прынятая з сярэдзіны 1970-х г. назва 7 найб. развітых краін свету: Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Італіі, Канады, Францыі і Японіі. Назва ўзнікла ў сувязі са штогадовымі сустрэчамі кіраўнікоў гэтых дзяржаў для абмеркавання надзённых глабальных праблем паліт. і эканам. развіцця і выпрацоўкі ўзгодненай палітыкі па іх вырашэнні. Першая сустрэча адбылася ў 1975 у Рамбуе (Францыя), удзельнічалі лідэры 6 краін. У 1976 да іх далучыўся прэм’ер-міністр Канады, з 1977 — прадстаўнік ЕЭС. З 1992 да ўдзелу ў сустрэчах «вялікай сямёркі» запрашаюць і прадстаўніка Расіі. На пач. 1990-х г. на долю краін «сямёркі» прыпадала больш за 50% сусв. валавога нац. прадукту і прамысл. вытв-сці, больш за 25% с.-г. прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЁНАКВЕ́ТНЫЯ (Polygonales),
парадак двухдольных кветкавых раслін. Уключае 1 сям. — драсёнавыя, больш за 30 родаў, каля 800 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, асабліва ў паўн. умераных паясах. На Беларусі больш за 30 дзікарослых і каля 10 інтрадукаваных відаў з 9 родаў. Найб. вядомыя роды: грэчка, драсён, рэвень, шчаўе. Сярод Д. лек., кармавыя, каштоўныя харч., дубільныя, фарбавальныя і меданосныя расліны, ёсць ядавітыя.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, паўкусты, кусты, ліяны, рэдка дрэвы (у тропіках). Сцябло галінастае, вузлаватае, каленчатае. Лісце звычайна чаргаванае, рэдка супраціўнае або кальчаковае, простае, суцэльнае ці лопасцевае, з прылісткамі, якія зрастаюцца каля асновы чаранка ў раструб. Кветкі дробныя, звычайна двухполыя, правільныя, трохчленныя, беспялёсткавыя, сабраныя ў складаныя суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Насенне з мучністым эндаспермам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРДЫСТА́НСКІЯ ГО́РЫ, Курдскія горы,
горы паміж Армянскім і Іранскім нагор’ямі, у Турцыі, Іране і Іраку. Складаная сістэма хрыбтоў і масіваў выш. да 4168 м (г. Джыло). Грабяні хрыбтоў вышэй за 3500 м альпійскага тыпу, менш высокія пераважна плоскавяршынныя. Схілы моцна расчлянёныя вузкімі цяснінамі. Складзеныя з сланцаў, кварцытаў, мармуру, мергелю. Ледавікі. Рэкі ў асн. ўтвараюць левыя прытокі р. Тыгр. Клімат субтрапічны. Ападкаў на паўд.-зах. схілах 1000—3000 мм, на паўн.-ўсх. — 400—700 ммза год. На паўд. схілах міжземнаморскія лясы, хмызняк (маквіс), фісташкавыя і арчовыя рэдкалессі, на паўн. — горныя стэпы і фрыганападобная расліннасць; на плоскіх вяршынях — альпійскія лугі. Качавая жывёлагадоўля. Па далінах рэк — сады, пасевы пшаніцы, кукурузы, ячменю. Зах. частка К.г. наз. таксама Армянскім Таўрам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТАФІЗІ́ЧНЫ ЖЫ́ВАПІС,
кірунак у італьян. жывапісе. Заснаваны ў 2-й пал. 1910 — пач. 1920-х г. Дж. Дэ Кірыка пад уплывам філасофіі А.Шапенгаўэра і Ф.Ніцшэ і стаў рэакцыяй на рацыяналістычную схему кубізму і дынамізм футурызму. Тэарэтык — паэт А.Савіньё. Прадстаўнікі М.ж. (К.Кара, М.Кампільі, Ф.Казараці, Дж.Марандзі, Ф. Дэ Пісіс) у карцінах з выявамі пустынных гарадоў з далёкай перспектывай, манекенаў, у нацюрмортах з дзіўным складам прадметаў імкнуліся вывесці рэальнасць за рамкі звычайнай логікі, стварыць таямнічы настрой і раскрыць містыку вобразаў, якія знаходзіліся па-за межамі адлюстравання рэчаіснасці. Значна паўплываў на станаўленне сюррэалізму і часта разглядаецца як адзін з яго кірункаў.
В.Я.Буйвал.
