хімічныя рэчывы для знішчэння расліннасці. У залежнасці ад уласцівасцей бываюць гербіцыды суцэльнага дзеяння (знішчаюць усе расліны; выкарыстоўваюцца для ачысткі абочын дарог, чыгунак, аэрадромаў і інш.) і выбіральнага (селектыўнага) дзеяння (знішчаюць расліны аднаго віду — пераважна пустазелле; прыдатныя для хім. праполкі пасеваў с.-г. культур). Да гербецыдаў адносяцца таксама альгіцыды і арбарыцыды.
Паводле характару дзеяння на расліны адрозніваюць: кантактавыя, якія выклікаюць адміранне тканак раслін у месцы дакранання з імі; сістэмныя, здольныя перамяшчацца ад месца паглынання ў інш.часткі расліны і выклікаць яе гібель. Большасць гербецыдаў — арган. злучэнні розных класаў. Асн. групу гербецыдаў складаюць вытворныя хлорфенаксівоцатных к-т (напр., 2,4-дыхлорфенаксівоцатная к-та ці 2,4-Д, яе аналаг 2,4-ДМ), карбаматы і тыякарбаматы (ізапрапіл-N-фенілкарбамат ці ІФК, хлор-ІФК, карбін, бетанал), вытворныя мачавіны (метурын, дазанэкс), трыазіны (атразін, сімазін, мезараніл) і інш. Для павышэння актыўнасці гербецыдаў выкарыстоўваюць іх сумесі. Неабходная доза 1—8 кг/га, але ёсць гербецыды (круг, каўбой), для якіх дастатковая доза 100—400 мл/га.
Няправільнае выкарыстанне гербецыдаў прыводзіць да забруджвання глебы і вадаёмаў, гібелі раслін і жывёл, таму продаж і выкарыстанне гербецыдаў ва ўсіх краінах дапускаецца толькі з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў. На Беларусі ў спісе дазволеных гербецыдаў больш за 200 прэпаратаў.
Літ.:
Химические средства защиты. М., 1987;
Препараты для защиты растений [Список разрешенных препаратов в Беларуси]. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́НЫ,
вобласці хімічна аднароднага асяроддзя, якія адрозніваюцца эл., магн., пругкімі ўласцівасцямі або ўпарадкаванасцю размеркавання часціц. Утварэнне Д. звязана з фазавым пераходам крышталёў у стан з больш нізкай сіметрыяй; аналіз з дапамогай тэорыі груп дазваляе выявіць усе магчымыя віды Д. пры любым фазавым пераходзе. Д. бываюць: ферамагн., сегнетаэл., пругкія, Гана, у вадкіх крышталях і інш.
Вобласць, у якой адбываецца паступовы пераход ад аднаго Д. да другога, наз. мяжой Д. (даменнай сценкай); яе характэрная таўшчыня залежыць ад тыпу фазавага пераходу — ад некалькіх міжатамных адлегласцей для Д., якія адрозніваюцца атамна-крышталічнай структурай, да соцень і тысяч міжатамных адлегласцей у ферамагн. Д. Ферамагнітныя Д. — вобласці самаадвольнай (спантаннай) намагнічанасці; намагнічаныя да насычэння часткі аб’ёму ферамагнетыка, на якія ён распадаецца пры т-рах, меншых за кюры пункт; звычайна маюць памеры да 0,1 мм. Сегнетаэлектрычныя Д. — вобласці аднароднай спантаннай палярызацыі ў сегнетаэлектрыках; маюць памеры да 0,01 мм. Пругкія Д. — вобласці з рознай спантаннай дэфармацыяй, што ўзнікаюць у цвёрдай фазе пры яе ўтварэнні ўнутры або на паверхні інш. цвёрдай фазы; выяўляюцца пры ўпарадкаванні цвёрдых раствораў, мех. двайнікаванні і інш.Д. Гана — вобласці паўправаднікоў з розным удзельным эл. супраціўленнем і рознай напружанасцю эл. поля; утвараюцца ў паўправадніках з N-падобнай вольтампернай характарыстыкай (гл.Гана эфект).
П.С.Габец, П.А.Пупкевіч.
