спартыўная камандная гульня з мячом і бітамі. Вядомы з сярэдніх вякоў (Англія). Афіц. спаборніцтвы праводзяцца з 18 ст.Сучасны К. пашыраны ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Канадзе, Н. Зеландыі, шэрагу афр. краін; праводзяцца нац. чэмпіянаты, міжнар. сустрэчы. Нагадвае рускую лапту і амерыканскі бейсбол.
У камандах па 11 гульцоў. Гульня вядзецца на травяным полі (80 × 60 м), у сярэдзіне якога ставяцца 2 «брамкі» (выш. 67,5 см, шыр. 20 см) на адлегласці 20 м адна ад адной. Мяч 23 см у дыяметры. масай 170,5 г, біта нагадвае вясло даўж. да 95 см пры шыр. «лопасці» 6,5 см. Мэта гульні — зруйнаваць кідкамі мяча «брамку» каманды саперніка, гульцы якой абараняюць яе, адбіваючы мяч бітамі. Працягласць гульні — некалькі гадзін (па дамоўленасці паміж камандамі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯКЛЕТЫЯ́Н (Гай Аўрэлій Валерый) (Gaius Aurelius Valerius Diocletianus; каля 240, Дыяклея, каля сучаснага г. Шкодэр, Албанія — 3.12.316),
старажытнарымскі імператар [284—305]. Прафес. ваенны. Абвешчаны імператарам пасля смерці правіцеля Нумерыяна. Ліквідаваў паўстанне багаудаў у Галіі (285—286), маўрытанскіх плямён у Афрыцы (290—295) і інш. З мэтай паляпшэння кіруемасці Рым. імперыяй падзяліў яе на 4 часткі (тэтрархіі; складаліся з 12 дыяцэзаў), прызначыў 3 суправіцеляў (293), аддзяліў ваен. ўладу ад цывільнай, павялічыў армію, устанавіў фіксаваныя цэны і памер заработнай платы, увёў новую сістэму падаткаабкладання. У 303—304 праследаваў хрысціян. У 305 добраахвотна адмовіўся ад улады, жыў у сваім маёнтку ў Салоне (сучасныг. Спліт, Харватыя), дзе і памёр. Гл. таксама Дамінат.
Літ.:
Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 243—248.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,
помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.
Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗРА́ІЛЬСКАЕ ЦА́РСТВА,
старажытная дзяржава (каля 928—722 да н.э.) у Паўн. Палесціне. Узнікла пасля распаду адзінага Ізраільска-Іудзейскага царства і аб’ядноўвала 10 з 12 ізраільска-іудзейскіх плямён. Першы цар — Іераваам I [928—907 да н.э.]. Сталіцы — г. Сіхем (сучасны Наблус), пасля 876 да н.э. — Самарыя. Аснова эканомікі — земляробства, рамёствы і гандаль (праз Палесціну праходзілі шляхі міжнар. гандлю). Падтрымлівала эканам. і культ. сувязі з Фінікіяй, Егіптам і інш. краінамі. Бесперапынныя войны з суседзямі, у т. л. з Іудзейскім царствам, аслаблялі дзяржаву. Найб. трывалае становішча І.ц. было пры цару Омры [882—871 да н.э.] і яго пераемніках у 871—842 да н.э. Цар Йеху [841—814 да н.э.] быў вымушаны плаціць даніну Асірыі. У 722 да н.э. заваявана асірыйскім царом Сарганам II.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТАНО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (н. 3.4.1937, в. Дамашы Ляхавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. філосаф. Д-рфілас.н. (1973), праф. (1977). Скончыў Мінскі пед.ін-т замежных моў (1960). У 1959—60 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі, Бел. Энцыклапедыі. Быў супрацоўнікам Сакратарыята ААН, пастаянным прадстаўніком Беларусі пры ЮНЕСКА. У 1977—87 на парт. рабоце, з 1987 прарэктар Акадэміі грамадскіх навук пры ЦККПСС, у 1990—91 сакратар ЦК Кампартыі РСФСР. У 1993—95 дырэктар Бел. ін-та навук.-тэхн. інфармацыі і прагнозу. З 1995 нам. міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Даследуе праблемы гісторыі сац. філасофіі, сацыялогіі, тэорыі палітыкі. Аўтар прац «Сучасная «філасофская антрапалогія» (1970), «Сацыяльнае развіццё і праблема прагрэсу» (1977), «Буржуазная сацыялагічная тэорыя» (ч. 1—2, 1980—81), «Сучасны капіталізм: Сацыядынаміка ўлады» (1990), «Сацыядынаміка ідэалогій» (1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—17 ст. у сутоках Дняпра і Аршыцы на месцы гарадзішча 11 ст. (сучасныг. Орша). Мураваны 5-вежавы замак будаваўся з 1398 па 1407, не закончаны, у 15 ст. дабудаваны з дрэва. Меў патаемны ход да Дняпра. Пасля 1620 замак цалкам дабудаваны з каменю. На яго ўзбраенні былі гарматы, у цэйхгаузе захоўваліся 33 гакаўніцы, 20 аркебузаў, 3 невял. жалезныя гарматы, інш.ваен. рыштунак. Замак неаднаразова зведаў аблогі і захопы рус. войскамі (1500, 1507, 1519, 1562—64, 1654). У снеж. 1654 войска Радзівіла авалодала замкам і ўтрымлівала яго да 11.5.1655. Пазней рус. войскі занялі яго і ўтрымлівалі да канца вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У канцы 17 ст. замак заняпаў і страціў свае абарончыя функцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЛЕТЫ́ЗМ,
разнастайныя фіз. практыкаванні, накіраваныя на ўмацаванне здароўя, гарманічнае развіццё сілавых якасцяў і паляпшэнне целаскладу чалавека. Умоўна атлетызм падзяляюць на 2 віды: спарт., да якога належаць культурызм (бодыбілдынг), армрэстлінг, паўэрліфтынг, гіравы спорт, цяжкая атлетыка, і ўласна атлетызм, ці атлетычную гімнастыку (сістэму рознабаковых сілавых практыкаванняў са штангай, гірамі, гантэлямі, эспандэрам, гумавым жгутом, на універсальных станках, трэнажорах, блочных прыстасаваннях, з уласнай вагой, без снарадаў і інш.). Разнавіднасцю атлетычнай гімнастыкі жанчын з’яўляецца шэйпінг (ад англ. shape форма) — заняткі па карэкцыі жаночай фігуры.
