Е́СЕНІК (Jesenik),

кліматычны курорт у Чэхіі. На схілах аднайм. гор паблізу мяжы з Польшчай. Развіваецца з 19 ст., калі мясц. лекарам-практыкам была пабудавана першая ў Еўропе водалячэбніца. Умераны клімат, ахаванасць ад вятроў, хваёвыя лясы ствараюць умовы для лячэння хвароб ц. н. с. (пераважна неўрозаў) і органаў дыхання. Папулярнае месца адпачынку, турызму і зімовага спорту. У наваколлі арх.-гіст. помнікі (стараж. замкі), помнікі прыроды (пячоры, горныя і лясныя комплексы і інш.).

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАКО́, шэры папугай (Psittacus erithacus),

птушка атр. папугаепадобных. 3 падвіды. Пашыраны ў лясах экватарыяльнай Афрыкі ад Сьера-Леоне да 3 Кеніі, на а-вах Сан-Таме і Прынсіпі. Трымаюцца вял. чародамі, зрэдку асобнымі парамі.

Даўж. 35—40 см. Апярэнне шэрае, хвост — ярка-чырвоны, кароткі. Дзюба чорная, вузкая. Гняздуецца ў дуплах высокіх дрэў, нясе 2 яйцы. Корміцца пладамі і насеннем. Здольны да гукапераймання. Утрымліваецца ў няволі, дзе размнажаецца рэдка.

Жако.

т. 6, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЛУДЗЕЎ (Навум Ільіч) (13.1.1922, г. Гомель — 9.12.1985),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў армейскія курсы парторгаў і камсоргаў (1944), курсы перападрыхтоўкі каманднага саставу (1946), Мінскі юрыд. ін-т (1950). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Румыніі. Камандзір мінамётнага разліку мал. сяржант Ж. вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг Палтаўскай вобл. (Украіна). Да 1970 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАВЕ́ЛЬ,

археалагічная стаянка сожскай культуры позняга мезаліту (6—5-е тыс. да н.э.) каля в. Журавель Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож. Выяўлены больш за 6 тыс. адзінак інвентару, у т. л. 290 прылад працы, агнішча і майстэрня па апрацоўцы крэменю. На ПдЗ ад стаянкі курганны могільнік (1977, 43 насыпы).

Літ.:

Копытин В.Ф. Поздний мезолит Посожья // Изыскания по мезолиту и неолиту СССР. М., 1983.

т. 6, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ДЧА,

вадасховішча ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад г. Пінск, каля в. Жыдча. Створана ў 1980 на месцы выпрацаванага радовішча торфу. Пл. 1,2 км², даўж. 1,3 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. глыб. 9 м, аб’ём вады 5,1 млн. м³. Наліўное. Напаўняецца вадой з р. Прыпяць пры дапамозе водападваднога канала. Ваганні ўзроўню на працягу года да 6 м. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбаводства і рэкрэацыйных мэт.

т. 6, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЗЕ́Р’Е,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 10 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,45 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 8 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м, пераважна пад хмызняком, месцамі на Пн і Пд разараныя. Злучана ручаём з воз. без назвы, на ПнУ выцякае ручай у р. Сомніца.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГО́РНАЕ ВО́ЗЕРА,

у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрысвята (звязана з возерам ручаём), за 27 км на ПдЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,36 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 400 м, найб. глыб. 6,7 м, даўж. берагавой лініі 4,1 км. Пл. вадазбору 2,9 км². Схілы катлавіны выш. 3—5 м, разараныя. Берагі выш. 0,1—0,3 м, пясчаныя, пад хмызняком. Мелкаводдзе вузкае, стромкае, пясчанае, глыбей дно глеістае. Зарастае.

т. 6, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДАК у жывёл і чалавека, эмбрыён,

арганізм на першых стадыях развіцця (ад яйца да здольнасці самастойна жыць і перамяшчацца). Развіваецца з аплодненага яйца (зіготы) і жывіцца назапашанымі ў ім пажыўнымі рэчывамі (у птушак) ці за кошт матчынага арганізма (у млекакормячых жывёл і чалавека). У акушэрстве — арганізм чалавека на працягу першых 8 тыдняў ва ўлонні маці. У раслін — зачатак папарацепадобных і насенных раслін, пач. этап іх развіцця — антагенез. Гл. таксама Апладненне.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГОЛКАЛЯЧЭ́ННЕ, акупунктура,

лячэнне ўколамі з дапамогай спец. іголак; адзін з асн. метадаў кіт. нар. медыцыны (у Кітаі вядомы з 2 ст. да н.э.). Робяць пры хваробах нерв. сістэмы, бранхіяльнай астмы, некат. хваробах унутр. органаў, страўніка, рэўматычных артрытах, алергіі, парушэнні менструальнага цыкла і інш. Кропкі для ўколаў (іх налічваецца больш за 600) выбіраюць у залежнасці ад характару хваробы.

Іголкі (залатыя, сярэбраныя, стальныя) уводзяць на пэўную глыбіню на 5—20 мін.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГУАСУ́ (Iguaçu),

вадаспад на р. Ігуасу, на мяжы Аргенціны і Бразіліі, за 26 км ад месца ўпадзення яе ў р. Парана. Выш. 72 м, шыр. 2700 м. Вада спадае ў цясніну з 2 стромкіх базальтавых прыступак 275 струменямі, якія падзелены скалістымі астравамі. Сярэдні расход вады каля 1200 м³/с. Аднайменныя нац. паркі ў Аргенціне і Бразіліі (уключаны ЮНЕСКА у Спіс сусветнай спадчыны). Турызм. Адкрыты ў 1892 пад назвай Санта-Марыя.

т. 7, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)