ПРЫСОСКАПАДО́БНЫЯ (Gobiesociformes),

атрад касцістых рыб. Вядомы з міяцэну (каля 22—20 млн. г. назад). 1 сям. — прысоскавыя, або марскія качачкі (Gobiesocidae), каля 40 родаў, каля 100 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне трапічных і ўмераных вод усіх акіянаў, у прэсных водах Цэнтр. Амерыкі. У Чорным м. трапляюцца звычайная, або аднаколерная, рыба-прысоска (Lepadogaster lepadogaster), таўстарылая прысоска, або качачка (L. decandollei), і двухплямістая прысоска, або караткапёрая качачка (Diplecogaster bimaculatus). Вядуць прыдонны спосаб жыцця.

Даўж. да 30 см. Цела кароткае, голае, укрытае сліззю. Афарбоўка маскіровачная. На брушку прысмоктвальны дыск з відазмененых брушных плаўнікоў, якія зрасліся; пры дапамозе дыска П. прымацоўваюцца да камянёў, раслін і інш. Кормяцца дробнымі доннымі беспазваночнымі. Лічынкі пелагічныя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ СУ́ДНАЯ ГРА́МАТА,

звод законаў Пскоўскай феадальнай рэспублікі, складзена на аснове асобных пастаноў пскоўскага веча, гасподы (баярскай рады), княжацкіх грамат, норм Рускай праўды і звычаёвага права. Адлюстроўвае найважнейшыя рысы сац.-эканам. і паліт. жыцця Пскоўскай зямлі ў 14—15 ст. П.с.г. строга ахоўвала права прыватнай уласнасці, асабліва феад. уласнасці на зямлю; рэгламентавала парадак афармлення правоў уласнасці на зямлю, ход разбору спрэчак аб зямлі; вызначала становішча сялян-ізорнікаў. Шмат артыкулаў прысвечана гандл.-рамесным адносінам (купля-продаж, заклад, дарэнне, пазыка, маёмасны і асабісты наём і г.д.). За паліт. і крымін. злачынствы належала пакаранне смерцю. У П.с.г. ёсць матэрыял пра характэрнае для Пскоўскай феад. рэспублікі зрошчванне свецкага і царк. кіраўніцтва апарата. П.с.г. — адна з найважнейшых крыніц Судзебніка 1497.

т. 13, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПФЛЯЎМБА́ЎМ (Яўгенія Эргардаўна) (1.11.1908, Мінск — 13.1.1996),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1930). З 1930 працавала ў Кніжнай палаце пры Дзярж. б-цы Беларусі імя У.​І.​Леніна, газ. «Звязда». У 1933 выехала ў Сібір (г. Марыінск) услед за сваім рэпрэсіраваным мужам М.Лужаніным. У 1935—45 працавала ў Абаронным дзярж. выд-ве ў Маскве. З 1945 жыла ў Мінску. Друкавалася з 1925. Аўтар калект. кн. «Вершы» (з З.​Бандарынай і Н.​Вішнеўскай, 1926). Доўгі час не пісала. Да паэт. творчасці вярнулася ў 1980-я г. Паэт. зб-кі «Сувой жыцця» (1989), «На захадзе сонца» (1992) пра нялёгкі жыццёвы лёс свайго пакалення. Яе творчасці ўласцівы лірычнасць, шчырасць, непасрэднасць. Перакладала на бел. мову з рус., укр., англ. моў.

т. 13, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗНАЧЫ́НЦЫ,

міжсаслоўная катэгорыя насельніцтва ў Рас. імперыі 18—19 ст., «людзі рознага чыну і звання», выхадцы з духавенства, купецтва, мяшчан, сялян, дробных чыноўнікаў і збяднелых дваран, якія атрымалі адукацыю і адарваліся ад свайго былога сац. асяроддзя. Рост іх колькасці, асабліва ў 19 ст., абумоўлены развіццём капіталіст. эканомікі, якое выклікала попыт на адукаваных спецыялістаў. З 1840-х г. Р. аказвалі значны ўплыў на развіццё грамадскага жыцця і культуры, з ліквідацыяй прыгоннага права (1861) сталі асн. сац. пластом, з якога фарміравалася бурж. інтэлігенцыя. У 1840—90-я г. Р. складалі пераважную большасць удзельнікаў рэв. і ліберальнага руху ў Расіі. Да рэв. Р. належалі петрашэўцы, В.Р.Бялінскі, М.Г.Чарнышэўскі, М.А.Дабралюбаў, Т.Р.Шаўчэнка, К.С.Каліноўскі, народнікі (гл. Народніцтва).

т. 13, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ЦКАЯ (Алена Віталеўна) (н. 11.1.1950, в. Дзякаўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, педагог. Засл. настаўніца Беларусі (1987). Скончыла БДУ (1971). Настаўнічала на Слонімшчыне, Магілёўшчыне, у 1977—93 у Слонімскай СШ № 2. З 1993 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Друкуецца з 1966. Выдала зб-кі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх эмац. тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Зах. Беларусі ў 20 ст. Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе» (1999), «Пазакласная праца па беларускай літаратуры» (2000).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1928, г. Ліхаслаўль Цвярской вобл., Расія — 24.1.1997),

рускі паэт. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1948. Першая кніга — «Раніца ў дарозе» (1953). У зб-ках вершаў і паэм «На сонечным баку» (1961), «Змена дзён» (1965), «Розныя гады» (1966), «Снег у верасні» (1968), «Другая маладосць» (1971), «Гарадскія вершы», «Позняя раніца» (абодва 1977), «Дзякуй, музыка» (1978), «Сюжэт» (1980, Дзярж. прэмія СССР 1983), «Новыя часы» (1986), «Наведванне» (1992) і інш. паэтызацыя штодзённага, непарыўнасць грамадзянскага і асабістага, тэмы горада, прыроды, кахання, узаемаадносін творцы і мастацтва, творцы і жыцця.

