ЛЮСТЭ́РКА,

цела з адбівальнай паверхняй, няроўнасці якой не перавышаюць долей даўжыні хвалі (эл.-магн. ці гукавой). Выкарыстоўваецца ў побыце, астр. і фіз. прыладах, ультрагукавой апаратуры, медыцыне і інш.

Уласцівасці Л. вызначаюцца каэфіцыентам адбіцця матэрыялу, з якога яно зроблена, і формай яго паверхні. Каэфіцыент адбіцця ўплывае на энергію адбітай хвалі, для яго павелічэння на паверхню Л. наносяць тонкі слой металу або мнагаслойнае дыэл. пакрыццё. Форма Л. вызначае від адбітай хвалі (плоскай, цыліндрычнай, сферычнай). Плоскае Л. змяняе толькі напрамак распаўсюджвання хвалі і захоўвае яе від (напр., плоская хваля застаецца плоскай, сферычная — сферычнай). Увагнутыя і выпуклыя Л. з паверхняй рознай формы змяняюць напрамак распаўсюджвання і від адбітай хвалі, напр., плоская хваля пры адбіцці ад знешняй паверхні конуса пераўтвараецца ў цыліндрычную, цыліндрычная пры адбіцці ад унутранай паверхні конуса — у плоскую. Аптычныя Л. пазбаўлены храматычнай аберацыі (гл. Аберацыі аптычных сістэм).

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦЕ́ЖНЫ КРЭДЫ́Т,

крэдыт на аплату разліковых дакументаў пры наяўнасці ў плацельшчыкаў (пакупнікоў) часовых фін. цяжкасцей, што ўзнікаюць у сувязі з несупадзеннем тэрмінаў паступлення сродкаў і плацяжоў або па інш. прычынах. Выдаецца з пазыковых рахункаў, на якіх банк улічвае прадастаўленне і вяртанне крэдыту на аплату прадукцыі, аказанне паслуг і выкананне работ, на пагашэнне дэбетавага сальда па заліку ўзаемных патрабаванняў (яно ўзнікае, калі сума плацяжоў большая за суму паступленняў сродкаў, і паказваецца ў актыве бухгалтарскага балансу), дакументаў па пераразмеркаванні абаротных і інш. сродкаў, на выплату заработнай платы. Разліковымі дакументамі з’яўляюцца аформленыя ў пісьмовым выглядзе запатрабаванні або даручэнні прадпрыемстваў, аб’яднанняў, арг-цый і ўстаноў на пералічэнне грашовых сродкаў у безнаяўным парадку за адпушчаныя (адгружаныя) таварна-матэрыяльныя каштоўнасці, выкананыя работы і паслугі. Асн. з іх: плацежныя запатрабаванні, плацежныя даручэнні і разліковыя чэкі (гл. Плацежны сродак).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 12, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДНАЕ АСЯРО́ДДЗЕ,

прыродная складаючая ч. асяроддзя існавання і вытв. дзейнасці чалавецтва; частка навакольнага асяроддзя. Уключае сукупнасць прыродных і змененых чалавечай дзейнасцю аб’ектаў жывой і нежывой прыроды, якія часткова або поўнасцю захавалі ўласцівасць самаразвіцця (напр., лясныя высечкі, аблогі, часткова знішчаныя папуляцыі дзікіх жывёл). П.а. не залежыць ад непасрэднага кантакту з чалавекам, можа разглядацца ў адносінах да жывёл, раслін і інш. Блізкае да П.а. ў вял. маштабе паняцце геаграфічнага асяроддзя. Існуюць таксама паняцці вонкавае асяроддзе (сілы і з’явы прыроды, яе рэчыва і прастора, дзейнасць чалавека, якія знаходзяцца па-за разглядаемым аб’ектам, аднак ўзаемадзейнічаюць з ім) і экалагічнае асяроддзе (у дачыненні толькі да жывых істот). Мадыфікацыі П.а., створаныя людзьмі (гасп. зямельныя ўгоддзі, зялёныя насаджэнні, с.-г. жывёлы і інш.), наз. асяроддзем развіцця. Яно не здольна самападтрымлівацца і без рэгулявальнага ўздзеяння чалавека паступова разбураецца.

В.​С.​Аношка.

т. 13, с. 81

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАВА́РЫЯ (Bayern),

зямля (адм. адзінка) на Пд ФРГ. Пл. 70,6 тыс. км². 11,9 млн. чал.(1994). Адм. ц.г. Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль уся тэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.

Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у т. л. вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр. прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.

Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл. Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.

Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́СНІ ПРА КАХА́ННЕ,

пазаабрадавая песенная паэзія розных народаў, звязаная з інтымнымі перажываннямі лірычнага героя. Сярод інш. песенных жанраў і груп вылучаюцца глыбокім рэалізмам. Іх лірычныя героі — канкрэтныя асобы (хлопец і дзяўчына) і іх унутр. свет, часта споведзь лірычнага героя. Вобраз дзяўчыны надзелены асабліва прывабнымі рысамі — пяшчотай, шчырасцю, адданасцю, багаццем духоўнага свету, высакароднасцю, мудрасцю, працавітасцю. Вернасць у каханні і самаахвярнасць узняты на самую высокую ступень агульначалавечай маралі. У бел. песнях шырока паказаны бяспраўнае становішча сял. дзяўчыны ва ўмовах патрыярхальна-сямейнага ўкладу і феад.-прыгонніцкага ладу, залежнасць яе ад бацькоў. Гераіня нярэдка ўздымаецца над суровай рэчаіснасцю, бароніць сваю годнасць, права на свабоду выбару, сваіх пачуццяў, ідэалаў і поглядаў. У іх цэлы комплекс чалавечых узаемаадносін, у якім паядналіся розныя сямейна-бытавыя і грамадскія праблемы — звычаёва-прававыя, сац., маральныя, філас., этычныя, эстэтычныя і інш. Дамінуе нар. мараль, якая выхоўвае ў чалавеку ідэалы дабра, справядлівасці, вышыні духу. Праз многія песні праходзіць матыў горкай долі напачатку ў бацькоў, потым у сям’і мужа, што ўспрымаецца як доля самога народа, суровая і беспрасветная. Сац. становішча, якое вызначала адносіны паміж людзьмі, негатыўна адбівалася на шчырых памкненнях закаханых. Але якім цяжкім ні было б каханне, калі яно заснавана на шчырым і ўзаемным пачуцці, яно заўсёды прыносіць чалавеку вял. радасць і шчасце — асн. змест большасці такіх песень. Прывабнымі фарбамі ў іх намаляваны і вобраз хлопца. Яго заляцанні, жаданне пабачыцца з каханаю, звязаць з ёю свой лёс маляўніча ўвасоблены ў многіх песнях. Побач з каханнем крочыць здрада, якая ніколі не даруецца. У песнях асуджаецца рэўнасць як сляпое пачуццё, як трагедыя вызначаецца адзінота, спароджаная маральна-этычнымі нормамі. Рускія П.п.к. падзяляюцца на частыя, дзе адносіны закаханых разгортваюцца на бытавым фоне, і працяжныя — элегічныя паводле тону, выказваюць сум, журбу, крыўду.

Публ.:

Песні пра каханне. Мн., 1978;

Пісні кохання. Київ, 1986.

Літ.:

Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968;

Колпакова Н.П. Восточнославянская лирическая песня: (Сравнит. анализ поэтики) // Русский фольклор. М.; Л., 1968. Т. 11.

І.​К.​Цішчанка.

т. 12, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ЎРАЧО́Ў, Таварыства віцебскіх урачоў. Дзейнічала ў Віцебску ў 1874—1941. У 1876 налічвала 41 чал. Напачатку займалася пытаннямі сан.-гігіенічнага стану Віцебска. Пратаколы т-ва ў 1877—78 друкаваліся ў «Витебских губернских ведомостях» і выдаваліся асобнымі адбіткамі. У 1917 т-ва пераўтворана ва ўрачэбную секцыю саюза «Усерасійская медыка-санітарная праца» («Усемедсанпраца»), потым у акруговае аддз. саюза. У 1925 пры аддз. створаны навук. гурток. З 1926 у лячэбных установах горада створаны па спецыяльнасцях урачэбныя секцыі, якія ў 1935 пасля адкрыцця кафедраў Віцебскай бальніцы-медінстытута аб’ядналіся ў навукова-мед. т-ва. Яно імкнулася далучыць мясц. урачоў да навук. працы і палепшыць мед. абслугоўванне горада і бліжэйшых раёнаў. Аб’ядноўвала супрацоўнікаў мед. ін-та, у т. л. 27 прафесараў і дацэнтаў і 302 асістэнты (1941). Спыніла існаванне ў сувязі з пачаткам Вял. Айч. вайны. З 1944 дзейнічаюць абласныя спецыялізаваныя мед. навук. т-вы.

А.​П.​Малчанаў.

т. 4, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРАКАЎБО́РАЧНАЯ МАШЫ́НА.

