.:
Харт Г. Венецианец Марко Поло: Пер. с англ.М., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЭ́НТ (ад лац. pro centum за сто),
сотая частка лікавага значэння велічыні, прынятай за адзінку. Абазначаецца знакам %. 1% = 10−2 = 0,01. Дае магчымасць хутка параўноўваць часткі ліку з усім лікам і паміж сабой, спрашчаць разлікі і інш.
Адрозніваюць 3 тыпы задач на П.: знаходжанне П. ад зададзенага ліку, ліку па зададзеным П. і працэнтных суадносін паміж лікамі. П. выкарыстоўваюць у фінансавых разліках. Напр., калі з сумы грошай a кожны год нарастае p%, то праз tгадоў яна ператворыцца ў велічыню x = a(1 + pt/100), дзе даход за кожны год налічваецца з зыходнай сумы (простыя П.). Калі ж даход за папярэдні год дадаюць да пачатковай сумы і новы даход вылічваюць з атрыманай велічыні, то x = a(1 + p/100)t (складаныя П.). Складаныя П. выкарыстоўваюцца ў многіх галінах гасп. дзейнасці, бухгалтарскага ўліку, а таксама ў розных стат. разліках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́СА (Panicum),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 500 відаў. Пашыраны ў тропіках, субтропіках, некат. — ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. Вырошчваюць пераважна П. звычайнае, або пасяўное, сапраўднае, мяцёлчатае (P. miliaceum). У Еўразіі і Паўн. Афрыцы вядома ў культуры за 3 тыс.гадоў да н.э. На Беларусі рэшткі насення знойдзены пры раскопках гарадзішчаў 5 ст. да н.э.
П. звычайнае — аднагадовая травяністая расліна з валасніковістымі каранямі выш. 70—100 см. Лісце лінейна-ланцэтнае, апушанае. Суквецце — раскідзістая, радзей сціснутая мяцёлка. Плод — зярняўка. Зерне выкарыстоўваецца як крупы (проса), разам з адходамі яго перапрацоўкі ідзе на корм жывёле і птушкам. Прасяная салома па якасці блізкая да сена. Пад назвай «П.» культывуюць расліны інш. родаў сям. метлюжковых, напр., магар, чуміза, брыца звычайная (курынае П., японскае П.), мяшэй італьянскі (італьянскае П.). Харч., кармавая расліна.
Проса звычайнае: 1 — агульны выгляд; 2 — мяцёлкі падвідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Сяргей Уладзіміравіч) (18.6.1937, пас. Ратамка Мінскага р-на — 9.12.1999),
бел. кінааператар. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1965). У 1954—62 і з 1965 працаваў на кінастудыі «Беларусьфільм». Здымаў маст., навук.-папулярныя, дакумент. фільмы, лірычныя замалёўкі аб прыродзе, кінастужкі пра дзеячаў мастацтва. Сярод работ; ігравыя фільмы — «Вайна пад стрэхамі», «Сыны ідуць у бой», «Белая зямля» (усе 1970), «Заўтра будзе позна» (1973, з В.Свобадай); дакумент. — «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (1974), «Мы з Беларусі», «Ларыса Александроўская» (абодва 1975), «Добрая зямля», «Гарызонты дарог» (абодва 1977, у сааўт.), «Зямля мая — лёс мой» (1978, з А.Алаем), «Бацькоўскае поле» (1979), «Пяць гадоў і ўсё жыццё» (1980, у сааўт.), «Дзядзька Якуб» (1981), серыял «У вайны не жаночы твар» (1981—85, з Ю.Ялховым), «Вяртанне ў першы снег», «Васіль Быкаў. Узыходжанне» (абодва 1985, апошні з Ялховым).
адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Варшаўскую рэальную гімназію (1861). З-за пагрозы арышту за ўдзел у патрыят. маніфестацыях у Варшаве эмігрыраваў у Парыж. Вучыўся ў вайсковай школе ў Генуі. У 1862 вярнуўся ў Варшаву, прызначаны камісарам ад Цэнтр.нац.к-та ў Варшаве па Падляшскім ваяв. 23.1.1863 зрабіў няўдалую спробу авалодаць г. Бяла-Падляска. 7.2.1863 удзельнічаў у бітве пад Сямяцічамі, пасля рушыў у глыб Беларусі. 13.2.1863 заняў Пружаны, 25—26 лют. разбіты каля в. Баркі, З сак. ўзяты ў палон у Тураве. Смяротны прыгавор ад 23.8.1863 заменены на 20 гадоў катаргі, якую адбываў ва Усолі (Пермская губ.). У 1868 пераведзены на пасяленне, жыў у Верхняўдзінску (Забайкальская вобл.), Віціме, Іркуцку. У 1892 вярнуўся на радзіму. Аўтар успамінаў аб падзеях 1863—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́НДА (польскае arenda ад лацінскага arrendare аддаваць у наймы),
маёмасны наём (дагавор), паводле якога ўласнік маёмасці (арэндадавец) здае арандатару сваю маёмасць на часовае карыстанне за пэўную плату. Арандатарамі могуць выступаць юрыдычныя асобы (прадпрыемствы, установы і арганізацыі) і асобныя грамадзяне, арэндадаўцамі — любы ўласнік маёмасці ці органы, арганізацыі, упаўнаважаныя ўласнікам. Адносіны арандатара і арэндадаўца рэгламентуе заключаны паміж імі дагавор, які прадугледжвае склад і кошт маёмасці, што перадаецца ў арэнду, парадак яе перадачы, памер арэнднай платы, тэрмін арэнды, абавязкі і правы арандатара і інш. Здаючы маёмасць у арэнду, арэндадавец застаецца яе ўласнікам. Арандатар з’яўляецца ўласнікам атрыманых прадукцыі і даходаў, якімі ён, заплаціўшы прадугледжаную дагаворам арэндную плату, можа самастойна распараджацца. Арандатар са згоды арэндадаўца можа поўнасцю ці часткова выкупіць арандаваную маёмасць на ўмовах, прадугледжаных дагаворам.
Узнікла арэнда ў рабаўладальніцкім грамадстве як арэнда зямлі: землеўладальнікі (латыфундысты) перадавалі яе для апрацоўкі рабам і беззямельным сялянам, што павышала зацікаўленасць апошніх у лепшых выніках працы і спрыяла ўмацаванню новага спосабу спалучэння эканамічных інтарэсаў уласнікаў зямлі і землекарыстальнікаў. Пазней арэнда пашыралася на іншыя сродкі вытворчасці, набыла новыя формы — арэнднае прадпрыемства, арэндны падрад, лізінг.
На Беларусі ў дасавецкі час пераважала арэнда зямлі. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 з ліквідацыяй прыватнай уласнасці на зямлю і іншыя сродкі вытворчасці арэндная форма гаспадарання была спынена. Адноўлена на пачатку 1920-х гадоў у час ажыццяўлення новай эканамічнай палітыкі з мэтай паскарэння сацыяльна-эканамічнага развіцця. За 1921—26 у арэнду здадзена 620 прамысловых прадпрыемстваў, з іх 536 дробных і 90 буйных (пераважна харчасмакавай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цагельнай прамысловасці). З перамогай сацыялістычнага ўкладу ў эканоміцы арэндная форма гаспадарання была зноў спынена. З канца 1980-х гадоў арэнда развіваецца як адзін з кірункаў раздзяржаўлення ўласнасці. Прыняты Вярхоўным Саветам Беларусі закон аб арэндзе (1990) дазваляе арандаваць зямлю, іншыя прыродныя рэсурсы, асноўныя сродкі вытворчасці, а таксама прадпрыемствы і арганізацыі ці іх асобныя падраздзяленні. Для аховы інтарэсаў арандатараў створаны Беларускі саюз прадпрымальнікаў і арандатараў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛА́КТЫКА (ад познагрэч. galaktikos малочны, млечны),
гіганцкая зорная сістэма, да якой належаць Сонца і ўся Сонечная сістэма разам з Зямлёй. У яе ўваходзяць не менш за 100 млрд. зорак (іх агульная маса каля 1011 мас Сонца), міжзорнае рэчыва (газ і пыл, маса якіх каля 0,05 масы ўсіх зорак), касм. часціцы, эл.-магн. і гравітацыйнае поле.
