ВО́СЕНЬ,

пара года і пераходны кліматычны сезон паміж летам і зімой. Астранамічная восень у Паўн. паўшар’і — прамежак часу ад 23 вер. (асенняе раўнадзенства) да 22 снеж. (зімовае сонцастаянне), у Паўд. паўшар’і — ад 21 сак. да 22 чэрвеня. Асеннія месяцы ў Паўн. паўшар’і верасень, кастрычнік, лістапад, у Паўд. — сак., крас., май (гл. Каляндар). Паводле феналагічных з’яў восень падзяляецца на залатую (пажаўценне лісця), глыбокую і перадзім’е. Ва ўмераных шыротах восень характарызуецца паступовым зніжэннем т-ры паветра да адмоўнай сярэднямесячнай, працяглымі дажджамі, адлётам птушак у вырай, лістападам, замярзаннем глебы, з’яўленнем снегавога покрыва, ледаставам на рэках і азёрах.

На Беларусі пачаткам восені лічыцца дата ўстойлівага пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 10 °C, а канцом — праз 0 °C у бок паніжэння. Пачынаецца восень у канцы 2-й — пач. 3-й дэкады вер. на Пн і У, у канцы 3-й дэкады вер. — 1-й дэкадзе кастр. на Пд і ПдЗ. Часам бывае вяртанне цёплага надвор’я — «бабіна лета». Канец восені супадае з паяўленнем снегавога покрыва ў пач. 2-й дэкады ліст. на ПнУ, у канцы ліст. на ПдЗ. Восень — час уборкі ўраджаю, сяўбы азімага жыта, канец вегетацыі раслін, падрыхтоўкі жывёл да зімы.

т. 4, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІЦЫ́ЗМ,

метад пазнання і светапогляд, заснаваныя на прызнанні механічнай формы руху матэрыі адзіна аб’ектыўнай. Адмаўляе якасную разнастайнасць з’яў у прыродзе і грамадстве і лічыць іх суб’ектыўнай ілюзіяй. У больш шырокім сэнсе М. — метад звядзення складаных з’яў да больш простых, раскладання цэлага на часткі, неспецыфічныя для гэтага цэлага (напр., на біял. адносіны пры разглядзе сац. з’яў). Узнікненне і распаўсюджанне М. звязана з дасягненнямі класічнай механікі ў 16—18 ст. (Г.​Галілей, І.​Ньютан, П.​Лаплас, Т.​Гобс, Ж.​Ламетры, П.​Гольбах), хоць асобныя яго рысы сустракаюцца ў ант. атамізме і сярэдневяковым наміналізме. У 19 ст. метады механікі распаўсюджваліся на грамадскія працэсы, сферу цеплавых з’яў, электрычнасці і магнетызму (Л.​Бюхнер, К.​Фогт, Я.​Молешот, Я.​Дзюрынг). У 20 ст. М. час ад часу адраджаўся ў новых «энергетычных», «тэрмадынамічных» і інш. канцэпцыях (В.​Оствальд, А.​Барсело і інш.), аднак дасягненні навукі 19—20 ст. разбурылі механіст. карціну свету. М. крытыкавалі Б.​Спіноза, Г.​Лейбніц, Д.​Дзідро; як метад мыслення пераадолены Г.​Гегелем (яму належыць тэрмін М.). М. зрабіў значны ўклад у развіццё навукі і філасофіі, прапанаваў прыродазнаўчанавук. разуменне многіх з’яў прыроды, вызваліў іх ад міфалагічнага і рэліг.-стахаст. тлумачэння.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СОН,

фізіялагічны стан мозга і ўсяго арганізма чалавека і жывёл, які характарызуецца значным зніжэннем рухомасці, амаль поўнай адсутнасцю рэакцый на знешнія раздражняльнікі і адначасова асобнай арганізацыяй актыўнасці нейронаў галаўнога мозга. Надыходзіць перыядычна ў адпаведнасці з біярытмам «С. — няспанне».

