БУІ́ДАЎ ДЗЯРЖА́ВА,

сярэдневяковая дзяржава на тэр. Ірака і Зах. Ірана ў 935—1055. Назва ад кіруючай дынастыі (родапачынальнік Абу Ш. Буях ці Бувейх). Браты Алі, Ахмед і Хасан Буіды (Бувейхіды) на чале атрадаў наёмнікаў падпарадкавалі сваёй уладзе Зах. Іран, пасля заваявання Багдада (945) пазбавілі Абасідаў свецкай улады, прысвоілі сабе тытул «эмір эміраў». Цэнтрамі Буідаў дзяржавы. былі гарады Багдад, Рэй (каля Тэгерана) і Шыраз. Найб. значны прадстаўнік дынастыі Адуд ад-Даула [949—983] аб’яднаў усе заваяваныя Буідамі тэрыторыі (Арабскі Ірак з гарадамі Багдад і Басра, вобласці Хузістан і Фарс, вакол г. Керман, раёны гарадоў Хамадан, Ісфахан і Рэй). У 1029 дзяржава страціла ўсх. землі (тэр. вакол Рэя і Ісфахана), якія захапіў султан Махмуд Газневі (гл. ў арт. Газневіды). У 1055 Буідаў дзяржаву заваявалі сельджукі.

т. 3, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУЗЕ́Й УСХО́ДУ ў Маскве.

Засн. ў 1918 на аснове прыватных калекцый, у т. л. П.І.Шчукіна, К.Ф.Някрасава і інш. Да 1925 наз. «Ars Asiatica» («Мастацтва Азіі»), да 1962 — Музей усх. культур, да 1992 — Музей мастацтва народаў Усходу. Калекцыі ўключаюць стараж., сярэдневяковае і сучаснае мастацтва Сярэдняй Азіі, Каўказа і Закаўказзя, краін Д. Усходу і Паўд.-Усх. Азіі, Ірана, Індыі, Турцыі, араб. краін, народаў трапічнай Афрыкі; творы ўсх. дэкар.-прыкладнога мастацтва, кіт. жывапісу 11—20 ст., інд. і іранскай мініяцюры 16—17 ст., яп. гравюры 18—19 ст. і інш. Размешчаны часткова ў б. гар. сядзібе Луніных (1823, арх. Д.Жылярдзі). Як НДІ праводзіць вял. навук. работу, арганізуе археал. і этнагр. экспедыцыі, канферэнцыі, выдае каталогі, зборнікі дакладаў і навук. паведамленняў.

т. 11, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРАНІ́СТЫКА,

комплекс дысцыплін, звязаных з вывучэннем гісторыі, мовы, філас. і культ. спадчыны народаў Ірана і іранамоўных народаў, а ў найноўшы час — таксама — эканам., сац. і паліт. праблем Ірана і іранамоўных краін. Узнікненне І. ў Зах. Еўропе стымулявалася развіццём гандл. і дыпламат. зносін з Іранам. У 13—14 ст. з’явіліся першыя апісанні падарожжаў у іранамоўныя краіны Дж. дэ Плана Карпіні, Марка Пола і інш., пазней — італьян. падарожніка П. дэла Вале, франц. Ж.Тавернье, ням. А.Алеарыя і інш. У 17 — пач. 18 ст. паявіліся першыя пераклады твораў іранскіх класікаў і гіст. крыніц, слоўнікі, гіст. даследаванні. Як навука І. склалася ў сярэдзіне 19 ст. У Расіі першыя звесткі пра Іран — з часу падарожжа Афанасія Нікіціна (15 ст.), навук. працы па І. — з канца 18 ст. Колькасць іх павялічылася ў 19 ст. ў сувязі з актывізацыяй палітыкі Расіі ў Іране. Найб. значныя працы па І. стварыў В.У.Бартальд, які распрацоўваў сац.-эканам. пытанні. У б. СССР І. інтэнсіўна развівалася ў 1950—80-я г. Даследаваліся праблемы нац. гісторыі і культуры іранамоўных народаў, іх нац.-вызв. барацьба, паліт. і сац. пытанні (З.А.Арабаджан, Б.Г.Гафураў, А.І.Калеснікаў, В.С.Кузняцоў, Н.В.Пігулеўская, В.В.Струвэ і інш.); выдадзены шэраг манаграфій, калект. прац і зборнікаў. У самаст. галіны вылучыліся іранская філалогія (М.С.Андрэеў, І.І.Зарубін, Б.У.Мілер, І.М.Аранскі, А.А.Фрэйман і інш.), літаратуразнаўства і тэксталогія (С.Айні, Я.Э.Бертэльс, А.М.Болдыраў і інш.). Пытанні І. ў сучаснай Расіі распрацоўваюцца ў ін-тах этнаграфіі, філасофіі, сусв. эканомікі і міжнар. зносін, сусв. л-ры і мовазнаўства АН Расіі, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, у Ін-це краін Азіі і Афрыкі пры Маскоўскім ун-це. Праблемы І. даследуюцца ў навук. установах краін Сярэдняй Азіі і Закаўказзя, вядучых краін Еўропы, Азіі і Амерыкі.