Тв.:

Избр. произв. Т. 1—2. М., 1981;

Избранное. М., 1989;

Стихотворения. Поэмы. М., 1987;

Стихи Марианне. М., 1996.

т. 14, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛТУ́К (Алег Уладзіміравіч) (н. 25.8.1946, в. Рыжэнькі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1967). Настаўнічаў, працаваў ва ўшацкай раённай газеце. З 1999 у газ. «Віцебскі рабочы». У 1980—99 сакратар Віцебскага абл. аддзялення Саюза бел. пісьменнікаў. Друкуецца з 1964. Асн. тэмы твораў — мінулае і сучаснае роднай зямлі і народа, яго гераічная памяць, даследаванне нашага складанага і супярэчлівага часу. Вершы С. вылучаюцца пафасам неспакою, любові да свайго краю; цэнтральны вобраз у іх — зямля-карміцелька (зб-кі «Пачатак дня», 1974; «Працяг», 1977; «Святло зямлі», 1982; «На далонях жыцця», 1988; «Трывога лёсу», 1996). Літ. прэмія імя У.​Караткевіча 2000.

Тв.:

Святло зямлі. Мн., 1992.

І.​У.​Саламевіч.

т. 14, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́Т ((Sarraute) Наталі) (18.7.1900, г. Іванава, Расія — 19.10.1999),

французская пісьменніца; прадстаўніца «новага рамана». З 1908 жыла ў Францыі. Скончыла Парыжскі ун-т. Працавала адвакатам. Дэбютавала зб. мініяцюр «Трапізмы» (1938). У творах паказвала свет праз яго адлюстраванне ў падсвядомасці, у найтанчэйшых парываннях душы. У раманах «Партрэт невядомага» (1948), «Мартэро» (1953), «Планетарый» (1959), «Залатыя плады» (1963), «Паміж жыццём і смерцю» (1968), «Вы чуеце іх?» (1972), «Гавораць дурні» (1976), «Ты сябе не любіш» (1989) бессэнсоўнасць штодзённага жыцця, драматызм адзіноты, раз’яднанасць людзей і інш. калізіі сучаснага чалавека. Аўтар кн. аднаактовых п’ес «Тэатр» (1978), мемуараў «Дзяцінства» (1983), эсэ.

Літ.:

Рус. пер. — Золотые плоды. М., 1969;

Вы слышите их? М., 1983;

Детство // Иностр. лит. 1986. № 12;

Здесь;

Откройте. СПб., 1999.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХІ́ЕЎ (Жуніс) (н. 1.3.1950, аул Алмалы Паўд.-Казахстанскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік-фантаст. Скончыў Каз. нац. ун-т (1977). З 1977 працаваў у перыяд. друку, з 1980 — у выд-ве «Раўан», з 1986 — у Дзяржкамдруку Рэспублікі Казахстан, з 1988 — у Каз. энцыклапедыі. Першы зб. навук.-фантаст. апавяд. — «Гняздо жыцця» (1983). Аўтар зб-каў аповесцей і апавяд. «Абавязак» (1987), «Злучэнне кальца» (1991), рамана «Качэўнікі з космасу» (1999), шматлікіх арт. пра сусв. навук. фантастыку, навук.-пазнавальных арт. пра астраномію. Асобныя яго навук. фантаст. творы ўвайшлі ў калект. зб-кі «Свежы ветрык» (1977), «Агністы камень» (1981), «Падарожжа ў іншы свет» (1984), «Чырвоны прамень» (1986), «Зборнік казахскіх пісьменнікаў-фантастаў» (2000).

М.​А.​Абішава.

т. 14, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЮ́З БЕЛАРУ́СКАГА ПРАВАСЛА́ЎНАГА ДУХАВЕ́НСТВА (СБПД),

арганізацыя нацыянальна арыентаванай часткі бел. правасл. святароў Віленскай і Гродзенскай губ., якія знаходзіліся ў эвакуацыі. Створаны напярэдадні Лют. рэвалюцыі 1917 у Маскве. У СБПД уваходзілі протаіерэі І.​У.​Карчынскі, С.​І.​Кульчыцкі, святары Л.​С.​Паеўскі, Рапнін, Усякоўскі і інш. Саюз далучыўся да бел. нац. руху з цэнтрам у Маскве. Летам 1917 правёў з’езд правасл. святароў-беларусаў, на якім прынята рэзалюцыя ў нац. духу. Члены саюза супрацоўнічалі з арг-цыяй бел. каталіцкага духавенства «Хрысціянская дэмакратычная злучнасць» (пазней — Беларуская хрысціянская дэмакратыя), імкнуліся да беларусізацыі царк. жыцця, праводзілі пропаведзі на бел. мове. Спыніў дзейнасць у пач. 1918. Актыўныя члены СБПД былі арыштаваны.

А.​І.​Валахановіч.

т. 14, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)