Стан С. мае 2 фазы. Для яго павольнай фазы характэрны павольныя ваганні эл. патэнцыялу, паніжэнне тонусу шкілетных мышцаў, адсутнічаюць рухі вачэй (або маюць маятнікападобны характар). Фаза хуткага С. надыходзіць звычайна пасля павольнай і на электраэнцэфалаграме характарызуецца нізкаамплітуднай. пачашчанай рытмікай, падобнай на карцінку няспання або дрымоты. Суправаджаецца прыгнечанасцю спіннамазгавых рэфлексаў, павелічэннем мазгавога крыватоку і інш. (танічныя зрухі), хуткімі рухамі вачэй, падрыгваннем канечнасцей, вушэй, вібрысаў, асобнымі разрадамі ў мозгу і інш. (фіз. зрухі). Пры абуджэнні пасля хуткага С. чалавек часта паведамляе пра снабачанні сненні*. У нованароджаных пераважае хуткі С., у людзей 15—20 гадоў ён доўжыцца 20% ад агульнага часу С., у старасці працягласць хуткага С. памяншаецца. Паслядоўнасць фазы павольнага і хуткага С. ўтвараюць цыкл С., які адлюстроўвае фундаментальны біярытм «спакой-актыўнасць», яго перыяд у чалавека звычайна 90—100 мін. Стан С. забяспечваецца разгалінаванай сістэмай нейронных утварэнняў, якая ахоплівае амаль усе ўзроўні мозга. Мазгавы крываток і паглынанне кіслароду ў час С. не ніжэй, чым пры няспанні, таму С. адносіцца да асоба арганізаванай дзейнасці мозга, а не да стану функцыян. дэзактывацыі, спакою, затарможанасці клетак. У час С. перапрацоўваецца інфармацыя, што паступіла пры няспанні і мае адносіны да засваення новага вопыту, памяці і аховы ад стрэсу.

Літ.:

Ротенберг В.С. Адаптивная функция сна: Причины и проявления ее нарушения. М., 1982;

Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984.

С.​С.​Ермакова.

т. 15, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́СК,

араб. Дымашк, Дымішк, горад, сталіца Сірыі. Адм. ц. мухафазы Дамаск. Знаходзіцца ў даліне р. Барада, ва ўсх. перадгор’ях Антылівана. 1444 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Галоўны гандл.-прамысл., фін. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: харч. (асабліва цукр., мукамольная, піваварная, тытунёвая, шакаладная, вытв-сць цукатаў), цэм., шкляная, тэкст., фармацэўтычная, радыёэлектронная, металічная. Рамесніцкая вытв-сць (залатыя, сярэбраныя, медныя, латунныя, скураныя, драўляныя вырабы, дываны, парчовыя тканіны). Цэнтр турызму. Ун-т. Дамаская і Арабская акадэміі. Музеі, тэатры.

Упершыню ўпамінаецца ў 16 ст. да н.э., калі знаходзіўся пад уладай егіп. фараонаў. З канца 11 да 732 да н.э. цэнтр Дамаскага царства, пазней у складзе Ахеменідаў дзяржавы. з 4 ст. н.э. пад уладай Візантыі. У 635 заваяваны арабамі. Росквіту дасягнуў, калі стаў сталіцай Амеядаў халіфата (661—750). З канца 11 ст. цэнтр супраціўлення крыжаносцам (у 1148 беспаспяховая аблога горада Конрадам III). У 13 — пач. 16 ст. цэнтр караваннага гандлю і рамесніцтва. У 1260 захоплены мамлюкамі, у 1401 — Цімурам, у 1516 —туркамі на чале з Селімам I. Фанатыкі-мусульмане ў 1840 выразалі яўр., у 1860 — хрысц. насельніцтва горада. Да канца 1-й сусв. вайны ў складзе Асманскай імперыі. У 1920—43 адм. ц. франц. падмандатнай тэрыторыі. З 1943 сталіца Сірыі.

