шляхецкі род уласнага герба («Сыракомля» змененая) у ВКЛ. Паводле некаторых крыніц, заснавальнікам роду быў Вайніла (канец 14 ст.). Мелі зямельныя ўладанні ў Мазырскім (лінія савіцка-пузаўская, 17 ст.), Пінскім (лінія макранская, 19 ст.), Навагрудскім (лінія нянькаўская, 19 ст.) пав.Найб. вядомыя:
Траян, падчашы мсціслаўскі (1648); Леў Казімір, падчашы слонімскі (1648); Людвік, стольнік мазырскі (1661); Тамаш, сакратар каралеўскі, харужы ваўкавыскі, сеймавы пасол (1662); Габрыэль, староста літунскі (1667), стольнік навагрудскі; Станіслаў, мечнік лідскі; Крыштоф (1649—?), падчашы, стольнік мазырскі (1688); Францішак, падчашы мазырскі; Ян, падваявода навагрудскі; Павел, падчашы слонімскі; Себасцьян, стольнік мазырскі; Тамаш, падстолі навагрудскі; Стафан, падстолі слонімскі; Адам, канюшы навагрудскі, падкаморы, сеймавы пасол; Ян, падкаморы слуцкі; Антоні (1773—1885), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Тадэвуш (1804—78), маршалак шляхты Слуцкага пав.; Мікалай, доктар тэалогіі; Юзаф, маршалак шляхты Навагрудскага пав.; Юзаф, маршалак шляхты Слуцкага пав. (1863—75); Ксаверый Эдвард (псеўд. Яцак Бурчымуха), паэт, перакладчык твораў А.С.Пушкіна на польск. мову; Антон Станіслававіч, гл.Вайніловіч А.С.; Восіп Мікалаевіч, гл.Вайніловіч В.М.; Эдвард Адам, гл.Вайніловіч Э.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЦІ,
службовыя асобы роду герба «Роля» («Крое») змененая ў ВКЛ. Родапачынальнік Копаць у 1447—53 служыў «рускім» пісарам у вял.кн. Казіміра IV. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Сідар Васілевіч (Копаць Васілевіч; ? — 1531), з 1506 служыў у велікакняжацкай канцылярыі Аляксандра і Жыгімонта I як «рускі» пісар, у 1524 — у канцылярыі вял. княгіні Боны, у 1520 адначасова маршалак гаспадарскі. Атрымаў ад Аляксандра шматлікія зямельныя падараванні. У 1510 намеснік жыжмарскі, у 1516 перавальскі, у 1527 дзяржаўца медніцкі, потым дарсунішскі. Лукаш Васілевіч (?—1621), брэсцкі падкаморы ў 1612, кашталян з 1615. Васіль Васілевіч (? — лют. 1636), падкаморы брэсцкі, кашталян навагрудскі з 1626. Ян Кароль (?—1.5.1681), староста брэсцкі ў 1652—65 і 1670—80, чашнік ВКЛ з 1656, падстолі ВКЛ у 1658, ваявода полацкі з 1658, кашталян трокскі з 1670. У 1660-я г. стаў дзяржаўцам дрыскім, бельскім, ковенскім, трымаў Гродзенскую эканомію. У паліт. дзейнасці цесна звязаны с П.Сапегам, М.К.Радзівілам, у 1664—65 падтрымліваў групоўку Пацаў. Францішак Аляксандр (? — пасля 1709), кашталян брэсцкі ў 1643—51. Юзаф (16.5.1762—1827), гл.Копаць Ю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСА́ЛЬСКІЯ,
княжацкі род уласнага герба ў ВКЛ і Расіі. Паводле паходжання — Рурыкавічы, адгалінаванне чарнігаўскіх князёў; прозвішча ад г. Масальск (Калужская вобл. Расіі), якім яны валодалі ў 14—15 ст.Найб. вядомыя: Аляксандр Рыгоравіч (?—1643), маршалак ковенскі ў 1617—27, кашталян дэрпцкі ў 1627—31 і смаленскі ў 1631—38, ваявода мінскі з 1638. Андрэй Фёдаравіч (?—1651), маршалак гродзенскі ў 1618—27, кашталян брэсцкі ў 1627—43, ваявода мінскі ў 1643—45 і брэсцкі з 1645. Міхал Юзаф (да 1700—20.1.1768), пісар вялікі ВКЛ у 1726—37, староста гродзенскі ў 1727—50, ваявода мсціслаўскі ў 1737—42, кашталян трокскі ў 1742—44 і віленскі з 1744, гетман польны ў 1744—62 і вялікі з 1762. Васіль Міхайлавіч (?—1611), дзярж. дзеяч Расіі. У 1601 заснаваў г. Мангазея, дзе быў ваяводам. У 1604 стаў набліжаным Ілжэдзмітрыя I, з 1608 прыхільнік Ілжэдзмітрыя П. У 1610 быў у складзе пасольства да караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III, якое заключыла дагавор аб выбранні каралевіча Уладзіслава рас. царом. Гл. таксама Масальскі І.Я., Масальскі Э.Т.А., Масальскі Ю.А.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІ́Л (Альбрыхт Станіслаў) (1.7.1593, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1656),
дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік, гісторык. У 1598—1605 вучыўся ў Віленскай акадэміі, пасля ў Вюрцбургу, з 1609 у Лёвене. Да 1616 падарожнічаў (Нідэрланды, Францыя, Італія, Швейцарыя). Пасол на соймы 1613 і 1619, дзе прызначаны падканцлерам ВКЛ, на сойме 1623 — канцлерам ВКЛ. Староста віленскі, пінскі, аканом кобрынскі. Заснаваў Пінскі езуіцкі калегіум. Аўтар і перакладчык каталіцкіх рэліг. твораў. На лац. мове напісаў «Кароткі выклад падзей у Польскім каралеўстве ў час панавання Жыгімонта III, Уладзіслава IV і Яна Казіміра» (часткова апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Катлубаем у 1848) і падрабязны «Дзённік» за 1632—56 — каштоўную крыніцу па ўнутр. і знешняй палітыцы Рэчы Паспалітай (апублікаваны ў польскім перакладзе Э.Рачынскім у 1839). На бел. мову фрагменты з яго «Дыярыуша» пераклаў У.Свяжынскі.