Дамены: а — сегнетаэлектрычныя; б — ферамагнітныя (парашковыя фігуры на паверхні крышталя крамяністага жалеза). Стрэлкамі паказаны напрамак вектара палярызацыі (намагнічанасці).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮНКЕ́РКСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва «Дынама»),
марская эвакуацыя саюзных (брыт. экспедыцыйных, часткіфранц. і бельг.) войск з раёна г. Дзюнкерк (Францыя) у Вялікабрытанію 26.5—4.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Праведзена пасля прарыву ням.-фаш.танк. злучэнняў да ўзбярэжжа Ла-Манша каля г. Абвіль (20 мая), у выніку чаго ў Паўн. Францыі і Бельгіі пад пагрозай знішчэння апынуліся 18 франц., 12 бельг., 10 брыт. дывізій, якія не здолелі злучыцца з асн. сіламі франц. арміі (знаходзіліся на Пд ад р. Сома). Пад націскам 43 герм. дывізій саюзныя войскі адышлі да Дзюнкерка і стварылі вакол яго абарончы плацдарм. 26 мая пачалася эвакуацыя брыт. экспедыцыйных сіл, а 28 мая (пасля капітуляцыі Бельгіі) — саюзных франц. і бельг. войск. Эвакуацыю прыкрывалі брыт.ВПС і саюзная зенітная артылерыя. Усяго 26 мая — 4 чэрв. на 860 розных (пераважна брыт.) суднах вывезена 278,8 тыс.чал. (з іх 139,8 тыс. англічан, 139 тыс. французаў і бельгійцаў), а з улікам вывезеных перад аперацыяй 59,3 тыс. англічан — больш за 338 тыс.чал. У Дз. а. англічане страцілі 68 тыс.чал., 302 самалёты, 224 караблі, французы — каля 60 суднаў, 40 тыс.чал. палоннымі і інш.; на беразе засталася баявая тэхніка саюзнікаў.
Літ.:
Черчилль У. Вторая мировая война: Пер. с англ.М., 1991. Кн. 1, т. 2 С 333—357.
Да арт.Дзюнкеркская аперацыя 1940. Набярэжная ў Дзюнкерку пасля эвакуацыі брытанскіх, французскіх і бельгійскіх войск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАМО́ВЫ,
устойлівыя рытмізаваныя празаічныя творы формульнага характару, якім прыпісвалася сіла магічнага ўздзеяння ў патрэбным для чалавека кірунку; адзін з найб.стараж. жанраў фальклору. Нар. назвы: шэпты, загаворы, словы, малітвы і інш. У аснове іх класіфікацыі утылітарная накіраванасць. Паводле быт. выкарыстання — універсальны жанр. У адпаведнасці з прызначэннем і тэматыкай З. падзяляюцца: на гаспадарчыя (пры паляванні, лоўлі рыбы, развядзенні пчол, с.-г. работах, для захавання статку і інш.); ахоўныя ад злых духаў і шкодных істот, прыродных з’яў, ад звяроў і гадаў; лекавыя (ад хвароб і прафілактычныя); любоўныя (прысушкі, адсушкі, любжы, вясельныя, на лад у сям’і); сац. зместу (ад несправядлівага суда, салдацкія і інш.). Паводле кампазіцыі маналагічныя і дыялагічныя. Пастаянныя элементы структуры: малітоўны ўступ, зачын, эпічная частка, закрэпка. Уступныя і заключныя формулы часам слаба звязаны з сюжэтам і пераходзяць з твора ў твор. Разнастайныя формулы асноўнай, эпічнай часткі: формулы пераліку, невыканальнай умовы, застрашвання, пагрозы, месца выгнання, забароны і інш. З. уласцівы антрапамарфізм, персаніфікацыя з’яў, хвароб, духаў, усяго, супраць чаго яны накіраваны. Мастацкія прыёмы ў З. (параўнанні, паралелізмы, метафары, эпітэты) падпарадкаваны практычнай прадвызначанасці і апіраюцца на веру ў магічную сілу прамоўленага слова.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІГНА́ЦЬЕЎ (Руф Гаўрылавіч) (19.9.1829, Масква — 14.1.1886),
гісторык, археолаг, музыказнавец, харавы дырыжор. Скончыў Лазараўскі ін-т усходніх моў у Маскве, кансерваторыю ў Парыжы. З 1877 у Мінску. Чл. Мінскага стат. к-та і рэдактар неафіц. часткігаз. «Минские губернские ведомости» (1877—80). Выкладаў спевы ў мінскіх жаночай школе і гімназіі. Даследаваў гісторыю і культуру Беларусі: раскопваў курганы на Міншчыне, склаў карту археал. помнікаў Мінскага пав., збіраў бел. песенны фальклор. У 1879 на Антрапал. выстаўцы ў Маскве прадставіў матэрыялы раскопак, 100 нотных запісаў песень Мінскай губ., апісанне бел.нар.муз. інструментаў, рэдкі экзэмпляр упершыню выяўленай ім альтовай скрыпкі. Выступіў там з дакладамі пра помнікі нар. творчасці і помнікі старажытнасцей у Мінскай губ. Публікаваў бел.муз. фальклор, выступаў як муз. крытык. У Мінскім Петрапаўлаўскім кафедральным саборы выявіў стараж. кірыліцкія надпісы. Аўтар артыкулаў па гісторыі і археалогіі Наўгародскай і Арэнбургскай губ.