Рэгулярная планіроўка асобных кварталаў бярэ пачатак ад эліністычнага і рым. перыядаў. Сярод помнікаў рым. часу рэшткі абарончых сцен, акведук (функцыянуе), карынфская каланада ўвахода ў свяцілішча Юпітэра Дамаскага (1 ст. н.э., на месцы арамейскага храма Хадада, у візант. час перабудаваны ў царкву Іаана Хрысціцеля). Помнікі сярэдневяковай араб. архітэктуры: Амеядаў мячэць, марыстан Нур-ад-дзіна (1154, засн. як шпіталь і мед. школа), маўзалей Салах-ад-дзіна (12 ст., рэстаўрыраваны ў 19 ст.), медрэсэ ан-Нурыя (1172), Адылія (1171—1222, цяпер Араб. акадэмія) і Захірыя (1277, цяпер Нац. б-ка), мячэці асманскага часу Такія Сулейманія (1554, арх. Сінан), Дэрвішыя (1574), Сінан-пашы (1586—91), шматлікія караван-сараі (ханы) 15—18 ст., палац Азема (1749, цяпер Музей нар. мастацтва). Забудоўваецца па генпланах 1929 і 1967. Старадаўні цэнтр маст. рамёстваў. Стары Д. уключаны ЮНЕСКА ў спіс Сусветнай спадчыны.

т. 6, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ А́ЗІЯ,

частка тэр. Азіі ад Каспійскага м. на З да граніцы з Кітаем на У і ад Арала-Іртышскага водападзела на Пн да граніцы з Іранам і Афганістанам на Пд. Прырода адрозніваецца вял. кантрастнасцю: найвыш. горныя сістэмы — Цянь-Шань і Памір, вял. раўнінныя прасторы Туранскай нізіны з пустынямі Каракумы і Кызылкум, на Пн — Тургайскае плато і Казахскі драбнасопачнік. Каля ўзбярэжжа Каспійскага мора ўпадзіна Карагіе (-132 м). С.А. — вобласць унутр. сцёку. Гал. рэкі (Амудар’я, Сырдар’я, Ілі) упадаюць у буйнейшыя азёры — Аральскае мора і Балхаш. На раўнінах пераважаюць пустынныя ландшафты, у гарах — ландшафты зменьваюцца ў залежнасці ад вышыннай пояснасці і экспазіцыі схілаў ад пустынных падгорных раўнін да халодных пустынь і ледавікоў.

Тэрмін С.А. ўведзены ў рускамоўны ўжытак у сярэдзіне 19 ст. і звязаны з творамі ням. вучонага А.​Гумбальта, які называў вялізны рэгіён унутры кантынент. Азіі па-нямецку «Mittelasien», што мае дваякі пераклад: «Цэнтр. Азія», або «С.А.»; у рускамоўнай л-ры ўжываліся абедзве назвы. Пасля заваявання Расіяй Туркестана (2-я пал. 19 ст.) С.А. сталі наз. толькі рас. ўладанні Цэнтр. Азіі, а раёны на У ад іх — Цэнтр. Азіяй. У сав. час сярэднеазіяцкімі наз. 4 саюзныя рэспублікі: Узбекістан, Кіргізія, Таджыкістан і Туркменістан. У 1993 на нарадзе кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў Казахстана, Узбекістана, Кіргізіі, Таджыкістана і Туркменістана вырашана адмовіцца ад тэрміна «С.А.» і называць гэты рэгіён (цяпер з 5 рэспублік СНД) Цэнтр. Азіяй. Але назва «С.А.» да нашага часу выкарыстоўваецца ў беларускамоўнай і рускамоўнай л-рах.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРМІРАВАННЕ РЭЛЬЕФУ.

Рэльеф Беларусі ўтварыўся ў выніку ўзаемадзеяння экзагенных і эндагенных фактараў на працягу ўсёй геалагічнай, асабліва мезазойска-кайназойскай, гісторыі развіцця зах. часткі Усходне-Еўрапейскай платформы, а ў апошні час і тэхнагенных працэсаў. Вялікую ролю адыгралі ледавіковыя покрывы, якія ў чацвярцічны перыяд неаднаразова насоўваліся ў межы рэгіёна, што прывяло да значнай змены агульнага араграфічнага аблічча.

