ГА́ЙНА-БРО́ДНЯ,

балота ў Смалявіцкім і Лагойскім р-нах Мінскай вобл. (у вадазборы р. Гайна і яе прытока Усяжа). Нізіннага (92%) і пераходнага тыпаў. Пл. 5,5 тыс. га, у т. л. ў Смалявіцкім р-не 3,9 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,3 тыс. га. Глыб. торфу да 7 м, сярэдняя 2,8 м. У Смалявіцкім р-не асушаную ч. балота выкарыстоўваюць пад ворыва і сенажаць. У Лагойскім р-не не асушана, занята драбналессем, хмызняком, часткова сенажаццю.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛДО́ВІЧ (Аляксандр Іванавіч) (3.3.1900, г. Барысаў Мінскай вобл. — 14.11.1975),

генерал-лейтэнант інж. войск (1945). Скончыў Маскоўскую ваенна-інж. школу (1923), Вышэйшыя акадэм. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1948). У Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на воз. Хасан (1938). У Вял. Айч. вайну нач. інж. войск арміі на Паўд.-Зах., Паўн.-Каўказскім, 2-м і 3-м Укр. франтах. Да 1961 нач. інж. войск ваен. акруг, нам. нач. інж. войск Мін-ва абароны СССР.

А.І.Галдовіч.

т. 4, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБО́ВІЧ (Леанід Міхайлавіч) (н. 12.8.1950, в. Вароніна Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1989). Працаваў электрыкам на прадпрыемствах Слуцка, Жабінкі, Клецка. У 1990—94 рэдактар гал. рэдакцыі літ.-драм. праграм Бел. тэлебачання. З 1994 — у час. «Крыніца». Друкуецца з 1967. Першы паэт. зб. «Таемнасць агню» (1984). Яднанне пошуку і адкрыцця характэрна для гэтага і інш. зб-каў Галубовіча («Споведзь бяссоннай душы», 1989, «Таемнасць споведзі», 1993, «Заложнік цемры», 1994).

І.​Д.​Сіпакоў.

т. 4, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДО́К,

археал. помнікі (гарадзішча і селішча) каля в. Гарадок Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. На гарадзішчы ранняга жал. веку і сярэднявечча 2 культурныя пласты: на ніжнім знойдзена штрыхаваная кераміка і праслойка пажарышча; на верхнім — кераміка 16—17 ст. і фрагменты паліхромнай і аднаколернай зялёнай кафлі, арнаментаванай раслінным ці геам. малюнкам, узорам з гербам «Ружа», сцэнамі палявання, казачнымі сюжэтамі, выявамі чалавека, амура, цмока і інш. На селішчы знойдзены фрагменты посуду эпохі Кіеўскай Русі, кераміка 14—17 ст.

т. 5, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЬМАН (Залман Давыдавіч) (н. 17.11.1929, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне селекцыі і развядзення с.-г. жывёл. Д-р с.-г. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію (1952). З 1965 у Бел. НДІ жывёлагадоўлі. Навук. працы па прыватнай заатэхніцы, селекцыі і развядзенні свіней (бел. чорна-пярэстая парода і бел. ўнутрыпародны тып свіней буйной белай пароды).

Тв.:

Повышение продуктивности свиней. Мн., 1982;

Свиноводство. Мн., 1989;

Свиноводство и технология производства свинины. Мн., 1995.

т. 5, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛАВА́ЦКАЯ (Лідзія Рыгораўна) (н. 1.5.1936, в. Падыгрушша Смалявіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. майстар пляцення маст. вырабаў з саломкі. Вучаніца Т.Агафоненка. У творчасці пераважаюць работы анімалістычнага жанру (фігуркі коней, аленяў, пеўняў, паваў і інш.). Дамагаецца надзвычайнага дэкар. эфекту, чаргуючы тонка апрацаваныя рэльефныя саломінкі з гладкімі, збіраючы іх у пучкі ці асобныя дэталі. Стварае таксама творы манум.-дэкар. характару (удзельнічала ў афармленні інтэр’ераў музея Максіма Багдановіча ў Мінску, 1991, і інш.).

Я.​М.​Сахута.

Л.Главацкая. Пеўнік. 1990.

т. 5, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗВІНАСА́,

рака ў Лагойскім і Вілейскім р-нах Мінскай вобл., левы прыток р. Вілія. Даўж. 54 км. Пл. вадазбору 614 км². Пачынаецца каля в. Задворнікі Лагойскага р-на, цячэ ў межах Мінскага ўзв. У верхнім цячэнні наз. Сытніца. Асн. прытокі: Малка, Рудаўка, Балавец, Вейнка (справа), Дзвонка (злева). Пойма двухбаковая, забалочаная (асабліва ў ніжнім цячэнні), шыр. 100—150 м. Рэчышча ў верхнім цячэнні на працягу 3,3 км каналізаванае. Берагі стромкія. На рацэ Плешчаніцкае вадасховішча, сажалка. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.

т. 6, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯНІ́САВІЦКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Крупскага р-на Мінскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай захавання ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 1,3 тыс. га (1997). Уключае 4 кварталы Дзянісавіцкага і 7 кварталаў Сакаловіцкага лясніцтваў Крупскага лясгаса, а таксама ч. тарфяных балот Падбалонне і Бабнік, Рожкі, Калінаўка. Растуць хвоя, бяроза, елка, асіна. вольха, трапляюцца дуб і клён, з кусцікавых раслін — багун, верас, журавіны, брусніцы, чарніцы, з травяністых — асокі, падвей, хвошч; шмат сфагнавых імхоў.

т. 6, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДЗІЦКІ МУЗЕ́Й МАТЭРЫЯ́ЛЬНАЙ КУЛЬТУРЫ Заснаваны выдавецкай фірмай «Паліфакт». Адкрыты ў 1994 на тэр. б. маёнтка Ельскіх каля в. Дудзічы Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. Складаецца з комплексу стылізаваных пабудоў 19 — пач. 20 ст.; дзеючага цэха рамёстваў

(хлебапякарня, масласыраварня, кузня, ганчарная і дрэваапр. майстэрні),

сял. хутара, ветрака, карчмы з заезным домам, экспазіц. залы з прадметамі гасп. абсталявання і прылад працы 18—19 ст., выстаўкі стараж. аўтамаб. тэхнікі, механізмаў па перапрацоўцы збожжа, лёну, прадуктаў жывёлагадоўлі, трансп. сродкаў.

А.​М.​Карлюкевіч.

т. 6, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУК (Аляксандр Апанасавіч) (31.12.1918, в. Вёска Салігорскага р-на Мінскай вобл. — 18.7.1983),

Герой Сав. Саюза (1945), ген.-маёр (1957). Скончыў Мінскае ваен. пях. вучылішча (1937), курсы «Выстрал» (1942), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1948). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Зах., Калінінскім, Данскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр., 1-м і 2-м Бел. франтах. Камандзір стралк. палка падпалкоўнік Ж. вызначыўся ў 1945 у баях на р. Одэр. Да 1959 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)