Атлетызм узнік у Стараж. Грэцыі, дзе існаваў культ прыгожага цела, фіз. дасканаласці. Сучасны атлетызм зарадзіўся ў канцы 19 ст. ў Вялікабрытаніі (паводле інш. звестак на амер. кантыненце). У Расіі першы «Гурток аматараў атлетыкі» стварыў у 1885 ураджэнец Беларусі ўрач У.Ф.Краеўскі. Беларуская федэрацыя атлетызму ўзнікла ў 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМІНІ́ДЫ (Hominidae),
сям’я атрада вышэйшых прыматаў, якая ўключае ўсіх прадстаўнікоў чалавецтва ад яго ўзнікнення да сучаснасці. Вылучаюць 2 падсям’і гамінідаў: аўстралапітэкавыя (раннія) і гамінныя (архантрапы, палеантрапы і сучасны чалавек). Аўстралапітэкавыя з’явіліся каля 5 млн. гадоў назад на тэр. Афрыкі. Паводле вынікаў даследаванняў, на тэр.Усх. і Паўд. Афрыкі жыло не менш як 7 іх відаў, у некат. выпадках прасочаны паступовыя эвалюц. пераходы да больш прагрэсіўных формаў. Для гамінідаў характэрны прамахаджэнне, высокаразвіты мозг, узнікненне высокаманіпуляцыйнай рукі, выразнай мовы. Рассяленне гамінідаў пачалося каля 2 млн. гадоў назад у Паўд.-Усх. Азію, праз 1 млн. гадоў — ва ўсе інш. вобласці зямнога шара, акрамя зон арктычнага клімату.
Літ.:
Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии Мн.. 1989;
Фоули Р. Еще один неповторимый вид: Экол. аспекты эволюции человека: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРА́НЫ (Varanidae),
сямейства паўзуноў падатр. яшчарак. 1 сучасны род, 24 віды. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераным паясах Усх. паўшар’я (акрамя Мадагаскара). Жывуць у парослых кустамі мясцінах, многія — каля прэснаводных вадаёмаў, добра плаваюць і ныраюць. Найб. вядомы варан шэры (Varanus griseus), пашыраны ў Паўн. Афрыцы, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі.
Даўж. выкапнёвых продкаў з плейстацэну да 10 м, сучасных — ад 0,8 да 3,7 м (варан камодскі — Varanus komodoensis — самая вял. яшчарка свету масай да 150 кг). Цела падоўжанае, ногі добра развітыя, хвост у многіх відаў прыплясканы з бакоў. Галава ўкрыта дробнымі рагавымі шчыткамі. Язык доўгі, глыбока рассечаны на канцы. Драпежнікі, кормяцца яшчаркамі, змеямі, дробнымі млекакормячымі, воднымі жывёламі. Мяса варана ядомае, скура ідзе на выраб абутку. Варан камодскі ў Чырв. кнізе МСАП.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАСТАНО́ГІЯ (Pinnipedia),
атрад водных млекакормячых. 3 сям.: маржы (Odobenidae), цюлені вушастыя (Otariidae) і цюлені сапраўдныя (Phocidae). 21 сучасны род, 31 від. Вядомы з ніжняга і сярэдняга міяцэну. Пашыраны пераважна ў морах халоднага і ўмеранага паясоў, некат. ў азёрах (Байкал, Ладажскае і інш.). У Чырв. кнізе МСАП 6 відаў, 3 падвіды.
Даўж. ад 1,25 (кольчатая нерпа) да 6,5 м (марскі слон), маса ад 90 кг да 3,5 т, самкі драбнейшыя. Цела верацёнападобнае. Канечнасці ў выглядзе ластаў (адсюль назва), валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. Пад скурай слой тлушчу да 10 см. Амаль увесь час праводзяць у вадзе. На сушы або лёдзе адпачываюць, ліняюць, нараджаюць і кормяць патомства. Кормяцца пераважна рыбай, ракападобнымі, малюскамі. У перыяд размнажэння збіраюцца ў вял. колькасці. Нараджаюць 1 дзіцяня. Аб’ект абмежаванага промыслу. Гл. таксама Морж, Цюлені.