СЯНЯ́ЎСКІЯ,

шляхецкі род герба «Ляліва» ў Рэчы Паспалітай. Вялі радавод ад Гунтара (? — каля 1494), які валодаў в. Сянява на р. Сан (адсюль прозвішча). Прадстаўнікі роду займалі значныя адм. і вайск. пасады ў Польшчы. З 17 ст. валодалі маёнткамі на Беларусі, тытулаваліся графамі «на Шклове і Мышы». Найб. вядомыя: Мікалай (1489—21.2.1569), ваявода рускі з 1553, гетман вял. каронны з 1563. Мікалай (каля 1520—84), сын Мікалая, кашталян камянецкі з 1576, гетман польны каронны з 1575. Пракоп (? — 9.1.1627), сын Адама Гераніма, харунжы каронны з 1622. Адам Геранім (1623/4—25/26.1.1650), сын Пракопа, староста львоўскі з 1648 і пісар польны каронны з 1649. Мікалай Геранім (1645—5.12.1683), сын Адама Гераніма, ваявода валынскі і гетман польны каронны з 1683. Адам Мікалай (1666—18.2.1726), сын Мікалая Гераніма, ваявода белзскі ў 1692—1710, гетман польны каронны з 1702, гетман вял. каронны з 1706, адначасова кашталян кракаўскі з 1710.

т. 15, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)