т. 7, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,

ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).

У.С.Кошалеў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),

сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.

Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНІ́ЙСКІ СУЛТАНА́Т, Іканійскі султанат, Сельджукскі султанат,

дзяржава на п-ве М. Азія (цяпер тэр. Турцыі) у канцы 11 — пач. 14 ст. Сталіцы — гарады Нікея (да 1097) і Конья (адсюль назва). Утварыўся ў выніку заваявання туркамі-сульджукамі візант. зямель у М. Азіі (у араб. і перс. аўтараў наз. Рум) і распаду адзінай Сельджукаў дзяржавы. У выніку 1-га крыжовага паходу 1096—99 шэраг тэрыторый султаната, у т. л. Нікея, адышлі да Візантыі. Пазней ч. гэтых зямель адваявана, але ў процістаянні з Нікейскай імперыяй у пач. 13 ст. К.с. панёс новыя тэр. страты. Найб. росквіту дасягнуў пры султане Ала-ад-дзіне Кей Кубаду [1219—36]; цэнтрамі рамяства і гандлю былі гарады Конья, Кайсеры і інш. З 1243 султанат — васал манг. правіцеляў (ільханаў) Ірана. У 1307 распаўся на дробныя княствы, адно з якіх — бейлік (акруга) Асмана — з пач. 14 ст. стала ядром будучай Асманскай імперыі.

т. 7, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХТУМКУЛІ́ (каля 1733, с. Хаджыгаўшан Балканскай вобл., Туркменістан — 1780-я г.),

туркменскі паэт-мысліцель; пачынальнік туркм. л-ры. Сын Д.Азадзі. Вучыўся ў медрэсэ Шыргазі (г. Хіва). Шмат падарожнічаў, вывучаў л-ру, фальклор Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана. Захавалася больш за 10 тыс. вершаваных радкоў (вершы, паэмы, оды, элегіі; упершыню апублікаваны ў 1842). У вершах, ліра-эпічных паэмах сац.-філас. зместу асуджаў міжплемянныя спрэчкі і варожасць, выказваў пратэст супраць феад. ўціску, заклікаў да яднання ў змаганні за незалежнасць. Пісаў творы інтымнай тэматыкі. У сатыр. вершах высмейваў людскія заганы. Многія яго творы адметныя рэліг. настроем. Замяніў араба-перс. метрыку (аруз) нар. сілабічнай сістэмай, наблізіў мову паэзіі да народнай і фальклору. На бел. мову творы М. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, А.Вольскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, У.Караткевіч, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, П.Макаль, У.Паўлаў, П.Прыходзька, М.Танк, У.Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — Салавей шукае ружу: Выбр. лірыка. Мн., 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983;

Стихотворения. Л., 1984.

Махтумкулі.

