аналітычная залежнасць эл. току паміж электродамі, змешчанымі ў вакуум, ад прыкладзенага да іх напружання. Названа ў гонар І.Ленгмюра, які даследаваў гэтую залежнасць для розных канфігурацый электродаў. Выгляд Л.ф. залежыць ад формы электродаў і геаметрыі міжэлектроднай прасторы, у найб. простых выпадках сіла току прапарцыянальная U3/2 (закон трох другіх), дзе U — прыкладзенае да электродаў напружанне. Выкарыстоўваецца пры разліках і канструяванні эл.-вакуумных прылад (пераважна для электронных лямпаў з напаленым катодам). Гл. таксама Тэрмаэлектронная эмісія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДБАХА ПРАБЛЕ́МА,
праблема тэорыі лікаў, паводле якой кожны цотны лік, большы за 4, можна запісаць у выглядзе сумы двух простых лікаў (бінарная Гольдбаха праблема), а няцотны лік, большы за 5, — у выглядзе сумы трох простых лікаў (тэрнарная Гольдбаха праблема). Выказана акад. Пецярбургскай АН К.Гольдбахам (1742). У 1930 Л.Г.Шнірэльман даказаў тэарэму, што любы цэлы лік ёсць сума абмежаванай колькасці простых лікаў. Тэрнарную Гольдбаха праблему даказаў у 1937 І.М.Вінаградаў; бінарная Гольдбаха праблема не даказана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСУ́ЕЎСКІ ПАРК,
помнік садова-паркавага мастацтва канца 19 ст. ў в. Псуя Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Закладзены на беразе воз. Псуя. Парк эканам. тыпу. Вял. пладовы сад у выглядзе алей з дэкар. групамі ўнутры з трох бакоў абмежаваны ахоўнымі прысадамі. З чацвёртага боку прымыкае пейзажны ўчастак парку, тут стаяў сядзібны дом (не захаваўся). Растуць рэдкія пароды дрэў: піхты сібірская і бальзамічная, елкі канадская і калючая (форма блакітная), хвоя чорная, лістоўніцы еўрап. і сібірская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТА́НІЯ, Арсанія, Арта,
адзін з трох раннефеадальных цэнтраў Стараж. Русі 8—9 ст. Упамінаецца разам з Куявіяй (Кіеўская зямля) і Славіяй (наўгародскія, ці ільменскія, славяне) араб. і перс. географамі. Адны з даследчыкаў атаясамліваюць Артанію з тэр.антаў, другія — з Тмутараканню, трэція — з гарадамі Разань ці Чарнігаў. Ёсць меркаванне, што Артанія мае дачыненне да тэр. Беларусі і, магчыма, знаходзілася недзе на рацэ Рша (сучасная Аршыца, прыток Дняпра), на скрыжаванні падняпроўскіх гандл. шляхоў; арабскае напісанне Арсанія атаясамлівалі з Аршаніяй (ад Орша, Рша).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕЯ́ДАЎ МЯЧЭ́ЦЬ, Вялікая мячэць Амеядаў у Дамаску,
помнік сярэдневяковай арабскай архітэктуры. Перабудавана ў 705—715 з царквы св. Іаана Хрысціцеля, пераробленай з ант. свяцілішча Юпітэра Дамаскага.
Прамавугольнае ў плане збудаванне (157 м х 100 м) з малельнай залай, да якой прымыкае двор, абнесены з трох бакоў галерэяй з 2-яруснымі аркадамі на калонах і слупах. Малельная зала — 3-нефавая з 2-яруснымі аркадамі на мармуровых калонах, перакрыжавана трансептам над сяродкрыжжам. Фасады ўпрыгожаны мазаікай 8 ст. (захаваліся часткова).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЯ СЕ́ТКА,
сістэма газаправодаў для транспартавання гаручых газаў і размеркавання іх паміж спажыўцамі; асн. элемент сістэмы газазабеспячэння. Бываюць размеркавальныя, міжпасялковыя і ўнутрыдамавыя; у залежнасці ад колькасці ступеней ціску — адна- (у невялікіх населеных пунктах), двух- (у сярэдніх гарадах), трох- і чатырохступеньчатыя (у вял. гарадах). Гарадскія газавыя сеткі — звычайна кальцавыя (замкнутыя), што забяспечвае бесперабойнасць падачы газу пры адключэнні асобных участкаў. Геагр. становішча Беларусі абумовіла пракладку праз яе тэр. буйных магістральных газаправодаў і, як вынік, паскораную газіфікацыю яе гаспадаркі і высокую шчыльнасць газавых сетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРА́ЦЫІ (Horatii),
старажытны рымскі патрыцыянскі род. Яго легендарнымі прадстаўнікамі лічыліся тры юнакі-блізняты Гарацыі, якія перамаглі ў адзінаборстве трох блізнят Курыяцыяў з Альба-Лонгі ў час вайны Рыма з Альба-Лонгай (7 ст. да н.э.); Марк Гарацый Пульвіл, адзін з першых консулаў Рэспублікі, які заключыў дагавор Рыма з Карфагенам у 510—509 да н.э. і асвяціў Капіталійскі храм; Публій Гарацый Коклес (аднавокі). Праславіўся тым, што адзін абараняў мост цераз р. Тыбр ад этрускаў, якія ў 508 да н.э. наступалі на Рым.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЫ́СЛАЎ,
мемарыяльны комплекс на в-ве Зыслаў у Любанскім р-не, дзе ў Вял.Айч. вайну размяшчаўся цэнтр па кіраўніцтве партыз. рухам Мінскай вобл. Адкрыты ў 1969. Аўтар — арх. Г.Заборскі. Уключае 14-метровы абеліск з трох вертыкальных плоскасцей, да якога вядзе лесвіца з 2 стэламі на яе пляцоўцы; помнік на магіле сав. воінаў і партызан; рэстаўрыраваныя партыз. зямлянкі; памятны знак накшталт вітка спіралі на месцы партыз. аэрадрома.
Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Памятны знак на месцы былога партызанскага аэрадрома.Мемарыяльны комплекс Зыслаў. Абеліск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОЛЕРАМЕ́ТР (ад колер + ...метр),
аптычная прылада для вызначэння колеру і канцэнтрацыі афарбаваных раствораў, эмульсій і інш. Выкарыстоўваецца ў фотаметрычным і колераметрычным аналізе.
Падзяляюцца на візуальныя і фотаэлектрычныя. Колер вымяраецца трохколерным К., дзе зададзены колер атрымліваецца ў выніку аптычнага змешвання пэўных колькасцей трохасн. колераў (гл.Колераметрыя). Канцэнтрацыя рэчываў вымяраецца монахраматычным К. у святле таго ўчастка спектра, які найб. паглынаецца дадзеным рэчывам і слаба паглынаецца інш. рэчывамі раствору, прынцып дзеяння заснаваны на параўнанні інтэнсіўнасцей афарбоўкі ўзораў — стандартнага і таго, што даследуецца.