РЭНТГЕНАТЭРАПІ́Я,

метад прамянёвай тэрапіі, заснаваны на выкарыстанні рэнтгенаўскага выпрамянення. Ажыццяўляецца з дапамогай спец. мед. рэнтгенатэрапеўт. апаратаў. Прыгнечвае жыццядзейнасць клетак паталагічна змененых тканак або цалкам іх разбурае. Пры непухлінных захворваннях Р. накіравана на спыненне запаленчай рэакцыі, зніжэнне болевай адчувальнасці і сакраторнай актыўнасці залоз. Адрозніваюць Р. глыбокую (уздзеянне на органы і тканкі, размешчаныя ў глыбіні цела), мясцовую (асобнага органа або абмежаванага ўчастка цела), агульную (усяго цела). Пашырана пры лячэнні захворванняў скуры, слізістых абалонак і інш. Часам спалучаецца з антыбактэрыяльнай тэрапіяй і інш. метадамі.

т. 14, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛІ́СА ПАСКАРЭ́ННЕ,

частка поўнага паскарэння цела, якое рухаецца адносна сістэмы адліку, што верціцца вакол нерухомай восі. К.п. a→кар = ( ω→ × v→ ) , дзе ω→ — вуглавая скорасць сістэмы адліку, v→ — адносная скорасць цела. Выклікае ўзнікненне Карыяліса сілы. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса. Гл. таксама Адносны рух.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСТАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ, крылашчэлепныя (Pterobranchia),

клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).

Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,

выхад электронаў з металу (або паўправадніка) пад уздзеяннем моцнага эл. поля. Адбываецца з паверхні цела, якая адыгрывае ролю катода. Тлумачыцца на аснове тунэльнага эфекту і зоннай тэорыі цвёрдага цела. Пры павелічэнні вонкавага эл. поля змяншаецца патэнцыяльны бар’ер, большае імавернасць тунэльнага выхаду электронаў з цела, г. зн. павялічваецца колькасць выпрамененых электронаў. Шчыльнасць току аўтаэлектроннай эмісіі j = c1E​2exp(-c2/E), дзе E — напружанасць эл. поля, c1 і c2 — канстанты, якія залежаць ад матэрыялу катода. На аўтаэлектроннай эмісіі заснавана дзеянне розных прылад і прыстасаванняў (халодных катодаў, тунэльных дыёдаў і інш.).

т. 2, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЁМ,

адна з колькасных характарыстык геам. цела; вымяраецца колькасцю змешчаных у целе кубаў з рабром, роўным адзінцы даўжыні. Для вымярэння аб’ёму складаных цел яны змяшчаюцца ў прамавугольны паралелепіпед, які разбіваецца плоскасцямі, паралельнымі яго граням, на n кубаў з рабром A.

Няхай Vn — сума аб’ёму кубаў, якія цалкам змяшчаюцца ў целе, а Wn — сума аб’ёму кубаў, што маюць хаця б адзін пункт цела. Калі граніцы V=limVn і W=limWn пры бязмежным змяншэнні A да O супадаюць, то іх агульнае значэнне V вызначае аб’ём цела. Адзінка аб’ёму ў СІ м³.

т. 1, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖГІР БАЛО́НА, ёрш Балона (Gymnocephalus baloni),

рыба сям. акунёвых атр. акунепадобных. Выяўлены ў 1970 у сярэднім і ніжнім цячэнні р. Дунай і некат. яго прытоках. На Беларусі ёсць у р. Прыпяць ніжэй г. Пінск (1984).

Даўж. да 13 см, маса да 41 г. Цела кароткае, высокае. Афарбоўка жаўтавата-карычневая. На нізе галавы, шчэлепных накрыўках і брушку дробныя карычневыя плямкі. На баках цела 4—6 цёмных папярочных палос. На спінным, хваставым і анальных плаўніках цёмныя плямы. Галава кароткая, тупая, крута пераходзіць у цела. У большых асобін ёсць характэрны горб.

Т.​М.​Шаўцова.

т. 6, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЎТАПУ́ЗІК.

глушэц (Ophisaurus apodus), яшчарка сям. вераценніцавых. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жыве пераважна ў сухіх месцах, з густой расліннасцю.

Даўж. да 1,5 м, маса да 550 г. Верхняя ч. цела бурая, брудна-бурая з аліўкавым або чырванавата-бурым адценнем, ніжняя — жоўта-бурая або мяснога колеру. Цела змеепадобнае, без ног (у самцоў захаваліся рудыменты задніх ног). Пад луской залягаюць касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Па баках цела глыбокая маршчына скуры, высланая дробнай луской. Адкладваюць 8—10 яец. Кормяцца беспазваночнымі (пераважна насякомымі і малюскамі), дробнымі пазваночнымі.

Жаўтапузік.

т. 6, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫЯЛІ́СА СІ́ЛА,

адна з сіл інерцыі, абумоўленая ўплывам вярчальнага руху сістэмы адліку на рух цела адносна гэтай сістэмы. К.с. I→кар = m a→кар , дзе m — маса цела, a→кар — Карыяліса паскарэнне. Наяўнасць К.с. вядзе да таго, што цела пры сваім руху адхіляецца ў напрамку, перпендыкулярным да яго адноснай скорасці, або дзейнічае на сувязі механічныя, што перашкаджаюць такому адхіленню. К.с. праяўляецца пры руху масіўных цел (напр., балістычных ракет, цяжкавагавых паяздоў), вял. мас паветра і вады (гл. Бэра закон) і інш. Названа ў гонар Г.Г.Карыяліса.

Карыяліса сіла.

т. 8, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАДЗЕ́ЙНАЯ сістэмы сіл, сіла, якая аказвае на цвёрдае цела такое ж механічнае дзеянне, як і дадзеная сістэма сіл, што прыкладзены да цела. Р. сістэмы n сіл R→ = ∑ i = 1 n F→i , дзе F→i — адна з сіл, што дзейнічаюць на цела, i = 1, 2, ..., n. У найпрасцейшых выпадках, калі сілы прыкладзены да аднаго пункта або размешчаны ў адной плоскасці, Р. можна знайсці, карыстаючыся правілам паралелаграма. Р. мае не кожная сістэма сіл: напр., пара сіл або 2 сілы, якія не ляжаць у адной плоскасці, Р. не маюць.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛОСКАПАРАЛЕ́ЛЬНЫ РУХ цвёрдага цела,

механічны рух, пры якім усе пункты цела перамяшчаюцца паралельна некат. нерухомай плоскасці. Вывучэнне П.р. зводзіцца да разгляду руху нязменнай плоскай фігуры ў яе плоскасці, што адпавядае паступальнаму руху фігуры разам з выбраным полюсам і яе вярчальнаму руху вакол гэтага полюса.

т. 12, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)