ЦЫНКЛІДО́ТУС (Cinclidotus),

род брыевых імхоў сям. цынклідотавых. 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы, Новай Зеландыі. На Беларусі 1 від — Ц. дунайскі (C. danubicus), занесены ў Чырв. кнігу. Трапляецца на даламітавых парогах у рэчышчах рэк.

Двухдомныя водныя лістасцябловыя расліны выш. 2—20 см. Сцябло галінастае, прымацаванае да субстрату рызоідамі. Лісце прамаадыходнае, прадаўгавата-ланцэтнае. Спарагоніі звычайна на кароткіх бакавых галінках, зрэдку на верхавінцы сцябла. Каробачка прамастойная, на кароткай ножцы. Каўпачок конусападобны, гладкі.

Цынклідотус дунайскі.

т. 17, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫСТАЗЕ́ЙРА, цыстазіра (Cystoseira),

род цыкласпоравых водарасцей. 60 відаў. Пашыраны пераважна ў морах паўн. субтрапічнага пояса. Утвараюць зараснікі да глыб. 25 м.

Слаявіна шматгадовая ў выглядзе буйных кустоў, выш. да 2 м (радзей 8). Да грунту прымацоўваецца дыскам, падэшвай або рызоідамі. Галіны цыліндрычныя ці пляскатыя, часта з паветранымі пузырамі. Размнажэнне палавое, аагоніі з 1 яйцаклеткай. З Ц. атрымліваюць альгінавыя кіслоты і іх солі (альгінаты), якія выкарыстоўваюць у фармацэўтычнай, тэкст. і харч. прам-сці.

Т.​М.​Міхеева.

т. 17, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЮ́ЛЬКІ (Clupeonella),

род рыб сям. селядцовых. 4 віды. Пашыраны ў Азоўскім, Каспійскім, Чорным морах і іх басейнах. Найб. вядомая Ц. чарнаморска-азоўская, або каспійская кілька (C.cultriventris).

Даўж. да 15 см, маса да 9 г. Спіна і верхняя ч. галавы шэра- або сіне-зялёныя, бруха белае ці залаціста-жоўтае. Ад горла да анальнай адтуліны цягнецца «кіль» з шыпаватых лускавінак. Характэрны 2 падоўжныя прамяні на канцы анальнага плаўніка. Чародныя. Кормяцца пераважна зоапланктонам. Аб’екты промыслу. Гл. таксама Кількі.

т. 17, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСНО́ЧНЫ ГРЫБ, часночнік (Marasmius scorodonius),

шапкавы базідыяльны грыб сям. радоўкавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі трапляецца ў лісцевых і хвойных лясах з ліп. па верасень.

Шапка дыям. да 3 см, пукатая, потым плоскараспасцёртая, крэмава-бураватая да белай, гладкая, сухая, тонкамясістая. Пласцінкі белыя, частыя, прырослыя. Ножка выш. да 5 см, храсткаватая, рыжавата-карычневая, бліскучая. Грыб мае часночны пах і смак, які захоўваецца і ў высушаным выглядзе. Ядомы, спажываецца як прыправа.

Часночны грыб.

т. 17, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫРВАНАЗЁМЫ,

тып глеб, які ўтвараецца пад шыракалістымі лясамі вільготных субтропікаў і часткова пад трапічнымі саваннамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Для іх характэрны яркая чырванаватая ці аранжавая афарбоўка, высокая наяўнасць аксідаў жалеза і алюмінію, нізкая крэменязёму і асноў, добрая гумуснасць (6—9%), але збедненасць пажыўнымі рэчывамі, кіслая ці слабакіслая рэакцыя глебавага раствору. Выкарыстоўваюцца для вырошчвання чаю, тытуню, цытрусавых культур, вінаграду. Пашыраны ў Грузіі, Італіі, Іспаніі, Азербайджане, Кітаі, Японіі, В’етнаме, ЗША, Бразіліі, Аўстраліі, Афрыцы.

т. 17, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРУ́ХА, дуплянка шэрая, млечнік звілісты (Lactarius flexuosus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі трапляецца з ліп. па вер. у лісцевых і мяшаных лясах.

Шапка дыям. 5—10(15) см, пукатая, потым лейкападобная, з хвалістым краем, слізістая, гладкая, іржава-лілова-шэрая. Мякаць белая, шчыльная, з едкім млечным сокам, які на паветры не мяняе колеру. Пласцінкі зыходныя, патоўшчаныя. Ножка цыліндрычная, шчыльная, потым полая. Споры шарападобныя, бародаўчатыя. Ядомы грыб.

Шаруха.

т. 17, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАЎКО́ЎНІК, вадзяны казялец (Batrachium),

род кветкавых раслін сям. казяльцовых. Больш за 30 відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомы Ш. цвердалісты (B. circinatum). Трапляюцца ў стаячых або з павольнай плынню водах, прыбярэжнай зоне вадаёмаў.

Адна- і шматгадовыя водныя травяністыя расліны. Лісце чаргаванае, надводнае — лопасцевае ці рассечанае. падводнае — моцна рассечанае на ніткападобныя долі. Кветкі белыя, адзіночныя, на доўгіх кветаносах. Плод — шматарэшак. Корм для водных жывёл і вадаплаўных птушак.

Дз.​І.​Траццякоў.

т. 17, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧАЦІНКАСКІ́ВІЧНЫЯ (Chaetognatha),

тып беспазваночных жывёл. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Пераважна планктонныя, ёсць донныя віды. Найб. вядомая марская стрэлка (Sagitta).

Даўж. ад 5 мм да 10 см. Цела стрэлкападобнае, шклопадобна-празрыстае. Падзелена на галаўны, тулаўны і хваставы аддзелы; аблямаванае бакавымі (парнымі) і хваставымі плаўнікамі. На галаве — рот, органы пачуццяў і 2 бакавыя групы серпападобных хапальных шчацінак (адсюль назва). Крывяноснай, дыхальнай і выдзяляльнай сістэм няма. Гермафрадыты. Развіццё прамое. Кормяцца планктоннымі беспазваночнымі, зрэдку маляўкамі рыб.

т. 17, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧО́ГАЛЬ (Tringa erythropus),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны ў Паўн. Еўразіі ў тундры і лесатундры. На Беларусі нешматлікі пралётны від.

Даўж. цела 31—34 см, маса да 156 г. Спіна зеленавата-бурая з цёмнымі папярочнымі стракацінамі, пер’е надхвосця і падпахавае крылаў белае. Дзюба доўгая, тонкая, ледзь загнутая ўніз, чырв. з цёмным канцом. Ногі чырванавата-бурыя, доўгія. Нясе 4 яйцы. Корміцца воднымі беспазваночнымі, маляўкамі рыб і інш.

Шчогаль: 1 — восенню; 2 — вясной.

т. 17, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ (ад грэч. aithēr эфір + лац. facio раблю),

працэс атрымання складаных эфіраў узаемадзеяннем спіртоў з кіслотамі. Абарачальная рэакцыя: пры гліколізе складаных эфіраў утвараюцца к-ты і спірты. Скорасць Э. залежыць ад будовы спірту і к-ты: для першасных спіртоў яна найбольшая, для трацічных — найменшая. Паскараюць Э. прысутнасцю сернай, салянай і інш. моцных к-т. Рэакцыі Э. пашыраны ў жывой прыродзе — утварэнне сувязей паміж нуклеатыдамі ў ДНК, РНК, АТФ і інш.

т. 18, кн. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)