Да арт.Метафізічны жывапіс. Дж. Дэ Кірыка. 1950. Музы непакою.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НКІН (Алег Гаўрылавіч) (н. 31.3.1952, в. Чарняўка Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў с.-г. вытв-сці (1975). Працаваў электрамантажнікам, майстрам па буд-ве электрападстанцый, інжынерам у сістэме «Галоўтранснафта». З 1981 у Брэсце. З 1991 у Вільнюсе. З 1998 рэдактар газ. беларусаў Літвы «Рунь». Друкуецца з 1980. Аўтар зб-каў паэзіі «Сурма» (1985), «Расколіна» (1991), «Пенаты» (1999), кніжкі для дзяцей «За месяцам месяц» (1994), кн. прозы (антыутопіі) «Праўдзівая гісторыя Краіны Хлудаў» (1994). Паводле бел.нар. казкі напісаў п’есу «Як Лыска ваўком быў» (1985). З польскай пераклаў на бел. мову кнігі паэзіі «Ідзі за мною» Ц.Норвіда (1993), «Пан Блішчынскі» Б.Лесьмяна, «Высокія дрэвы» Л.Стафа (абедзве 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РАВА,
геалагічнае агаленне на правым беразе р. Бярэзіна (за 30 км ніжэй г. Барысаў, паміж вёскамі Мурава Бярэзінскага і Пабярэжжа Барысаўскага р-наў Мінскай вобл.); помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Лінзы адкладаў муравінскага міжледавікоўя ўскрываюцца ў 2 ярах і на ўскраіне в. Мурава. Найб. тыповыя — у вяршыні невял. яра Чортаў Куст (Мурава 2) за 20 м ад вады. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (ліставатыя тарфы, гумусаваныя супескі) 4,7 м, даўж. каля 15 м. Па пылку, спорах, насенні, пладах, шышках і хвоі, ствалах дрэў вызначана каля 100 відаў дрэвавых, кустовых і травяністых раслін (граб звычайны, клён раўнінны, ліпа буйналістая, альдраванда пухіраватая, вадзяны арэх і інш.). З’яўляецца стрататыпам муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯРЭ́Я,
рака ў Горацкім р-не Магілёўскай вобл. і Дубровенскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы Дубровенскага р-на і Смаленскай вобл. Расіі, левы прыток р. Дняпро. Даўж. 56 км. Пл. вадазбору 694 км². Пачынаецца за 2 км на У ад в. Стараселле Горацкага р-на, вусце за 800 м на ПнУ ад в. Лазараўка Дубровенскага р-на. Асн. прытокі на Беларусі Ірвяніца і Закабыліца (злева), у Расіі Свіная і Лупа (справа). Цячэ пазах. схілах Смаленскага ўзвышша. Даліна трапецападобная, шыр. 2 км. Пойма двухбаковая. Рэчышча звілістае, шыр. ракі ў межань 3—6 м, у ніжнім цячэнні 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 4 м³/с. На рацэ каля в. Леніна вадасховішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́РКІНЕ, Пуркінье (Purkyně) Ян Эвангеліста (17.12.1787, Лібахвіцы, Чэхія — 28.7.1869), чэшскі вучоны-біёлаг і грамадскі дзеяч. Ганаровы чл.Пецярб. медыка-хірург. акадэміі. Бацька К.Пуркіне. Скончыў Пражскі ун-т (1818). З 1823 праф. ун-та ў г. Брэслаў, у 1839 заснаваў тут першы ў свеце фізіял.ін-т: З 1850 праф. Пражскага ун-та; у 1851 заснаваў фізіял.ін-т пры гэтым ун-це. Навук. працы па фізіялогіі, цыталогіі, анатоміі, эмбрыялогіі. Адкрыў ядро яйцаклеткі, рух раснічак мігальнага эпітэлію, апісаў нейроны ц. н. с. пазваночных, шэраг гісталагічных структур, названых яго імем (клеткі і валокны П.), прапанаваў тэрмін «пратаплазма». Сканструяваў мікратом, удасканаліў мікраскапічную тэхніку. Падышоў да фармулявання клетачнай тэорыі. Змагаўся за ўвядзенне чэшскай мовы ў ВНУ, за стварэнне Нац.АН, нац.т-ра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ПРА́ВА, ваеннае права,
сукупнасць юрыд. норм, якія рэгламентавалі побыт і праваадносіны ў рыцарскім войску. Юрыд. адносіны, што складваліся пры нясенні вайсковай службы, рэгуляваліся сац. становішчам чалавека. У ВКЛ больш цяжкую вайсковую службу неслі рыцары — шляхта, баяры, якія павінны былі заўжды быць гатовымі да вайны. Першымі вайсковымі законамі былі пастановы Новагародскага (1502), Віленскага (1507), Менскага (1507) і інш. соймаў. Кадыфікацыя Р.п. ўпершыню рэгламентавана ў Статуце ВКЛ 1529, які вызначыў кола ваеннаабавязаных, прадугледжваў меры пакарання за невыкананне вайсковых абавязкаў і за злачынствы, учыненыя ратнікамі, рэгламентаваў правы і абавязкі гетмана. Больш падрабязна пытанні Р.п. рэгламентаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Першае сістэматызаванае выданне актаў па вайсковым праве — «Артыкулы вайсковыя» — ажыццёўлена ў 1754 у Нясвіжы.