прылада для вымярэння часу. Бываюць: сонечныя, вадзяныя, пясочныя, агнявыя, механічныя, электрычныя (гл.Электрычны гадзіннік), камертонныя, электронныя (гл.Кварцавы гадзіннік), атамныя (гл.Квантавы гадзіннік), наручныя, кішэнныя, настольныя, насценныя, вежавыя (напр., куранты), спецыяльныя (секундамеры, хранометры, шахматныя, праграмныя, радыёмаячныя, падводныя і інш.). Да «прылад часу» адносяць таксама таймер, рэле часу, хранограф і інш. У астр. даследаваннях выкарыстоўваюцца гадзіннікі астранамічныя.
Сонечныя гадзіннікі вядомы з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Вавілон), наз.гноман. Мелі стрыжань ці пласціну, цень ад якіх падала на канічны або плоскі цыферблат. У Вавілоне выкарыстоўвалі і вадзяны гадзіннік — пасудзіну са шкалой, у якую раўнамерна паступала (або з якой выцякала) пэўная колькасць вады за пэўныя адрэзкі часу. Такія гадзіннікі былі пашыраны ў стараж. Егіпце, Іудзеі, Грэцыі, Кітаі і інш. Каля 150 да н.э.грэч. механік Ктэсібій стварыў вадзяны паплаўковы гадзіннік — прататып гадзінніка, што выкарыстоўваўся да 18 ст. Сонечныя гадзіннікі (у т. л. ў выглядзе вял. збудаванняў) выкарыстоўвалі ў абсерваторыях Усходу і Індыі амаль да 17 ст. Пераносныя сонечныя гадзіннікі былі пашыраны ў Еўропе ў 16 ст. У 1736 у Нясвіжы (Беларусь) напісаны на лац. мове курс пра выраб сонечных гадзіннікаў розных канструкцый. Пясочны гадзіннік рабілі з дзвюх (часам цэлай сістэмы) лейкападобных пасудзін, праз звужэнне паміж якімі высыпаўся пясок. Яго шырока выкарыстоўвалі ў мараплаўстве (т.зв. «карабельныя склянкі»), у медыцыне (ім карыстаюцца і цяпер). Для адліку больш працяглых прамежкаў часу служылі (асабліва ў Кітаі) агнявыя гадзіннікі. Гэта былі лямпы з пэўнай колькасцю алею (маглі гарэць суткамі), канструкцыі (напр., спіралі) з пруткоў спец. саставу (маглі раўнамерна гарэць месяцамі), спец. свечкі з меткамі. Звесткі пра механічныя гадзіннікі вядомы з візантыйскіх рукапісаў 578. Першы мех. вежавы гадзіннік пабудаваны ў Мілане ў 1335, у Расіі — у 1404 (на Спаскай вежы Крамля). У 14 ст. створаны мех. гадзіннік са шпіндэльным спускам (меў дакладнасць ходу 0,5 гадз за суткі). Такія гадзіннікі былі надзейныя і праіснавалі да канца 19 ст. Каля 1510 замест гір упершыню ўжыта спружына і створаны кішэнны мех. гадзіннік (Германія). У 1675 у Англіі вынайдзены кручковы механізм — разнавіднасць анкернага спускавога механізма (гл.Анкер), які выкарыстоўваюць і ў цяперашніх ходзіках. Вынаходнік Х.Гюйгенс стварыў мех. гадзіннік з маятнікавым (1657, гл.Маятнік) і балансірным (1675, гл.Балансір) рэгулятарам, з анкерна-якарным спускам (1659). Гадзіннік з біметал. балансірам сканструяваў І.П.Кулібін (1767). З 2-й пал. 19 ст. стаў пашыраны свабодны анкерны ход, які выкарыстоўваецца і ў сучасных наручных і кішэнных гадзінніках. З канца 17 ст. ў кішэнных гадзінніках устанаўліваюць мінутныя стрэлкі, з 1760 — і секундныя. У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Швейцарыі створаны матэрыялы (інвар — для маятнікаў, элінвар — для спіралей), якія практычна ліквідавалі тэмпературныя ўздзеянні на ходмех. гадзіннікаў. У пач. 20 ст. з’явіліся электрагадзіннікавыя сістэмы. У 1920—60-я г. распрацаваны асабліва дакладныя гадзіннікі: камертонныя (у іх выкарыстоўваецца эфект ваганняў камертона), кварцавыя (ваганне кварцавай пласціны), атамны (ваганне атамаў); іх дакладнасць адпаведна 10−1, 10−4, 10−8 с/сут. Сучасныя мех. гадзіннікі маюць: рухавік (спружына, гіра), сістэму колаў, ход або спускавы механізм, рэгулятар, механізмы заводкі і стрэлачны; могуць мець прыстасаванні, якія паказваюць даты месяца і дні тыдня, проціўдарныя, аўтам. падзавод і інш.
