вышэйшы выканаўчы і распарадчы орган, урад дзяржавы ў 1994—96. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 быў створаны пры Прэзідэнце для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады. Кампетэнцыя і парадак дзейнасці Кабінета Міністраў вызначаліся Канстытуцыяй, законам аб Кабінеце Міністраў ад 30.1.1995 і інш.заканад. актамі. Быў правамоцны самастойна вырашаць усе пытанні дзярж. кіравання, што знаходзіліся ў яго веданні. Яго рашэнні з’яўляліся абавязковымі для выканання ўсімі мін-вамі і інш.цэнтр. органамі дзяржавы, мясц. выканаўчымі і распарадчымі органамі, прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі і грамадзянамі на тэр. Беларусі. У склад Кабінета Міністраў, які зацвярджаў Прэзідэнт, уваходзілі прэм’ер-міністр, яго намеснікі, міністры, старшыня Камітэта дзярж. бяспекі, кіраўнікі інш.цэнтр. органаў кіравання. У выніку прыняцця на рэферэндуме 24.11.1996 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі) Кабінет Міністраў скасаваны, функцыі цэнтр. органа дзярж. кіравання перайшлі да Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. collectio збіранне, збор),
сістэматызаваны збор якіх-н. прадметаў ці твораў мастацтва (аднародных або аб’яднаных агульнай тэмай), якія ўяўляюць навук., маст. і інш. цікавасць. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, уласнікам К. можа быць фіз. або юрыд. асоба. Іх асн. правы рэгулююцца законам аб уласнасці, адпаведнымі нормамі цывільнага заканадаўства і Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» ад 13.11.1992. Усе рухомыя прадметы, што складаюць К. і з’яўляюцца каштоўнымі ў гіст. або культ. сэнсе, падлягаюць дзярж. ўліку, які ажыццяўляецца Дзярж. інспекцыяй Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культ. спадчыны (ДзінАС). Продаж, дарэнне або інш. адчужэнне дазваляецца толькі з абавязковым папярэднім паведамленнем у адпаведныя органы культуры. Пераважнае права набыцця К. ў выпадку яе продажу належыць дзяржаве. Вываз за межы краіны па пастаяннае захоўванне забараняецца. Часовы вываз К. з мэтай міжнар.культ. абмену праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Гл. таксама Калекцыяніраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНАЛІЗА́ЦЫЯ,
1) комплекс інж. збудаванняў для прыёму, ачысткі і выдалення за межы населеных пунктаў сцёкавых вод; неабходны элемент упарадкаванасці населеных пунктаў, паляпшэння быт. і сан.-гігіенічных умоў. Падзяляецца на ўнутраную (К. будынкаў) і вонкавую (К. тэрыторый). Унутраная складаецца з сан. прылад — прыёмнікаў (умывальнікаў, ракавін, ваннаў і г.д.) і каналізацыйнай сеткі. Сістэмы К.: агульнасплаўныя — усе сцёкавыя воды (бытавыя, вытв., атм.) выводзяцца па адной сетцы труб; раздзельныя — адна сетка труб для гасп.-фекальных, другая для атм. вод; паўраздзельныя — функцыянуюць як агульнасплаўныя ў час невял. дажджоў і як раздзельныя пры вял. колькасці ападкаў. Калі няма цэнтралізаванай К., для будынкаў з водаправодам робяць мясцовую К., сцёкавыя воды ў ёй ачышчаюцца ў адстойніках (септыках) і на пляцоўках падземнай фільтрацыі.