т. 10, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАВІ́ЙСКАЕ МО́РА,

паўзамкнёнае мора Індыйскага ак. паміж паўастравамі Індастан на У і Аравійскім на З. Абмывае берагі Самалі, Джыбуці, Йемена, Амана, ААЭ, Саудаўскай Аравіі, Кувейта, Ірака, Ірана, Пакістана, Індыі. Пл. 4832 тыс. км². Сярэдняя глыб. 2734 м, найб. 5803 м. Берагі высокія, скалістыя, месцамі нізінныя дэльтавыя, парэзаныя залівамі і бухтамі. Найб. залівы: Адэнскі на З (злучаецца Баб-эль-Мандэбскім пралівам з Чырвоным м.), Аманскі на ПнЗ (злучаецца Армузскім пралівам з Персідскім залівам), Кач і Камбейскі на ПнУ. Найб. а-вы: Сакотра і Лакадыўскія. У Аравійскае мора ўпадае р. Інд. Рэльеф дна выраўнаваны, агульны нахіл з Пн на Пд; на З падводны хр. Мары. Клімат трапічны мусонны. Частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра вады на паверхні зімой 22—27 °C летам 23—28 °C. Салёнасць 35,8—36,57 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 5,1 м). Фауна: дзюгонь, лятучыя рыбы, тунец, меч-рыба, паўд. селядзец, рыфавыя рыбы, паруснікі і інш. Гал. парты: Бамбей (Індыя), Карачы (Пакістан), Адэн (Йемен).

З.А.Андрыеўская.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДАКТЫ́ЧНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

літаратурныя творы розных жанраў павучальнага характару. Выкарыстоўвае мастацкую (пераважна вершаваную) форму для выкладу навук., філас., маральных, рэліг. ведаў і ідэй. Уключае жанры: дыдактычны эпас (вершаваныя навук. паэмы), апавяд. жанры (павучальныя аповесці, байка, прытча, апалог, афарызм), дыдакт. лірыку (вершаваныя выслоўі, павучальныя пасланні) і драму (маралітэ, міракль, школьная драма) і інш.

Вытокі Д.л. ў фальклоры, рэліг. пропаведзях, павучаннях, аратарскай прозе. Вядома ў л-рах Стараж. Індыі («Панчатантра»), Кітая (трактаты Канфуцыя), Ірана (трактаты Заратуштры), стараж.-яўрэйскай (прытчы Саламона) і антычнай («Турботы і дні» Гесіёда, «Пра сутнасць рэчаў» Лукрэцыя).

У л-ру Кіеўскай Русі прыйшла з прыняццем хрысціянства. Элементы дыдактыкі ўласцівы стараж.-рус. («Павучанне Уладзіміра Манамаха») і бел. перакладной («Гісторыя пра Варлаама і Іасафа», «Вялікае зярцала»), арыгінальнай (творы Кірылы Тураўскага, Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага), некат. творам агіяграфічнай л-ры (гл. Жыціе). Моцны дыдактычны пачатак у палемічнай л-ры («Апакрысіс» Х.Філалета, «Трэнас» М.Сматрыцкага, «Дыярыуш» А.Філіловіча), творчасці Сімяона Полацкага. У 19 ст. аддзяляецца ад маст. л-ры. У наш час паняцце Д.л. набывае адмоўны эстэт. сэнс.

Г.Я.Адамовіч.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБІ́ДСКІЯ ПАЎСТА́ННІ 1848—52,

антышахскія і антыкаланіяльныя нар. паўстанні ў Іране пад кіраўніцтвам бабідаў (прыхільнікаў Баба). Былі рэакцыяй на адсутнасць наспелых у краіне сац.-эканам. рэформаў і ўмяшанне Англіі, Расіі і інш. дзяржаў ва ўнутр. справы Ірана. 1-е паўстанне адбылося ў вер. 1848 — маі 1849 у Мазендэране. Каля 2 тыс. паўстанцаў, гал. чынам сялян і рамеснікаў, пабудавалі на беразе р. Талар (на ПдУ ад г. Барфаруш) крэпасць. На чале з муламі Махамедам Алі Барфарушскім і Хасейнам Башруе яны спрабавалі адмяніць прыватную ўласнасць, абвясціць усю маёмасць агульным набыткам, ажыццявіць роўнасць людзей (харчаваліся з агульнага катла). Задушана шахскімі ўладамі. 2-е паўстанне праходзіла ў г. Зенджан (май—снеж. 1850) пад аналагічнымі лозунгамі. Паўстанцы абвясцілі пра заснаванне новага вечнага царства са справядлівымі парадкамі. Вераломна задушана ўладамі. 3-е паўстанне ў чэрв. 1850 у г. Нейрыз пратрымалася ўсяго некалькі дзён. Пасля яго задушэння бабідскі рух страціў масавы характар. У жн. 1852 бабіды здзейснілі няўдалы замах на жыццё шаха Наср-эд-дзіна. Уцалелыя ад шахскіх рэпрэсій бабіды ўцяклі ў Ірак і інш. краіны.

т. 2, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)