Тв.:
Memoriale rerum gestarum in Polonia, 1632—1656. T. 1—5. Wrocław etc., 1968—75;
Пол. пер. — Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1—3. Warszawa, 1980;
Бел.пер. — Дыярыюш аб падзеях у Польшчы // Спадчына. 1995. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ЗАРЫ,
шляхецкі род уласнага герба ў ВКЛ. З літ. баяр, у 18 ст. прэтэндавалі на княжацкі тытул, выводзячы сябе ад князёў Празароўскіх. Найб. вядомыя:
Юзаф (14.3.1723, Бобцін у Жамойці — 22.10.1788), сын Станіслава, ген.-маёр (1762), віцебскі кашталян ў 1774—81 і ваявода ў 1781—87; чл. Пастаяннай Рады з 1776, староста ковенскі з 1762. Кароль (паміж 1759 і 1761—1.11.1841), сын Юзафа, вял. абозны ВКЛ у 1787—92, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1787. У час паўстання 1794 прызначаны Т.Касцюшкам намеснікам радцы Найвышэйшай нацыянальнай рады і паўнамоцным прадстаўніком пры ўсіх дывізіях войска ВКЛ (яму падпарадкавана Цэнтральная дэпутацыя Вялікага княства Літоўскага). Пасля задушэння паўстання да 1802 у эміграцыі. У 1812 падтрымаў Напалеона, увайшоў у Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага (старшыня Скарбовага к-та). Да 1814 у эміграцыі. З 1821 у Патрыятычным таварыстве, чл. правінцыяльнага к-та Літвы. У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў (вызвалены ў 1829). Ігнацы Каэтан (да 1769 — каля мая 1807), сын Юзафа. Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1788. Ротмістр войска ВКЛ (1791), удзельнічаў у вайне 1792 з Рас. імперыяй. У час паўстання 1794 ген.-маёр у Ковенскім пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САПЕ́ГІ,
буйны магнацкі род герба «Ліс» у ВКЛ, прадстаўнікі якога ў 15—18 ст. займалі вышэйшыя дзярж. і вайсковыя пасады; буйныя землеўладальнікі. Лічыўся другім па значэнні (пасля Радзівілаў) магнацкім родам ВКЛ. Беларусы па паходжанні, напачатку былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. частка іх далучылася да пратэстанцтва, аднак ужо ў канцы 16 ст. С. прынялі каталіцтва. У 17—18 ст. складаліся радаводы С., дзе сцвярджалася пра іх быццам бы княжацкае паходжанне ад Нарымонта, сына Гедзіміна. У 18—19 ст. некат. даследчыкі выводзілі С. ад трокскага кашталяна Сунігайлы, нібыта праўнука Нарымонта. А.Банецкі, Ю.Вольф і У.Сямковіч у сваіх даследаваннях даказалі, што С. паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі), велікакняжацкага пісара ў 1440-х г. з полацкіх баяр. Першапачаткова вял. маёнткі С. знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакоў. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 С. страцілі Гарадзішча і Апакоў, якія адышлі да Масквы, а ў выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22 страцілі і Ельню. У родапачынальніка Сямёна былі 4 сыны, з якіх Багдан і Іван сталі пачынальнікамі 2 гал. ліній роду — чарэйска-ружанскай і коданскай. Багдан (да 1450—пасля 1512) у выніку шлюбу з князёўнай Фядорай Друцкай-Сакалінскай атрымаў Чарэю і інш. маёнткі — ядро ўладанняў С. у Полацкім і Віцебскім ваяв. Іван (каля 1450—1517) атрымаў за службу маёнткі на Браслаўшчыне (Друю, Іказнь, Пагост), Кодань каля Брэста і інш. Старэйшая, чарэйска-ружанская лінія роду займала больш трывалыя пазіцыі ў дзярж. колах, малодшая мела меншае паліт. значэнне. У апошняй чвэрці 17 ст. род яшчэ больш узвысіўся. Кароль Ян III Сабескі, каб супрацьдзейнічаць магутнаму роду Пацаў, даваў вышэйшыя дзярж. пасады С., якія, умацаваўшы сваё становішча, выступілі супраць караля. У гэты час пашырылася незадаволенасць усеўладствам і злоўжываннямі С. У 1696 супраць іх пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты ВКЛ. На сойме 1696 ёй удалося правесці канчатковае ўраўнаванне яе правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у т. л. ў кантролі над дзейнасцю вышэйшых службовых асоб. І хоць сойм 1697 пацвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж С. і шляхтай працягваўся. У 1700 ён набыў характар грамадзянскай вайны. 