У канцы перадледавікоўя тэр. Беларусі ўяўляла сабой пераважна спадзіста-хвалістую дэнудацыйную раўніну, паверхня якой мела форму амфітэатра, адкрытага на ПнЗ, і была складзена з карэнных парод. На ПдЗ пераважалі азёрна-алювіяльныя, месцамі забалочаныя нізіны. Перасечанасць рэльефу была невялікая. Паўсюдна сустракаліся азёры тэктанічнага і старычнага паходжання (асабліва на ПдЗ Беларусі). На Пн і У яны займалі невялікія плошчы, і толькі ў раёне сучаснага сярэдняга цячэння Прыпяці знаходзіўся вялікі вадаём або група вадаёмаў.

У нараўскі час значную частку тэр. Беларусі перакрывалі ледавіковыя покрывы, мяжа распаўсюджвання якіх праходзіла па лініі Шарашова—Любань—Глуск—Жлобін—Клімавічы. У выніку дзейнасці ледавіка ўзнік складаны комплекс марэнных, флювіягляцыяльных і азёрна-ледавіковых адкладаў, якія ў наш час пашыраны толькі ў зах. і цэнтр. частках краіны. На астатняй тэр. ўтварэнні нараўскага ўзросту ў значнай ступені размыты або здзёрты наступнымі ледавіковымі покрывамі. Морфагенез нараўскага часу на тэр. Беларусі ў генетычных адносінах значна адрозніваецца ад даледавіковага: павялічылася агульная расчлянёнасць зямной паверхні да 120—140 м, паўд. частка (Палессе) пачала набываць выгляд катлавіны. Узніклі краявыя ледавіковыя ўзвышшы, якія прымеркаваны да плошчаў распаўсюджвання сучаснага ўзгоркава-градавага рэльефу. Плошчы гэтых стараж. узвышшаў былі невялікія, найбольшыя з іх — міжлопасцевыя ўтварэнні ў раёне Гродна, Навагрудка і на Пн ад Мінска.

На тэр. Беларусі трапляюцца адклады белавежскага міжледавікоўя ў выглядзе азёрных, азёрна-алювіяльных і балотных комплексаў, размешчаных у паніжэннях на ледавіковых адкладах, у лагчынах — на больш стараж. гарызонтах. Рэльеф стаў больш разнастайным: дэнудацыйныя паверхні змяніліся пераважна ледавіковымі. Дэнудацыйныя раўніны зберагліся толькі на Пд і У Беларусі. На астатняй тэр. рэльеф складалі пераважна спадзістахвалістыя зандравыя раўніны і нізіны, над якімі на 40—60 м узвышаліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы і на 5—10 м — марэнныя раўніны. Ніжэй зандраў (на 5—10 м) размяшчаліся азёрна-ледавіковыя нізіны, а таксама азёры і рачныя даліны (Пра-Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць, Сож і інш.). Бярэзінскі ледавік амаль цалкам перакрыў тэр. Беларусі. У пазаледавіковай зоне засталіся толькі тэрыторыі на Пд ад лініі Столін—Петрыкаў—Ельск. Паверхня бярэзінскіх адкладаў у цяперашні час залягае ніжэй абсалютных адзнак 90—150 м, зрэдку апускаецца да 30—70 м або падымаецца на асобных участках Цэнтральнабеларускіх узвышшаў і град вышэй за 150 м. Шматлікія лагчыны і ўрэзы таго часу сведчаць пра вял. выворвальную дзейнасць ледавіка. Пасля адступання бярэзінскага ледавіка павялічыліся плошчы спадзістахвалістых марэнных раўнін і асабліва плоскіх азёрна-ледавіковых раўнін і нізін. Сфарміраваліся ледавіковыя ўзвышшы на месцы амаль усіх сучасных град (акрамя Мазырскай грады). Зменшыліся плошчы дэнудацыйных раўнін, складзеных з карэнных (палеаген-неагенавых) парод.

