ПАРО́Г ЧУ́ТНАСЦІ,

найменшае значэнне гукавога ціску, пры якім гук дадзенай частаты можа ўспрымацца вухам чалавека. Залежыць ад частаты гуку, узросту, фізіял. стану і трэніраванасці чалавека. Пры наяўнасці шуму ці інш. гукавых раздражненняў П.ч. дадзенага гуку павышаецца. П.ч. вывучаецца метадамі аўдыёметрыі. Іл. гл. да арт. Гук.

т. 12, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФЛАТАКСІ́НЫ,

група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.

т. 2, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЖАЧО́К,

аддзел галаўнога мозга пазваночных жывёл і чалавека. Удзельнічае ў каардынаванні рухаў, рэгуляцыі вегетатыўных функцый, захаванні позы і раўнавагі цела. Размешчаны пад патылічнымі долямі вял. паўшар’яў, над прадаўгаватым мозгам, у задняй чарапной ямцы (іл. гл. да арт. Галаўны мозг). Складаецца з парных паўшар’яў (плошча звілін М. ў чалавека 1,5 тыс. см​2), аб’яднаных сярэдняй часткай-чарвяком. Паверхня мае 3 слоі кары (малекулярны, гангліёзны, зярністы). Звязаны з мазгавым ствалом трыма парамі ножак. Парушэнні М. ў чалавека вядуць да расстройства раўнавагі, мышачнага тонусу і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАВАЗДО́ЛЬНАСЦЬ,

здольнасць фізічнай асобы быць носьбітам грамадз. правоў і абавязкаў, прадугледжаных правам дадзенай краіны. Асн. прынцыпам, з якога зыходзіць права развітых краін, з’яўляецца прынцып роўнай грамадз. П. незалежна ад полу, маёмаснага становішча, расы, нацыянальнасці і да т.п. П. набываецца з нараджэннем і спыняецца са смерцю чалавека. Пры жыцці чалавека П. можа быць абмежавана судом (забарона на занятак якой-н. прафесіяй і да т.п.). У мінулым у многіх краінах прадугледжвалася магчымасць пазбаўлення чалавека грамадз. правоў (т.зв. грамадзянская смерць). З канца 20 ст. такое рашэнне судамі не дапускаецца.

т. 12, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + ...графія),

1) апісанне жыцця і дзейнасці чалавека; жанр гіст., маст., навук. прозы. У біяграфіі на аснове фактычнага матэрыялу разглядаецца працэс фарміравання чалавечай асобы ў сувязі з грамадскімі адносінамі пэўнай гіст. эпохі. Бываюць навук., маст., акад., папулярныя і інш. Разнавіднасць біяграфіі — аўтабіяграфія.

2) Жыццё чалавека.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ ЧАЛАВЕ́К,

самы старажытны выкапнёвы чалавек у Еўропе, які жыў 500—800 тыс. г. назад. Сківіца гейдэльбергскага чалавека з поўным наборам зубоў знойдзена ў 1908 у пясчаным кар’еры каля в. Маўэр непадалёку ад г. Гайдэльберг (Германія), адносіцца да тыпу Homo erectus.

Мяркуемы знешні выгляд гейдэльбергскага чалавека.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬПІ́ГІЕВЫЯ ЦЕ́ЛЬЦЫ (ад імя М.Мальпігі),

клубочкі артэрыяльных капіляраў у нырках чалавека і амаль усіх пазваночных жывёл. У гэтых клубочках (у чалавека да 40 млн.) фільтруецца вадкасць з крыві ў мачавыя канальцы. Таксама М.ц. — лімфоідныя вузельчыкі, дзе ўтвараюцца лімфацыты; знаходзяцца ў рэтыкулярнай тканцы селязёнкі.

А.​С.​Леанцюк.

т. 10, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАЧКАВАЯ ЗАЛО́ЗА, валляковая залоза,

тымус (thymus), цэнтральны орган лімфоіднага кроваўтварэння і імуннай сістэмы пазваночных жывёл і чалавека. Знаходзіцца ў грудной поласці; у чалавека долькі яе размяшчаюцца справа і злева ад трахеі. Звонку ўкрыта злучальнатканкавай капсулай. У большасці відаў арганізмаў складаецца з 2—3 долек, падзеленых перагародкамі на больш дробныя.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬВЕАКАКО́З (Alveococcosis),

гельмінтозная хвароба жывёлы і чалавека, якая выклікаецца цэстодай Alveococcosis multilocularis. Пашыраны ў Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і ў інш. рэгіёнах, у т. л. на Беларусі. Трапляецца ў 2 формах — імагінальнай (узбуджальнік — дарослыя паразіты, якія лакалізуюцца ў тонкім кішэчніку лісоў, пясцоў, радзей ваўкоў, сабак і катоў) і ларвальнай (выклікаецца лічынкамі, што паразітуюць у печані, радзей у інш органах грызуноў і чалавека). Распаўсюджваецца пераважна грызунамі, дзякуючы якім утвараюцца прыродныя ачагі хваробы. Чалавек заражаецца пры заглынанні яец альвеакока з забруджаных рук. Паразіты выклікаюць атрафію пашкоджаных органаў. Лячэнне для жывёл не распрацавана, у чалавека — хірургічнае.

т. 1, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРА́КЦЫЯ,

паняцце, якое абазначае пачуццё прыхільнасці аднаго чалавека да другога. Фарміруецца ў суб’екта як вынік яго спецыфічных эмацыянальных адносін, ацэнка якіх параджае разнастайную гаму пачуццяў (ад непрыязнасці да сімпатыі і нават любові) і праяўляецца ў выглядзе асаблівай сац. устаноўкі на другога чалавека. У эксперыментальных даследаваннях вывучаюцца механізмы фарміравання прыхільнасцяў і сяброўскіх пачуццяў (гл. Дружба, Любоў) пры ўспрыманні інш. чалавека, прычыны з’яўлення станоўчых эмацыянальных адносін, у прыватнасці, роля падабенства характарыстык суб’екта і аб’екта ўспрымання, а таксама той сітуацыі, у якой яны знаходзяцца (напр., блізкасць партнёраў па адносінах, частата іх сустрэч, сумесная дзейнасць і гэтак далей).

т. 2, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)