18.11.1700 пад Алькенікамі (на Пд ад Вільні, цяпер г. Вільнюс) адбылася рашучая бітва паміж атрадамі С. і шляхты. Войска С. было разбіта, самі яны пазбаўлены пасад, некат. з іх пакінулі краіну. У час Паўночнай вайны 1700—21 С. сталі на бок шведскага караля Карла XII і падтрымлівалі шведскага стаўленіка караля Станіслава Ляшчынскага. Шляхта працягвала ваяваць супраць С. і заключыла з царом Пятром I дагавор аб рас. ваеннай і грашовай дапамозе. Тады С. пайшлі нават на стварэнне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, якія дзейнічалі супраць шляхты ва ўсх. частцы Беларусі. У 1702 гэтыя атрады былі разбіты. У 1704 рас. армія ачысціла Беларусь ад шведскіх і сапегаўскіх атрадаў. Пасля Паўн. вайны паліт. ўплыў С. паменшаў, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі гал. пасады ў цэнтр. і мясц. адміністрацыі ВКЛ. 14.9.1700 германскі імператар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду С. тытул князёў «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Памылковымі з’яўляюцца звесткі пра наданне Івану Сямёнавічу С. графскага тытула ад германскага імператара Максіміляна II 6.1.1572 і пацвярджэнне гэтага тытула Жыгімонтам II Аўгустам 4.5.1572. Гэтыя фальсіфікаваныя дакументы былі ўпісаны ў Метрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам С. і, такім чынам, сталі дзярж. дакументамі, на якія потым можна было спасылацца. У 1768 па патрабаванні С. сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх С. князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княжацкі тытул С. быў пацверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822, у Аўстрыі ў 1840, у Расіі ў 1874. С. збіралі б-кі (гл.Сапегаў бібліятэкі), архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некат. прадстаўнікоў роду С. у паўстанні 1830—31 іх маёнткі ў Беларусі былі канфіскаваны царскім урадам. У 1915—18 С. прэтэндавалі на трон ВКЛ, якое меркавалася адрадзіць пасля магчымай перамогі Германіі ў 1-й сусв. вайне; С. мелі кантакты з нац. арг-цыямі на акупіраванай ням. войскамі тэр. Літвы і Беларусі, у т. л. з беларускімі. У 1918—39 у Польшчы С. — землеўладальнікі, дыпламаты, службоўцы. Пасля 2-й сусв. вайны ў эміграцыі.
Найб. вядомыя:
Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасля 1512), старэйшы сын Сямёна, заснавальнік чарэйска-ружанскай галіны роду. У 1471—88 пісар гаспадарскі (велікакняжацкі) Казіміра IV Ягелончыка. У 1494—1500 намеснік і дзяржаўца мцэнскі і любецкі, пасля акольнічы смаленскі, з 1503 намеснік высакадворскі У 1504 і 1507 у складзе пасольстваў у Маскве, дзе ў 1507—08 быў зняволены як заложнік за сям’ю М.Глінскага.
Іван Сямёнавіч (Івашка Сапежыч; каля 1450—1517), 2-і сын Сямёна, пачынальнік коданскай галіны роду С. Пісар гаспадарскі Казіміра IV Ягелончыка з 1488. Пасол у Маскву ў 1497, 1498, 1499, у Рым у 1501, дзе дамогся ад папы зацвярджэння мітрапаліта Іосіфа I Балгарыновіча, там далучыўся да Фларэнційскай царк. уніі. з 1501 канцлер вял. княгіні Алены Іванаўны. У 1502 пасол да магістра Лівонскага ордэна, у 1503 — у Маскву, заключыў 6-гадовае перамір’е, якое скончыла вайну Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1500—03. Маршалак гаспадарскі з 1504. Пасля абрання на трон Жыгімонта I Старога (1506) тытулаваўся найвышэйшым сакратаром ВКЛ. У 1505 зноў пасол у Маскву, аднак прадоўжыць тэрмін перамір’я не ўдалося. Намеснік віцебскі ў 1508—14 (з 1511 ваявода). Пасол у Маскву ў 1508, заключыў мір, якім скончана вайна Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1507—08. У 1512 вёў перагаворы ў Польшчы з кароннаю радаю аб дапамозе ў вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1512—22. Удзельнічаў у кампаніі 1514 пад кіраўніцтвам гетмана К.Астрожскага. Ваявода падляшскі з 1514. Заклаў асновы латыфундыі коданскай лініі роду. У 1504 заснаваў мяст. Іказнь і Іказненскі замак, збудаваў мяст. Кодань з замкам (на левым беразе Буга каля Брэста).