На Беларусі унікальным помнікам сярэдневяковай тэхнікі з’яўляецца вежавы гадзіннік касцёла езуітаў у Гродне, створаны ў 2-й пал. 17 ст. Гэта найстарэйшы маятнікавы гадзіннік з вядомых на тэр. СНД. У яго механізме выкарыстаны анкерны ход, які ажыццяўляецца пад дзеяннем грузу (60 кг), што апускаецца з вышыні 15 м за 36 гадз. Першая ў Рас. імперыі гадзіннікавая ф-ка пабудавана ў 1789 у в. Беражань Горацкага павета (гл.Беражанская гадзіннікавая мануфактура). Масавая вытв-сць наручных гадзіннікаў у СССР пачалася ў 1930, на Беларусі — у 1956 (гл.Мінскі гадзіннікавы завод «Прамень»). З 1975 мінскі з-д «Электроніка» выпускае электронныя наручныя гадзіннікі з лічбавай індыкацыяй на вадкіх крышталях; СКБ «Няміга» распрацоўвае гэтыя гадзіннікі і ажыццяўляе іх серыйнае асваенне; электронныя гадзіннікі выпускае таксама пінскі з-д «Камертон» (з-ды і бюро ўваходзяць у НВА«Інтэграл»). Дэталі да гадзіннікаў пастаўляе Віцебскі з-д гадзіннікавых дэталей.
Літ.:
Пипуныров В.Н. История часов с древнейших времен до наших дней. М., 1982;
Завельский Ф.С. Время и его измерение. 5 изд. М., 1987;
Шполянский В.А., Чернягин Б.М. Электрические приборы времени. М., 1964;
Мясников Л.Л., Булыгин А.С. Атомные часы и система времени. Л., 1972.
У.М.Сацута.
Узоры сучасных (2-я пал. 1990-х г.) наручных гадзіннікаў.Старажытныя гадзіннікі: а — экватарыяльны сонечны; б — гарызантальны сонечны; в — агнявы, з гаручай спіраллю; г — агнявы масляны (час вызначаўся па ўзроўні масла); д — вадзяны, або клепсідра (1 — паплавок, 2 — лейка з вадой, 3 — стопар для рэгулявання патоку вады); е — камплект з чатырох пясочных гадзіннікаў.Схема сучаснага наручнага механічнага гадзінніка: 1 — завадны вал; 2 — завадны рычаг; 3 — спружына заваднога рычага; 4, 6, 7, 8, 9 — колы (барабаннае, псеўдацэнтральнае, прамежкавае, секунднае, анкернае); 5 — барабан са спружынай; 10 — анкерная вілка; 11 — балансір; 12, 13, 14, 15 — колы (фрыкцыйнае, гадзіннае, вэксальнае, пераводнае); 16 — муфта; 17 — завадны трыб; 18 — пераводны рычаг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВЫ ГАДЗІ́ННІК, атамны гадзіннік, малекулярны гадзіннік,
прылада для дакладнага вымярэння часу, якая мае кварцавы генератар, што кіруецца квантавым стандартам частаты. Ход К.г. рэгулюе частата выпрамянення атамаў або малекул пры іх квантавых пераходах з аднаго энергет. стану ў другі.