Бываюць паўнавясныя, навясныя, самаходныя, шасцірадковыя (замежныя — 1—6-радковыя). На Беларусі ў асн. выкарыстоўваюцца самаходныя буракаўборачныя машыны для цукр. буракоў КС-6Б(В) (г. Цярнопаль, Украіна), прычапныя для цукровых і кармавых буракоў МКП-6 («Лідсельмаш») і ўборачны комплекс для цукр. буракоў у складзе буракаўборачнай машыны КСН-6 і падборшчыка-пагрузчыка ППК-6 («Гомсельмаш»).

Машына МКП-6 падкопвае карані буракоў з папярэдне абрэзаным бацвіннем (яно падаецца ў трактарны прычэп або раскідваецца па полі), выбірае іх з глебы, загружае ў трансп. сродак, які ідзе побач. Буракаўборачная машына КСН-6 зразае бацвінне, выкопвае карані і ўкладвае іх у валок. Буракі з валка падбіраюцца тэхнал. пагрузчыкам ППК-6. Прадукцыйнасць МКП-6 да 1 га/гадз, уборачнага комплексу да 1,3 га/гадз.

Г.​Г.​Маркевіч.

Схема буракаўборачнай машыны МКП-6: 1 — трактар; 2 — выкопвальнае прыстасаванне; 3 — турбінны ачышчальнік; 4 — падоўжны элеватар; 5 — сепаравальная горка; 6 — выгрузны транспарцёр; 7 — транспартны сродак.

т. 3, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАЙНО́ГА АДМАЎЛЕ́ННЯ ЗАКО́Н,

закон логікі, паводле якога адмаўленне адмаўлення (г.зн. паўторанае двойчы адмаўленне) дае сцвярджэнне. Напр.: «Калі няправільна, што сусвет не з’яўляецца бясконцым, то ён бясконцы». Гэты закон вядомы з часоў антычнасці. Стараж.-грэч. філосафы Зянон Элейскі і Горгій выкладалі яго так: калі з адмаўлення якога-н. выказвання выходзіць супярэчнасць, то мае месца двайное адмаўленне зыходнага выказвання, г.зн. яно само. Д.а.з. запісваецца ў вылічэнні выказванняў сучаснай матэм. логікі наступным чынам: a→A, што чытаецца так: «двайное адмаўленне a мае вынікам A′» (знак → — знак імплікацыі, які адпавядае злучніку «калі, то»). Другі закон логікі, які гаворыць аб магчымасці не здымаць, а ўводзіць 2 адмаўленні, называюць зваротным Д.а.з.; двайное сцвярджэнне мае вынікам сваё двайное адмаўленне. Напр.: «Калі Шэкспір пісаў санеты, то няпраўда, што ён не пісаў санеты». Аб’яднанне гэтых 2 законаў дае поўны Д.а.з.: двайное адмаўленне раўназначна сцвярджэнню. Напр.: «Планеты не нерухомыя толькі ў тым выпадку, калі яны рухаюцца».

т. 6, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНЕ́ЙНАЕ КІРАВА́ННЕ,

структура кіравання, якая мае на мэце прамое ўздзеянне на працэс кіравання з боку лінейнага кіраўніка (дырэктара, начальніка, майстра, брыгадзіра). Кіраўнік засяроджвае ў адных руках усе функцыі кіравання. Пры такой структуры кожнае падраздзяленне (або асобны выканаўца падпарадкоўваецца аднаму вышэйстаячаму органу кіравання ці кіраўніку, які самастойна выконвае ўсе кіраўніцкія функцыі. Станоўчым у Л.к. з’яўляецца тое, што яно выключае двайное падпарадкаванне, мае дакладныя і простыя ўзаемаадносіны, вызначаецца аператыўнасцю распрацоўкі і рэалізацыі кіраўніцкіх рашэнняў, павышае адказнасць кіраўніка за вынікі работы; адмоўнае — значны аб’ём інфармацыі, што перадаецца на розных узроўнях, высокія патрабаванні да кваліфікацыі кіраўнікоў і іх кампетэнцыі ва ўсіх пытаннях работы падначаленых звёнаў, абмежаванне ці зніжэнне ініцыятывы работнікаў ніжэйшых узроўняў кіравання. Л.к. больш прыдатнае пры невял. аб’ёмах работ, дзе задача па кіраванні менш складаная. Усё большыя аб’ёмы і складанасці вытв-сці прадвызначылі далейшае раздзяленне функцый кіравання і выклікалі неабходнасць выкарыстання функцыянальнага кіравання.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 9, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫТАНІ́Т,

запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)