Іван Багданавіч (каля 1480—1546), сын Багдана Сямёнавіча. Пісар гаспадарскі ў 1507—16, маршалак гаспадарскі ў 1515—41, ваявода віцебскі ў 1520—41 і падляшскі з 1529; староста драгічынскі ў 1529—41 і з 1545. Пасол у Маскву ў 1508, 1531—32, 1536, у Турцыю ў 1534.
Павел Іванавіч (каля 1490—1579), сын Івана Сямёнавіча. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це. Дзяржаўца браслаўскі ў 1517—47, маршалак гаспадарскі ў 1519—57, ваявода падляшскі ў 1556—58 і навагрудскі з 1558. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1534—37, Лівонскай вайне 1558—83 у 1561. Быў праціўнікам Люблінскай уніі 1569, але акт уніі падпісаў.
Мікалай Паўлавіч (каля 1525—1.11.1599), сын Паўла Іванавіча. Вучыўся ў Лейпцыгскім і Кёнігсбергскім ун-тах. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, у пераможнай Ульскай бітве 1564. Маршалак гаспадарскі ў 1566—76, ваявода мінскі ў 1578—88, брэсцкі ў 1588 і віцебскі з 1588. Падпісаў акт Люблінскай уніі 1569.
Багдан Паўлавіч (каля 1530—1-я пал. 1593), сын Паўла Іванавіча. Падкаморы бельскі ў 1566—69, староста гомельскі ў 1572—82, кашталян брэсцкі ў 1579—85 і смаленскі ў 1585—88, ваявода мінскі з 1588.
Леў Іванавіч (4.4.1557—7.7.1633), канцлер ВКЛ, гл.Сапега Л.І.
Андрэй Іванавіч (каля 1565—1611), малодшы брат канцлера Л.І.Сапегі. Староста аршанскі з 1588, кашталян віцебскі ў 1600—05, ваявода мсціслаўскі з 1605. У 1596 удзельнічаў у задушэнні паўстання С.Налівайкі, у вайне з Расіяй 1609—18.
Андрэй Паўлавіч (каля 1560 — да 11.10.1621), сын Паўла Іванавіча. У 1590-я г. вучыўся ў Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83. Падчашы ВКЛ у 1588—92, кашталян мінскі ў 1592—97, ваявода полацкі ў 1597—1613 і смаленскі з 1621.
Павел Стафан (1565—19.7.1635), сын Багдана Паўлавіча. Вучыўся ў Віленскай акадэміі. Выбіраўся паслом на соймы. Канюшы ВКЛ у 1593—1623, падканцлер ВКЛ з 1623.
Ян Пётр (1569—15.10.1611), сын Паўла. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, Падуанскім ун-це. Удзельнічаў у баях з крымскімі татарамі, у вайне са Швецыяй 1600—29. У жн. 1607 са згоды канцлера Л.А.Сапегі прапанаваў Ілжэдзмітрыю II сваю дапамогу ў авалоданні маскоўскім тронам. У ліп. 1608 з войскам перайшоў маскоўскую мяжу. 25.8.1608 заняў Вязьму, потым спаткаў Марыну Мнішак з яе бацькам і прывёз іх у Тушына да Лжэдзмітрыя II. 2.10.1608 разбіў войска І.Шуйскага пад Рахманавам, аблажыў Троіца-Сергіеў манастыр, падпарадкаваў Замаскварэцкі край. У лют. 1610 заняў Дзмітраў. 1.3.1610 пацярпеў паражэнне ад М.В.Скопіна-Шуйскага, у чэрв. 1610 далучыўся да Лжэдзмітрыя II у Калузе. У ліп. 1610 рушыў на Маскву. 27.7.1610, калі быў скінуты з трона цар Васіль Шуйскі і ўстанавілася сямібаяршчына, прыехаў у Маскву і вёў перагаворы пра перадачу ўлады Лжэдзмітрыю II. У ліп. 1611 заняў Аляксандраву Слабаду, аблажыў Пераяслаўль-Залескі, 15.8.1611 штурмам узяў Белы Горад у Маскве.
Мікалай (каля 1581—14.3.1644), сын Мікалая Паўлавіча. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу (Бранева), ун-тах Вены, Трыра, Майнца, Парыжа. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар, харунжы ВКЛ у 1627—38, ваявода мінскі ў 1638 і брэсцкі ў 1638—42, кашталян віленскі з 1642.
Аляксандр Дажбог (Багдан, Тэадат; 1585 — студз. 1635), сын Рыгора. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу. Падкаморы віцебскі з 1606, староста аршанскі з 1610, кашталян віцебскі ў 1613—15, староста прапойскі і чачэрскі з 1622, крычаўскі (да 1631), чашнік ВКЛ у 1631—32. Удзельнічаў у баях за Смаленск у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18, у вайне з туркамі ў 1621, са шведамі ў 1627.
Ян Станіслаў (25.10.1589, г. Маладзечна — 10.4.1635), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, Вюрцбургскім, Падуанскім, Балонскім ун-тах. Пасол на соймы. Староста слонімскі з 1605, падстолі ВКЛ у 1611—17, маршалак дворны ў 1617—21, маршалак вялікі з 1621.
