АКІСЛЕ́ННЕ-АДНАЎЛЕ́ННЕ, акісляльна-аднаўляльныя рэакцыі,

хімічныя рэакцыі, пры якіх адбываецца пераход электронаў ад атамаў, малекул ці іонаў аднаго злучэння да атамаў, малекул і іонаў другога. Паводле электроннай тэорыі акісленне вызначаецца як страта (напр., Zn−2e = Zn​2+), а аднаўленне як далучэнне (напр., Cl2 + 2e = 2Cl​) электронаў. Рэчыва, якое далучае электроны, наз. акісляльнікам, а якое іх страчвае — аднавіцелем. Акісленне-аднаўленне ўзаемазвязаныя працэсы, якія адбываюцца адначасова: Zn + Cl2 = Zn Cl2 (Zn аднавіцель, акісляецца да Zn​2+, а Cl2 акісляльнік, аднаўляецца да 2Cl​). Важнейшыя акісляльнікі: кісларод, хлор, пераксід вадароду, марганцавакіслы калій і інш. Аднаўляльнікі: вугаль, вадарод, ёдзісты калій, аксід вугляроду і інш. Пры складанні ўраўненняў акіслення-аднаўлення ўлічваецца электраадмоўнасць атамаў (здольнасць атама ў малекуле прыцягваць і ўтрымліваць электроны) і акіслення ступень. Перамяшчэнне электронаў у акісленні-аднаўленні адбываецца за кошт розніцы энергій сувязі, у аднаўляльніку электроны звязаны слабей. Рэакцыямі акіслення-аднаўлення карыстаюцца пры атрыманні металаў і неметалаў, розных хім. прадуктаў (аміяку, азотнай і сернай кіслот і інш.), яны ляжаць у аснове гарэння ўсіх відаў паліва, карозіі металаў, электролізу раствораў і расплаваў, дзеяння хім. крыніц току. Уласціва біял. сістэмам (гл. ў арт. Акісленне біялагічнае, Фотасінтэз).

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАКА́ (Carex),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 1500 відаў (паводле інш. даных — да 2500). Пашырана на ўсіх кантынентах, акрамя Антарктыды. Большасць відаў трапляецца ў Паўн. паўшар’і, пераважна ва ўмераным і халодным паясах. На Беларусі 68 відаў. Большасць з іх расце ў лясных (каля 18 відаў), балотных і прыбярэжна-водных (43 віды) фітацэнозах, некаторыя — дамінанты ў раслінных згуртаваннях: асака вострая (Carex acuta), вастраватая (Carex acutiformis), дрыжнікавая (Carex brizoides), валасістая (Carex pilosa), бутэлечная (Carex rostrata), пузыраватая (Carex vesicaria) і інш. Каля дарог трапляюцца асака касматая (Carex hirta), заечая (Carex leporina), суседняя (Carex contigua) і чорная (Carex nigra).

Шматгадовыя травяністыя адна-, радзей двухдомныя расліны з падоўжанымі ці ўкарочанымі карэнішчамі, утвараюць рыхлыя або шчыльныя дзернавіны і купіны. Сцябло суцэльнае, трохграннае, зрэдку амаль цыліндрычнае з вузламі каля асновы, часцей бязлістае. Лісце лінейнае з вострашурпатымі краямі, ніжняе лускападобнае, рознай афарбоўкі. Кветкі аднаполыя, дробныя, адзінкавыя ці ў коласападобных суквеццях. Плод — арэшкападобны, трохгранны або пукаты, у мяшочку рознай формы (важная сістэматычная прыкмета). Асака — асноўны торфаўтваральнік на нізінных і пераходных балотах. Большасць яе відаў кармавыя расліны, некаторыя — лек., дэкар., тэхнічныя. 11 відаў асакі занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.

А.​М.​Скуратовіч.

Асака: 1 — пузыраватая; 2 — двухдомная; 3 — птушканожкавая; 4 — прысадзістая.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫНАЗА́ЎРЫ (Dinosauria),

самая шматлікая група вымерлых паўзуноў падкл. архазаўраў. 2 атр.: Д. яшчаратазавыя (Saurischia) і Д. птушкатазавыя (Omithischia). Больш за 600 відаў. Паходзілі ад трыясавых архазаўраў — тэкадонтаў, вядомы з трыясу да мелу на ўсіх мацерыках (акрамя Антарктыды). Росквіт у юрскім перыядзе. Паявіліся на Зямлі каля 225 млн., вымерлі каля 65 млн. гадоў назад.