Александрыйскае міжледавікоўе папярэднічала самаму значнаму (прыпяцкаму) ледавіковаму покрыву на тэр. Беларусі. Густая сетка прыледавіковых азёр, што ўзніклі пры адступанні бярэзінскага ледавіка, прадоўжыла сваё развіццё. Яны сталі тыповымі вадаёмамі гуміднай зоны. На ПдЗ Беларусі азёрнасць складала да 20%. Даволі шырока распаўсюджваліся выраўнаваныя і паніжаныя прасторы, інтэнсіўна дрэніраваныя густой сеткай рэк (Пра-Дняпро, Прыпяць, Сож, Нёман, Бярэзіна і інш.). Рэкі мелі шырокія даліны, не падобныя на сучасныя вадацёкі. Ваганні адносных вышынь сталі больш значнымі: узвышшы, якія адпавядаюць сучасным Гродзенскаму, Навагрудскаму, Мінскаму, перавышалі ўрэз вады на 60—100 м. Астатнія ледавіковыя ўзвышшы мелі адносныя вышыні 20—40 м. Значную ролю на асобных участках пачалі выконваць азёрна-ледавіковыя нізіны, асабліва ў басейне Пра-Нёмана. Ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату пры адноснай стабільнасці тэктанічнага становішча ішло паступовае агульнае выраўноўванне тэрыторыі.

У пачатку прыпяцкага этапу на тэр. Беларусі насунуўся самы магутны з ледавікоў, які ў дняпроўскую стадыю амаль цалкам яе перакрыў. У час перарывістай дэградацыі гэтага ледавіка мелі месца працяглыя спыненні яго краю. У выніку ўзніклі субшыротныя ланцугі ўзвышшаў, якія вызначылі своеасаблівасці сучаснага размяшчэння рэк, азёр, балот. Гэтыя краявыя ледавіковыя комплексы на тэр. Палесся захаваліся ў межах Загароддзя, Мазырскай, Юравіцкай град, фрагментарна ў раёне Брэста, Маларыты, Рэчыцы, Чачэрска і інш.; самая вялікая і своеасаблівая паводле генезісу Мазырская града. У цэнтр. і паўн. Беларусі дняпроўскі ледавік надбудаваў узвышшы, што ўзніклі раней, паглыбіў ужо створаныя і ўтварыў новыя лагчыны ледавіковага выворвання і размыву. Пры раставанні і адступанні ледавіка на месцах паніжэнняў развіваліся вадасцёкі, фарміраваліся азёры.

У сожскую стадыю льды пашырыліся на паўд. частку Беларусі, да лініі Шарашова—Бяроза—Івацэвічы—Даманава—Баранавічы—Старобін—Любань—Глуск—Бабруйск—Рагачоў—Клімавічы. З сожскім зледзяненнем звязваецца канчатковае афармленне ўзвышшаў і град цэнтр. Беларусі (Гродзенскае, Ваўкавыскае, Слонімскае, Навагрудскае, Капыльскае, Ашмянскае, Мінскае). Пры стабілізацыі краю ледавіка ўзніклі шырокія, часта 2-узроўневыя зандравыя раўніны Перадпалесся і Палесся; сярод іх існавалі тэрмакарставыя азёры. У пазаледавіковай зоне намнажаліся перыягляцыяльныя адклады, фарміраваліся рачныя тэрасы, яры, лагчыны. Паступова адраджалася рачная сетка, адбываліся шматлікія перахваты рэчышчаў.

