метад вымярэння нізкіх тэмператур (звычайна ніжэй за 1 К), заснаваны на залежнасці ад т-ры магн. уласцівасцей шэрагу рэчываў.
Тэрмаметрычным параметрам звычайна служыць магнітная ўспрыімлівасць χ парамагн. солей жалеза, кобальту, нікелю, рэдказямельных элементаў, ядз. парамагнетыка (пры больш нізкіх т-рах T < 0,1 К) і інш., у якіх χ найпрасцейшым чынам залежыць ад т-ры: χ=C/T (гл.Кюры закон). Па замеранаму ў слабым знешнім магн. полі χ і вядомай для дадзенага парамагнетыка пастаяннай Кюры C вызначаюць т.зв.магн. т-ру T. У вобласці т-р, дзе выконваецца закон Кюры, T супадае з тэрмадынамічнай т-рай T. Пры паніжэнні т-ры значэнні T і T могуць не супадаць, тады магн. т-ру пераводзяць у тэрмадынамічную па спец. табліцах і крывых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЧЭ́СТЭРСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т.
Засн. ў Вялікабрытаніі ў 1851 як Оўэнс-каледж. З 1880 сучасная назва. У 1996/97 навуч.г. больш за 16 тыс. студэнтаў; ф-ты: пед.; права; медыцыны і стаматалогіі; кіравання ў бізнесе; эканомікі і сац. навук (уключае эканоміку сельскай гаспадаркі, сац. антрапалогію, кіраванне); навукі і тэхнікі (біял. навукі, псіхалогія, матэматыка, хімія, фізіка, навукі аб Зямлі, тэхн. навукі і інш.); мастацтваў (архітэктура, музыка, гісторыя мастацтваў, грэч. і лац. мовы, археалогія, гісторыя, філасофія, тэалагічныя навукі і інш.). У складзе ун-та школа біял. навук (анатомія, біяхімія, біямедыцына, нейралогія, заалогія, генетыка, фармакалогія і інш.). У бібліятэках ун-та 4 млн. тамоў кніг, манускрыпты і архіўныя дакументы, 800 тыс. найменняў на мікрафільмах. Мае радыёастр. лабараторыі, навук. парк, выд-ва, музей, тэатр, маст. галерэю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я СВІ́НКІ (Cavia),
род грызуноў сям. свінкавых. 5—6 відаў. Пашыраны ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у норах на адкрытых мясцінах, забалочаных ускраінах лясоў. Трымаюцца паасобку або невял. групамі. М.с. (C. porcellus) прыручана інкамі. Завезена ў Еўропу ў 16 ст. (адсюль другая, першапачатковая назва «заморская свінка»). На Беларусі найб. трапляюцца М.с. шарсткашэрсная (абісінская, або разеткавая) і даўгашэрсная (ангорская, або перуанская).
Даўж. да 35 см, маса да 900 г. На задніх лапах 3, на пярэдніх 4 пальцы. Расліннаедныя. Нараджаюць да 6 дзіцянят 1—2 разы за год. Існуе шэраг парод з розным колерам і якасцю поўсці. Утрымліваюцца аматарамі і ў віварыях доследных устаноў. Выкарыстоўваюцца як свойскія дэкар. і лабараторныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКО́ЎСКІХ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 26.3.1938, в. Сосенка Кінель-Чаркаскага р-на Самарскай вобл., Расія),
бел. жывапісец. Скончыў Пензенскае маст. вучылішча (1962). Вучыўся ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (1962—66). Працуе ў жанрах тэматычнай карціны, пейзажа, партрэта, нацюрморта. Сярод твораў: «Навабранцы каля вечнага агню» (1967), «Восень на Салаўках» (1972), «Пскоўскі крэмль. Вечар» (1974), «Аўтапартрэт» (1975), «Гонкі на Браслаўскіх азёрах» (1978), «Ідзе вясна» (1980), «Цёплы вечар» (1981), «Залаты вечар. Возера Глубелька» (1983), «Адгрымелі навальніцы» (1985), «Збожжа ўбрана» (1986), «Пейзаж са стагамі» (1993), «Салаўіныя мясціны» (1994), «З-за хмар паказаўся месяц» (1995), «Пасля дажджу» (1996), «Згасае дзень» (1998), «Так паступова гасну я» (1999) і інш. Творы вызначаюцца дакладнасцю жывапісных распрацовак, рэалістычнасцю, маст. завершанасцю. Іл.гл. таксама да арт.Жывапіс.
