ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Гверына (17.1.1624, г. Мадэна, Італія — 6.3.1683), італьянскі архітэктар. Працаваў у Рыме, Мадэне, Месіне, Парыжы, з 1666 у Турыне. У яго пабудовах адлюстравана дынаміка позняга барока, складаны матэм. разлік спалучаецца з містычнай ірацыянальнасцю арх. вобразаў, напружанасцю формаў, вычварнасцю крывалінейных планаў: царква Сан-Ларэнца (1668—87) і Палацца Карыньяна (1679—83) у Турыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЦУ́ ((Manzù) Джакома) (24.12.1908, г. Бергама, Італія — 1991),
італьянскі скульптар. Ганаровы чл.АМСССР (1967). Вучыўся ў акадэміі Чэканьяні ў Вероне (1927). Зазнаў уплыў М.Роса. З 1941 выкладаў у АМ у Мілане, з 1955 — у летняй Міжнар.АМ у Зальцбургу. Творы вызначаюцца абвостранай дынамікай, кампазіцыйнымі кантрастамі, спалучэннем тонкай мадэліроўкі паверхні і нервова-рэзкіх ліній: серыі рэльефаў «Варыяцыі на тую ж тэму» (1939—45), «Хрыстос — чалавек сярод людзей» (1947—57), серыі скульптур «Кардыналы» (1936—69), «Танцоўшчыцы» (1951—64), «Стрыптыз» (1964—67), «Каханкі» (1965—68), прасторава-дэкар. кампазіцыі «Пасля танца» (1970-я г.) і інш. Аўтар помніка Супраціўленню ў Бергама (1978), манум.бронз. брам з рэльефамі для сабора св. Пятра ў Рыме («Брама Смерці», 1947—64), сабора ў Зальцбургу (1955—58), царквы Сінт-Лаўрэнскерк у Ротэрдаме («Брама Міру і Вайны», 1966—68). Майстар лірычнага партрэта: «Сусанна» (1937), «Галава Інге» (1958, 1960), «Дзяўчынка ў крэсле» (1955), «Партрэт Майкла Парка» (1964) і інш.Іл.гл. таксама да арт.Італія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЕЛІ́НІ ((Rossellini) Раберта) (8.5.1906, Рым — 3.6.1977),
італьянскі кінарэжысёр. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе. У першых фільмах «Белы карабель» (1941, пад кіраўніцтвам Ф. Дэ Рабертыса), «Пілот вяртаецца» і «Чалавек з крыжам» (абодва 1942) імкнуўся наблізіць маст. кінематограф да дакументальнага. Фільм «Рым — адкрыты горад» (1945, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, 1946) стаў маніфестам неарэалізму ў кіно. Значным быў і трагічны па гучанні антыфаш. фільм «Пайза» (1946, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі). Тэма маральнай дэградацыі, звязанай з грамадскім спадам канца 1940-х г., адлюстравана ў карцінах «Германія, год нулявы», «Машына забівае дрэнных» (абедзве 1948), «Дзе свабода?» (1953). Зняў шэраг фільмаў на рэліг. тэматыку: «Францыск, менестрэль Божы», «Стромбалі, зямля Божая» (абодва 1950), «Еўропа, 51» (1952). Пасля творчага крызісу вярнуўся да патрыят. і антыфаш. тэматыкі: «Генерал Дэла Раверэ» (1959, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «У Рыме была ноч», «Няхай жыве Італія!» (абодва 1960). У сярэдзіне 1960-х г. працаваў на тэлебачанні, дзе зняў шэраг фільмаў пра гіст. дзеячаў («Сакрат», 1970; «Блез Паскаль», 1971; «Дэкарт», 1973, і інш.) і гіст. падзеі («Гісторыя амерыканскай рэвалюцыі», 1971; «Італія, год першы», 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАДО́ЛЬЁ ((Badoglio) П’етра) (28.9.1871, Грацана-Манферата, правінцыя П’емонт, Італія — 31.10.1956),
