ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),

Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​69Ga (61,2%) і ​71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10​−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.​Э.​Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).

Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2 к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).

Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫРАВІ́НА, сырыя матэрыялы,

прадмет працы, які патрабуе далейшай перапрацоўкі ў працэсе вытворчасці. Паводле вытв. прызначэння адрозніваюць С. асноўную (з якой атрымліваюць гатовую прадукцыю ці паўфабрыкаты) і дапаможную (дадаецца, каб забяспечыць неабходныя змены ўласцівасцей асноўнай С. ў працэсе яе перапрацоўкі, напр., вапняк, кварц пры выплаўцы металу. С. падзяляюць на прамысловую і сельскагаспадарчую. Першая бывае мінер. (нафта, вугаль, руды металаў, графіт і інш.) і штучная (сінт. смолы і пластмасы, штучнае валакно, заменнікі скуры і інш.), другая — раслінная (збожжавыя і тэхн. культуры, драўніна, лекавыя расліны і інш.) і жывёльная (мяса, рыба, малако, скуры, воўна і інш.). Паводле вытв. выкарыстання мінер. С. падзяляецца на паліўна-энергетычную (нафта, прыродны газ, гаручыя сланцы, уран і інш.), металургічную (руды металаў і інш.), горнахім. (апатыты, калійныя солі, барыт, сера і інш.), тэхн. (алмазы, графіт, слюда і інш.). У некаторых галінах прамысловую С. падзяляюць таксама на першасную (здабытая руда, цэлюлоза і інш.) і другасную (металалом, макулатура і інш.).

Беларусь мае запасы паліўна-энергетычнай С. (нафта, буры вугаль, торф), нярудных карысных выкапняў (калійныя солі, каменныя солі, буд. і абліцовачны камень, даламіт, буд., сілікатны і кварцавы пясок, гіпс, мел, мергель і інш.). Шырока выкарыстоўваюцца натрыевыя, радонавыя, сульфатныя, хларыдныя і інш. мінеральныя воды. Вырабляюцца пластычныя масы, сінт. смолы, штучныя валокны, скуры, штучнае футра. З расліннай С. ў рэспубліцы найб. значэнне маюць драўніна, бульба, лён, цукр. буракі, збожжа і інш. Гл. таксама Прыродныя рэсурсы, Неметалічныя карысныя выкапні.

Ю.​М.​Румянцава.

т. 15, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАЙНА́НЬ,

горад у Кітаі, на ПдЗ в-ва Тайвань. Адміністрацыйна ўключае аванпорт Аньпін. 705,6 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Гандл.-прамысл. цэнтр развітога с.-г. раёна (цукр. трыснёг, рыс). Прам-сць: цукр., хім., тэкстыльная. Паблізу здабыча каменнай солі.

т. 15, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць алюміній, пераважна ў ступені акіслення + 3. Бясколерныя, белыя ці шэрыя цвёрдыя рэчывы. Найб. пашыраны алюмінію злучэнні з кіслародам (крышт. алюмінію аксід і аморфны алюмагель, гідраксід алюмінію), солі алюмінію з моцнымі кіслотамі (нітрат, сульфат, галагеніды, фасфаты), комплексныя солі алюмінію (алюмініевы галын, алюмасілікаты), солі алюмініевых кіслот (алюмінаты), алюмінійарган. злучэнні (гл. ў арт. Металаарганічныя злучэнні), нітрыд і гідрыд алюмінію, алюмінію злучэнні з некаторымі больш электрададатнымі, чым алюміній, металамі, напр. арсенід алюмінію.

Алюмінію гідраксід (Al(OH)3] сустракаецца ў прыродзе ў выглядзе мінералаў — састаўная частка баксітаў, існуе ў трох крышт. і аморфнай мадыфікацыях; не раствараецца ў вадзе, спіртах; амфатэрны, з кіслотамі ўтварае солі, са шчолачамі алюмінаты. Атрымліваюць гідролізам алюмасілікатаў у шчолачным асяроддзі, аморфны — асаджэннем з раствораў соляў алюмінію аміякам. Выкарыстоўваюць для вытв-сці аксіду алюмінію і алюмагелю, як адсарбцыйны сродак у медыцыне. Алюмінію сульфат [Al2(SO4)3], т-ра раскладання больш за 770 °C, раствараецца ў вадзе. Атрымліваецца ўзаемадзеяннем кааліну ці баксіту з сернай кіслатой. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмініевага галыну, для праклейвання паперы, асвятлення і пазбаўлення колеру вады, як пратраву пры фарбаванні тканін. Алюмінію фтарыд (AlF3), т-ра ўзгонкі 1279 °C, раствараецца ў вадзе, утварае крышталегідраты. Кампанент электраліту ў вытв-сці алюмінію, таксама флюсаў, эмаляў, керамікі. Алюмінію хларыд (AlCl3), дыміць на паветры, т-ра ўзгонкі 180 °C, tпл 192,5 °C, у вадзе гідралізуецца. Атрымліваецца хларыраваннем кааліну, баксіту ці гліназёму. Каталізатар крэкінгу нафты, у рэакцыях алкіліравання. Алюмінію нітрыд (AlN), т-ра раскладання ~2000 °C, дыэлектрык, устойлівы да дзеяння кіслот і шчолачаў пры t 20 °C. Атрымліваюць узаемадзеяннем азоту з алюмініем пры t 1000 °C ці аднаўленнем аксіду алюмінію. Выкарыстоўваецца як вогнетрывалы матэрыял для тыгляў, футровак электролізных ваннаў, для нанясення каразійна- і зносаўстойлівых пакрыццяў на сталь, графіт і інш. Алюмінію гідрыд (AlH3), т-ра раскладання 105 °C, існуе ў палімерным стане. Выкарыстоўваецца як кампанент цвёрдага ракетнага паліва, аднаўляльнік у арган. Сінтэзе. Алюмінію арсенід (AlAs), т-ра плаўлення 1740 °C, кампанент паўправадніковых цвёрдых раствораў для лазераў, фотадыёдаў, сонечных батарэй.

