род сіл ВМФ, прызначаны і спецыяльна падрыхтаваны для вядзення баявых дзеянняў у складзе марскіх дэсантаў і выканання розных баявых задач у прыморскіх (часам прырэчных) раёнах. Ёсць ва ўзбр. сілах многіх марскіх дзяржаў.
Папярэднікам М.п. былі абардажныя каманды (гл.Абардаж). Рэгулярная М.п. ўпершыню створана ў Англіі (1664), потым у Расіі (1705), ЗША (1775). На тэр. Беларусі ў пач. вайны 1812 у абарончых баях каля Віцебска ўдзельнічалі рас. маракі Гвардз. флоцкага экіпажа. У польска-сав. вайну 1919—20 на Палессі дзейнічаў штурмавы атрад, потым дэсантная рота ў складзе польск. Пінскай флатыліі. У 1920—30-я г. ў польск. М.п. прызываліся жыхары Зах. Беларусі, частка іх у пач. 2-й сусв. вайны ўдзельнічала ў абароне балт. ўзбярэжжа Польшчы (у т. л. кулямётчык Я.Брыль). У 1940—41 роту М.п. мела сав. Пінская ваен. флатылія (7.7.1941 разам з воінамі 75-й стралк. дывізіі вяла абарончыя баі каля в. Альшаны Столінскага р-на Брэсцкай вобл.). У час Бел. аперацыі 1944 сав. Дняпроўская ваен. флатылія высадзіла 12 развед. і тактычных дэсантаў (усяго больш за 2,8 тыс.чал., найб. дэсант — 550 чал. — пры вызваленні г. Пінска). У Вял.Айч. вайну сярод сав. марскіх пехацінцаў вызначыліся беларусы П.Ф.Вансецкі, І.А.Макіёнак і інш., у сав.-яп. вайну 1945 — В.А.Кот і Ц.А.Пачтароў.
Сучасная М.п. мае на ўзбраенні плаваючыя танкі і бронетранспарцёры, уласныя проціпаветр. і процітанк. ўстаноўкі і артылерыю (уся баявая тэхніка самаходная, павышанай праходнасці). Часці М.п. высаджваюцца на бераг з дэсантных караблёў і катэраў (у т. л. на паветр. падушцы) або дэсантуюцца верталётамі карабельнага і берагавога базіравання пры агнявой падтрымцы караблёў і марской авіяцыі. Найб. кантынгент (корпус) М.п. маюць ЗША (каля 175 тыс.чал., 1998).
Літ.:
Локтионов И.И. Пинская и Днепровская флотилии в Великой Отечественной войне. М., 1958;
Камалов Х.Х. Морская пехота в боях за Родину. 2 изд. М., 1983;
Dyskant J.W. Flotilla rzeczna Marynarki Wojennej, 1919—1939. Warszawa, 1994.
У.Я.Калаткоў, Р.К.Паўловіч.
Да арт.Марская пяхота. Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў 75-й стралковай дывізіі і маракоў 6-й асобнай роты марской пяхоты Пінскай ваеннай флатыліі, якія загінулі 7.7.1941 пры абароне в. Альшаны Столінскага раёна Брэсцкай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 14—20 ст. Утвораны ў канцы 14 ст. пасля скасавання Віцебскага княства. Тэр. Віцебскага павета складалася з 2 асн. частак: стараж. баярскіх вотчын і княжацкіх двароў, якія размяшчаліся пераважна на З, У і Пд ад Віцебска на адлегласці каля 20—30 км, і больш аддаленых валасцей Азярышча (Езярышча), Бруса, Дрэчылукі, Мікуліна, Усвят (Усвяты) і інш. Княжацкімі дварамі, верагодна, здаўна былі Выдрэя, Лемніца (Ілемніца), Лужасна, Любашкаў, якія ў 16 ст. і пазней сталі велікакняжацкай уласнасцю. Шматлікія баярскія вотчыны (у 15—16 ст. сярод іх упамінаюцца Бялынавічы, Вымна, Глазамічы, Караміды, Пагосцішча, Старое Сяло, Тухачова, Фальковічы, Хоцімля і інш.) належалі прадстаўнікам 20—30 родаў мясц. паходжання ці раздаваліся вял. князямі служылым князям. У 1508 утворана Віцебскае ваяводства, куды ўвайшоў і Віцебскі павет. Функцыі віцебскага намесніка перайшлі да ваяводы, якога замяшчаў падваявода. У 1514 паўн.-ўсх. частка Віцебскага павета (воласці Веліж і Жыжэц) адышла да Маскоўскай дзяржавы (Веліж вернуты ў 1582 пасля Лівонскай вайны 1558—83). Пасля адм. рэформы ВКЛ 1565—66 удакладнены межы Віцебскага павета, уведзены новыя службовыя пасады (кашталян, суддзя земскі з падсудкам і пісарам, суддзя гродскі з пісарам, харужы, падкаморы і інш.), уся шляхта павета была ўраўнавана ў правах і атрымала самакіраванне — павятовы соймік. У час Лівонскай вайны на тэр. маёнтка Дрэчылукі ў 1563 пабудаваны дзярж.Суражскі замак. На тэр. Віцебскага павета здаўна існаваў праваслаўны Маркаў (Маркаўскі) манастыр (на правым беразе Зах. Дзвіны ніжэй ад Віцебска). У 16—18 ст. найбуйнейшымі землеўладальнікамі павета былі Сапегі, Сангушкі, Агінскія. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебскі павет у складзе Рас. імперыі: з 1772 у Пскоўскай, з 1776 у Полацкай, з 1796 у Беларускай, з 1802 у Віцебскай губ. У гэты перыяд тэр. Віцебскага павета значна паменшылася: з яго вылучаны Веліжскі, Гарадоцкі і Суражскі пав., паўд. частка ўвайшла ў Бабінавіцкі пав., паўд.-заходняя — у Сенненскі. У 1866 тэр. Суражскага пав. падзелена паміж Віцебскім паветам і Веліжскім пав. З гэтага часу Віцебскі павет набыў межы, у якіх заставаўся да 1918. У 1897 тэр. павета 2861,1 кв. вярсты, нас. 177 066 чал. З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Віцебскі павет увайшоў у яе склад. З утварэннем Літ.-Бел. ССР (ліст. 1919) павет у Віцебскай губ. адышоў да РСФСР. Да 1920 у павет уваходзілі 23 воласці, пасля ўзбуйнення валасцей (1923) у Віцебскім павеце іх засталося 15. У сак. 1924 тэр. павета ў межах адм.-тэр. падзелу 1920 вернута ў БССР. 17.7.1924 Віцебскі павет скасаваны, яго тэрыторыя ўвайшла ў Віцебскую акругу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ МІТРАПО́ЛІЯ,
царкоўна-адм. адзінка правасл. царквы. Утворана ў канцы 10 ст. ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата пасля ўвядзення хрысціянства ў Кіеўскай Русі. Першапачаткова ахоплівала тэр. ўсёй Русі, цэнтр быў у Кіеве, яе кіраўнік называўся мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Русі. Падзялялася на епархіі, колькасць і межы якіх мяняліся. З заняпадам Кіева пасля мангола-татарскага нашэсця цэнтр К.м. ў сярэдзіне 13 ст. перанесены ва Уладзімір-на-Клязьме, у пач. 14 ст. — у Маскву. У сувязі з ўваходжаннем тэр.б. Кіеўскай Русі ў розныя дзярж. ўтварэнні з 14 ст. К.м. стала распадацца на Галіцкую (існавала з перапынкамі ў 14 ст.), Літоўска-Навагрудскую і Маск. мітраполіі; у 1458 канчаткова падзелена на 2 самастойныя мітраполіі: К.м. ў ВКЛ і Галіцыі з цэнтрам у Навагрудку (часам у Вільні) і Маскоўскую (стала так афіцыйна называцца з 1459). У 1596 кіеўскі мітрапаліт Міхаіл Рагоза падтрымаў Брэсцкую унію 1596, у выніку была створана уніяцкая царква (гл.Беларуская грэка-каталіцкая царква, Украінская грэка-каталіцкая царква), уніяцкія мітрапаліты называліся таксама кіеўскімі, галіцкімі і ўсяе Русі. У 1620 правасл. К.м. адноўлена ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярхата з цэнтрам у Кіеве. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 частка мітраполіі (Левабярэжная Украіна і Кіеў) адышла да Расіі, у 1685 уся К.м. (уключала на той час тэр. Украіны і Беларусі) пераведзена пад юрысдыкцыю Маск. патрыярхата. Яна страціла свой высокі статус гал.царк.-адм. адзінкі краіны; мітрапаліт стаў называцца кіеўскім, галіцкім і Малыя Расіі. У 1722 скасавана царскім урадам. Імператрыца Лізавета аднавіла яе, мітрапаліт стаў называцца кіеўскім і галіцкім. Пасля 1917 утворана Украінская аўтакефальная правасл. царква (УАПЦ) на чале з мітрапалітам кіеўскім і ўсяе Украіны, у 1925 — менш значная Украінская правасл. царква (УПЦ); паралельна з імі на Украіне дзейнічала Руская правасл. царква. Прымусовае скасаванне ў 1930-я г. УАПЦ спыніла існаванне самастойнай К.м. У 1989 на Украіне разгарнуўся рух за аўтакефалію, у 1990 усеўкраінскі сабор УАПЦ абвясціў стварэнне Кіеўскага патрыярхата. Адначасова на Украіне працягвае дзейнасць і К.м. ў юрысдыкцыі Маск. патрыярхата.
Літ.:
Голубинский Е. История русской церкви. Т. 1. 2 изд. М., 1901;
Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни Буэнос-Айрес, 1966 (рэпр. выд.Мн., 1990);
Огіенко І.І. Українська церква. Т. 1—2. Київ, 1993;
Крижанівський О., Плохій С. Історія церкви та релігійної думкі в Україні. Київ, 1994. Кн. 3. С. 95—106, 131—133.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРАЎЛЯ́НСКІ РАЁН.
Размешчаны на Пд Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,6 тыс км². Нас. 12,5 тыс.чал. (2000), гарадскога 59%. Сярэдняя шчыльнасць 8 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Нароўля. Уключае 25 сельскіх населеных пунктаў, 5 сельсаветаў: Вербавіцкі, Галоўчыцкі, Завайцянскі, Кіраўскі, Красноўскі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Уся яго тэрыторыя забруджана радыенуклідамі: 4,2 тыс.гас.-г. угоддзяў маюць. забруджанасць 5—15; 17,3 тыс.га — 15—40; 4,7 тыс.га — 40—100 Ku/км². Скасаваны 3 сельсаветы (Вуглоўскі, Даўлядоўскі і Дзёрнавіцкі), адселены 35 населеных пунктаў; адсяленне працягваецца. За перыяд 1986—95 колькасць насельніцтва скарацілася на 17,3 тыс. чал.
Тэр. раёна размешчана ў межах Гомельскага Палесся. Паверхня нізінная, месцамі забалочаная, 85% яе на вышыні 120—140 м, уздоўж р. Прыпяць — 110 м і ніжэй. Найвыш. пункт 162 м (за 5 км на Пд ад в. Красноўка). Карысныя выкапні: соль, нафта, газ, каменныя і бурыя вуглі, мінер. фарбы, гліна, пясок, торф, мінер. воды (тэрмальныя расолы). Сярэдняя т-растудз. -6,4 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў каля 582 мм за год. Вегетац. перыяд 196 сут. Найб.р. Прыпяць з прытокамі Мытва, Славечна, Жалонь, Нараўлянка. Азёры ў поймах рэк, найб. з іх Семержаў і Старуха. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (41,9%), дзярнова-падзолістыя (26,4%), поймавыя (алювіяльныя 20,4%). Пад лесам 53% тэр. раёна. Лясы хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, чорнаальховыя і інш.Найб. масівы на 3. Пад балотамі 0,9% тэр., асушана 6,3 тыс.га. Найб. балотныя масівы Канаўскае балота, Мухаеды. У раёне ч.Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка. Помнікі прыроды мясц. значэння: парк у г. Нароўля, хвоя звычайная (участак росту) і дуброва ў Кіраўскім лясніцтве. Зоны адпачынку Белабярэжская, Галоўчыцкі парк.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 29,9 тыс.га (18,7%), з іх асушаных 14,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 5 калгасаў, 2 саўгасы, 1 дапаможная і 2 фермерскія гаспадаркі. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых, бабовых і кармавых культур, кукурузы, бульбы. Прадпрыемствы харч. (Нараўлянская кандытарская фабрыка «Чырвоны мазыранін», малочныя прадукты і інш.) і дрэваапр. (мэбля, сталярныя вырабы, піламатэрыялы) прам-сці; з-д гідраапаратуры. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі з Нароўлі ў Чарнобыль (Украіна), Мазыр, Ельск. У раёне 6 сярэдніх, 5 базавых школ, школа мастацтваў, ПТВ, 12 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 16 б-к, 3 бальніцы, паліклініка, 15 фельч.-ак. пунктаў, санаторый-прафілакторый «Палессе». Музей этнаграфіі і нар. рамёстваў. Помнік архітэктуры — царква Параскевы (18 ст.) у в. Вербавічы. Выдаецца газ. «Прыпяцкая праўда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТО́ЎСКІ РАЁН.
На З Гродзенскай вобл. Утвораны 15.1.1940, скасаваны 25.12.1962, адноўлены 6.1.1965. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 40,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 45 %. Сярэдняя шчыльн. 31 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Масты. Уключае 154 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Азёркаўскі, Галубоўскі, Глядавіцкі, Гудзевіцкі, Дубненскі, Зарудаўеўскі, Курылавіцкі, Лунненскі, Малькавіцкі, Мастоўскі, Мікелеўшчынскі, Пацавіцкі, Пескаўскі, Харціцкі.
Амаль усятэр. раёна размешчана ў межах Верхнянёманскай нізіны. Паверхня раўнінная, агульны нахіл з Пд на Пн да даліны р. Нёман, 80 % яе — на выш. да 120 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на Пд ад в.Вял. Рагозніца). Карысныя выкапні: торф, цэментныя мел і гліны, гліны і суглінкі для грубай керамікі, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-растудз. -5,1 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 540 мм за год. Вегетац. перыяд 198 сут. Найб. рака Нёман з прытокамі Шчара з Сіпай, Зальвянка, Рось, Ельня. Меліярацыйныя каналы: Нацкава, Ланцавічы, Міклашоўскі. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (54,3 %), тарфяна-балотныя (14,8 %), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (14,4 %), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8 %). Пад лесам 33 % тэр. раёна. Суцэльныя масівы лесу захаваліся ўздоўж р. Нёман (часткі Нёманскіх лясоў і Ліпічанскай пушчы). Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, грабавыя, ясянёвыя. Пад балотамі 20,7 тыс.га, з іх асушана 17,2 тыс.га. Помнікі прыроды рэсп. значэння: катлавіны Гумнішча і Падбярэззе, Пабоеўскі вял. камень з ямкамі, Княжаводскае і Пашынскае агаленні стараж. адкладаў Княжаводскае агаленне стараж. адкладаў, роў Яна і Цэцыліі (з агаленнем Самастрэльнікі), Дубненскае і Пескаўскае агаленні азёрных і рачных адкладаў. Зоны адпачынку Масты, Воўпа, Скідзель.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 64,8 тыс.га, з іх асушаных 22,3 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 16 калгасаў, 2 саўгасы, 10 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля і буракаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы дрэваапр. (мэбля, піламатэрыялы), харч. (крухмал, маянэз), металаапр. (рамонтны з-д у в. Пескі) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла). ГЭС каля в. Пацавічы. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Ліда—Масты—Ваўкавыск і Гродна—Масты; аўтадарогі Шчучын—Масты—Ваўкавыск, Масты—Слонім, Масты—Гродна і інш. У раёне 19 сярэдніх, 9 базавых, 4 пач. школы, школа-інтэрнат для дзяцей са слабым зрокам, муз. школа, 23 дашкольныя ўстановы, 32 клубы, 37 б-к, 6 бальніц, 5 амбулаторый, 22 фельч.-ак. пункты. Гудзевіцкі дзярж.літ.-краязнаўчы музей, мастоўскі музей «Лёс і чалавек». Арх. помнікі: касцёл Ганны (1782) у в. Лунна, Троіцкі касцёл (1740) у в. Струбніца. Выдаецца газ. «Зара над Нёманам».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТРА́Ж (франц. vitrage ад лац. vitrum шкло),
арнаментальная або сюжэтная дэкар. кампазіцыя са шкла ці інш. матэрыялаў, якія прапускаюць святло (у акне, дзвярах, у выглядзе самаст. пано).
Вядомы з 2-га тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце. З 1 ст. да н.э. ў Стараж. Рыме. У 10—12 ст. у раманскіх храмах Францыі (сабор Нотр-Дам у Шартры, да 1260) і Германіі з’явіліся сюжэтныя вітражы з кавалачкаў каляровага (чырвонага і сіняга) шкла, выразаных па контуры выяў і змацаваных свінцовымі палоскамі. Былі пашыраны кампазіцыі, дзе выявы святых займалі амаль увесь аконны праём, і кампазіцыі ў форме медальёнаў (уся плошча акна запаўнялася закампанаванымі невял. дэталямі). У 12—14 ст. узбагаціўся колеравы набор шкла, разам з рэліг. сцэнамі ствараліся бытавыя. У 14—15 ст. мастацтва вітража актыўна развівалася ў Англіі (Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане), Італіі (сабор у Мілане), Польшчы, Швейцарыі. Паступова ў вітражы ўсё большую ролю адыгрывала размалёўка, ён траціў спецыфічную плоскаснасць, формы драбнелі. У эпоху Адраджэння вітражом называлі і жывапіс па шкле. У 16 ст. для аздаблення інтэр’ераў выкарыстоўвалі аднатонныя вітражы са свецкімі сюжэтамі. У эпоху барока і класіцызму вітраж амаль знікае. З 2-й пал. 19 ст. цікавасць да вітража павышаецца. Імкненне да падкрэсленай эмацыянальнай выразнасці інтэр’ера спарадзіла вітраж мадэрну. Мастакі 20 ст. ўключаюць свае кампазіцыі ў адзіную сістэму дэкору інтэр’ера, надаючы ім ролю асн. кампанента маст. выразнасці. З 1950-х г. развіваюцца вітражы-перагародкі, вітражы-пано. Вітраж складаюць з кавалачкаў каляровага і бясколернага шкла, з маналітнага шкла з размалёўкай запечанымі фарбамі, трохслаёвыя з арган. шкла, з тоўстага колатага шкла і каляровых люстэркаў, якія манціруюць на цэменце або жалезабетоне, арміруюць свінцовай, стальной або пластмасавай стужкай. Дэкар. апрацоўку шкла для вітража робяць пескаструменным спосабам, каляровым траўленнем, адліўкай і прасаваннем, што дае магчымасць больш поўна выяўляць магчымасці шкла (празрыстасць, шурпатасць, зіхатлівасць). Тэматыка вітража часта адпавядае прызначэнню будынка.
На Беларусі вітражы вядомы з 15—16 ст. (у капліцах фарнага касцёла ў Навагрудку, касцёле бернардзінцаў у Гродне). Вітражы пашыраны і ў сучасным манум.-дэкар. мастацтве: паяны вітраж у інтэр’еры касцёла Сымона і Алены (1974, Г.Вашчанка), Доме літаратара (1976, У.Стальмашонак), у адм. будынку ВА «Гарызонт» (1982, Н.Шчасная), кінатэатры «Масква» (1980, Г. і М.Вашчанкі); з выкарыстаннем размалёўкі эпаксіднымі смоламі — у Т-ры юнага гледача (1978, У.Ткачоў, В.Нямцоў), з алюмініевай працяжкай у Рус.драм. т-ры (1976), на паштамце (1980; абодва В.Позняк; усе ў Мінску). У камбінаванай тэхніцы (ліццё, размалёўка, паяны з алюмініевай працяжкай) выкананы вітраж ў кінатэатры «Радзіма» ў г. Маладзечна (1982, В.Ціханаў, В.Барабанцаў), вітраж «Прырода» ў Ін-це батанікі АН Беларусі (1984, Барабанцаў), у Палацы піянераў у Брэсце (1989) і санаторыі «Радон» у в. Дзятлава Гродзенскай вобл. (1993, абодва Позняк і інш.
Л.Г.Лапцэвіч.
Вітраж «Прырода» ў Інстытуце батанікі АН Беларусі. Мастак В.Барабанцаў. 1984.Вітраж Міланскага сабора.Вітраж сабора Нотр-Дам у Шартры (Францыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКА́,
адкрыты пастаянны водны паток, які цячэ ў распрацаваным ім рэчышчы і жывіцца за кошт сцёку з яго вадазбору. Пачатак Р. (крыніца, ручай, возера, балота, ледавік) наз.вытокам ракі. Месца ўпадзення Р. ў акіян, мора, возера, вадасховішча, іншую Р. — вусце. У вусцях многіх Р. утвараюцца дэльты, некат. Р. канчаюцца эстуарыямі. Ч. даліны, дзе цячэ Р., наз.рэчышчам, а яе частка, што затапляецца ў высокую ваду, — поймай. Ад размывання дна і берагоў на ўвагнутых участках выгінаў рэчышча ўтвараюцца лукавіны (меандры). Плошча, з якой вада сцякае да Р., наз.вадазборам, або басейнам рачным. Лінія, якая падзяляе сумежныя вадазборы, — водападзел. Р., якая ўпадае ў акіян, мора, бяссцёкавае возера або губляецца ў пясках, наз. галоўнай. Разам з прытокамі розных парадкаў і вадаёмамі Р. ўтвараюць гідраграфічную сетку. Гал. характарыстыка Р. — велічыня яе сцёку (расход, гадавы аб’ём); да важнейшых таксама належаць: даўжыня, пл. басейна, нахіл воднай паверхні, шырыня рэчышча і яго глыбіня, скорасць цячэння вады. У залежнасці ад умоў фарміравання гідралагічнага рэжыму Р. падзяляюць на раўнінныя і горныя. Раўнінная Р. мае нязначны нахіл, павольнае цячэнне, шырокую даліну з пакатымі схіламі. У горнай Р. вялікі нахіл, хуткае цячэнне, вузкая глыбокая даліна. Вылучаюць таксама Р. азёрныя, балотныя і карставыя. Азёрная Р. выцякае з возера або працякае цераз яго (іх). Балотная Р. цячэ па балоце або мае значную забалочаную тэрыторыю на сваім вадазборы. Карставая Р. жывіцца пераважна карставымі водамі. У залежнасці ад велічыні Р. падзяляюцца на вялікія, сярэднія і малыя. Вялікая Р. (пл.бас. больш за 50 тыс.км²) цячэ ў межах некалькіх геагр. зон, сярэдняя (пл.бас. 2—50 тыс.км²) і малая Р. (пл.бас. да 2 тыс.км²) цякуць ў адной геагр. зоне. Адрозніваюць Р. з занальным, азанальным і полізанальным (складаным) рэжымам. Вылучаюць 4 віды жыўлення Р.: дажджавое, снегавое, падземнае і ледавіковае. Для Р. характэрны 3 асн. фазы воднага рэжыму: разводдзе, межань і паводка (летне-асенняя і зімовая). Паводле асаблівасцей жыўлення і воднага рэжыму існуе некалькі класіфікацый Р. (А.Л.Ваейкава, М.І.Львовіча, П.С.Кузіна, Б.Дз.Зайкава і інш.). Р. — важнае звяно кругавароту вады на Зямлі. Сярэднегадавы сцёк Р. зямнога шара 42 тыс.км³, Беларусі — 34 км³ (гл. таксама табл.).
На тэр. Беларусі 20,8 тыс. Р., іх агульная даўж. 90,6 тыс.км. Яны належаць вадазборам Чорнага (Дняпро з Прыпяццю; збіраюць ваду з 56% тэр.) і Балтыйскага мораў (Нараў, Зах. Буг, Нёман, Зах. Бярэзіна і Ловаць; дрэніруюць 44% тэр.). Найб. Р. (даўж. больш за 500 км): Бярэзіна, Нёман, Вілія (пачынаюцца на тэр. Беларусі), Дняпро, Прыпяць, Сож, Зах. Дзвіна (транзітныя). Р. даўж. 101—50 км — 42, іх сумарная даўж. 6,7 тыс.км. Самых малых Р. і ручаёў (даўж. да 10 км) 19,3 тыс., іх агульная даўж. 48,8 тыс.км. Найб. пашыраны раўнінныя малыя Р. Сярэдняя гушчыня рачной сеткі 0,44 км/км². Нахілы Р. вагаюцца на розных участках ад 0,1 да 2—3‰. Скорасць цячэння Р. малая — 0,5—0,7 м/с. Асн. крыніца жыўлення — частка атм. ападкаў, якая застаецца ад выпарэння і транспірацыі. Характэрна выразнае веснавое разводдзе і параўнальна ўстойлівыя летне-асеннія і зімовыя межані. Разводдзе ў залежнасці ад велічыні Р. цягнецца 30—120 сут, часам суправаджаецца навадненнямі. Летне-асенняя межань доўжыцца 160—205 сут, зімовая 85—110 сут, часта парушаюцца паводкамі ад дажджоў летам і ў час адліг зімой. Замярзаюць Р. звычайна ў студз. (лёд трымаецца ад 80 да 140 сут). Таўшчыня лёду ад 17—45 см на Пд да 29—64 см на Пн і ПнУ. Амаль усюды адзначаецца веснавы крыгаход. На большасці Р. асн. маса рачнога сцёку прыходзіць вясной пры раставанні снегу. Доля веснавога сцёку складае 36—77% ад гадавога, у перыяд летне-асенняй межані — 18—43%, зімовай межані — 4—25%. Р. штогод выносяць за межы краіны каля 1,2 млн.т завіслых наносаў і каля 6,5 млн.т раствораных рэчываў. Паводле падабенства гідралагічнага рэжыму паверхневых вод вылучана 6 гідралагічных раёнаў (гл.Гідралагічнае раянаванне). Сістэматычны звод звестак аб водных рэсурсах краіны, іх якасці змяшчае водны кадастр. Гідралагічныя назіранні вядуцца на гідралагічных станцыях і гідралагічных пастах. Р. выкарыстоўваюцца як крыніцы пітнай і прамысл. вады, з мэтамі суднаходства, лесасплаву, рыбалоўства, рэкрэацыі, меліярацыі і інш. Для выкарыстання водных рэсурсаў і барацьбы са шкодным уздзеяннем вод на Р. ствараюцца гідратэхнічныя збудаванні. Р. пільна ахоўваюцца ад забруджвання і вычэрпвання (гл.Ахова вод, Водаахоўная зона). Мерапрыемствы па ахове і рацыянальным выкарыстанні Р. прадугледжаны ў Водным кодэксе Рэспублікі Беларусь Сучасныя Р. вывучае гідралогія рэк, стараж. — палеапатамалогія.
Літ.:
Аполов Б.А. Учение о реках. 2 изд. М., 1963;
Муранов А.П. Величайшие реки мира. Л., 1968;
Блакітная кніга Беларусі: Энцыкл.Мн., 1994.
А.А.Макарэвіч.
Гідралагічныя паказчыкі найбольшых рэк свету і Беларусі
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАВА́РЫЯ (Bayern),
зямля (адм. адзінка) на ПдФРГ. Пл. 70,6 тыс.км². 11,9 млн.чал.(1994). Адм. ц. — г.Мюнхен; найбуйнейшыя гарады: Нюрнберг, Аўгсбург, Рэгенсбург, Вюрцбург, Пасаў. Амаль усятэр. Баварыі размяшчаецца на Баварскім пласкагор’і і Франконскім Альбе. На У невысокія горы Чэшскага і Баварскага Лесу, Шумавы; на Пд адгор’і Цірольскіх Альпаў (г. Цугшпітцэ, 2963 м). Больш за 30% тэрыторыі пад лесам. Густая сетка рэк (Дунай з прытокамі, Майн), на Пд шмат азёраў.
Клімат умераны. Сярэдняя т-раліп. 17 °C, студз. каля 2 °C, ападкаў 935 мм за год Невял. радовішчы жал. руды, бурага вугалю, солі, графіту, нафты. Большасць насельніцтва занята ў прам-сці. Каля 50% электраэнергіі даюць ГЭС. Ёсць АЭС. Вядучая галіна — машынабудаванне: электратэхнічнае, агульнае (у т. л.вытв-сць падшыпнікаў), транспартнае (аўта- і самалётабудаванне), дакладная механіка. Развіты нафтаперапрацоўка і нафтахімія, вытв-сць алюмінію. Важнае значэнне маюць тэкст. і швейная, шклокерамічная, харч. (вытв-сць сыроў, піва, масла, цукру), дрэваапр.прам-сць. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу, цукр. буракі, хмель, агародніну, вінаград. Жывёлагадоўля. Густая сетка чыгунах (амаль усе электрыфікаваны) і аўтадарог. Суднаходства па Дунаі і Майне. Курорты. Турызм.
Гісторыя. Баварскае герцагства з цэнтрам у г. Рэгенсбург узнікла ў 6 ст. (утворана герм. племем бавараў). Правіла ў ім дынастыя Агілальфінгаў. З 591 герцагства, залежнае ад Франкскай дзяржавы, з 788 частка імперыі Каралінгаў. У 903—437 яно адноўлена, у 938—947 далучана да «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У 976 ад Баварыі аддзялілася Карынтыя, у 1156 — Усходняя марка (Аўстрыя), у 1180 — Штырыя. З 1180 Бавары. наз. герцагствам Вітэльсбахаў. У 1255 яно падзялілася на Ніжнюю і Верхнюю (з рэйнскім графствам Пфальц, далучаным у 1214) Баварыю. Пры Людвігу Баварскім (з 1314 герм. кароль Людвіг IV) уладаннямі Баварыі сталі Брандэнбург, Ціроль, Нідэрланды. Пасля перыяду раздробленасці герцагства зноў аб’ядналася ў 1505. У 16 ст. яно было цэнтрам Контррэфармацыі ў Германіі. З 1623 Баварыя — курфюрства. Яе першы курфюрст Максімілян I далучыў у 1628 да Баварыі Верхні Пфальц. Са смерцю Максіміляна II Іосіфа (1777) баварская лінія Вітэльсбахаў спынілася, і ў Баварыі правілі пфальцскія курфюрсты. З 1806 Баварыя — каралеўства. Паміж 1803 і 1815, дзякуючы саюзу з напалеонаўскай Францыяй, тэр. Баварыі значна павялічылася. З 1815 яна чл.Герм. саюза, з 1834 у герм. мытным саюзе. У 1818 Баварыя атрымала канстытуцыю. Пры Людвігу I [1825—48] культ. і навук. цэнтрам Баварыі стаў Мюнхен. Ліберальным і сац. рэформам у каралеўстве спрыяў Максімілян II [1848—64]. У час аўстра-прускай вайны 1866 Баварыя на баку Аўстрыі, з 1871 у складзе Герм. імперыі. У ліст. 1918 Людвіг III Вітэльсбах адрокся ад прастола. З 1919 Баварыя — «вольная дзяржава» ў складзе Веймарскай рэспублікі. У крас. 1919 у Мюнхене левыя абвясцілі Баварскую Сав. рэспубліку, якая ў маі ліквідавана ўрадавымі войскамі. У 1920-я г. Баварыя — цэнтр правай герм. апазіцыі супраць Веймарскай рэспублікі.
Пры нацыстах імперскім намеснікам Баварыі стаў у 1933 ген. фон Эп. Пасля 2-й сусв. вайны акупіравана войскамі ЗША, якія стварылі тут зямлю (без Пфальца).У 1949 баварскі ландтаг ухваліў рашэнне аб утварэнні ФРГ з Баварыяй у яе складзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ДЗЕНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі. Размешчана на З краіны, мяжуе з Польшчай і Літвой. Утворана 20.9.1944. Пл. 25 тыс.км². Нас. 1215,6 тыс.чал. (1995). Цэнтр — г.Гродна. У вобласці 17 раёнаў: Астравецкі, Ашмянскі, Бераставіцкі, Ваўкавыскі, Воранаўскі, Гродзенскі, Дзятлаўскі, Зэльвенскі, Іўеўскі, Карэліцкі, Лідскі, Мастоўскі, Навагрудскі, Свіслацкі, Слонімскі, Смаргонскі, Шчучынскі (гл. адпаведныя арт.), 12 гарадоў, у т. л. 6 абл. падпарадкавання — Гродна, Ваўкавыск, Ліда, Навагрудак, Слонім, Смаргонь, 21 гар. пасёлак, 195 сельсаветаў, 4414 сельскіх населеных пунктаў.
Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (130—190 м). Цэнтральнае становішча займае Нёманская нізіна, выцягнутая ўздоўж Нёмана. Пры выхадзе Нёмана за межы рэспублікі знаходзіцца самы нізкі пункт краіны — 80 м над узр. мора. На Пн і ПнУ — Лідская раўніна (да 170 м) і Ашмянскае ўзвышша (да 320 м), на крайнім ПнУ — ч.Нарачана-Вілейскай нізіны. На Пд і У марэнныя згладжаныя ўзвышшы: Гродзенскае ўзвышша, Ваўкавыскае ўзвышша, Навагрудскае ўзвышша, на ім найвышэйшы пункт вобласці — Замкавая гара (323 м). Карысныя выкапні: жал. руды (Навасёлкаўскае радовішча ільменіт-магнетытавых руд у Карэліцкім р-не і шэраг рудапраяўленняў уздоўж граніцы з Літвой у Гродзенскім р-не), торф (пераважна на Нёманскай нізіне), мел, цагельныя і чарапічныя гліны, цэментная сыравіна (гал. радовішчы ў Ваўкавыскім р-не), сілікатныя пяскі, вапняковая сыравіна, пясчана-гравійны матэрыял. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -6,6 °C у Карэліцкім і Навагрудскім р-нах да -5 °C на ПдЗ у Бераставіцкім і Свіслацкім р-нах, у ліп. 17—18,2 °C. Вегетац. перыяд 189—200 сут. Гадавая колькасць ападкаў 520—640 мм (у Навагрудку 706 мм), 71% іх прыпадае на цёплую палавіну года (крас. — кастрычнік). Амаль усятэр. вобласці адносіцца да бас. Нёмана і яго прытокаў: Бярэзіны, Гаўі, Дзітвы, Лебяды, Котры (справа), Ушы, Сэрвачы, Шчары, Ласосны (злева). На ПнУ — р. Вілія (з Ашмянкай). На ПнЗ пачынаецца р. Нараў — прыток Віслы. Вядомы Аўгустоўскі канал, які злучаў басейны Нёмана і Віслы. Найб. азёры: Белае, Рыбніца, Малочнае, Свіцязь (у межах Свіцязянскага ландшафтнага заказніка), Свір і Вішнеўскае (на мяжы з Мінскай вобл.). Глебы с.-г. угоддзяў значна завалунены і эрадзіраваны, часткова пераўвільготнены і забалочаны. Дзярнова-падзолістыя глебы складаюць 78,9% пл.с.-г. угоддзяў, дзярнова-падзолістыя забалочаныя — 17,5%. Паводле мех. складу пераважаюць супясчаныя глебы — 56,9%, ёсць сугліністыя — 23,1%, пясчаныя і тарфяныя — па 10%. Асушаныя землі займаюць 18,5% с.-г. угоддзяў. Сярэдняя лясістасць 33%, ад 10 — 12% у Бераставіцкім і Зэльвенскім р-нах да 50% у Свіслацкім. Лясы пераважна хваёвыя (68,8%) і яловыя (11%), менш бярозавых, чорнаальховых, дубовых, грабавых, ясянёвых. Захаваліся буйныя лясныя масівы — пушчы: Налібоцкая, Ліпічанская, Графская, Белавежская (часткова). Балоты, пераважна нізінныя, займаюць 6,6% тэр. вобласці, б.ч. іх асушана. Пад лугамі 14,4%, 2/3 іх нізінныя. На тэр. вобласці частка нац. парку Белавежская пушча, 10 прыродных заказнікаў рэсп. значэння, 50 помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС радыеактыўнаму забруджванню падверглася 6,8% тэр. вобласці.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (65,1%), палякі (24,7%), жывуць таксама рускія (7,7%), украінцы (1,4%) і інш. Гарадскога нас. 61,4%. Сярэдняя шчыльн. 48,6 чал. На 1 км², сельскага нас. 18,9 чал. На 1 км², вагаецца ад 12,7 чал. на 1 км² у Свіслацкім да 22,8 чал. на 1 км² у Шчучынскім і Лідскім раёнах. Найб. гарады (тыс.чал., 1995): Гродна (301), Ліда (101), Слонім (53), Ваўкавыск (44), Смаргонь (38), Навагрудак (31). Для вобласці характэрна зніжэнне натуральнага прыросту насельніцтва (з 1993 адмоўны). З 1994 адбываецца абсалютнае скарачэнне колькасці насельніцтва вобласці.
Гаспадарка. У гасп. комплексе пераважае прамысловасць, у якой занята 27,6% працуючых. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. За 1991—94 аб’ём прамысл. вытв-сці панізіўся на 33%, асабліва вял. спад адбыўся ў хім. (на 63%), буд. матэрыялаў (на 44%), лёгкай (на 42%) прам-сці. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадуктаў хім., машынабуд., дрэваапр., цэлюлозна-папяровай, буд. матэрыялаў, лёгкай і харч. галін. У 1994 у Гродзенскай вобласці было атрымана (у % да агульнарэсп. вытв-сці): азотных угнаенняў 100, сернай кіслаты 44,6, лакафарбавых матэрыялаў 71,7, бульбаўборачных машын 100, радыёэлектронных прылад 73, фанеры 24,4, паперы 28,3, кардону 21,2, драўняна-стружкавых пліт 26, цэменту 53, шыферу 65, вапны 61,6, баваўнянай пражы 32,3, шарсцяных тканін 22, тытунёвых вырабаў 100, піва 15,7. Асн.прамысл. патэнцыял сканцэнтраваны ў шматгаліновых цэнтрах: Гродне, Лідзе, Слоніме, Ваўкавыску, Навагрудку, Смаргоні. У Гродне выпускаюцца азотныя ўгнаенні, капралактам, капронавае валакно, разнастайная машынабуд. прадукцыя, шарсцяныя тканіны, баваўняная пража і ніткі, швейныя вырабы, абутак, тытунёвыя вырабы і інш. У Лідзе размешчана вытв-сцьс.-г. Машын, аўтобусаў, лакаў і фарбаў, электратэхн. вырабаў, абутку, харч. канцэнтратаў, піва і інш. Слонім вядомы прадукцыяй камвольна-прадзільнай ф-кі і кардонна-папяровага з-да; Ваўкавыск — з-дам дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, малочна-кансервавым камбінатам дзіцячых прадуктаў, а таксама размешчаным паблізу (пас. Краснасельскі) аб’яднаннем «Ваўкавыскцэментнашыфер»; Навагрудак — з-дам газавай апаратуры, металаапр. аб’яднаннем, прадпрыемствамі лёгкай і харч. прам-сці; Смаргонь — машынабудаваннем, камбінатам сілікатабетонных вырабаў. Шырока вядома прадукцыя шклозавода «Нёман» у Бярозаўцы Лідскага р-на. Самае буйное прадпрыемства дрэваапр. прам-сці ВА «Мастоўдрэў». Невял. і сярэднія прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, драўніны, па здабычы торфу, вытв-сці буд. матэрыялаў размеркаваны па раённых цэнтрах, гар. і рабочых пасёлках.
Сельская гаспадарка — высокаразвітая галіна, у ёй занята 22,8% працуючых. Па эфектыўнасці с.-г. вытв-сці Гродзенская вобласць займае вядучае месца сярод абласцей краіны. Большасць раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжа, бульбы, а таксама цукр. буракоў на З і лёну на У. У прыгарадных зонах значных гарадоў развіта агародніцтва і садоўніцтва. Сельгасугоддзі займаюць 51,5% тэрыторыі, ворныя землі — 35,9% (1994). Пры ўдзельнай вазе вобласці ў агульных сельгасугоддзях і ворных землях каля 14% вобласць дае (1995) 17,2% агульнарэсп. вытв-сці збожжа, 17,5% бульбы, 15% ільновалакна, 39% цукр. буракоў, 16,2% мяса (у жывой вазе), 16% малака. На долю раслінаводства прыпадае (1994) 45%, жывёлагадоўлі — 55% прадукцыі сельскай гаспадаркі. Доля раслінаводства з 1990 павышаецца, жывёлагадоўлі — зніжаецца. У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць збожжавыя і кармавыя культуры (гл.табл. 1), павялічваюцца плошчы пад цукр. буракамі. Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі і льном-даўгунцом.
На пач. 1995 у Гродзенскай вобласці 329 фермерскіх гаспадарак, якія мелі 4,3 тыс.га зямлі, у т. л. 3,3 тыс.га ворыва. Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме вытв-сці с.-г. прадукцыі павялічваецца: бульбы з 58,5% (1990) да 90% (1994), агародніны з 34,2% да 79,4%, пладоў і ягад да 95%. Жывёлагадоўля малочна-мяснога кірунку, развіта свінагадоўля, у прыгарадных зонах значных гарадоў — птушкагадоўля. Пагалоўе жывёлы з 1991 зніжаецца (гл.табл. 2). Доля асабістых і фермерскіх гаспадарак павялічылася па вытв-сці мяса з 16% (1990) да 26,9% (1994), малака з 32% да 41,4%, яец з 45,7% да 52,3%.
Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 672 км. Тэр. вобласці перасякаюць чыгункі: Мінск—Маладзечна—Смаргонь—Вільнюс, Вільнюс—Ліда—Баранавічы—Лунінец, Маладзечна—Ліда—Масты—Гродна, Вільнюс—Гродна—Беласток, Гродна—Ваўкавыск—Баранавічы, якія звязваюць вобласць з Польшчай, Літвой, Украінай, Расіяй, з астатнімі абласцямі краіны. Чыг. вузлы: Гродна, Ліда, Масты, Ваўкавыск. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,6 тыс.км. Асн. магістралі Мінск—Ашмяны—Вільнюс, Мінск—Ліда—Гродна, Баранавічы—Слонім—Ваўкавыск—Гродна, Вільнюс—Ліда—Слонім. Мясц. суднаходства па рэках Нёман і Шчара. Даўж. водных шляхоў 521 км. Па тэр. вобласці праходзяць адгалінаванні газаправодаў Дашава—Мінск і «Ззянне Поўначы»: Івацэвічы—Слонім—Ліда—Вільнюс, Івацэвічы—Слонім—Гродна. У Гродне аэрапорт. Прыгранічнае становішча вобласці спрыяе развіццю яе эканам. сувязей з Польшчай, Літвой, Расіяй (Калінінградская вобл.) у рамках еўрарэгіёна «Нёман».
Л.В.Казлоўская.
Табліца 1 Пасяўныя плошчы вобласці
Плошча (тыс.га)
Гады
1990
1994
Уся пасяўная плошча
893
870,6
Збожжавыя і зернебабовыя
417,9
407,7
Тэхнічныя культуры
54,3
38,5
у тым ліку:
лён-даўгунец
27
12,6
цукровыя буракі
14,2
17,8
Бульба
92,7
107,3
Агародніна
3,9
10,9
Кармавыя культуры
324,2
306,2
Табліца 2 Пагалоўе жывёлы і птушкі ў гаспадарках
Пагалоўе (тыс. галоў)
Гады
1990
1994
Буйная рагатая жывёла
977,1
787,1
у т.л. каровы
334,5
314,7
Свінні
905,5
731,3
Авечкі і козы
63,1
29,5
Птушка
7765,7
6794,7
Да арт.Гродзенская вобласць. Краявід у Навагрудскім раёне (уверсе). Машынная зала Гродзенскага вытворчага аб’яднання «Азот».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ САХА́РА,
тэрыторыя на ПнЗ Афрыкі. Мяжуе на Пн з Марока і Алжырам, на У і Пд з Маўрытаніяй; на З абмываецца Атлантычным ак. Падзяляецца на 4 правінцыі. Пл. 252,1 тыс.км². Нас. 260 тыс.чал. (1993). Адм.ц. — г.Эль-Аюн. Афіц. мова — арабская.
Прырода. Паверхня пераважна раўнінная, на У ўздымаецца да выш. 300—350 м. На ПнУ перадгор’і Атласкіх гор (500—700 м). Карысныя выкапні: фасфарыты (каля 10 млрд.т, прыкладна чвэрць сусв. запасаў), жал., медныя. ртутныя, уранавыя руды, калійная і кухонная солі. Клімат трапічны, пустынны. Сярэднямесячныя т-ры ад 17—20 °C да 25—30 °C. Ападкаў 50—200 мм, выпадаюць у кастр.-ліст. і сак.-маі. Пастаянных рэк няма. Вял. тэрыторыі займаюць пясчаныя і камяністыя прасторы без расліннасці, месцамі — разрэджаныя ксерафітныя хмызнякі і травы.
Насельніцтва. Жывуць паўкачавыя і качавыя плямёны араба-берберскага паходжання, агульная назва — маўры. Усе вызнаюць іслам суніцкага толку. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 1 чал. на 1 км². У асобныя перыяды многія групы насельніцтва качуюць па тэр. суседніх краін. У сувязі з ваен. дзеяннямі некалькі дзесяткаў тысяч жыхароў З.С. знаходзяцца ў бежанскіх лагерах на тэр.
Алжыра. У г. Эль-Аюн з прыгарадамі 139 тыс.ж. (1990).
Гісторыя. З 11 ст. падпарадкавана Альмаравідам. У 15 ст. каля ўзбярэжжа З.С. з’явіліся партугальцы, якіх на мяжы 15 і 16 ст. выцеснілі іспанцы. У выніку пагадненняў з Францыяй (1900, 1903, 1912) пра падзел Сахары — ісп. калонія пад назвай Ісп.Зах. Афрыка. Складалася з 2 частак: Рыо-дэ-Ора і Сегіет-эль-Хамра. Пасля атрымання незалежнасці Марока (1956) і Маўрытанія (1960) заявілі прэтэнзіі на тэр. З.С. У 1958 Іспанія надала сваёй калоніі фармальны статус заморскай правінцыі пад назвай Ісп. Сахара. У 1963 адкрыта багатае радовішча фасфарытаў (эксплуатуецца з 1973). У выніку ўзмацнення вызв. руху, які падтрымлівалі краіны Магрыба (у 1973 створаны Фронт Палісарыо), Іспанія аб’явіла ў 1975 пра спыненне сваёй прысутнасці ў З.С. Да 1976 гэта тэрыторыя была падпарадкавана сумеснай іспана-маракана-маўрытанскай адміністрацыі. Калі іспанцы канчаткова пакінулі З.С. (1976), пачаўся яе падзел паміж Марока і Маўрытаніяй. Адначасова Палісарыо абвясціў аб стварэнні Сахарскай Араб.Дэмакр. Рэспублікі (САДР) і сфарміраваў урад у эміграцыі (Алжыр). З’езд Фронту Палісарыо (1976) прыняў канстытуцыю (перапрацавана ў 1982), паводле якой вышэйшы дзярж. орган — Рада кіраўніцтва рэвалюцыі, кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якім з’яўляецца старшыня Рады; заканадаўчая ўлада належыць Сахарскай нац. радзе. Прэзідэнтам і старшынёй Рады абраны М.Абд аль-Азіз. У 1979, пасля афіц. адмовы Маўрытаніі ад прэтэнзій на частку З.С., уся яе тэрыторыя была анексіравана Марока. Міжнар. спробы ўрэгуляваць канфлікт паміж Марока і Палісарыо (незалежнасць З.С. або далучэнне яе да Марока) прывялі да прыняцця ў 1988 абодвума бакамі прапановы ААН вырашыць канфлікт шляхам рэферэндуму. У 1991 заключана пагадненне пра спыненне агню, вядзецца падрыхтоўка да рэферэндуму, тэрмін якога ўвесь час адсоўваецца. САДР — чл. Арг-цыі афр. адзінства (з 1984), яе прызналі каля 70 дзяржаў.
Гаспадарка. Эканоміка адсталая. Валавы нац. прадукт на 1 жыхара складае каля 300 дол. ЗША у год. У пач. 1980-х г. вялася здабыча фасфарытаў і жал. руды, арганізаваная ісп., амер. і герм. капіталам. Але з пач.ваен. дзеянняў яна спынена. Здабыча кухоннай солі. Насельніцтва займаецца паўкачавой і качавой гадоўляй вярблюдаў (каля 60—80 тыс. галоў), коз і авечак (каля 110—120 тыс. галоў). Пад пашай каля 11% тэрыторыі, часткова выкарыстоўваюцца пашавыя ўгоддзі ў суседніх краінах. Для земляробства прыдатныя 400—600 га у аазісах, вырошчваюць фінікавую пальму, ячмень, проса, агародніну. Лоўля рыбы, лангустаў, здабыча водарасцей і губак. Невял. рыбакансервавыя, харч., металаапр., швейныя прадпрыемствы. Саматужная рамесніцкая вытв-сць, пераважна выраб скур і ткацтва. 2 аэрапорты. Даўж. грунтавых аўтадарог 6,2 тыс.км, у т. л. 500 км з палепшаным пакрыццём. Пабудаваны унікальны транспарцёр даўж. больш за 100 км, які падаваў да пач.ваен. дзеянняў фасфарыты з радовішча Бу-Краа да новага порта Эль-Аюн. З.С. экспартуе невял. колькасць рыбных кансерваў, кухоннай солі, скур і воўны, імпартуе ўсе неабходныя харч. і прамысл. тавары. Гандаль пераважна з Марока і Іспаніяй. Выкарыстоўваюцца мараканскія грошы.