Структура Галактыкі неаднародная. Адрозніваюць 3 асн. падсістэмы: сферычную (гала) — шаравыя скопішчы, чырвоныя гіганты, субкарлікі, пераменныя зоркі тыпу RR-Ліры, якія рухаюцца вакол цэнтра мас Галактыкі па выцягнутых арбітах у разнастайных напрамках і не ўдзельнічаюць у вярчэнні галактычнага дыска; прамежкавую (дыск) — большасць зорак галоўнай паслядоўнасці, у т. л. Сонца, зоркі-гіганты, белыя карлікі, планетарныя туманнасці; скорасць іх вярчэння мяняецца з адлегласцю ад цэнтра; узрост — некалькі млрд.гадоў; плоскую (тонкі дыск ці спіральныя рукавы) — маладыя зоркі, міжзорны газ і пыл, доўгаперыядычныя цэфеіды, пульсары, многія галактычныя крыніцы гама-, рэнтгенаўскага і інфрачырвонага выпрамянення; узрост гэтых зорак не большы за 100 млн.гадоў, яны не паспелі значна аддаліцца ад месцаў свайго нараджэння, таму спіральныя галіны Галактыкі лічаць месцам утварэння зорак. Цэнтральная вобласць Галактыкі (ядро) знаходзіцца ў напрамку сузор’я Стралец і заслонена ад зямнога назіральніка міжзорнымі воблакамі касм. пылу і газу. Памеры ядра Галактыкі больш за 1000 пк. Яно з’яўляецца крыніцай магутнага радыевыпрамянення, што сведчыць пра актыўныя працэсы, якія адбываюцца ў ім. Самая знешняя частка сферычнай падсістэмы — карона Галактыкі радыусам каля 70 кпк і масай, у 10 разоў большай за масу ўсёй астатняй Галактыкі. Сонца, знаходзіцца на адлегласці 8,5 кпк ад цэнтра, амаль дакладна ў плоскасці Галактыкі, і аддалена ад яе на Пн прыблізна на 25 кпк Скорасць вярчэння Сонца вакол цэнтра Галактыкі 230 км/с. Для зямнога назіральніка зоркі канцэнтруюцца ў напрамку плоскасці Галактыкі і зліваюцца ў бачную карціну Млечнага Шляху. Знаходжанне Сонца паблізу плоскасці Галактыкі ўскладняе даследаванне нашай зорнай сістэмы.
Літ.:
Марочник Л.С., Сучков А.А. Галактика. М., 1984;
Воронцов-Вельяминов Б.А. Очерки о Вселенной. 8 изд. М., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАРЫ́ЦКІ РАЁН.
На ПдЗ Брэсцкай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,4 тыс.км². Нас. 29,1 тыс.чал. (1998), гарадскога 40%. Сярэдняя шчыльнасць 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Маларыта. Уключае 78 сельскіх населеных пунктаў, 9 сельсаветаў: Арэхаўскі, Велікарыцкі, Гвозніцкі, Лукаўскі, Макранскі, Маларыцкі, Олтушскі, Хаціслаўскі, Чарнянскі.
Тэрыторыя раёна размешчана ў межах Брэсцкага Палесся. Паверхня — плоская раўніна з асобнымі ўчасткамі дзюнна-ўзгорыстых форм. Агульны нахіл з Пд на Пн. 99% тэрыторыі на выш. 150—170 м, найвыш. пункт 189 м (за 4 км на ПдЗ ад Маларыты). Карысныя выкапні: мел, торф, сапрапель, сілікатныя і буд. пяскі, гліна. Сярэдняя т-растудз. -4,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 543 мм за год.
