ЗУЛЬФІЯ́ (сапр.Ісраілава Зульфія; н. 14.3.1915, Ташкент),
узбекская паэтэса. Нар. паэтэса Узбекістана (1965). Герой Сац. Працы (1984). У паэт. зб-ках «Старонкі жыцця» (1932), «Блізкія сэрцу майму» (1958), «Сэрца ў дарозе» (1966), «Спатканне» (1972), «Радкі памяці» (1974; Дзярж. прэмія СССР 1976), «Роздум і пачуцці» (1982) і інш. вострае адчуванне сучаснасці, услаўленне жанчыны-працаўніцы, гуманістычны пафас. Змест кн. «Размова з сяброўкамі» (1953) — асэнсаванне ролі ўзб. жанчыны ў сям’і і ў грамадскім жыцці. Дзярж. прэмія Узбекістана імя Хамзы 1970, Міжнар. прэміі імя Дж.Нэру 1968 і «Лотас» 1970. Пераклала на ўзб. мову творы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, М.Танка, Э.Агняцвет, Е.Лось. На бел. мову асобныя творы З. пераклалі Э.Агняцвет, Р.Барадулін, А.Вярцінскі, С.Грахоўскі, А.Грачанікаў, В.Іпатава, А.Лойка і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́ЦАРСКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
сістэма выхавання сыноў свецкіх феадалаў у сярэдневякоўі ў Зах. і Цэнтр. Еўропе. З 7-гадовага ўзросту хлопчыкаў аддавалі ў двор сюзерэна (сеньёра), дзе да 14 гадоў яны былі пажамі і да 21 — збраяносцамі. Апрача фіз. загартоўкі маладыя феадалы павінны былі навучыцца «сямі рыцарскім дабрачыннасцям» (верхавой яздзе, фехтаванню, валоданню кап’ём, плаванню, паляўніцтву, гульні ў шашкі, складанню вершаў і спевам у гонар дамы сэрца), выпрацаваць у сабе маральныя якасці — храбрасць, настойлівасць, вернасць сюзерэну. Вял. значэнне ў Р.в. мелі рэлігія і правілы прыдворнага этыкету. У канцы сярэдневякоўя для рыцара лічылася неабходным валодаць франц. мовай, якая стала мовай прыдворнай знаці. Сістэма Р.в. з яе культам дамы сэрца адыграла станоўчую ролю ў змене становішча жанчыны ў феад. асяроддзі. З падзеннем рыцарства знікла і Рв. Асобныя яго элементы на пэўны час адрадзіліся ў рыцарскіх акадэміях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТО́Н IV (Otto) Браўншвейгскі
(каля 1176 або 1182 — 19.5.1218),
кароль з 1198, імператар з 1209 «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Пляменнік англ. караля Рычарда I Львінае Сэрца. Пры ім вялася барацьба Вельфаў, да якіх належаў Атон IV, і Штаўфенаў за герм. прастол. Пасля паражэння пры Бувіне (1214) фактычна страціў уладу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЬЦІСО́Н,
у беларусаў традыц. мясны выраб. Адвараныя, дробна парэзаныя, пасоленыя свіныя вантробы (лёгкія, печань, сэрца, ныркі), а таксама галавізна, прыпраўленыя часнаком, перцам і інш. спецыямі, перамешваюць, кладуць у тоўстыя свіныя кішкі ці страўнік і зноў вараць ці падпякаюць у печы. Потым на 1—1,5 сут прыціскаюць гнётам. Ядуць халодным.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАД-ЗО́ДЭН (Bad Soden am Taunus),
Зодэн, бальнеакліматычны курорт у Германіі. Побач з г. Франкфурт-на-Майне, у адгор’ях Таўнуса. Міжнар. вядомасць набыў у 19 ст. Каля 30 крыніц цёплых і халодных мінер. водаў (многія выкарыстоўваліся з 15 ст.) для лячэння хвароб суставаў, органаў дыхання, сасудаў і сэрца. Санаторыі, пансіянаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАРНЯКО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 18.5.1943, саўгас «Рабочы» Кальчугінскага р-на Уладзімірскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне кардыяхірургіі. Д-рмед.н. (1996). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1966). З 1979 у БелНДІ кардыялогіі. Навук. працы па хірургіі прыроджаных і набытых парокаў сэрца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),
крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).
Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́ПС (лац. collapsus аслабелы, знясілены) у медыцыне, вострая сасудзістая недастатковасць. Характарызуецца зніжэннем сасудзістага тонусу і аб’ёму цыркулюючай крыві. Пры гэтым памяншаецца прыток вянознай крыві да сэрца, зніжаецца сардэчны выкід, паніжаецца артэрыяльны і вянозны ціск, парушаецца перфузія тканак і абмен рэчываў, узнікае гіпаксія галаўнога мозга, прыгнечваюцца жыццёва важныя функцыі. Прычыны ўзнікнення К.: уздзеянне інфекц., таксічных, фіз., алергічных і інш. фактараў на сасудзістую сценку, сасударухальны цэнтр, сасудзістыя рэцэптары, памяншэнне масы цыркулюючай крыві (напр., пры вял. страце крыві і плазмы), глыбокі наркоз, недастатковасць наднырачнікаў, хваробы сэрца (інфаркт міякарда, парушэнне сардэчнага рытму і інш.), тромбаэмбалія лёгачных артэрый, хуткі пераход з гарыз. становішча ў верт., доўгі пасцельны рэжым, калі чалавек доўга стаіць і інш. Прыкметы: раптоўная слабасць, бледнасць скуры і слізістых абалонак, халодны пот, прыгнечаны, затарможаны стан, часты пульс, галавакружэнне; прытомнасць звычайна не траціцца (гэтым К. адрозніваецца ад непрытомнасці). Лячэнне: аксігенатэрапія, лякарствы для стымулявання кровазвароту і дыхання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНКРА́Т (Міхась) (Міхаіл Міхайлавіч; н. 28.8.1918, в. Карпілаўка Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў Смілавіцкі паляводчы тэхнікум (1939). Працаваў у рэдакцыях рэсп. газет, у 1959—79 у час. «Вожык». Друкуецца з 1937. Першы зб. вершаў «Салаўіны бераг» (1956). Аўтар сатыр. і гумарыст. зб-каў «Палын і кветкі» (1958), «Не з таго канца» (1959), «Аўтарытэт на колах» (1968), «Любоў у квадраце» (1969) і інш., кніг нарысаў «Простыя людзі» (1957), «Шчасце маё» (1962). Аповесць «Буян» (1975) напісана з любоўю да людзей і прыроды. Аповесць «Ведрыцкія напевы» (1965) пра партыз. барацьбу супраць ням. фашыстаў. Праблемы сям’і, выхавання, узаемаадносін бацькоў і дзяцей у аповесці «Не астудзі сваё сэрца» (1989). Выдаў кніжкі для дзяцей «Два Ваські» (1974), «Двое ў лодцы» (1983).
Тв.:
Чэрвень: Гіст.-экан. нарыс. Мн., 1977;
Прынцыповы пасаг. Мн., 1978;
Спатканні і ростані. Мн., 1978;
Не астудзі сваё сэрца: Аповесць, апавяданні. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЭ́С-СІНДРО́М,
хвароба нованароджаных у першыя гадзіны жыцця, якая праяўляецца цяжкімі дыхальнымі расстройствамі. Прычыны Д.-с. — заганы развіцця лёгкіх, сэрца, родавая траўма, унутрывантробныя інфекцыі, заўчасныя роды, хваробы цяжарных (вірусная інфекцыя, цукровы дыябет, анемія і інш.). Прыкметы: частае дыханне, цыяноз, вяласць, санлівасць, прыгнечанасць рэфлексаў, страта прытомнасці, сардэчная недастатковасць, ацёкі, паніжэнне т-ры цела і інш.