Гэтая частата настолькі стабільная (хібнасць 10−11—10−13), што дазваляе вымяраць час больш дакладна, чым з выкарыстаннем астр. метадаў (недакладнасць ходу каля 1 с за 100 гадоў). К.г. мае спец. электронныя прыстасаванні, якія фарміруюць сетку частот, забяспечваюць вярчэнне стрэлак або змену лічбаў на цыферблаце, выдачу сігналаў дакладнага часу. Выкарыстоўваюцца ў радыёнавігацыі для вымярэння адлегласцей ад лятальнага апарата да наземнай станцыі (параўнаннем фазы сігналу, прынятага з Зямлі, з фазай апорнага сігналу бартавога абсталявання), у службах дакладнага часу, неабходнага для геал., геафіз. і інш. работ, а таксама ў якасці эталона частаты пры фіз. даследаваннях. На аснове К.г. ў 1960-я г. створана сістэма адліку часу, незалежная ад астр. назіранняў (наз. атамным часам). Гл. таксама Секунда.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр.Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),
польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ходгіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).
Літ.:
Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;
Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАРБАРО́СА ПЛАН»
(«Barbarossa Fall»),
умоўная назва плана ваен. кампаніі фаш. Германіі супраць СССР у 2-ю сусв. вайну. Аформлены некалькімі дакументамі. Назва ад імя герм. караля і імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» Фрыдрыха I Барбаросы — кіраўніка крыжовых паходаў на Усход у 12 ст. Распрацоўваўся камандаваннем герм.узбр. сіл з 21.7.1940, зацверджаны Гітлерам 18.12.1940 (дырэктыва № 21). Зыходзіў са стратэгіі «маланкавай вайны» (ням. «бліцкрыг») — завяршыць вайну да зімы 1941. Прадугледжваў раптоўнае нанясенне некалькіх моцных удараў буйнымі сіламі танкавых, механізаваных войскаў і авіяцыі з мэтай расчляніць, акружыць і знішчыць гал. сілы Чырв. Арміі на З ад рэк Дняпро і Зах. Дзвіна, захапіць гал. стратэгічныя аб’екты — Ленінград, Маскву, Цэнтр.прамысл. раён і Данецкі вугальны басейн, далейшы рух у глыб СССР і канчатковы выхад на лінію Архангельск—Астрахань. На У ад гэтай лініі меркавалася «паралізаваць з дапамогай авіяцыі» ўральскую прамысловасць. Вайну супраць СССР Гітлер разглядаў як «канфлікт двух светапоглядаў» і патрабаваў весці яе «на знішчэнне». У сувязі з Балканскай кампаніяй 1941 уварванне ў СССР перанесена з мая 1941 на 22.6.1941. ХодВялікай Айчыннай вайны Савецкага Саюза 1941—45 сарваў поўную рэалізацыю «Барбароса плана».
Публ.:
План «Барбаросса» // Военно-ист. Журнал. 1991. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯТНА́ЦЦАТЫ З’ЕЗД КП(б)Б.
Адбыўся 15—18.2.1949 у Мінску. Прысутнічала 787 дэлегатаў з рашаючым і 129 з дарадчым голасам ад 110 206 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККП(б)Б (М.І.Гусараў), Рэвіз. камісіі КП(б)Б (В.Я.Сядых); выбары кіруючых органаў КП(б)Б. З’езд ухваліў паліт. лінію і практычную дзейнасць ЦК, падвёў вынікі арганізатарскай работы партыі ў Вял.Айч. вайну, прааналізаваў ход аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі рэспублікі. Шмат увагі аддавалася ідэалаг. рабоце, барацьбе з праявамі бурж. ідэалогіі, у т. л. з нізкапаклонствам перад заграніцай. З’езд падкрэсліў, што найвялікшая задача КП(б)Б і ўсіх працоўных рэспублікі — датэрміновае выкананне 4-й пяцігодкі; намеціў мерапрыемствы па паляпшэнні парт. кіраўніцтва аднаўленнем і развіццём нар. гаспадаркі. Выбраў ЦККП(б)Б з 83 чл. і 48 канд. у чл., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 29 чл.
Літ.:
Гусараў М.І. Справаздачны даклад Цэнтральнага Камітэта Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі на XIX з’ездзе КП(б)Б. Мн., 1949;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 4. 1945—1955. Мн., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́ЎСКІ (Максім Максімавіч) (8.9.1851, г. Харкаў, Украіна — 5.4.1916),
расійскі гісторык, юрыст, сацыёлаг, этнограф. Акадэмік Пецярбургскай АН (1914, чл.-кар. 1899). Скончыў Харкаўскі ун-т (1872), адукацыю працягваў у Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі. Праф. Маскоўскага (1878—87), Пецярбургскага (1905—16) ун-таў і шэрагу ун-таў Еўропы і Амерыкі. З 1895 віцэ-старшыня, з 1907 старшыня Міжнар. ін-та сацыялогіі, чл.Т-ва сацыялогіі ў Парыжы. Вымушаны доўгі час працаваць за мяжой, К. часта выкарыстоўваў замежную тэматыку і матэрыялы для вырашэння рас. праблем, звязаных з развіццём капіталізму. Асн. законам сацыялогіі лічыў закон прагрэсу. Як гісторык выкарыстоўваў гіст.-параўнальны метад, асабліва з мэтай супастаўлення дзярж., паліт. і эканам. дакапіталіст. грамадстваў Еўропы, у т. л. і Расіі. Аўтар прац па гісторыі абшчыны, Франц. рэвалюцыі канца 18 ст., праблемах зах.еўрап. феадалізму і агульных пытаннях сац. развіцця, этнаграфіі.
Тв.:
Общинное землевладение, причины, ход и последствия его разложения. Ч. 1. М., 1879;
Закон и обычай на Кавказе. Т. 1—2. М., 1890;
Происхождение современной демократии. Т. 1—4. М., 1895—97;
Экономический рост Европы до возникновения капиталистического хозяйства. Т. 1—3. М., 1898—1903;
Социология. Т. 1—2. М., 1910.
Літ.:
Сафронов Б.Г. М.М.Ковалевский как социолог. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́ЛЬ (Леў Абрамавіч) (10.7.1905, г. Энгельс Саратаўскай вобл., Расія — 21.6.1970),
расійскі пісьменнік. Чл.-кар.АПНСССР (1965). Вучыўся ў Маск. ун-це. Друкаваўся з 1925. Творы пераважна для дзяцей і юнацтва, тэматычна разнапланавыя — падзеі 1917 і Вял.Айч. вайны, людзі спорту і мастацтва, этычная праблематыка: аўтабіягр. аповесці «Кандуіт» (1930) і «Швамбранія» (1933), аповесці «Чарамыш, брат героя» (1938), «Вялікае процістаянне» (ч. 1—2, 1941—47), «Вуліца малодшага сына» (1949, з М.Паляноўскім; Дзярж. прэмія СССР 1951; экранізацыя «Беларусьфільмам» 1962), «Будзьце гатовы, Ваша вялікасць!» (1964), «Так было» (з Паляноўскім, 1970), раманы «Варатар рэспублікі» (1938), «Ход белай каралевы» (1956), «Чаша гладыятара» (1961). Аўтар публіцыст. кн. «Твае абаронцы» (1942), дарожных нататак, кніг пра У.Маякоўскага, С.Міхалкова і інш. Творчасць адметная разуменнем дзіцячага светаўспрымання, аптымізмам, спалучэннем лірызму з гумарам і сатырай, трапнасцю мовы. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Вольскі, А.Якімовіч, Я.Васілёнак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАТО́НАЎ (Сяргей Фёдаравіч) (28.6.1860, г. Чарнігаў, Украіна — 10.1.1933),
расійскі гісторык. Акад.АНСССР у 1920—31. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1882), з 1899 праф. гэтага ун-та. Старшыня Археагр. камісіі (1918—29), камісіі па выданні твораў А.С.Пушкіна, дырэктар Пушкінскага дома Ін-та рус. л-ры АНСССР (1925—29) і Б-кі АНСССР (1925—28). Даследаваў падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. ў Расіі, эпоху Пятра I, каланізацыю рас. Поўначы і інш. У гал. працы «Нарысы па гісторыі смуты ў Маскоўскай дзяржаве, XVI—XVII стст.: Спроба вывучэння грамадскага ладу і саслоўных адносін у Смутны час» (1899, перавыд. 1995) разглядаў спробы дасягнуць раўнапраўнай уніі Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай, ходвайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У 1930 арыштаваны, абвінавачаны ў антысав. дзейнасці і сасланы (1931) на 5 гадоў у Самару, дзе і памёр.
Тв.:
Учебник русской истории. М., 1992;
Русская история. М., 1995;
Полный курс лекций по русской истории. СПб., 1998.
Літ.:
Очерки истории исторической науки в СССР. Т. 3. М., 1963;
Рахматуллин М.А. Дело по обвинению академика С.Ф.Платонава // Отечественная история. 1994. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́НКЕ ((Ranke) Леапольд фон) (21.12.1795, г. Віе, Германія — 23.5.1886),
нямецкі гісторык. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1860). Настаўнік караля Баварыі Максіміляна II. Скончыў Лейпцыгскі ун-т (1818). У 1825—71 праф. Берлінскага ун-та, адначасова гістарыёграф прускай дзяржавы (з 1841) і старшыня Гіст. камісіі пры Баварскай АН у г. Мюнхен (з 1858). У 1832—36 выдаваў кансерватыўны «Historisch-politische Zeitschrift» («Гістарычна-палітычны часопіс»). Найб. значны прадстаўнік новай ням.гіст. навукі, у аснове якой ляжала строгая крытыка крыніц. Для Р. характэрны аб’ектыўнае апісанне гісторыі, выяўленне «агульнай ідэі», што вызначае ход падзей, пры пільнай увазе да дэталей. Аўтар прац «Гісторыя раманскіх і германскіх народаў з 1494 да 1535 г.» (1824), «Рымскія папы, іх царква і дзяржава ў XVI і XVII стст.» (т. 1—3, 1834—36), «Нямецкая гісторыя ў эпоху Рэфармацыі» (т. 1—6, 1839—47), «Дзевяць кніг прускай гісторыі» (т. 1—3, 1847—48; потым пашырана і выдадзена пад назвай «Дванаццаць кніг прускай гісторыі», т. 1—5, 1874), «Французская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—5, 1852—61), «Англійская гісторыя, пераважна ў XVI і XVII стст.» (т. 1—7, 1859—68), «Сусветная гісторыя» (т. 1—16, 1881—88) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТУ́РНЫХ ЦЫ́КЛАЎ ТЭО́РЫЯ,
вучэнне аб змене форм культуры ў гісторыка-сац. і духоўным працэсе развіцця. У 1920—30-я г.ням. культуролаг Л.Фрабеніус увёў паняцце «культурнае кола», згодна з якім форма культуры характэрна для пэўнай жыццёвай прасторы, ёй вызначаецца кожная культура, якая з’яўляецца самастойнай сутнасцю і праходзіць тыя ж ступені развіцця, што і арганізм (расліна, жывёла, чалавек). У пашыраным сэнсе К.ц.т. вынікае з макрагістарычных даследаванняў найбуйнейшых культ. феноменаў, якія існавалі або існуюць у выглядзе асобных цэласнасцей. Паводле М.Данілеўскага, гэта культ.-гіст. тыпы, О.Шпенглера — развітыя культуры, А.Тойнбі — цывілізацыі, П.Сарокіна — метакультуры. Яны не звязаны паміж сабой, а ход гісторыі заключаецца ў змене культ.-гіст. тыпаў. Напр., Данілеўскі вылучаў 13 такіх тыпаў, Шпенглер — 8 тыпаў культур, якія дасягнулі паўнаты свайго развіцця, Тойнбі — 23 развітыя, 4 неразвітыя і 5 мёртванароджаных цывілізацый. У канцэпцыі Сарокіна гал. ўвага аддаецца ўтварэнню інтэгральнай культуры, стварэнню «культурных суперсістэм», якія змяняюць адна адну. Шпенглер лічыў, што крызіс ёсць прыкмета завяршэння цыкла, згасанне культуры. Аднак рэальнае развіццё гісторыка-культ. працэсу дазваляе сцвярджаць, што крызіс ёсць прадвесце новай культ. парадыгмы. Напр., у нетрах антычнасці нараджалася новая еўрап. культура сярэдневякоўя. Такім чынам пачынаецца развіццё новага цыкла культуры, а паўтаральнасць, сінхроннасць, цыклічны характар гісторыі культ. працэсаў з’яўляюцца сведчаннем існавання агульнагіст. законаў.