Літ.:
Фатихова Г. Владимир Московских: Живопись: [Альбом]. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІТЭРА́Н ((Mitterrand) Франсуа) (26.10. 1916, Жарнак, Францыя — 8.1.1996),
французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Парыжскі ун-т, журналіст, адвакат. У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік Руху Супраціўлення. У жн.—вер. 1944 ген. сакратар па справах ваеннапалонных ва ўрадзе Ш. дэ Голя. Пасля вайны міністр у розных кабінетах Чацвёртай рэспублікі 1946—58. Дэп. Нацыянальнага сходу Францыі (1946—58 і з 1962), сенатар (1959—62). Старшыня Федэрацыі левых дэмакр. і сацыяліст. сіл (1965—68), 1-ы сакратар Франц.сацыяліст. партыі (1971—81). У 1981—95 прэзідэнт Францыі. У знешняй палітыцы выступаў запаліт., эканам. і валютны саюз 12 еўрап. дзяржаў (гл.Еўрапейская эканамічная супольнасць), садзейнічаў яго інтэграцыі. Пасля распаду СССР і камуніст. блока прапанаваў канцэпцыю еўрап. канфедэрацыі. Аўтар кніг «Выклік Кітая» (1961), «Сацыялізм магчымага» (1971), «Палітыка» (1977) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАІ́Л ЯРАСЛА́ВІЧ (1271—2.11.1318),
цвярскі князь [1285—1318], вял. князь уладзімірскі [1305—17]. У выніку працяглай барацьбы ў 1305 заняў вялікакняжацкі прастол і першым зрус. князёў стаў насіць тытул «вялікі князь усяе Русі». Запаліт. ўплыў на Русі вёў упартае змаганне супраць маскоўскага кн. Юрыя Данілавіча [1303—25], які ў 1317 здолеў атрымаць ад Залатой Арды ярлык на вял. ўладзімірскае княжанне. 22.12.1317 М.Я. у бітве каля с. Барценева (40 км ад Цверы) разбіў аб’яднаныя войскі Юрыя Данілавіча і ардынскага пасла Каўгадыя (першае буйное паражэнне мангола-татар у палявым баі ў Паўн.-Усх. Русі). Быў выкліканы на суд у Арду і паводле загаду хана Узбека забіты слугамі кн. Юрыя. Кананізаваны Рус.правасл. царквой. Выява М.Я. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» ў Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́ХІ МЯСНЫ́Я, мухі падлавыя,
агульная назва 2 сям. двухкрылых насякомых: М.м. (Calliphoridae) і М.м. (Sarcophagidae). Больш за 2,9 тыс. відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і ва ўмераных шыротах. На Беларусі найб. пашыраны прадстаўнікі родаў: акрафага (Acrophaga), каліфара (Calliphora), М.м. зялёныя (Lucilia), М.м. сінія (Cynomyia), паленія (Pollenia), пратаформія (Protophormia) і інш.Найб. трапляюцца М.м.: звычайная (Lucilia caesar), зялёная (L. sericata), шэрая (Sarcophaga carnaria) і інш.
Даўж. да 20 мм. Афарбоўка зялёная, сіняя, цёмна-шэрая, чорная зметал. бляскам. Лічынкі жывуць і кормяцца на трупах жывёл, мясных і рыбных прадуктах, у памыйных ямах; многія — паразіты млекакормячых, птушак, амфібій, малюскаў, насякомых, чарвей. Дарослыя трапляюцца на тых жа субстратах, акрамя таго — на кветках, спелай і пашкоджанай садавіне, выдзяленнях тлей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДВО́Р’Е,
стан атмасферы ў той ці іншай мясцовасці ў пэўны момант або за абмежаваны прамежак часу (суткі, месяц, год). Шматгадовы рэжым Н. наз.кліматам. Абумоўлена фіз. працэсамі, якія адбываюцца пры ўзаемадзеянні атмасферы з космасам і зямной паверхняй. Пастаянна зменьваецца. Перыядычныя яго змены абумоўлены вярчэннем Зямлі вакол сваёй восі (сутачны ход) і вакол Сонца (гадавы ход), неперыядычныя — працэсамі цыркуляцыі атмасферы (на Беларусі пераважна ў выніку заходняга пераносу паветраных мас). Характарызуецца прыблізнымі, спрошчанымі тэрмінамі (халоднае, цёплае, гарачае, сухое, дажджлівае) або сукупнасцю значэнняў метэаралагічных велічынь (т-ра і вільготнасць паветра, скорасць і напрамак ветру, воблачнасць, сонечная радыяцыя, атм. ападкі і інш.) і атмасферных з’яў (дождж, туман, навальніца і інш.). Падрабязную характарыстыку фактычнага Н. даюць назіранні метэаралагічных станцый, чаканае Н. — прадмет прагнозаў надвор’я. Для прадказання Н. на невял. тэрыторыях карыстаюцца таксама мясц. прыкметамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІДЭРЛА́НДСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,
назва ў 1815—30 дзяржавы ў складзе Нідэрландаў і Бельгіі пад уладай нідэрл. караля Вільгельма I [1815—40]. Утворана паводле рашэння лонданскіх нарад прадстаўнікоў Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі (21.6.1814, 19.5.1815) і пастаноў заключнага акта Венскага кангрэса 1814—15. З 1815 паводле персанальнай уніі ў склад Н.к. ўваходзіў Люксембург. У каралеўстве фактычна ўсталявалася панаванне Нідэрландаў, эканам. і паліт. інтарэсы бельг. правінцый ушчамляліся. Аднолькавае прадстаўніцтва ў ніжняй палаце Ген. штатаў (55 месцаў) пры перавазе бельг. насельніцтва, засілле ў дзярж. апараце і арміі галандцаў, зніжэнне мытных пошлін у інтарэсах нідэрл. гандлю, закрыццё каталіцкіх школ у Бельгіі ў 1825 і інш. выклікалі незадавальненне негаландскага насельніцтва. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 Бельгія атрымала незалежнасць, Н.к. распалася. За галандскай часткай захавалася назва Нідэрланды. У 1890 скасавана персанальная унія Люксембурга і Нідэрландаў.