У пачатку муравінскага міжледавікоўя на тэр. Беларусі, асабліва на Пд, існавала мноства азёр. На месцы самых глыбокіх іх участкаў і зараз існуюць азёры Чырвонае, Спораўскае, Бабровіцкае, Чорнае, Белае, Арэхаўскае. На астатняй тэр. сустракаліся меншыя па плошчы азёры. Іх катлавіны і зараз вылучаюцца ў рэльефе ў выглядзе неглыбокіх паніжэнняў. Паступова фарміравалася рачная сетка, блізкая да сучаснай. Найб. узвышанай была тэр. ў цэнтры рэгіёна. На Пд і Пн пераважалі марэнныя, водна-ледавіковыя, азёрна-алювіяльныя раўніны і нізіны.

Апошняе (паазерскае) ледавіковае покрыва пранікла толькі на Пн Беларусі. Межы пашырэння льдоў праходзілі па паўн. схілах Гродзенскага ўзвышша, паміж Скідзелем і Астрыной, на З ад Радуні, каля Астраўца, на Пн ад Вілейкі і Докшыц, па лініі азёр Шо, Сялява, каля Оршы і ўздоўж шыротнага адрэзка Дняпра выйшлі за тэр. краіны. Гэта быў самы кліматычна суровы час за ўвесь чацвярцічны перыяд, што абумовіла інтэнсіўнасць працэсаў перыягляцыяльнага марфагенезу. На пачатку і ў сярэдзіне паазерскага этапу на Пн працягвалася развіццё рачных далін, пашыраліся балоты. У басейне Нёмана і Зах. Дзвіны фарміраваліся алювіяльныя адклады і адпаведныя ім тэрасы, якія на большай частцы тэрыторыі з’яўляюцца пахаванымі. На адрэзку, што завяршае паазерскі час, узніклі паўн. схілы Гродзенскага ўзвышша, Свянцянскія грады, Кубліцкае, Віцебскае і паўн. часткі Лукомскага і Аршанскага ўзвышшаў. На Пд ад іх утварыўся пояс зандравых раўнін, якія месцамі дасягаюць шырыні 50 км. Ледавік перапыніў сцёк вод Нёмана і садзейнічаў фарміраванню ў межах яго даліны вялікіх прыледавіковых азёр. Пры яго адступленні на Пн Беларусі з’явіліся вялізныя прыледавіковыя вадаёмы (Полацкі, Дзісенскі, Суражскі, Лучоскі). Тут жа сфарміраваліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы: Браслаўскае, Віцебскае, Гарадоцкае. З адступаннем ледавіка ўзровень азёр зніжаўся, на схілах іх катлавін фарміраваліся тэрасы. Паступова аднаўляўся сцёк рэк Балтыйскага басейна. З’явіліся верхнія цыклавыя надпоймавыя тэрасы Нёмана і Зах. Дзвіны. У позналедавікоўі інтэнсіўна развіваліся тэрмакарставыя працэсы, узнікла густая сетка азёр, фарміраваліся ніжнія надпоймавыя тэрасы, актыўна адбываліся балотаўтварэнне. эолавыя, саліфлюкцыйныя, абразійныя і інш. працэсы.

У пазаледавіковай зоне ў пачатку і сярэдзіне паазерскага часу намнажаліся тарфянікі, азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя адклады, ішло яраўтварэнне. У час зледзянення на тэр. Палесся з басейна Нёмана і па далінах рэк Бярэзіна і Дняпро паступала значная колькасць вод, што спрыяла ўтварэнню скразных далін на водападзелах, даволі шырокіх другіх надпоймавых тэрас, шматлікіх азёр і азёрна-алювіяльных нізін. У гэты ж час фарміраваліся покрывы лёсападобных адкладаў. Падняцце тэрыторыі пазаледавіковай зоны выклікала ўразанне рэк і спусканне многіх палескіх азёр. У басейне Дняпра змыкаліся паверхні першай надпоймавай тэрасы і адпаведных зандраў. У канцы паазерскага этапу завяршылася акумуляцыя лёсападобных адкладаў, выпрацаваўся ўступ ад першай надпоймавай тэрасы да поймы. Рэліктамі познапаазерскага часу на Пд Беларусі з’яўляюцца катлавіны найбольшых азёр.

