Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МЕНШНАЙДЭР (Riemenschneider) Тыльман (каля 1469, г. Гайлігенштат, Германія — 7.7.1531),
нямецкі скульптар эпохі Адраджэння. З 1483 працаваў у Вюрцбургу. У ранніх творах спалучаў дынаміку форм і ламанасць ліній позняй готыкі з рэнесансавымі формамі; пазней імкнуўся да большай абагульненасці і яснасці вобразаў, гарманічнай ураўнаважанасці кампазіцыі. Адзін з першых адмовіўся ад традыц. расфарбоўкі і пазалоты статуй, раскрываў адухоўленасць вобразаў праз фактуру матэрыялу, міміку і жэсты персанажаў.
Сярод твораў: статуі Адама і Евы ў партале капліцы Дзевы Марыі ў Вюрцбургу (1491—93); алтары св. Магдаліны для прыходскай царквы ў Мюнерштаце (1490—92), Укрыжавання (1494—97) і 12 апосталаў (1509) для царквы ў Віндсгайме, «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу (1501—05), Марыі ў Гергатскірсе ў Крэглінгене (1505—10), сабора ў Майдбране (1515—23); надмагіллі Рудольфа фон Шэрэнберга (1496—99) і Ларэнца фон Бібра (каля 1519) у саборы Санкт-Кіліян, Конрада фон Шаўмбурга ў Марыенкапэле (1499) у Вюрцбургу, імператара Генрыха II і Кунігунды ў саборы ў Бамбергу (1499—1513); рэльеф «Аплакванне Хрыста» ў алтары прыходскай царквы ў Майдбране (1519—23) і інш.
Я.Ф.Шунейка.
Т.Рыменшнайдэр. Кампазіцыя «Тайная вячэра» алтара «Святой крыві» ў Якабскірхе ў Ротэнбургу. 1501—05.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬЗЕР (Walser) Роберт Ота (15.4.1878, г. Біль, Швейцарыя — 25.12.1956),
швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Знаходзіўся пад пастаянным псіхал. уціскам, звязаным з прагрэсіраваннем душэўнай хваробы (у 1933 лячыўся ад шызафрэніі ў псіхіятрычнай клініцы). Пісаў вытанчаныя, прасякнутыя індывідуалізмам і песімізмам эсэ і апавяданні: «Нататкі Фрыца Кохера» (1904), «Прагулка» (1917), «Жыццё паэта» (1918); раманы «Памагаты», «Якаб фон Гунтэн» (абодва 1908); імпрэсіяністычную лірыку (зб. «Вершы», 1909).
Тв.:
Dichtungen in Prose, Bd. 1—4. Genf;
Darmstadt, 1953—59;
рус.пер. — Помощник;
Якоб фон Гунтен: Романы;
Миниатюры. М., 1987.
Літ.:
Über Robert Walser. Bd. 1—2. Frankfurt am Main, 1978;
Седельник В.Д. Вальзер // История всемирной литературы. М., 1994. Т. 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДНАЯ РАДЫЕАКТЫ́ЎНАСЦЬ,
натуральны радыяцыйны фон Зямлі, які абумоўлены прыроднымі радыенуклідамі касм. ці зямнога паходжання, што прысутнічаюць у зямных абалонках (літасферы, гідрасферы, атмасферы і біясферы). Да касмагенных радыенуклідаў (ізатопаў, якія ўзніклі на Зямлі пад уздзеяннем касм. прамянёў) адносяць вуглярод (14C), трытый (3H), берылій (7Be). Радыенукліды зямнога паходжання, якія ўплываюць на натуральны радыяцыйны фон, падзяляюць на групы: элементы радыеактыўных сем’яў урану (238U), торыю (232Th), актынаўрану (235AcU); прадукты распаду элементаў радыеактыўных сем’яў (радон, тарон, актынон); інш. радыеактыўныя элементы [кальцый (48Ca), рубідый (87Rb), фосфар (32P), сера (15S), плутоній (239Pu) і інш.]. Жыццё на Зямлі ўзнікла і развіваецца на фоне гэтай радыяцыі, пэўны яе ўзровень неабходны для існавання жыцця на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́Н (ад гідра... + ...фон),
электраакустычны пераўтваральнік гукавых і ультрагукавых ваганняў, што распаўсюджваюцца ў вадзе. Найб. пашыраны эл.-дынамічныя, п’езаэл. і магнітастрыкцыйныя гідрафоны. Выкарыстоўваюцца ў гідраакустычных прыладах (гідралакатарах, шумапеленгатарах, узрывальніках акустычных мін і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́ЙЧКЕ, Трэйчке (Treitschke) Генрых фон (15.9.1834, г. Дрэздэн, Германія — 28.4.1896), нямецкі гісторык і публіцыст; прадстаўнік малагерманскай (пруска-германскай) гістарыяграфічнай школы. Чл. Германскай АН у Берліне (1895). Выкладаў у Фрайбургскім (з 1863), Кільскім (з 1866), Гайдэльбергскім (з 1867), Берлінскім (з 1874) ун-тах. У 1866—89 рэдактар час. «Preussische Jahrbücher» («Прускія штогоднікі»). У 1871—84 дэп. рэйхстага Герм. імперыі. З 1886 (пасля смерці Л. фонРанке) афіц. гістарыёграф прускай дзяржавы. У сваёй паліт. і навук.-публіцыстычнай дзейнасці зыходзіў з антысеміцкіх, антысацыяліст., англафобскіх пазіцый. Яго ідэал — моцная манархічная дзяржава, здольная змагацца за сусв. гегемонію (на думку Т., гэта манархія Гогенцолернаў). Аўтар прац «Нямецкая гісторыя ў XIX ст.» (т. 1—5, 1879—94), «Палітыка» (т. 1—2, 1897—98) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШУМАВО́Е ЗАБРУ́ДЖВАННЕ,
празмернае павышэнне ўзроўню акустычнага шуму; адна з форм фізічнага забруджвання навакольнага асяроддзя. Асн. крыніцы Ш.з.: транспарт, вытв. і быт. машыны, механізмы і інш.
Прыродны шумавы фон (шум лісця, дажджу) звычайна не перавышае 15—20 дБ і з’яўляецца аптымальным для псіхафіз. стану чалавека і цеплакроўных жывёл. Шумавы фон у сучасным горадзе дасягнуў узроўню прамысл. шумаў. У выніку Ш.з. прыгнечваецца ўмоўна-рэфлекторная дзейнасць і рост жывёл. Яны трацяць здольнасць да размнажэння, зніжаюцца надоі, яйцаноскасць і інш. Пастаянны шум — адзін з фактараў хвароб і заўчаснай гібелі раслін у горадзе.
З мэтай зніжэння Ш.з. ствараюцца сан.-ахоўныя зоны вакол прамысл. прадпрыемстваў, трансп. магістралі і аэрапорты выносяцца па-за межы нас. пунктаў, уздоўж магістралей устанаўліваюць шумапаглынальныя экраны, ствараюць жывыя агароджы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАФО́Н (ад электра... + ...фон),
пераносны апарат для гукаўзнаўлення з грампласцінак. Бываюць мона- і стэрэафанічныя. Асн. вузлы: шматскарасны электрапрывод для раўнамернага вярчэння дыска з грампласцінкай, гуказдымальнік, узмацняльнік эл. ваганняў гукавой частаты, гучнагаварыцель ці акустычная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАФО́Н (ад грэч. gramma запіс + ...фон),
механічны апарат для ўзнаўлення гуку з грамафоннай пласцінкі. Вынайдзены ў 1888 ням.інж. Э.Берлінерам (працаваў у ЗША). Партатыўны варыянт грамафона — патэфон. Папярэднік грамафона — фанограф. У 1940—50-я г. выцеснены электрафонамі.