ЛО́ГІНАЎ (Яўген Фёдаравіч) (23.10.1907, Хельсінкі — 7.10.1970),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Маршал авіяцыі (1967). У Чырв. Арміі з 1926. Скончыў ваен.-тэарэтычную школу ВПС (1926), ваен. школу лётчыкаў (1928), Ваен. акадэмію Генштаба (1949). З 1928 лётчык, камандзір звяна, атрада, эскадрыллі, на інш. камандных пасадах у ВПС. У Вял. Айч. вайну камандаваў авіяц. дывізіяй і авіяц. корпусам далёкага дзеяння. Удзельнік Сталінградскай, Курскай бітваў, Берлінскай аперацыі. У час Беларускай аперацыі 1944 удзельнічаў у вызваленні Бабруйска, Барысава, Мінска. Пасля вайны ва Узбр. Сілах СССР, нач. ф-та і нам. нач. Ваен.-паветр. акадэміі, на адказных пасадах у ВПС. З 1959 нач. Гал. ўпраўлення Грамадз. паветр. флоту, у 1964—70 міністр Грамадз. авіяцыі СССР. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1966—70. Чл. ЦК КПСС з 1967.

Я.Ф.Логінаў.

...ЛО́ГІЯ (ад грэч. logos слова, паняцце, вучэнне), частка складаных слоў, якая абазначае: вучэнне, веды, навука, напр., біялогія, геалогія.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗАЎША́НЕ,

заходнеславянскае племянное аб’яднанне. У 6—7 ст. засялілі сярэдняе Павісленне. Межавалі на ПнУ з яцвягамі. У 12 ст. М. згадваюцца ў «Аповесці мінулых гадоў» і ў хроніцы Гала Ананіма. Паводле ўзроўню сац.-эканам. становішча землі Мазовіі адставалі ад зямель Вялікай і Малой Польшчы. У 10 ст. пры Мешку I [960—992] Мазовія ўвайшла ў склад Велікапольскай дзяржавы. Пры Баляславе II [1034—37] мазавецкая знаць дамаглася поўнага аддзялення Мазовіі ад Польшчы, выбраўшы сваім князем Маіслава (Маслава, Мацлава). Казімір I, каб падпарадкаваць Мазовію, пайшоў на саюз з вял. кіеўскім кн. Яраславам Мудрым, які ў 1041, 1043, магчыма 1039, хадзіў на М. Да 1047 супраціўленне мазавецкай знаці задушана, Маіслаў забіты, Мазовія далучана да Польшчы. З 1138 Мазовіяй валодаў Баляслаў Кучаравы, пазней яго брат Конрад. Нашчадкі апошняга валодалі Мазовіяй да 14 ст. На працягу 13—14 ст. вял. кн. ВКЛ неаднойчы хадзілі на М. У 1526 Мазовія канчаткова ўвайшла ў склад Польшчы.

т. 9, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХНА́Ч (Аляксандр Іванавіч) (н. 27.8. 1922, в. Забалацце Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. драматург, празаік, публіцыст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага (1960). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці. З 1947 працаваў бібліятэкарам на Уздзеншчыне, у 1953—61 і 1963—66 — у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1949. Выдаў зб-кі драм. твораў «Драматычныя мініяцюры» (1956), «Аднаактовыя п’есы» (1961), «Мы будзем жыць» (1967), «П’есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю...» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982) і інш. Піша для дзяцей, шмат увагі аддае асэнсаванню героікі Вял. Айч. вайны: гераічныя драмы «Шпачок» (паст. 1964), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача ў 1972), дакумент. аповесці «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зб. нарысаў «Людзі граніцы» (1989). Аўтар нарысаў па праблемах экалогіі, краязнаўству.

Тв.:

Нізок: Краязн. нарысы. Мн., 1998.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫМО́НТ, Нарымунт,

Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),

князь у ВКЛ. Сын вял. кн. Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн. Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял. кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.

А.​В.​Белы.