2) Размеркаванне эл. энергіі паміж асобнымі спажыўцамі; кабельная К. — сістэма керамічных або бетонных труб, укладзеных пад зямлёй; служыць для пракладкі кабелю падземных ліній сувязі (тэлефон, тэлеграф і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЖАНЕ́ЎСКАЯ (Галіна Анатолеўна) (н. 27.8.1950, в. Лясішча Слуцкага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменніца. Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. У 1980—82 на Бел. тэлебачанні, з 1984 у газ. «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1967. У кнігах паэзіі «На мове шчасця» (1973), «Мой сад» (1976), «Званы гадоў» (1980), «Жыла-была...» (1983), «Вечны водгук» (1988), «Невымоўнае» (1991) паэтызуе высакароднасць чалавечых пачуццяў і ўчынкаў, багацце духоўнага свету гераіні-сучасніцы. Яе вершы адметныя глыбокім лірызмам, эмацыянальнай стрыманасцю і драматычнасцю. Піша для дзяцей: п’есы «Іван Світаннік» (паст. 1981), «Шукайце кветку-папараць» (паст. 1985), «Зуб мудрасці» (1984), «Мора, аддай пярсцёнак» (1987), «А як жа Непаседа?», «Чарнабог» (усепаст. 1996), зб-кі вершаў «Сінічка на балконе» (1989), «Рэчы для малечы» (1996) і інш. Аўтар чытанак для 1—2-га класаў «Акрайчык» (1995, з М.Яфімавай) і для 3—4-га класаў «Сцяжынка» (1997). Выступае як публіцыст, крытык, перакладчык.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́ЧА ((Carpaccio) Віторэ) (каля 1460—65, г. Венецыя, Італія — каля 1526),
італьянскі жывапісец ранняга Адраджэння; прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу. Зазнаў уплывы Дж.Беліні і Антанела да Месіны. Ствараў пераважна шматфігурныя кампазіцыі (цыкл «Гісторыя св. Урсулы», 1490—96). Рэліг. сюжэты трактаваў як рэальныя сцэны сучаснага яму жыцця, імкнуўся да стварэння цэльнай маляўнічай карціны свету («Св. Іеранім і леў у кляштары», «Пахаванне св. Іераніма», «Бітва св. Георгія з драконам», «Трызненне св. Аўгусціна», «Трыумф св. Георгія», усе каля 1501—07). Творам уласцівы яркая каляровая гама, канкрэтнасць прасторы і дакладнасць форм, фантазія і свабода эксперыменту («Дамы на балконе», «Рыцар у пейзажы» і «Прынясенне ў храм», абедзве 1510, і інш.), што падрыхтавала жывапісныя адкрыцці венецыянскіх мастакоў 16 ст.
Літ.:
Смирнова И. Витторе Карпаччо: [Альбом]. М., 1982;
Lauts J. Carpaccio, paintings and drawings. New York, 1962.
І.М.Каранеўская.
В.Карпача. Гісторыя св. Урсулы: развітанне Урсулы і Эрэя з бацькамі. Фрагмент. 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́РЦАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
маламагутны генератар эл.аўтаваганняў, у якім электрамех. вагальнай сістэмай служыць кварцавы п’езаэл. рэзанатар. Характарызуецца высокай стабільнасцю частаты генерыруемых ваганняў (ад 5∙10−6 да 10−10). Выкарыстоўваюцца ў кварцавых гадзінніках, стандартах частаты і інш.
Асн. частка кварцавага рэзанатара — асобным чынам выпілаваная з крышталя кварцу пласцінка з пэўнай арыентацыяй плоскасці зрэзу. Пад уздзеяннем знешняга эл. напружання ў выніку адваротнага п’езаэл. эфекту (гл.П’езаэлектрычнасць) пласцінка ажыццяўляе строга пастаянныя мех. ваганні. Рэзанатар мае высокую (105—107) дыхтоўнасць, што і абумоўлівае надзвычай высокую стабільнасць частаты К. г. Паводле канструкцыі адрозніваюць К. г. дыскрэтныя (на дыскрэтных элементах), гібрыдныя (маюць таксама элементы, зробленыя па планарнай тэхналогіі; найб. пашыраныя) і інтэгральныя (усе элементы, акрамя актыўных, выкананы на адной п’езаэл. падложцы па планарнай тэхналогіі).
В.І.Вараб’ёў.
Прынцыповая схема кварцавага генератара з кварцавым рэзанатарам (КР) у вагальным контуры: C — кандэнсатары; R — рэзістары; L — шпуля індуктыўнасці; T — транзістар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЕ́ЦКІЯ АБАРО́НЧЫЯ ЎМАЦАВА́ННІ,
комплекс драўляна-земляных умацаванняў Клецка ў 11—18 ст. Складаліся з дзядзінца (Высокага замка) і вакольнага горада (Дольнага замка). Пляцоўка першапачатковага дзядзінца мела форму, блізкую да круга, была ўмацавана валам, з боку поля — ровам. Мела драўляную сцяну ў выглядзе састаўленых клецей (адсюль назва горада). Дзядзінец збудаваны, відаць, у сярэдзіне 11 ст., узмоцнены ў 1-й пал. 13 ст., меў мураваны склеп і цэйхгауз са зброяй. Вакольны горад пабудаваны ў 12—13 ст. Складаўся з землянога вала з драўлянай сцяной і рова, мостам злучаўся з дзядзінцам. У сярэдзіне 13 ст. ўмацаванні разбураны, у 1503 спалены крымскімі татарамі, потым адбудаваны. На тэр. вакольнага горада ў 1-й пал. 17 ст. размяшчаўся асабісты двор Радзівілаў. На працягу 17—18 ст.усе ўмацаванні разбурыліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЕРАМЕ́ТРЫЯ (ад колер + ...метрыя),
навука аб метадах колькаснага вызначэння колеру (яго тону, яркасці). У выніку колерных вымярэнняў вызначаюцца 3 лікі — колерныя каардынаты ў выбранай сістэме 3 асн. колераў, якія поўнасцю вызначаюць колер пры пэўных стандартызаваных умовах яго разглядання.
К. заснавана на тым, што пры змешванні трох асн. колераў (кожны з іх не ўзнаўляецца 2 астатнімі) у пэўных колькасцях можна атрымаць усе магчымыя колеры. Ідэя трохкампанентнага колернага зроку прапанавана М.В.Ламаносавым, развівалі яе Дж.Максвел і Г.Грасман. Вымяраюць колер з дапамогай колераметраў, дзе змешваюць асн. колеры ў такіх суадносінах, каб атрымаць колер, эквівалентны даследаванаму. Карыстаюцца таксама колернымі атласамі для параўнання атрыманага колеру з узорамі. Ідэі і метады К. шырока выкарыстоўваюцца ў каляровым кіно і тэлебачанні, тэкст. і лакафарбавай вытв-сці.
Літ.:
Ивенс Р.М. Введение в теорию цвета: Пер. с англ.М., 1964;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГІЦЫ́ЗМ,
кірунак у асновах матэматыкі, у якім зыходныя паняцці матэматыкі зводзяцца да паняццяў логікі. Ідэі Л. прапанаваны Г.В.Лейбніцам. У сістэматызаваным выглядзе выкладзены Г.Фрэге ў кн. «Асноўныя законы арыфметыкі» (т. 1—2, 1893—1903). Ён прапанаваў звядзенне асноўнага для матэматыкі паняцця натуральнага ліку да аб’ёмаў паняццяў і распрацаваў лагічную сістэму, сродкамі якой можна было даказаць усе тэарэмы арыфметыкі. Дактрына Л. развіта Б.Раселам, які выявіў у сістэме Фрэге супярэчнасць («парадокс Расел», гл.Парадокс). У кн. «Прынцыпы матэматыкі» (т. 1—3, 1910—13) Расел і А.Н.Уайтхед прапанавалі т.зв. тэорыю тыпаў, у якой парадоксаў можна пазбегнуць пры дапамозе спец. іерархіі паняццяў. У далейшым К.Гёдэль паказаў, што сістэмы Л. няпоўныя, іх сродкамі можна сфармуляваць змястоўна правільныя, але не вырашальныя матэм. сцвярджэнні (сцвярджэнні, якія нельга даказаць і нельга абвергнуць). Сістэмы Л. садзейнічалі фарміраванню і ўдакладненню важнейшых логіка-матэм. ідэй, зрабілі значны ўплыў на развіццё матэматычнай логікі і навукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСКО́Ў (Іван Антонавіч) (19.6.1941, г. Гомель — 28.6.1994),
бел. пісьменнік, перакладчык, крытык. Скончыў БДУ (1964), Літ.ін-т імя Горкага ў Маскве (1971). З 1971 жыў і працаваў у Якуціі. Пісаў на рус. і бел. мовах. Дэбютаваў у 1956 вершамі. Аўтар зб-каў паэзіі «Стыхія» (1966), «Белае неба» (1969), «Кружное лета» (1973), паэм «Жывыя галасы» (1964), «Трыццаць» (1973), «Кульгавы» (1975), «Кульга» (1985), зб-каў апавяданняў «Івановы» (1979), «Чароўны камень» (1983), аповесці «Вяртанне Адысея» (1973), апавядання для дзяцей «Андрэй-Эндэрэй — справядлівы чалавек, або Беларус на полюсе холаду» (1976). Пісаў нарысы, эсэ, артыкулы, рэцэнзіі. У яго творах роздум над гісторыяй і сучаснасцю, заклапочанасць лёсам роднай зямлі. Распрацоўваў гіпотэзу пра угра-фінскія карані ўсх. славян, прыйшоў да высновы, што літва не была балцкім племем (артыкулы «Племя пяці родаў», 1989; «Нашчадкі таямнічае літвы», 1991; «Дагістарычныя блуканні: Літва і Жамойці», «Жамойцкі тупік», «З маўклівых прадонняў», усе 1993).