Андрэй Станіслаў (1592—25.3.1646), сын Яна Пятра. Староста ўсвяцкі ў 1612—23 і ваўкавыскі з 1645, кашталян трокскі ў 1641—44 і віленскі з 1644. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Удзельнічаў у войнах з туркамі (1621), шведамі (1622—28).
Казімір Леў (15.7.1609, Вільня — 19.1.1656), сын канцлера Л.І.Сапегі. Вучыўся ў Віленскай акадэміі, езуіцкім калегіуме ў Мюнхене, Інгальштацкім, Лёвенскім, Балонскім ун-тах. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Каралеўскі сакратар і вял. пісар ВКЛ у 1631—37, маршалак дворны ў 1637—45, падканцлер з 1645. Адміністратар Брэсцкай эканоміі, староста рагачоўскі. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Павел Ян (1609—30.12.1665), сын Яна Пятра. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34. Абозны вялікі ВКЛ у 1638—45, падстолі ВКЛ у 1645—46, ваявода віцебскі ў 1646—56, ваявода віленскі і гетман вялікі з 1656. Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1649. Удзельнічаў у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67.
Казімір Ян Павел (1642—13.3.1720), сын Паўла Яна. Вучыўся ва ун-тах Граца і Лёвена. З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1659—61, падстолі ў 1661—63, падскарбі дворны ў 1663—70, ваявода полацкі у 1670—81, гетман польны ў 1681—83, гетман вялікі ў 1683—1703 і 1705—08, ваявода віленскі ў 1682—1703 і з 1705, староста брэсцкі. Падтрымліваў караля Міхала Вішнявецкага, стаў лідэрам апазіцыі да ўсемагутных у 1670-х г. Пацаў. Удзельнічаў у паходах супраць туркаў. Устанавіў рэжым улады С. ў ВКЛ. У паўн. вайне 1700—21 стаў на бок шведаў.
Бенядзікт Павел (каля 1643—12.8.1707), сын Паўла Яна. З 1657 вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Грацы (Аўстрыя), з 1664 — у Лёвенскім ун-це (Іспанскія Нідэрланды). З 1664 выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1663—65, стольнік у 1665—70, крайчы ў 1670, падскарбі дворны ў 1670—76, падскарбі вялікі з 1676, староста слонімскі. На элекцыйным сойме 1674 быў маршалкам і садзейнічаў абранню на трон Яна III Сабескага, што спрыяла ўстанаўленню гегемоніі С. у ВКЛ. У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 яго армія разбіта. У сак. 1702 перайшоў на бок шведаў.
Казімір Уладзіслаў (1650—29.4.1703), сын Яна Фрыдэрыка. Вучыўся ў езуіцкіх навуч. установах у Львове і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на соймы. Падстолі ВКЛ у 1685—86, стольнік у 1686, падскарбі надворны ў 1686—89, трокскі кашталян у 1689—97 і ваявода з 1697.
Уладзіслаў Юзафат (5.11.1652, г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 13.3.1733), сын Крыштофа Францішка. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Любліне і Брунсбергу, ун-тах Прагі і Вены. Удзельнічаў у вайне 1673—74 супраць туркаў. Чашнік ВКЛ у 1681—84, крайчы ў 1684—99, ваявода мінскі ў 1699—1709 і брэсцкі з 1709. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ.
Ежы Станіслаў (1668—12.10.1732), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў Вільні і Брунсбергу. Удзельнічаў у войнах супраць туркаў. Выбіраўся паслом на соймы. Падстолі ВКЛ у 1686, стольнік ВКЛ у 1686—1703 і з 1709, ваявода мсціслаўскі ў 1732.
Міхал Францішак (1670—19.11.1700), сын Казіміра Яна. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Варшаве і Брунсбергу. У 1689 паступіў на службу ў аўстрыйскае войска, ўдзельнічаў у войнах супраць туркаў, ген.-маёр (1692). У 1696 вярнуўся ў ВКЛ. Канюшы ВКЛ з 1690, адначасова ген. артылерыі з 1698, староста ашмянскі з 1699. У 1700 атрымаў ад аўстр. імператара чын ген.-фельдмаршала-лейтэнанта і тытул князя «Свяшчэннай Рымскай імперыі». Камандаваў сапегаўскімі войскамі ў вайне супраць шляхты — «рэспубліканцаў». У Алькеніцкай бітве 18.11.1700 капітуляваў і быў засечаны шляхтай.
Міхал Юзаф (1670—6.3.1738), сын Бенядзікта Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Варшаве. Выбіраўся паслом на соймы. Чашнік ВКЛ у 1687—92, стражнік у 1692—98, пісар польны ў 1698—1730, ваявода падляшскі з 1728, ген.-маёр войска ВКЛ (1710), ген.-лейт. кавалерыі (1714), ген.-лейт. саксонскага войска (1733).
Аляксандр Павел (8.9.1672—4.1.1734), сын Казіміра Яна Паўла. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу, у 1685—89 у Парыжы. Чашнік ВКЛ у 1692, маршалак дворны ў 1692—98, маршалак вялікі ў 1698—1703, 1705—08 і з 1713.