Вегетац. перыяд 207 сут. Найб.р. Рыта (прыток Мухаўца) з прытокам Маларыта. Азёры Арэхаўскае, Олтушскае, Малое. Лукаўскае вадасховішча. Найб.меліярац. каналы Бона, Гусацкі, Замшанка. Пераважаюць глебы дзярнова-карбанатныя забалочаныя (33,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,2%), тарфяна-балотныя (29,2%). Пад лесам 45% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, чорнаальховыя, бярозавыя, дубовыя і інш., чвэрць з іх — штучныя насаджэнні. Пад балотамі каля 20% тэрыторыі, большая ч. з іх асушана. Заказнікі: рэсп. значэння біял.Лукава; бат.мясц. значэння Гусакі і Багуслаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Цар-дуб (800 гадоў), Дуб-патрыярх (700 гадоў), ельнікі астраўныя ў Пажэжынскім і Маларыцкім лясніцтвах.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 46,3 тыс.га, з іх асушаных 74%. На 1.1.1999 у раёне 15 калгасаў, 38 фермерскіх гаспадарак. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, бульбы і цукр. буракоў. Прадпрыемствы харч. і буд. матэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Брэст—Ковель і аўтадарогі Кобрын—Уладава і Брэст—Ковель. У раёне 15 сярэдніх, 6 базавых, 8 пач., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, 16 дашкольных устаноў, 30 дамоў культуры і клубаў, 28 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 4 амбулаторыі, 11 фельч.-ак. пунктаў. Арх. помнікі: цэрквы Раства Багародзіцы (2-я пал. 17 ст.) у в. Дарапеевічы, Раства Багародзіцы (1713) у в. Ляхаўцы, Праабражэнская (1783) у в. Олтуш, Праабражэнская (1799) у в. Хаціслаў. Выдаецца газ. «Голас часу».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ЛЕР ((Mahler) Густаў) (7.7.1860, в. Каліштэ, Чэхія—8.5.1911),
аўстрыйскі кампазітар, дырыжор, оперны рэжысёр; буйнейшы еўрап. кампазітар канца 19 — пач. 20 ст. З 1875 вучыўся ў Венскай кансерваторыі ў Ю.Эпштэйна (фп.), кампазіцыі — у А.Брукнера. З 1880 оперны рэжысёр у т-рах Прагі, Вены, Лейпцыга і інш. З 1888 дырэктар Каралеўскай оперы ў Будапешце, з 1891 першы дырыжор Гар.т-ра ў Гамбургу. З 1897 дырэктар Венскай прыдворнай оперы. З 1907 у ЗША, дырыжор т-ра «Метраполітэн-опера», з 1909 адначасова кіраўнік Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра. Для яго музыкі характэрны тэндэнцыі позняга рамантызму і адначасова рысы экспрэсіянізму, што абумоўлена трагічным асэнсаваннем сац. супярэчнасцей эпохі. Аўтар 9 сімфоній (1888—1909; 10-я не скончана), першыя 4 з якіх спалучаюць эмац. непасрэднасць і трагічную іронію, жанравыя замалёўкі і сімволіку; 5—7-я сімфоніі складаюць трагічна афарбаваную інстр. трылогію, інтанацыйна звязаную з песеннымі цыкламі (пераважна на словы Ф.Рукерта і нар. тэксты з «Чароўнага рога хлопчыка»). Творы позняга перыяду прасякнуты тэмай развітання з жыццём. Асаблівасці яго сімфанізму выяўляюцца ў адмаўленні ад класічнай 4-часткавай будовы ў большасці сімфоній, пераўтварэнні структуры ўсяго цыкла. Каб зрабіць больш даступнымі свае ідэйна-гуманіст. канцэпцыі і складаную манумент. форму сімфоній, ён дэмакратызаваў меладычную мову, уводзіў у іх вак.-хар. эпізоды. М. павялічыў склад аркестра, развіў мастацтва аркестроўкі, узбагаціў лада-гарманічныя сродкі. Сярод інш. твораў: сімфонія-кантата «Песня аб зямлі» для салістаў і арк. (1909); вак. цыклы — «14 песень і напеваў юнацкіх гадоў» для голасу з фп. (1880—90), «Песні вандроўнага чалядніка» (1883—85), «12 песень з «Чароўнага рога хлопчыка» (1892—98), «Сем песень апошніх гадоў» (1899—1902), «Песні аб памерлых дзецях» (1904; усе для голасу з арк.), «Жаласная песня» для салістаў, хору і арк. (1-я рэд. 1880). Творчасць М. значна паўплывала на музыку кампазітараў 20 ст.
Літ.:
Густав Малер: Письма. Воспоминания: Пер. с нем. 2 изд. М., 1968;
Барсова И.А. Симфонии Густава Малера. М., 1975;
Тараканов М. Малер // Музыка XX в. М., 1977. Ч. 1, кн. 2;
Mitchell D. G. Mahler songs and symphonies of life and death. London, 1985.