КАРО́НА (ад лац. corona вянец, вянок),

1) галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха; адбітак, малюнак падобнага прадмета на гербах, ордэнах і інш. Урачыстая цырымонія ўскладання К. на манарха, які ўступае на прастол, наз. каранацыя.

2) Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Утвараецца гарачай (1—2 млн. К) разрэджанай высокаіанізаванай плазмай. Выяўляецца на адлегласцях да некалькіх дзесяткаў радыусаў Сонца і паступова рассейваецца ў міжпланетнай прасторы.

т. 8, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРСА́К (Vulpes corsae),

млекакормячае роду лісоў сям. сабачых. Пашыраны ў стэпах і пустынях Еўразіі. Жыве ў норах.

Падобны на звычайнага ліса, але драбнейшы. Даўж. цела да 60 см, хваста да 35 см, выш. ў карку каля 30 см. Морда вострая, вушы вялікія. Афарбоўка рыжавата-шэрая, канец хваста цёмны. Манагам. Нараджае ад 2 да 16, звычайна 3—6 лісянят. Драпежнік, корміцца дробнымі грызунамі, птушкамі, паўзунамі, насякомымі. Аб’ект палявання.

Э.​Р.​Самусенка.

Карсак.

т. 8, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ТА,

чатырохколавы закрыты конны экіпаж. Пашыраны ў 17 — пач. 20 ст. пры дварах буйных магнатаў Еўропы і Расіі. Мела жал. рысоры, дзверцы і зашклёныя акенцы, пляцоўку для фурмана, якая адчлянялася ад кузава і ўзвышалася над пярэднім ходам. Фарбавалі ў цёмны, радзей папялісты, жоўты, белы колер, пакрывалі лакам, размалёўвалі, аздаблялі разьбой, знутры аббівалі скурай і тканінамі. Дэкор адпавядаў пэўнаму маст. стылю. Везлі К. 2—6 коней, запрэжаных папарна цугам.

В.​С.​Цітоў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАНА́ЎТ (ад космас + грэч. nautēs мараплавец),

астранаўт, чалавек, які выпрабоўвае і эксплуатуе касм. тэхніку, праводзіць навук. даследаванні ў касм. палёце. К. праходзяць спец. медыка-біял. і тэхн. падрыхтоўку. Падрыхтоўка К. пачалася ў ЗША у 1959, у СССР у 1960. Першы К. — Ю.А.Гагарын (1961); першы ў свеце выйшаў у адкрыты космас А.​А.​Лявонаў (1965); першы К., які ступіў на Месяц, — Н.Армстранг (1969); К. — ураджэнцы Беларусі: П.​І.​Клімук, У.В.Кавалёнак.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАГЕНЕ́З (ад грэч. kata уніз + ...генез),

кірунак эвалюцыі, які прыводзіць да агульнага недаразвіцця і спрашчэння будовы арганізма дадзенай групы. Звязаны з пераходам у спрошчанае экалагічнае асяроддзе (напр., сядзячы спосаб жыцця, паразітызм і інш.). Прыводзіць да агульнага зніжэння морфафізіял. арганізацыі, дэзінтэграцыі, дэгенерацыі і рэдукцыі некат. органаў і іх сістэм (катамарфоз). Абумоўлены экалагічнымі і генет. аспектамі рэгрэсіўнай эвалюцыі. Напр., групы, якія зведалі К.: абалоннікі, імшанкі, калаўроткі, падводныя кветкавыя расліны, тлі, чарвяцы.

т. 8, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́Р (ад грэч. katarrheō працякаю, сцякаю),

катаральнае запаленне, запаленне слізістых абалонак з пачырваненнем, набраканнем, ацёкам і выдзяленнем вадкасці (эксудату). Эксудат бывае празрысты (серозны К.), з прымессю слізі (слізісты К.) і гною (гнойны К.). Прычына К. — бактэрыяльная ці вірусная інфекцыя (катар верхніх дыхальных шляхоў), патагенныя грыбы (напр., каліт). К. страўніка (устарэлая назва гастрыту) развіваецца пры няправільным харчаванні, злоўжыванні алкаголем, курэннем. Вострая форма К. пры несвоечасовым лячэнні можа перайсці ў хранічнае запаленне.

т. 8, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛАВІ́НА,

адмоўная форма рэльефу акруглай ці слаба выцягнутай формы. Можа быць замкнёнай або адкрытай у адным ці двух процілеглых кірунках. Наземныя К. маюць памеры ад некалькіх метраў да дзесяткаў і соцень кіламетраў. Паводле паходжання і геал. будовы бываюць тэктанічныя, вулканічныя, эразійныя, ледавіковыя, карставыя, дэфляцыйныя і інш.; паводле марфалогіі — пласкадонныя, чашападобныя і інш.; па рэжыме сцёку — праточныя, сцёкавыя і бяссцёкавыя. Падводныя К. ўтвараюць найб. буйныя адмоўныя формы рэльефу — ложа акіяна.

т. 8, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЎКА́ЗСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Краснадарскім краі, Расія, на схілах Гал. хр. Вял. Каўказа (выш. каля 3350 м). Засн. ў 1924 для аховы пласкагорных прыродных комплексаў Каўказа. З 1978 біясферны запаведнік. Пл. 263,5 тыс. га і 300 га — Хосцінскі ціса-самшытавы гай (філіял). Вышынныя паясы ад альпійскіх лугоў да шыракалістых лясоў. Шмат эндэмічных раслін — каўк. піхта, явар, рададэндран. У фауне звычайныя тур, сарна, праметэева палёўка, каўк. цецярук, буры мядзведзь і інш. Рэакліматызаваны зубр.

т. 8, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЫ́ ЗАДАЧА,

адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁНІГСБЕРГ (Якаў Эмануілавіч) (н. 4.8.1939, г. Мазыр Гомельскай вобл.),

бел. вучоны-імунолаг. Д-р біял. н. (1982), праф. (1993). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1962). З 1970 у БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, з 1988 у Н.-д. клінічным ін-це радыяцыйнай медыцыны і эндакрыналогіі (нам. дырэктара). Навук. працы па радыяцыйнай медыцыне, гігіене, ахове арганізма ад уздзеяння радыяцыі.

Тв.:

Pathway analysis and dose distributioris: Final report. Brussels;

Luxembourg, 1986 (у сааўт.).

т. 8, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)