Ежы Феліцыян (лют. 1680—3.9.1750), сын Францішка Стафана. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Брунсбергу і за мяжой. Ген.-маёр (1708). Выбіраўся паслом на соймы, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1717, ваявода мсціслаўскі з 1742.
Ян Фрыдэрык (18.10.1680, в. Дабратычы, Брэсцкі пав. — 6.7.1751), сын Казіміра Уладзіслава. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах у Брэсце, Любліне і Варшаве. Кашталян мінскі ў 1711—12, трокскі ў 1716—35, канцлер ВКЛ з 1735. Выбіраўся паслом на соймы, дэпутатам Трыбунала ВКЛ. Напісаў гісторыю абраза Дзевы Марыі ў Кодані (Торунь, 1720), гіст.-генеалагічны нарыс роду С. (Варшава, 1730) і інш. У Кодані сабраў вял. б-ку, у Коданскім касцёле стварыў партрэтную галерэю С.
Ян Казімір (?—22.2.1730), дзярж. і ваенны дзеяч; гл.Сапега Я.К.
Антоні Казімір (1689—16.5.1739), сын Ежы Станіслава. Вучыўся ў Парыжы. Стольнік ВКЛ у 1706—09, кашталян трокскі з 1737. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Аўтар дыярыуша (не надрукаваны).
Ігнацы (?—15.4.1758), сын Уладзіслава Юзафата. Пасол на соймы, дэпутат Трыбунала ВКЛ. Чашнік ВКЛ у 1740—44, падскарбі надворны ў 1744—50, ваявода мсціслаўскі з 1750.
Кароль Юзаф (?—20.3.1768), сын Уладзіслава Юзафата. Выбіраўся паслом на соймы. Пісар польны ВКЛ у 1730—48, ваявода брэсцкі з 1748.
Пётр Павел (28.1.1701, г. Дрэздэн, Германія — 23.1.1771), сын Яна Казіміра. У 1726 з дапамогай імператрыцы Кацярыны I быў заручаны з дачкой А.Д.Меншыкава Марыяй, стаў царскім камергерам. У 1728 выехаў у Рэч Паспалітую, стольнік ВКЛ у 1732—44, ваявода смаленскі з 1744. Далучыўся да Барскай канфедэрацыі, у 1770 выехаў у Славакію.
Міхал Антоні [10 або 12.3.1711, г. Кралявец (Калінінград, Расія) — 11.10.1760], сын Аляксандра Паўла. З 1732 выбіраўся паслом на соймы. Лоўчы ВКЛ у 1739—46, ваявода падляшскі ў 1746—52, падканцлер ВКЛ з 1752. Староста мсціслаўскі з 1757.
Аляксандр Міхал (12.9.1730—28.5.1793), сын Казіміра Лявона. Вучыўся ў езуіцкім калегіуме ў Любартаве. З 1746 неаднаразова выбіраўся паслом на соймы. Абозны ВКЛ у 1748—50, ген.-маёр (1750), падскарбі дворны ў 1750—54, ваявода полацкі ў 1754—75, гетман польны ВКЛ у 1762—75, канцлер з 1775. У 1792 па прапанове караля далучыўся да Таргавіцкай канфедэрацыі і быў абраны яе маршалкам у ВКЛ.
Казімір Нестар (14.2.1757, г. Брэст — 25.5.1798), сын Яна. У 1767—72 вучыўся ў Рыцарскай школе ў Варшаве, пазней у ваеннай акадэміі ў Турыне, у Парыжы, у Страсбургу. З 1772 палкоўнік артылерыі войска ВКЛ, у 1773—93 ген. артылерыі. З 1778 выбіраўся паслом на соймы. З 1778 чл. Пастаяннай Рады. Староста брэсцкі з 1783. На Чатырохгадовым сойме 1788—92 абраны маршалкам канфедэрацыі ВКЛ, прыхільнік рэформ. Удзельнічаў у паўстанні 1794.
Францішак (28.8.1772, Варшава — 30.5.1829), сын Аляксандра Міхала. Вучыўся ў Віленскай гал. школе (ун-це). Ген. артылерыі ВКЛ у 1793—95, шэф карпусоў артылерыі і інжынераў. Удзельнік паўстання 1794. Атрымаў чын ген.-лейтэнанта, камандаваў дывізіяй. Пасля задушэння паўстання прысягнуў Кацярыне II.
Аляксандр Антоні (3.9.1773, г. Страсбург, Францыя — 8.91812), сын Юзафа. Атрымаў хатнюю адукацыю. Ажыццявіў мінералагічныя экспедыцыі ў Польшчы і Літве, а таксама ў Альпы, на Балканы і Валынь. Аўтар працы «Мінералогія» (1800—01), падручніка па неарган. хіміі, нарыса па крышталяграфіі. Вывучаў этнаграфію славенцаў, харватаў, баснійцаў, герцагавінцаў. Вынікі даследаванняў апублікаваў у працы «Падарожжа ў славянскіх краінах у 1802 і 1803 гг.» (1811) у форме лістоў да Ж.Э.Жылібера. У 1807 арганізаваў знаходжанне Напалеона ў Варшаве, стаў афіцэрам яго гвардыі, камергерам. 1.7.1812 увайшоў у склад Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага.
Яўстафій Каэтан (7.8.1797, Вільня — 16.11.1860), сын Францішка. Удзельнічаў у паўстанні 1830—31, паручнік у штабе галоўнакамандуючага ген. Я.Скшынецкага, адзначаны залатым крыжам «Віртуці Мілітары». Пасля паражэння паўстання ў эміграцыі ў Францыі. Адхіліў прапанову Мікалая I прыняць канфіскаваныя маёнткі ўзамен за вернападданую прысягу, у выніку чаго музейныя зборы, б-кі і архівы С. вывезены ў С.-Пецярбург.
Адам Стафан (14.5.1867, г. Красічын, Польшча — 23.7.1951), сын Адама. Вучыўся ў Вене, Інсбруку. З 1911 біскуп кракаўскі. З 1925 мітрапаліт кракаўскі, з 1926 архібіскуп мітрапаліт. Утварыў арг-цыю католікаў «Акцыя каталіцка» і касцельную дабрачынную арг-цыю «Карытас». У час 2-й сусв. вайны звязаны з падп. рухам. З 1946 кардынал.
Літ.:
Sapiehowie: Materiały historycznogenealogiczne i majątkowe. T. 1—3. Pb., 1890—94;Labarre de Raillicourt D. Histoire des Sapieha, 1440—1970. Paryż, 1970; Polski słownik biograficzny. T. 34—35. Wrocław etc., 1993—94; Dom Sapieżyński. Warszawa, 1995; Dzieje rodu Sapiehów. Warszawa, 1999.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Сапегі. Багдан Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Іван Сямёнавіч Сапега. Гравюра І.Шубелера 1872 з партрэта 16 ст.Да арт.Сапегі. Ян Пётр Сапега. Гравюра В.Гондзіуса. 17 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Леў Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Павел Ян Сапега. Гравюра П.Ландры. 1663.Да арт.Сапегі. Ян Фрыдэрык Сапега. Партрэт невядомага мастака. Каля 1720.Да арт.Сапегі. Міхал Антоні Сапега. Партрэт сярэдзіны 18 ст.Да арт.Сапегі. Аляксандр Міхал Сапега. Партрэт 2-й пал. 18 ст.Да арт.Сапегі. Казімір Нестар Сапега. Партрэт Ю.Пічмана.Да арт.Сапегі. Францішак Сапега. Партрэт 19 ст.Да арт.Сапегі. Яўстафій Каэтан Сапега. Партрэт 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Існаваў у 17—18 ст. у Брэсце. Па запрашэнні луцкага біскупа П.Валуцкага з 1616 езуіты пачалі ў Брэсце місіянерскую дзейнасць, у 1629 быў заснаваны калегіум. У 1620 брэсцкі ваявода А.Валовіч падараваў езуітам фальварак Адамкаў, які стаў іх рэзідэнцыяй. Віленскі ваявода і магілёўскі староста Л.Сапега ахвяраваў ім фальварак Дзераўна з в. Мольткі і Мяневеж (Брэсцкі пав.), а ў 1650 — фальварак і в. Паніквы (Камянецкі р-н). У 1669 кароль Міхал Вішнявецкі перадаў езуітам в. Плоскі і землі ў Прылуках (Брэсцкі р-н). На працягу 17—18 ст. ордэн езуітаў набываў тут новыя землі з вёскамі (Слаўкі, Студзіловічы, Ляскавічы і інш., Брэсцкі пав.), аддаючы грошы пад залог маёнткаў, ператварыўся ў буйнога ліхвяра і арганізатара па эксплуатацыі промыслаў; меў б-ку, аптэку (з 1694). Навуч. праграма Брэсцкага езуіцкага калегіума была тыповай для езуіцкіх калегіумаў. З 1634 у калегіуме выкладалі толькі настаўнікі, якія мелі званне прафесараў. У 1772/73 навуч.г. з 28 выкладчыкаў 17 былі святарамі, 8 — манахамі. У 1696—1760-я г. пры калегіуме дзейнічаў школьны тэатр. У б-цы (каля 2 тыс. тамоў) былі кнігі на лац., ням., франц. і інш. мовах. У калегіуме вучыўся бел. мысліцель-атэіст К.Лышчынскі. Будынкі калегіума знаходзіліся на тэр. сучаснай Брэсцкай крэпасці, не зберагліся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІЯ ДРУКА́РНІ 16 ст. Дзейнічалі ў 1550—70-я г. ў Брэсце. Мецэнатам большасці з іх быў канцлер ВКЛ, ваявода віленскі і староста берасцейскі М.Радзівіл Чорны. Узнікненню друкарняў садзейнічаў уздым у культ. развіцці Беларусі, пашырэнне міжнар. сувязяў і ўплыў Рэфармацыі. У ліку друкароў-кнігавыдаўцоў Б.Ваяводка (1553—54), С.Мармеліус (1558—60-я г.), Ц.Базылік (1560—70-я г.). Першыя кнігі, выдадзеныя Ваяводкам, адпавядалі патрэбам рэфармацыйнага руху: Вялікі і Малы Катэхізісы, перакладныя тэалагічныя творы Крыштофа Імлера і Урбана Рэгіуса. З выданняў Мармеліуса вядомы: «Два пасланні» (1559), «Гісторыя пра папу Іаана VIII, які быў жанчынай» (1560), «Артыкулы права магдэбургскага» Б.Граіцкага (1560) і інш. Выйшлі выданні і без упамінання друкара: «Брэсцкая біблія» (1563); сатыр. паэма «Пратэй, або Пярэварацень» (1564), «Размова паляка з ліцвінам» (каля 1564). Найб. росквіту кнігадрукаванне ў Брэсце дасягнула пад кіраўніцтвам Базыліка. У гэты час надрукавана больш за 40 выданняў рознага зместу на польск. і лац. мовах, у якіх адлюстраваны духоўныя і ідэйныя сувязі прагрэс. дзеячаў бел., літ. і польск. культур, белетрыстычныя, гіст., паліт. працы. Выдаўцы Б.д. адрасавалі значную частку сваіх кніг «простым», «посполитым» чытачам. У іх афармленні шырока выкарыстоўвалася рэнесансавая графіка, наборныя арнаменты, гатычныя шрыфты, застаўкі, канцоўкі, фігурныя ксілаграфіі, адчуваецца сувязь з кніжным мастацтвам Польшчы і краін паўночнаеўрап. Адраджэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУКО́МСКІЯ,
княжацкі род герба «Рох» зменены ў ВКЛ. Магчыма, паходзяць з мясц. князёў, нашчадкаў полацкага кн.Усяслава Брачыславіча, але паходжанне дакладна не высветлена. Упершыню згадваюцца ў 2-й пал. 15 ст. князі Васіль (упамінаецца ў 1463) і Іван (у 1473 з’ехаў у Маскву, дзе ў 1493 пакараны смерцю за змову супраць вял.кн. Івана III). У пач. 16 ст. вядома некалькі князёў Л., якія сумесна валодалі замкам і мяст.Лукомль і інш. маёнткамі ў Лукомскім княстве. 3 іх Фёдар Іванавіч у 1508 удзельнічаў у мяцяжы князёў Глінскіх. Верагодна, яго братамі былі Іван Іванавіч (каля 1460 — пасля 1520), уладальнік Шчыдутаў і Гарадца, заснавальнік шчыдуцкай галіны Л., Андрэй Іванавіч (каля 1470 — пасля 1528), уладальнік Меляшковічаў і Бельнякоў, заснавальнік згаслай у 1-й пал. 17 ст. меляшковіцкай галіны, Раман (? — пасля 1500), уладальнік Пачаевічаў у Лукомскім княстве, Дабрыгораў у Полацкай зямлі і Лічкава ў Лідскім пав. Іх нашчадкі раздрабілі свае ўладанні. З 2-й пал. 16 ст. яны неаднаразова займалі павятовыя пасады пераважна ў Аршанскім і Віцебскім пав. Сенатарскай годнасці дасягнуў Фрыдэрык (каля 1565—1611), падкаморы аршанскі з 1600, адначасова староста крычаўскі з 1602, кашталян мсціслаўскі з 1610. Род Л. захаваўся да 20 ст., многія змізарнелыя яго прадстаўнікі не карысталіся княжацкім тытулам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІ́РСКІЯ,
княжацкі род герба «Ліс» у ВКЛ. Першыя прадстаўнікі роду вядомы з дакументаў 1-й трэці 15 ст., валодалі маёнткамі Свір (адсюль прозвішча), Сырмеж, Споры, Мядзел, Варняны і інш.Андрэй С. падпісаў Кірстымонскі мірны дагавор 15.5.1432 вял кн. Свідрыгайлы з Інфлянцкім ордэнам. Браты Эрык і Раман С. падпісалі акты Трокскай уніі 1433 і Гродзенскай уніі 1434, вядомы таксама іх брат (?) Івашка. Унукамі Эрыка былі: Андрэй Петкавіч (? — пасля 1503) — канонік віленскі, пробашч варнянскі, валодаў маёнткам Варняны; Якуб Петкавіч(? — даі 528) — харунжы свірскі; Марцін і Міхал Петкавічы (? — пасля 1503). Унук Івашкі Юхна прадаў у 1528 Ю.Радзівілу свой маёнтак разам з г. Свір і правам карыстання воз. Свір. Андрэй Юхнавіч (? — пасля 1533) прадаў у 1527 сваю частку Мядзела Гаштольду, астатнюю частку яму ж разам з братам Войцехам у 1533. Войцех Юхнавіч (?—1547) — харунжы крэўскі і свірскі (згадваецца з 1540). Унук Міхала Петкавіча Лукаш Баляслававіч (? — 1593) — пісар віленскага ваяводы М.Радзівіла Чорнага, дваранін гаспадарскі, маршалак гаспадарскі з 1565, староста крэўскі (згадваецца з 1569), цівун бяржанскі. Януш Баляслававіч (?—1597) — мастаўнічы полацкі (згадваецца з 1561), маршалак гаспадарскі (згадваецца з 1566), намеснік віленскі (згадваецца з 1588). Адзін з унукаў Марціна Петкавіча. Якуб Аляксандравіч (? — 1585) — маршалак гаспадарскі з 1580. Гэтая лінія роду С. і лінія Міхала Петкавіча мелі працяг.