Сучасны этап (галацэн) характарызуецца невялікімі ваганнямі клімату, рэльефаўтварэнне адбывалася ва ўмовах, блізкіх да сучасных. Вядучую ролю ў змене зямной паверхні адыграў флювіяльны фактар. У выніку яго праяўлення сфарміраваліся нізкія надпоймавыя тэрасы і поймы рэк басейна Балтыйскага мора, некалькі поймавых узроўняў у рачных далінах Чарнаморскага басейна. Інтэнсіўна працякалі працэсы балотаўтварэння, яраўтварэння і інш., у 19—20 ст. адным з самых актуальных геамарфалагічных працэсаў стаў антрапагенны морфагенез.

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ЦЫЙ ДАСЛЕ́ДАВАННЕ,

метад распрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый па прыняцці аптымальных рашэнняў па арганізацыі і кіраванні дзеяннямі (аперацыямі). Навукова аформілася для рашэння тэхн., тэхніка-эканам. задач і задач кіравання ў канцы 1940-х г.

У кожнай задачы аперацый даследавання фармальна апісана мноства магчымых рашэнняў і вызначанай мэтавай функцыі, значэнні якой характарызуюць меру дасягнення мэты пры кожным магчымым рашэнні. Задачы аперацый даследавання бываюць статычныя і дынамічныя, дэтэрмінаваныя і стахастычныя. У статычных задачах мэтавая функцыя яўна не залежыць ад часу, у дынамічных — час мае істотнае значэнне, у дэтэрмінаваных — выбар канкрэтнага рашэння прыводзіць да пэўнага значэння мэтавай функцыі, у стахастычных — гал. ролю адыгрывае фактар выпадковасці. Пры рашэнні статычных дэтэрмінаваных задач карыстаюцца метадамі лінейнага і нелінейнага праграмавання, дынамічных дэтэрмінаваных — дынамічнага праграмавання, стахастычных — тэорыі імавернасцяў, матэм. статыстыкі, тэорыі масавага абслугоўвання, стат. тэорыі прыняцця рашэнняў. Задачы, у якіх сутыкаюцца інтарэсы двух і больш бакоў, рашаюцца метадамі тэорыі гульняў. Калі дакладнае рашэнне задачы немагчыма, карыстаюцца метадам стат. выпрабаванняў (гл. Монтэ-Карла метад). Для рашэння складаных задач распрацаваны пакеты праграм для ЭВМ. Гл. таксама Аптымізацыі задачы і метады.

М.​А.​Лепяшынскі.

т. 1, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́КСАЛЬ (ням. Wechsel літар. абмен),

пісьмовае даўгавое абавязацельства ўстаноўленай законам формы, якое выдаецца пазычальнікам (вэксалядаўцам) крэдытору (вэксалетрымальніку) і дае апошняму права патрабаваць ад пазычальніка выплаты да пэўнага часу сумы грошай, названай у вэксалі; від каштоўных папер. Выпускаюцца банкамі, дзярж. казначэйствамі ці ўпаўнаважанымі дзяржавай органамі і прадпрыемствамі (фірмамі). Выконваюць функцыі крэдытных грошай, могуць выкарыстоўвацца для крэдытавання ў гандл. (таварных) здзелках (камерцыйныя вэксалі) і для грашовых разлікаў паміж банкамі (фін. вэксалі). Бываюць простыя вэксалі (даўгавое абавязацельства пазычальніка выплаціць названую ў вэксалі суму грошай крэдытору ў пэўны час) і пераводныя (трата) — пісьмовае распараджэнне крэдытора (трасанта) свайму плацельшчыку (трасату) выплаціць названую ў вэксалі суму грошай 3-й асобе (рэмітанту). Трасат становіцца даўжніком пасля таго, як акцэптуе вэксаль — пагодзіцца на аплату і паставіць на вэксалі свой подпіс. Вэксаль можа абарачацца — пераходзіць да інш. трымальніка, у гэтым выпадку перадача афармляецца перадатачным надпісам на адваротным баку вэксаля ці на дадатковым лісце (алонжы). Вэксальнаму абарачэнню спрыяе гарантаванне вэксаля шляхам авалю. Адрозніваюць працэнтныя вэксалі (абавязацельства выплачваць намінал вэксаля з працэнтамі на яго) і дысконтныя (абавязацельства выплачваць толькі намінал вэксаля).