Тв.:
Местечко Заславль или Изяслав, город потомков Рогнеды // Мин. губ. ведомости. 1878. № 1—2;
Курганы и городища в Минской губернии // Там жа. № 51—52;
1879. № 1—8, 10—11, 14, 17—18;
О памятниках древности Минской губернии // Изв. О-ва любителей естествознания, антропологии и этнографии. Т. 35. Антропол. выставка 1879 г.М., 1880. Т. 3, ч. 1;
О памятниках народного творчества в Минской губернии // Там жа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛА́СЫсацыяльныя,
буйныя сац. групы, якія аб’ядноўваюць людзей з агульным сац.-эканам. і паліт. статусам і якасна адрозніваюцца паводле такога статуса. У навуцы і дзярж.-паліт. практыцы са стараж. часоў назіраюцца розныя падыходы да паняцця К. Найб. распаўсюджаны аб’ектыўныя крытэрыі, якія звязаны пераважна з сутнаснымі фактамі эканам. жыцця грамадства, напр., з месцам у пэўнай гістарычна абумоўленай сістэме грамадскай вытв-сці, памерамі прыватнага матэрыяльнага багацця (А.Сміт, Д.Рыкарда, Ф.Гізо і інш.), роляй у арганізацыі сучаснай высокатэхнал. вытв-сці і кіраванні ёю. Паводле К.Маркса, Ф.Энгельса і У.І.Леніна, К. — гэта вял. групы людзей, якія адрозніваюцца адносінамі да сродкаў вытв-сці (што юрыдычна замацоўваецца ў адпаведных законах), сваёй роляй у грамадскай арганізацыі працы, а ў канчатковым выніку — спосабамі атрымання і памерамі той часткі грамадскага багацця, якою яны карыстаюцца; з прыватным прысваеннем вынікаў грамадскай працы звязана існаванне ў класавым грамадстве К. эксплуататарскіх і эксплуатуемых. М.Вебер лічыў, што К. — гэта спалучэнне разнародных груп людзей, якія адрозніваюцца ўзроўнем адукацыі, занятасцю, даходамі і валодаюць аднымі і тымі ж жыццёвымі шанцамі і перспектывамі. У.Л.Уорнер адносіў да К. групы людзей, якія самі залічвалі сябе да пэўнай пазіцыі ў сістэме сац. іерархіі (вышэйшы, ніжэйшы, сярэдні К.). Сучасныя зах. сацыялогія і паліталогія пры характарыстыцы сац. структуры грамадства зыходзяць з тэорыі сацыяльнай стратыфікацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткібел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст.бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ,
тэрмін для абазначэння пераўтварэнняў у галіне культуры як састаўной часткі праграмы пабудовы сацыялізму ў СССР і інш.сацыяліст. краінах. Лічыцца, што першым тэрмін ужыў У.І.Ленін. Мела на мэце карэнны пераварот у духоўным развіцці насельніцтва краіны, прадугледжвала перавыхаванне дарэвалюцыйнай і выхаванне новай інтэлігенцыі ў духу сацыяліст ідэй, стварэнне сацыяліст. сістэмы адукацыі, далучэнне мас да культ. дасягненняў і іх камуніст. выхаванне. Асн. рысамі сацыяліст. культуры абвяшчаліся марксісцка-ленінскі светапогляд, камуніст. ідэйнасць, сацыяліст. калектывізм і гуманізм, дасягненні сусв. культуры. У СССР, які атрымаў у спадчыну ад Рас. імперыі нізкі адукац. ўзровень насельніцтва, К.р. супала па часе з захадамі дзяржавы па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнні сеткі навуч. устаноў і павышэнні агульнакульт. ўзроўню грамадзян. Дасягненні ў гэтым падаваліся як поспехі К.р. (па БССРгл. адпаведныя лічбы ў арт.Беларусы, Беларусь, Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). Панаванне адзіных ідэалогіі і светапогляду азначала не толькі кіраўніцтва, a і поўны кантроль з боку КПСС над духоўным жыццём грамадства, у т. л. і сродкамі прымусу. У час К.р. моцна пацярпелі галіны культуры, звязаныя з рэлігіяй, былі вымушаны эмігрыраваць або загінулі ў выніку рэпрэсій палітычных многія дзеячы культуры, у т. л. ў БССР. Гл. таксама «Культурная рэвалюцыя» ў Кітаі.
