ЛАНДА́РСКІ (Роберт Яфімавіч) (н. 1.4.1936, г. Гомель),
бел. жывапісец. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры ў Ленінградзе (1966). Працуе пераважна ў жанры пейзажа. Творчасць вызначаецца дэкаратыўнасцю каларыту, лірыка-эпічным ладам кампазіцый. Сярод твораў: «Ластаўкі» (1974), «Вясновыя турботы» (1975), «Жаўрук спявае» (1978), «Раніца ў Тарасаўцы», «На Белым возеры», «Кветкі лугавыя» (усе 1980), «Пейзаж з сарокамі», «Палескія дубравы» (абодва 1981), «Балада пра маці» (1982), «На Прыпяці» (1983), «Вёска Радуга» («Дзень Перамогі», 1984), «Расчыненае акно» (1987), «Юнацтва», «Веснавы сеў» (абодва 1992), «У забароненай зоне» (1994), «Вёска Барталамееўка» (1996), «Раніца» (1997), «На Бесядзі», «Лета майго дзяцінства», «Закат на Прыпяці» (усе 1998); акварэлі «Зімой» (1972), «Вясна на Сажы» (1974), «Раніца на Сажы» (1981) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРК ((Marc) Франц) (8.2.1880, г. Мюнхен, Германія — 4.3.1916),
нямецкі жывапісец; адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1900—02). Стваральнік (з В.Кандзінскім) маст. аб’яднання «Сіні коннік» (1911). Зазнаў уплывы мадэрну, кубізму, футурызму, таксама В. ван Гога, Р.Дэланэ. Захапляўся пантэізмам, пісаў пераважна выявы жывёл у натуральным прыродным асяроддзі. Творы вызначаюцца дынамічнасцю кампазіцыі, сімвалічнасцю вобразнага ладу і яркага, насычанага каларыту: «Конь у пейзажы» (1910), «Жоўтыя коні» (1911), «Сон», «Тыгр» (абодва 1912), «Конь на беразе мора», «Кампазіцыя з бычкамі», «Ціроль» (усе 1913—14) і інш. Ствараў абстрактныя кампазіцыі «Маленькая кампазіцыя I», «Лань у лесе II», «Формы ў змаганні» (усе 1913—14) і інш., малюнкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Ала Іванаўна) (н. 23.12.1951, г.п. Моніна Маскоўскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры. У творчасці выкарыстоўвае традыцыі нар.маст. ткацтва. Сярод твораў батык «Кантрасты» (1976), серыя ручнікоў «Па матывах слуцкіх паясоў» (1978), габелены «Барысаў» (1980), «Адлюстраванне» (1984), пакрывала «Восень» (1982), серыі дэкар. тканін «Елачка», «Фактурная», «Святочная» (усе 1987), «Мажорны настрой» (1989), заслоны для палацаў культуры «Лясныя напевы» (1990) у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., «Экспромт» (1992) у г. Івацэвічы Брэсцкай вобл., «Залацісты» (1994) у г. Жодзіна Мінскай вобл., ручнікі «Кветкі», «Цецерукі», «Нацюрморт» (усе 1995), «Спадчына» (1996), «Золата Нясвіжа» (1997), дэкар. тканіна «Месячная дарога» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВАК (Уладзімір Лявонцьевіч) (н. 20.5.1939, г. Крычаў Магілёўскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1969). Працуе ў манум.-дэкар. мастацтве і жывапісе. Сярод твораў: сграфіта «Вучоныя» ў будынку ўлікова-крэдытнага тэхнікума ў г. Пінск Брэсцкай вобл. (1983), «Навука» на будынку школы № 6 (1970), вітражы «Спорт» у Акадэміі фіз. выхавання і спорту (1995), «Прырода» ў Акадэміі паслядыпломнага навучання (1999; усе ў Мінску) і інш.; жывапісныя серыі «Парусны спорт», «Футбалісты», «Хакеісты», «Гімнасткі», «Стары парк» (усе 1980-я г.), «Кітайскія студэнты» (1999), партрэты Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкі (2000), спартсменаў, а таксама пейзажы. Творам характэрны абагульненасць форм, экспрэсіўнасць малюнка, дынамізм кампазіцыі і кантрастна-колеравага спалучэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САФІ́ЗМ (грэч. sophisma выдумка, галаваломка),
лагічна няправільнае, уяўнае меркаванне (вывад, доказ), якое выдаецца за правільнае. Звычайна абгрунтоўвае заведама абсурднае ці парадаксальнае сцвярджэнне, якое супярэчыць агульнапрынятым уяўленням. Грунтуецца на наўмысных лагічных памылках (падмена тэзіса доказу, парушэнне правіл лагічнага вываду, прыняцце несапраўдных пасылак), мнагазначнасці слоў, аманіміі і інш. Класічным узорам С. з’яўляецца сцвярджэнне: «Тое, што ты не страціў, ты маеш; ты не страціў рогі, значыць, ты іх маеш». Шматлікія ўзоры С. прыводзіў у сваіх дыялогах Платон («Эўтыдэм» і інш). Лагічны аналіз С. і іх класіфікацыю зрабіў Арыстоцель у працы «Аб сафістычных абвяржэннях». Сенека параўноўваў выкарыстанне С. з мастацтвам фокуснікаў. Г.Гегель лічыў, што С. не толькі выконвае функцыю ўвядзення ў зман, але і з’яўляецца своеасаблівай формай усведамлення праблемнай сітуацыі. Адрозніваюць 3 асн. віды С.: «пачацвярэнне тэрміна» — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла простага катэгарычнага сілагізму аб тым, што ў сілагізме выкарыстоўваюцца толькі 3 тэрміны; меркаванне будуецца з выкарыстаннем падобных, але не тоесных паняццяў (напр., «Злодзей не жадае набыць нічога кепскага; набыццё добрага ёсць справа добрая; значыць, злодзей жадае добрага»); С. недазволенага працэсу — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што тэрміны, не ўзятыя ў пасылках ва ўсім аб’ёме, не могуць быць узяты ва ўсім аб’ёме і ў заключэнні (напр., «Усе ўважлівыя добра засвойваюць урокі; некат. вучні ўважлівыя; усе вучні добра засвойваюць урокі»); С. зборнага сярэдняга тэрміна — сілагістычнае розумазаключэнне, у якім парушаецца правіла аб тым, што сярэдні тэрмін (агульны для абедзвюх пасылак) павінен быць узяты ва ўсім аб’ёме хаця б у адной з пасылак (напр., «Некат. людзі ўмеюць іграць на скрыпцы; усе дыпламаты — людзі; усе дыпламаты ўмеюць іграць на скрыпцы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬ ЗЯМНА́Я (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
паралель геаграфічная, лінія сячэння паверхні зямнога шара плоскасцямі, паралельнымі экватару. Усе пункты, якія ляжаць на адной П.з. маюць аднолькавую геагр. шырату. Мерыдыяны і паралелі ўтвараюць градусную сетку Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎПРА́ВІЛЬНЫ МНАГАГРА́ННІК, Архімеда цела,
мнагаграннік, усе грані якога — правільныя многавугольнікі розных відаў, а мнагагранныя вуглы кангруэнтныя або сіметрычныя. Існуе 13 розных тыпаў выпуклых П.м. і 2 бясконцыя серыі (прызмы і антыпрызмы), нявыпуклых (зоркападобных) П.м. больш за 51.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕДЗЯНЫ́Я ВО́БЛАКІ, крышталічныя воблакі,
усе воблакі верхняга яруса (перыстыя, перыста-слаістыя, перыста-кучавыя, а таксама вяршыні кучава-дажджавых), якія складаюцца з дробных ледзяных крышталёў. Пры пераламленні святла ў тонкіх слаях такіх воблакаў могуць узнікаць аптычныя з’явы тыпу гало.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛКАЎ (Сяргей Анатолевіч) (н. 18.3.1942, Мінск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1989).Сын А.В.Волкава, унук В.В.Волкава. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1962), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1970). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі. Аўтар станковых серый «Спартыўныя суддзі» (1971), «Працоўны Мінск» (1977), «Армейскія будні» (1979), «Абаронцы роднай зямлі» (1980, 1984), «Начныя палёты» (1982), «Будучыя алімпійцы» (1988) і інш. Аформіў кнігі «Палескія рабінзоны» Я.Маўра (1981), «Спех — курам на смех» Э.Валасевіча, «Пра нашу Дашу» П.Кавалёва, «Беларускія народныя загадкі» (усе 1982), «На двары Алімпіяда» Э.Агняцвет, «Дзед і ўнучка» М.Маляўкі, «Кыонг і яго сябры» У.Карызны (усе 1984), «Казкі дзяцей Беларусі» (1995).
Стварыў больш за 100 плакатаў, серыі сяброўскіх шаржаў.
С.Волкаў. Ілюстрацыя да кнігі «Казкі дзяцей Беларусі». 1995.