т. 11, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КІШ ((Nikisch) Артур) (12.10.1855, Лебеньі-Сент-Міклаш, Венгрыя —23.1.1922),

венгерскі дырыжор, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1866—73). З 1874 скрыпач венскага прыдворнага аркестра. З 1878 другі дырыжор і хормайстар, у 1882—89 гал. дырыжор опернага т-ра, у 1902—07 выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. Кіраваў Бостанскім сімфанічным аркестрам (1889—93), аркестрам Гевандхаўза (з 1895), адначасова Берлінскім і Гамбургскім філарманічнымі аркестрамі, Оперным т-рам у Будапешце (1893—95) і інш. Дырыжыраваў на памяць. Яго творчасць вызначалася моцным тэмпераментам, вял. свабодай і адначасова строгасцю і дакладнасцю ў апрацоўцы дэталей. Адыграў, вял. ролю ў прапагандзе творчасці П.​Чайкоўскага ў Еўропе і Амерыцы. У рэпертуары таксама творы Л.​Бетховена, А.​Брукнера, Г.​Малера, М.​Рэгера, Р.​Штрауса, Р.​Шумана, Ф.​Ліста, Р.​Вагнера, І.​Брамса. Аўтар кантаты, арк. твораў, стр. квартэта і інш.

Літ.:

А.​Никиш и русская музыкальная культура. Л., 1975.

Л.​А.​Сівалобчык.

А.Нікіш.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Барыс Веньямінавіч) (н. 14.12.1918, г. Валгаград, Расія),

бел. спявак (драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1962). Скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных у Маскве (1951). У 1951—73 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодае гучным прыгожым голасам вял. дыяпазону, роўным ва ўсіх рэгістрах. Яго творчай індывідуальнасці найб. адпавядалі ролі героіка-драм. плана. Сярод партый у операх бел. кампазітараў: Міхась («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Мікола («Яснае світанне» А.​Туранкова), Палонскі («Надзея Дурава» А.​Багатырова); у класічных творах — Герман, Андрэй, княжыч Юрый («Пікавая дама», «Мазепа», «Чарадзейка» П.​Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.​Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Атэла, Радамес, Рычард («Атэла», «Аіда», «Баль-маскарад» Дж.​Вердзі), Энца («Джаконда» А.​Панк’елі), Каварадосі («Тоска» Дж.​Пучыні), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ). У 1962 выконваў партыі Радамеса і Сабініна ў спектаклях Вял. т-ра ў Маскве.

А.​Я.​Ракава.

т. 11, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЕ́Р ((Auber) Даніэль Франсуа Эспры) (29.1.1782, г. Кан — 12.5.1871),

французскі кампазітар. Чл. Ін-та Францыі (1829). Вучыўся ў Л.Керубіні. З 1842 дырэктар Парыжскай кансерваторыі, з 1857 узначальваў і імператарскую капэлу. Стварыў новы тып камічнай оперы з авантурна-прыгодніцкім сюжэтам, імклівым дзеяннем: «Фра-Д’ябала» (1830), «Бронзавы конь» (1835), «Чорнае даміно» (1837) і інш. Адзін з заснавальнікаў жанру вял. оперы [«Нямая з Портычы» («Фенела»), 1828].

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБАРА́ЙРСКАЯ БІ́ТВА 451,

адбылася паміж паўстаўшымі армянамі на чале з палкаводцам Варданам Маміканянам і арміяй Сасанідскага Ірана (спрабаваў навязаць сваю рэлігію) 26 мая на Аварайрскім полі (Цэнтр. Арменія). Абодва бакі панеслі вял. страты, у бітве загінуў Маміканян. Перамога іранцаў, армія якіх была ўтрая большая, не была канчатковая — барацьба працягвалася, пакуль Іран не прызнаў права армян на хрысціянскае веравызнанне.

т. 1, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́РЧАНКА (Мікалай Іванавіч) (18.12.1922, в. Майсеенкі Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 4.7.1960),

Герой Сав. Саюза (1946). У Вял. Айч. вайну з чэрв. 1941 на Паўд.-Зах., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, 3-м і 4-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір гарматы ст. сяржант Аверчанка вызначыўся пры фарсіраванні рэк Одэр і Шпрэе ў баях за Берлін 14—27.4.1945.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЯР’Я́НАЎ (Мікалай Піліпавіч) (1912, в. Негаўка Буда-Кашалёўскага р-на Гомельскай вобл. — 5.10.1942),

герой Вял. Айч. вайны. З чэрв. 1941 на Зах., Данскім франтах. 5.10.1942 у баі каля хутара Хаванскі Серафімовіцкага р-на Сталінградскай вобл. першы падабраўся да дзота праціўніка і закідаў яго гранатамі. Пры блакіраванні другога дзота ў рашаючы момант бою закрыў амбразуру сваім целам.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)