Даўж. цела ад 20—60 см (кампсагнаты) да 30 м, маса ад 3 кт да 136 т (ультразаўр). Галава адносна малая, поласць чэрапа зусім маленькая. Тазавы пояс у Д. яшчаратазавых 3-прамянёвы, у птушкатазавых 4-прамянёвы. Першыя з Д. яшчаратазавых (тэраподы) хадзілі на 2 нагах, пярэднімі канечнасцямі захоплівалі здабычу. Д. яшчаратазавыя — драпежнікі, ад іх паходзілі расліннаедныя (заўраподы); буйныя, хадзілі на 4 нагах (апатазаўры, брахіязаўры, дыпладокі). Д. птушкатазавыя спачатку ўстойліва трымаліся і хадзілі на 2 нагах (арнітаподы), потым на 4. Некат. з іх мелі шыпы і пласціны на спіне і хвасце (стэгазаўры) ці панцыр і рогі на галаве (цэратапсы), цела было ўкрыта панцырам (анкілазаўры). Адкладвалі яйцы. Кіроўныя выкапнёвыя (з дапамогай іх рэшткаў вызначаюць геал. ўзрост кантынентальных адкладаў).

П.​Ф.​Каліноўскі.

Дыназаўры. Яшчаратазавыя: 1 — тыраназаўр; 2 — брахіязаўр; 3 — платэазаўр. Птушкатазавыя: 4 — кентруразаўр; 5 — трыцэратопс; 6 — качканосы.

т. 6, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ МОЎ,

працэс, у выніку якога з першасна адзінай мовы ўтвараецца дзве ці некалькі роднасных моў. Так, з адносна адзінай стараж.-рус. (усх.-слав.) мовы ўзніклі бел., рус. і ўкр. мовы, з народнай (вульгарнай) латыні — раманскія мовы (італьян., франц., ісп., партуг., рум. і інш.). Д.м. адбываецца на ўсіх узроўнях мовы, ахоплівае розныя складаныя з’явы (гукі, словы, грамат. правілы, стылістычныя мадэлі і інш.). Вынікае з своеасаблівасцей ўнутр. развіцця першасна адзінага матэрыялу ў розных рэгіёнах (напр., перад галосным «е» мяккімі сталі зычныя ў бел. і рус. мовах, цвёрдымі — ва ўкраінскай). Узаемазвязанасць моўных змен вядзе да паглыблення Д.м. Так, у бел. і рус. мовах націскны «е» пасля мяккага і не перад мяккім ператвараўся ў «о» («ё»), ва ўкр. мове такога ператварэння не адбылося, таму што зычны перад «е» заставаўся цвёрдым (напр., бел. «вясёлы», рус. «весёлый» — укр. «веселий»). Пэўная колькасць адрозненняў узнікала шляхам дастасавання зыходнага матэрыялу да асаблівасцей інш. моў, з якімі кантактавалі гаворкі першасна адзінай мовы (напр., пэўныя рысы рум. мовы, што адрозніваюць яе ад інш. раманскіх моў, узніклі пад уздзеяннем слав. і некаторых інш. гаворак балканскага арэала). Д.м. разам з інтэграцыяй моў разглядаюцца як асн. шляхі знешнелінгвістычнага развіцця моў.

А.​Я.​Супрун.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯТО́МАВЫЯ ВО́ДАРАСЦІ, крамяністыя водарасці (Diatomeae, Bacillariophyta),

аддзел водарасцей. Налічваюць каля 300 родаў, больш за 19 тыс. сучасных і выкапнёвых відаў. Пашыраны ва ўсіх тыпах вадаёмаў і ў глебе па ўсім зямным шары. Вядомыя з юрскага перыяду. Па форме панцыра (асн. сістэм. прыкмета) падзяляюцца на 2 класы: цэнтрычныя (Centricae) і пенатныя (Pennatae). На Беларусі адзначана каля 930 відаў, разнавіднасцей і форм з 47 родаў; актынела, анамеонеіс, атэя, ахнантэс, бацылярыя, гамфанема, дыятома, калонеіс, таласіязіра, мелазіра, навікула, ніцшыя, пінулярыя, фрагілярыя, цымбела і інш. Д.в. — найважнейшыя прадуцэнты арган. рэчыва (каля 25% сусветнай першаснай прадукцыі, што ствараюць расліны), актыўныя ўдзельнікі самаачышчэння вод, індыкатары забруджвання вадаёмаў. Вялікая колькасць створак Д.в. складае горную пароду дыятаміт.

Аднаклетачныя, мікраскапічныя (ад 4 да 2000 мкм) адзіночныя або каланіяльныя рухомыя арганізмы. У іх характэрная асаблівасць — цвёрдая з 2 палавінак (створак) крэменязёмная абалонка. Хларапласты маюць хларафілы a і c і фукаксанцін, які надае Д.в. буры колер. Назапашваюць алей, валюцін і хрызаламінарын. Размнажаюцца дзяленнем і палавым шляхам (ізагамія бязжгуцікавых гамет, кан’югацыя, аўтагамія або аагамія). У палеанталогіі выкарыстоўваюць дыятомавы аналіз, заснаваны на вызначэнні таксанамічнай прыналежнасці выкапнёвых Д.в.

Дыятомавыя водарасці: 1 — навікула востраканцовая; 2 — дыплонеіс перарваны; 3 — ніцшыя сігмападобная; 4 — каконеіс педыкула; 5 — фрагілярыя сярэдняя; 6 — мелазіра зярністая.

т. 6, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭЛЬФІ́НЫ,

млекакормячыя 2 сям.: рачных, або прэснаводных, Д. (Platanistidae) і дэльфінавых (Delphinidae) атр. кітападобных. 24 роды, 53 віды. Рачныя Д. пашыраны ў трапічных рэках Паўд. Амерыкі, уздоўж Атл. ўзбярэжжа ад Бразіліі да Цэнтр. Аргенціны, рэках Індыі і Кітая, дэльфінавыя — амаль ва ўсіх морах. Найб. вядомыя Д. з родаў афаліны, касаткі, белабочкі, марскія свінні і інш. У Чырв. кнізе МСАП 3 віды Д.: азёрны (Lipotes vexillifer), індскі (Platanista minor-P. indi), каліфарнійская марская свіння (Phocoena sinus).

Даўж. цела 1—10 м, маса да 8 т. У большасці ёсць спінны плаўнік, морда выцягнута ў «дзюбу», зубы шматлікія (больш за 70). Хваставы плаўнік гарызантальны, двухлопасцевы. Скура голая, рознага колеру. Д. добра арыентуюцца ў вадзе з дапамогай эхалакацыі і слыху (успрымаюць ваганні ад некалькіх дзесяткаў Гц да 200 кГц). Маюць складаную галасавую сігналізацыю і гукасігнальны (эхалакацыйны) орган, добра развіта ц. н. с.: галаўны мозг вялікі, шарападобны, вял. паўшар’і са шматлікімі звілінамі. Палавая спеласць у 3—5 гадоў. Нараджаюць 1 дзіцяня. Кормяцца рыбай, галаваногімі малюскамі, ракападобнымі. Здольныя да гукапераймання. Аб’екты спец. даследаванняў. Лёгка дрэсіруюцца, утрымліваюцца ў акіянарыумах (дэльфінарыях), дзе могуць размнажацца. Некат. віды прамысловыя.

Дэльфіны: 1 — белабочка; 2 — белабокі; 3 — маршчыністазубы; 4 — ціхаакіянскі кароткагаловы; 5 — белакрылая марская свіння; 6 — грында.

т. 6, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,

з’явы, звязаныя з уздзеяннем магнітнага поля на металы і паўправаднікі, па якіх працякае электрычны ток. Адрозніваюць няцотныя (характарыстыкі гальванамагнітных з’яў мяняюць знак пры змене напрамку поля) і цотныя (не мяняюць знака); падоўжныя (магн. поле накіравана ўздоўж напрамку току) і папярочныя (упоперак да напрамку) гальванамагнітныя з’явы, напр. Хола эфект, магнітарэзістыўны эфект, падоўжны гальванамагн. эфект. Выкарыстоўваюцца для вымярэння велічыні магн. палёў, даследавання электроннага энергет. спектра і механізму рассейвання носьбітаў зараду ў металах і паўправадніках, генерацыі і ўзмацнення эл. поля і інш.

Гальванамагнітныя з’явы абумоўлены скрыўленнем траекторый носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) у магн. полі пад уздзеяннем Лорэнца сілы. Ва ўсіх металах і паўправадніках (акрамя ферамагнетыкаў) з павелічэннем поля павялічваецца ўдзельнае супраціўленне. Павелічэнне супраціўлення металаў у магн. полі, паралельным току, наз. падоўжным гальванамагнітным эфектам. У тонкіх плёнках і дратах выяўляецца залежнасць гальванамагнітных з’яў ад памераў і формы даследаванага ўзору (памерныя эфекты); у моцных магн. палях — квантавыя эфекты, якія вызначаюць неманатонную залежнасць пастаяннай Хола і супраціўлення ад параметраў поля. Гл. таксама Тэрмамагнітныя з’явы.

Літ.:

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990;

Блейкмор Дж. Физика твердого тела: Пер. с англ. М., 1988.

Ф.​А.​Ткачэнка.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.

Адбыўся 15—18.2.1949 у Мінску. Прысутнічала 787 дэлегатаў з рашаючым і 129 з дарадчым голасам ад 110 206 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦК КП(б)Б (М.​І.​Гусараў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.​Я.​Сядых); выбары кіруючых органаў КП(б)Б. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, падвёў вынікі арганізатарскай работы партыі ў Вял. Айч. вайну, прааналізаваў ход аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі. Шмат увагі аддавалася ідэалаг. рабоце, барацьбе з праявамі бурж. ідэалогіі, у т. л. з нізкапаклонствам перад заграніцай. З’езд падкрэсліў, што найвялікшая задача КП(б)Б і ўсіх працоўных рэспублікі — датэрміновае выкананне 4-й пяцігодкі; намеціў мерапрыемствы па паляпшэнні парт. кіраўніцтва аднаўленнем і развіццём нар. гаспадаркі. Выбраў ЦК КП(б)Б з 83 чл. і 48 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 29 чл.

Літ.:

Гусараў М.І. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі на XIX з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1949;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.

А.​Л.​Яфімчык.

т. 6, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУГІ́ УСЕБЕЛАРУ́СКІ КАНГРЭ́С 1944,

кангрэс Беларускай цэнтральнай рады (БЦР). Адбыўся 27.6.1944 у Мінску. Быў скліканы па прапанове прэзідэнта БЦР Р.​Астроўскага з дазволу в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга. Прысутнічала 1039 дэлегатаў. Парадак дня: справаздача прэзідэнта БЦР праф. Астроўскага аб дзейнасці рады; выбары мандатнай камісіі і камісіі для апрацоўкі рэзалюцый; заслухванне рэферата М.​Шкялёнка «Аб прызнанні за няважныя пастановы ўрада СССР і былое Польшчы, якія датычаць Беларусі, яе тэрыторыі і народу»; справаздача мандатнай камісіі (праф. Жарскі); заслухванне рэферата А.​Калубовіча «Аб канчальным разрыве Беларусі з Масквою і аб Уневажанні маскоўскага голасу ў беларускіх справах»; прыняцце рэзалюцый і заключная прамова. Кангрэс прызнаў правільным рашэнне Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ад 25.3.1918 аб канчатковым разрыве з бальшавіцкай Масквой і Рас. дзяржавай ва ўсіх яго формах, пацвердзіў, што голас Масквы і СССР у бел. справах не мае ніякай законнай сілы, прызнаў БЦР на чале з Астроўскім «адзіным праўным прадстаўніком Беларускага народа і ягонага краю». У сувязі з набліжэннем Чырв. Арміі кангрэс праходзіў у вял. спешцы. Значэнне кангрэса было важкім у асн. для амбіцый Астроўскага, які атрымаў ад дэлегатаў паўнамоцтвы на прэзідэнцтва БЦР, чым і карыстаўся да сваёй смерці.

А.​М.​Літвін.

т. 6, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУ́ЖБА,

форма адносін паміж людзьмі, заснаваная на добраахвотнасці, узаемнай прыхільнасці, павазе і трываласці. Этыка вывучае Д. як абсалютную, самадастатковую каштоўнасць. У гісторыі філасофіі Д. разглядалася пераважна ў этычным плане, падкрэсліваўся яе эмацыянальны аспект (М.​Мантэнь) або ў аснову ўзнікнення Д. ставілася агульнасць інтарэсаў і разумны эгаізм (К.​Гельвецый). Сапраўдны культ Д. быў створаны ням. рамантыкамі, якія бачылі ў ёй выратаванне ад эгаізму; сацыялісты-утапісты прапаведавалі ўстанаўленне Д. ўсіх людзей. Псіхал. змест, асн. функцыі, заканамернасці развіцця Д. залежаць ад полаўзроставых і індывід.-асобасных асаблівасцей чалавека. На кожным з жыццёвых этапаў Д. мае сваю маральна-псіхал. каштоўнасць, з’яўляецца адным з найважнейшых фактараў фарміравання асобы, падтрымкі стабільнасці Я-канцэпцыі. Найб. значнасць і выключнасць Д. набывае ў юнацтве. Пазней мяняецца структура адносін, яны становяцца больш дыферэнцыраванымі і цесна звязанымі з колам інш. прыхільнасцей і сувязей (сямейных, роднасных, прафес. і інш.). Паняцце «Д.» блізкае, але не тоеснае паняццям любові, таварыскасці, дзелавых узаемаадносін. У шырокім сэнсе Д. азначае і міжасобасныя і сац. адносіны. Д. звязвае паміж сабой групы людзей (калектывы, нацыі, народы). Д. народаў грунтуецца на ўзаемнай павазе да традыцый, культуры кожнага народа, на прызнанні іх самабытнасці і унікальнасці, правоў на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу.

Л.​І.​Навуменка.

т. 6, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)