дзяржаўны і ваенны дзеяч Італіі, маршал (1926). Галоўнакамандуючы італьян. войскамі ў італа-эфіопскай вайне 1935—36, пасля захопу Эфіопіі віцэ-кароль (1936—37). Удзельнік дзярж. перавароту 25.7.1943, які прывёў да падзення фаш. дыктатуры Б.Мусаліні. У 1943—44 прэм’ер-міністр. Урад Бадольё 3.9.1943 у Касібілі падпісаў з антыфаш. кааліцыяй дагавор аб ваенным перамір’і і 13.10.1943 абвясціў вайну Германіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІ́ЧЫ ((Amici) Джавані Батыста) (25.3.1786, г. Мадэна, Італія — 10.4.1863),
італьянскі батанік і оптык. Скончыў Балонскі ун-т (1808). Праф. матэматыкі Мадэнскага (1818—25), астраноміі Пізанскага (1831—35) ун-таў, дырэктар абсерваторыі ў Фларэнцыі (з 1835). Упершыню апісаў рух пратаплазмы ў расліннай клетцы і пылковую трубку (1823), адкрыў у зародкавым мяшку «зародкавы пузырок» (яйцаклетку) і назіраў за пераўтварэннем яйцаклеткі ў зародак (1843). Вынайшаў імерсійны аб’ектыў мікраскопа (1827).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЕРО́Н I (грэч. Hierōn) Старэйшы
(?, г. Катанія, Італія — 467 да н.э.),
правіцель г. Гела ў Сіцыліі ў 484—478, тыран у Сіракузах у 478—467 да н.э. Разграміў у 474 флот этрускаў каля г. Кум, падпарадкаваў гарады Пд Італіі Месана, Рэгій і інш. Пры ім Сіракузская дзяржава дасягнула росквіту. Спрыяў мастацтву, пры яго двары тварылі філосафы і паэты Эпіхарм, Сіманід, Бакхілід, Піндар і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЫЛЬЁНЕ ((Castiglione) Бальдасарэ) (6.12.1478, каля г. Мантуя, Італія — 2.2.1529),
італьянскі пісьменнік, прадстаўнік позняга Адраджэння. Літ. дзейнасць пачаў як лірычны паэт. Аўтар эклогі «Тырсі» (1506), зборнікаў вершаў, невял. паэм, лац. эпіграм. Найб. вядомы яго трактат «Прыдворны» (кн. 1—2, 1528) — своеасаблівы кодэкс ідэальна выхаванага, усебакова адукаванага і развітога чалавека.
Тв.:
Рус.пер. — Из «Книги о придворном» // Хрестоматия по зарубежной литературе: Эпоха Возрождения. М., 1959. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРГАЛЕ́ЗІ, Пергалезе (Pergolesi, Pergolese) Джавані Батыста (4.1.1710, г. Езі, Італія — 17.3.1736), італьянскі кампазітар; прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў кансерваторыі Неапаля. Працаваў у жанрах оперы-серыя («Салюстыя», 1731; «Адрыян у Сірыі», 1734; «Алімпіяда», 1735) і оперы-буфа («Закаханы манах», 1732; «Фламініо», 1735). Вядомасць набыла камічная опера «Служанка-пані» (паст. 1733, створана як інтэрмедыя да яго оперы «Горды палонны»). Яго творчасць паўплывала на развіццё камічнай оперы інш. краін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЛЬФА́РА ((Scalfaro) Оскар Луіджы) (н. 9.9.1918, г. Навара, Італія),
італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Скончыў Каталіцкі ун-т у Мілане. З 1948 дэп. парламента ад Хрысц.-дэмакр. партыі. У розныя гады займаў розныя пасады ў парламенце і ўрадзе, узначальваў міністэрствы транспарту і грамадз. авіяцыі, адукацыі; абіраўся нам. спікера ніжэйшай палаты парламента. У 1983—87 міністр унутр. спраў Італіі. З мая 1992 — прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКЕРЫ́НІ ((Boccherini) Луіджы) (9.2.1743, г. Лука, Італія — 28.5.1805),
італьянскі кампазітар, віяланчэліст. З 1761 першы віяланчэліст капэлы ў г. Лука, заснавальнік струннага квартэта. Гастраляваў у еўрап. краінах. З 1769 жыў у Іспаніі. У яго творчасці адлюстраваўся працэс фарміравання класічнага муз. стылю 18 ст.Найб. значэнне маюць яго віяланчэльныя творы, у т. л. канцэрты для віяланчэлі з арк., камерна-інстр. ансамблі. Сярод інш. твораў: каля 30 сімфоній, арк. п’есы, інстр. санаты, культавая музыка.