Літ.:
Арнольдов А.И. Социализм и культурная революция. М., 1970;
Качановский В.В. История культуры России. Мн., 1997;
Лыч Л.М., Навіцкі У.І. Гісторыя культуры Беларусі. 2 выд.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАТГА́ЛЕ (Latgale),
Латгалія, 1) гістарычная вобласць ва ўсх. Латвіі, у канцы 1-га — пач. 2-га тыс.н.э. населеная латгаламі. У 10—11 ст. туг сяліліся таксама крывічы (палачане). У 11—13 ст. існавалі ўдзельныя гарады-княствы Герцыке, Кукенойс (былі падуладныя Полацку), Талава (падуладная Пскову). У 13 ст. заваявана ням. рыцарамі-крыжакамі, якія ў 1274 заснавалі крэпасць Дынабург (цяпер г.Даўгаўпілс). Частка Лівоніі, з 1561 у складзе ВКЛ.
2) 3 пач. 17 ст. назва сумежнай з Беларуссю паўд.-ўсх.часткі Латвіі на Пд ад р. Айвіекстэ. Да 1629 частка Задзвінскага герцагства, потым у складзе Рэчы Паспалітай (польскія Інфлянты). У 1772—1917 у Рас. імперыі (Дзвінская прав., з 1777 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губернях). Паводле перапісу 1897 тут жыло 20,5% беларусаў. З 1920 у складзе Латвіі (да 1940 правінцыя з цэнтрам у Даўгаўпілсе). У 1920-я г. тут існавала больш за 20 бел. школ і 2 гімназіі. У 1939—570 тыс. жыхароў. Паводле перапісу 1989 адно з гал. кампактных месцаў пражывання бел. дыяспары ў Латвіі.
Літ.:
Мугуревич Э.С. Восточная Латвия и соседние земли в X—XIII в.: Пер. с латыш. Рига, 1965;
Ефремова Л.С. Латышская крестьянская семья в Латгале, 1860—1939. Рига, 1982;
Данько Л.Ф. История Полоцка и его уделов конца XII — первой четверти XIII вв. // Полоцкий летописец. 1992. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ЦЫСТЭРЦЫЯ́НАК,
помнік архітэктуры позняга барока. У г. Мазыр Гомельскай вобл. Пабудаваны ў 1744—45 у б. урочышчы Кімбараўка па фундацыі Б.Ражанскага на правым беразе р. Прыпяць, у т.зв. Анёльскай даліне. У 1883 кляштар закрыты, у 1888 перададзены праваслаўным. Уключае мураваны касцёл Міхаіла і жылы корпус, абнесеныя мураванай агароджай. У 1893—94 касцёл рэканструяваны пад царкву: прыбудаваны драўляная званіца, бакавая мураваная галерэя і інш. Касцёл — 1-нефавы, пакрыты высокім 2-схільным дахам з увагнутымі вальмамі над 3-граннай апсідай. Мае моцную канструкцыю (таўшчыня сцен 1,5 м). Гал. фасад расчлянёны на 3 часткі высокімі пілястрамі, завершаны шырокім тонкапрафіляваным карнізным поясам і ступеньчатым атыкам (надбудаваны ў 1894). Бакавыя фасады дэкарыраваны 3 ярусамі фігурных і арачных ніш з конхамі ў верхнім ярусе. Гал. ўваход праз нізкі 5-гранны тамбур, дэкарыраваны буйнымі вуглавымі лапаткамі. Інтэр’ер быў аздоблены сюжэтнай фрэскавай размалёўкай пач. 18 ст. (не захавалася). Першапачаткова з касцёлам з ПнУ злучаўся крыты бляхай і чарапіцай П-падобны ў плане 3-павярховы жылы корпус (1-ы паверх мураваны, 2-і і 3-і — з «прускага муру»), які ствараў унутр. двор. Захаваўся корпус прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты 2-схільным дахам. Фасады рытмічна расчлянёны квадратнымі і прамавугольнымі аконнымі праёмамі і шырокімі лапаткамі ў прасценках. Іл.гл. да арт.Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары.