СЕНТ-ДЗЬЁРДЗЫ ((Szent-Györgyi) Альберт) (16.9.1893, Будапешт — 22.10.1986),

амерыканскі біяхімік. Чл. Нац. АН ЗША (1956) і Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1957). Замежны чл. АН СССР (1947). Ганаровы чл. Венгерскай АН (1945). Скончыў Будапешцкі ун-т (д-р медыцыны, 1917). З 1922 у Нідэрландах, Вялікабрытаніі (д-р філасофіі Кембрыджскага, 1927), ЗША. З 1930 у Венгрыі: з 1931 праф. Сегедскага, з 1945 — Будапешцкага ун-таў. З 1947 у марской біял. лабараторыі і Ін-це па вывучэнні мышцаў у г. Вудс-Хол (ЗША). Навук. працы па працэсах біял. акіслення, хіміі вітамінаў, механізмах мышачнага скарачэння. Вылучыў з жывёльных і расл. тканак аскарбінавую к-ту, адкрыў антыгемарагічны фактар — вітамін Р, устанавіў прыналежнасць рыбафлавіну да комплексу вітаміну B2. Выявіў у скарачальным мышачным бялку (актаміязіне) 2 звязаныя паміж сабой часткі — актын і міязін, механізм ініцыяцыі адэназінтрыфасфатам працэсу скарачэння мышцаў, каталітычныя функцыі дыкарбонавых к-т у працэсах тканкавага дыхання. Стварыў шэраг тэорый мышачнага скарачэння. Нобелеўская прэмія 1937.

А.​Ю.​Маніна.

А.Сент-Дзьёрдзы.

т. 14, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)