Г.​І.​Краўцова.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРФЕРЭ́НЦЫЯ ХВА́ЛЬ,

з’ява ўзмацнення ў адных і аслаблення ў другіх пунктах прасторы амплітуды выніковай хвалі, атрыманай пры складанні дзвюх (ці больш) хваль. Назіраецца для хваль любой прыроды. Прыводзіць да пераразмеркавання энергіі ваганняў паміж суседнімі ўчасткамі асяроддзя, аднак у сярэднім выніковая энергія роўная суме энергій зыходных хваль.

І.х. адбываецца, калі рознасць іх фаз не мяняецца з цягам часу (гл. Кагерэнтнасць) або змяняецца настолькі павольна, што атрыманая інтэрферэнцыйная карціна за час назірання не паспявае зрушыцца на адметную велічыню; для назірання інтэрферэнцыі папярочных хваль неабходна таксама супадзенне плоскасцей іх ваганняў. Амплітуда выніковага вагання мае найб. значэнне, калі φ = 2πn, дзе n — цэлы лік, і найменшае, калі φ = 2πn+1. Размеркаванне максімумаў і мінімумаў у прасторы залежыць ад даўжыні хвалі, памераў, формы і ўзаемнага размяшчэння крыніц зыходных хваль. Асобны выпадак І.х. — інтэрферэнцыя сустрэчных хваль (напр., прамой і адбітай), што вядзе да ўтварэння стаячай хвалі. І.х. выкарыстоўваецца ў оптыцы (гл. Інтэрферэнцыя святла), астрафізіцы, акустыцы, радыётэхніцы, галаграфіі і інш. Гл. таксама Інтэрферометр.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Інтэрферэнцыя хваль: 1 — інтэрферэнцыя дзвюх хваль на паверхні вады; 2 — утварэнне мінімумаў (а) і максімумаў (б).

т. 7, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛТАРА́Н (Ляпеская) Вера Сямёнаўна

(28.3.1919, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл. — 28.3.1989),

бел. пісьменніца. Засл. работнік культ. Беларусі (1979). Вучылася ў Мінскім пед. ін-це (1937—41), скончыла БДУ (1945). Працавала ў газ. «Чырвоная змена», «Літаратура і мастацтва», з 1953 у час. «Маладосць», з 1973 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкавалася з 1949. За кн. нарысаў «Ключы ад Сезама» (1967) і нарыс «Дзівасіл» (1968) Дзярж. прэмія Беларусі імя П.​М.​Лепяшынскага 1970. Аўтар зб. «Дзівасіл» (1974). Асн. тэма нарысаў — жыццё вёскі. Творы П. узнімаюць праблемы адказнасці чалавека перад грамадствам, сваім сумленнем. Яны напісаны з глыбокім пранікненнем у душу чалавека-працаўніка, з любоўю да народа і яго духоўнай спадчыны, з тонкім адчуваннем роднай мовы. Пісала пра творчасць А.​Адамовіча, В.​Карамазава, А.​Кудраўца, І.​Мележа, І.​Пташнікава, М.​Стральцова і інш.

Тв.:

Чалавек на вятрах часу: Публіцыстыка. Літ. крытыка. Мн., 1989.

Літ.:

Шкраба Р. Скарбы. Мн., 1973;

Лысенка А. Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Сямёнава А. Гарачы след таленту. Мн., 1979;

Лобан М. Пяць раніц тыдня. Мн., 1984;

Не пакідай нас, Вера... Мн., 1993.

Г.​С.​Шупенька.

В.С.Палтаран.

т. 12, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)