Л.​М.​Скрыпнічэнка.

т. 1, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРОМІСТАВАДАРО́ДНАЯ КІСЛА́ТА,

раствор бромістага вадароду ў вадзе, HBr. Бясколерная вадкасць, якая пры захоўванні жаўцее (акісляецца з утварэннем брому), шчыльн. (65%-ны раствор) 1767,5 кг/м³. Моцная аднаасноўная кіслата, моцны аднаўляльнік. Солі броміставадароднай кіслаты — браміды. Выкарыстоўваюць як каталізатар у арган. сінтэзе.

т. 3, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ВА ў горнай справе,

доўгая ачышчальная падземная горная вырабатка, у канцы якой (у забоі) адбываецца здабыча (выманне) карысных выкапняў (вугалю, каменнай солі і інш.). Даўжыня Л. — 25—350 м і болей (залежыць ад горна-геал. умоў і сістэмы распрацоўкі радовішча).

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЯСЕ́РНАЯ КІСЛАТА́, сернавацістая кіслата,

двухасноўная к-та, H2S2O3. Вадкасць; няўстойлівая нават пры нізкіх (блізкіх да т-ры кіпення вадкага азоту) т-рах. У водным растворы раскладаецца на дыаксід серы SO2 і серу. Т.к. і яе солі (тыясульфаты неарганічныя) моцныя аднаўляльнікі.

т. 16, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЫПІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

арганічнае злучэнне з ліку карбонавых кіслот HOOC (CH2)4COOH. Мал. м. 146,14. Бясколерныя крышталі, t пл. 153 °C, узганяюцца, растваральныя ў вадзе і спіртах. Утварае солі — адыпінаты. Атрымліваюць двухстадыйным акісленнем цыклагексану. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці нейлону, інсектыцыдаў, змазак, яе эфіры — пластыфікатары.

т. 1, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЛАРНАВА́ЦІСТАЯ КІСЛАТА́,

слабая аднаасноўная кіслата, HClO.

Няўстойлівая, існуе толькі ў водных растворах, якія пры захоўванні раскладаюцца з выдзяленнем малекул кіслароду. Моцны акісляльнік. Солі — гіпахларыты. Атрымліваюць растварэннем хлору ці аксіду хлору (Cl2O) у вадзе. Выкарыстоўваюць як дэзінфекцыйны і адбельвальны сродак, для абясшкоджвання сцёкавых вод.

т. 17, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСА́ДКАВЫЯ ГО́РНЫЯ ПАРО́ДЫ,

горныя пароды, якія ўтвараюцца асаджэннем рэчыва ў водным асяроддзі, радзей з паветра і ў выніку дзейнасці ледавікоў. У залежнасці ад характару асаджэння падзяляюцца на абломкавыя, хім. і арганагенныя (біягенныя). Утвараюць пласты, слаі, лінзы і інш. геал. целы рознай формы і памераў, якія залягаюць у зямной кары гарызантальна, нахільна або ў выглядзе складаных складак. Адрозніваюць больш як 10 груп асадкавых горных парод: абломкавыя, гліністыя, глаўканітавыя, гліназёмістыя, жалезістыя, фасфатныя, марганцавыя, карбанатныя, солі, каўстабіяліты і інш., а таксама мяшаныя вулканагенна-асадкавыя пароды. Сярод асадкавых горных парод пераважаюць гліністыя (гліны, аргіліты, гліністыя сланцы — каля 50%), пясчаныя (пяскі і пясчанікі) і карбанатныя (вапнякі, даламіты і інш.; разам каля 45%), астатнія тыпы (солі і інш.) складаюць менш за 5%. Утварэнне і размяшчэнне на зямной паверхні асадкавых горных парод (асадканамнажэнне) вызначаецца пераважна кліматычнымі і тэктанічнымі ўмовамі, мае перыядычны характар і падобныя ўмовы ў мінулыя геал. эпохі і ў сучаснасці. Асадкавыя горныя пароды складаюць каля 10% масы зямной кары, укрываюць 75% паверхні Зямлі. Асн. іх маса сканцэнтравана на мацерыках (752 млн. км³), шэльфах і кантынентальных схілах (158 млн. км³), менш на дне акіянаў (190 млн. км³). Многія асадкавыя горныя пароды — карысныя выкапні (нафта, прыродны газ, вугаль, фасфарыты, баксіты, вапнякі, нярудныя буд. матэрыялы). Пашыраны на ўсёй тэр. Беларусі, асабліва гліны, алеўраліты, пяскі, каменная і калійная солі, ангідрыт, вапнякі, даламіты, мергелі, мел.

Літ.:

Материалы по стратиграфии Белоруссии: (к Межведомств. стратигр. Совещанию, Минск, октябрь, 1981 г.). Мн., 1981;

Логвиненко Н.В. Петрографяя осадочных пород с основами методики исследования. 3 изд. М., 1984.

т. 2, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)