МЮО́НІЙ, мезоній,
вадародападобная сістэма, якая складаецца з дадатнага мюона (μ+) і электрона. Хім. сімвал Mu. Мае хім. ўласцівасці, аналагічныя ўласцівасцям атама вадароду.
Утвараецца ў ортастане са спінам 1 (спіны μ+ і электрона паралельныя) ці ў парастане са спінам 0 (спіны антыпаралельныя), рознасць энергій паміж якімі роўная 3∙10−6 эВ; паміж імі магчымы пераходы з выпрамяненнем частаты 4463,16 МГц. Актыўна ўступае ў хім. рэакцыі, характэрныя для атама вадароду. Скорасць рэакцыі вызначаецца па частаце прэцэсіі спіна ў магн. полі (гл. Мезонная хімія).
т. 11, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІМРУ́Д (стараж. Кальху, бібл. Калах),
адна са сталіц Асірыі. Знаходзіцца непадалёк ад г. Масул (Ірак). Засн. Салманасарам I (1274—45 да н.э.), перажыў перыяд заняпаду, адноўлены і пашыраны Ашурнасірпалам ІІ (883—859 да н.э.), у 612 да н.э. захоплены мідыйцамі. Археал. раскопкі праводзіліся ў 1845—51 і 1949—63. Выяўлены цытадэль з храмамі, зікуратам і палацамі. Знойдзены вял. крылатыя быкі з каменю, рэльефы і пліткі са слановай косці, якія ўпрыгожвалі царскую мэблю, дробная касцяная скульптура 8 ст. да н.э.
І.М.Язэпенка.
т. 11, с. 348
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТРАНА́Ж,
форма папячыцельства, што ўстанаўліваецца над паўналетнім дзеяздольным грамадзянінам, які па стане здароўя не можа самастойна ажыццяўляць і абараняць свае правы і выконваць абавязкі. Паводле Цывільнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, папячыцель (памочнік) паўналетняга дзеяздольнага грамадзяніна можа быць прызначаны органам апекі і папячыцельства толькі са згоды такога грамадзяніна, Распараджэнне папячыцелем маёмасцю падапечнага ажыццяўляецца на аснове дагавора-даручэння або даверанага кіравання, заключанага з падапечным; ажыццяўленне здзелак па ўтрыманні і задавальненні быт. патрэб падапечнага, робіцца папячыцелем са згоды падапечнага. П. спыняецца па патрабаванні падапечнага.
т. 12, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЭТЭРЫФІКА́ЦЫЯ,
хімічная рэакцыя, што прыводзіць да замены аднаго спіртавога ці кіслотнага астатку ў малекуле складанага эфіру на другі; адзін са спосабаў атрымання складаных эфіраў. Адбываецца пры ўзаемадзеянні эфіру са спіртам (алкалоліз), карбонавай к-той (ацыдоліз) ці інш. складаным эфірам (падвойны абмен) у прысутнасці каталізатара (алкагаляты, шчолачы, саляная к-та і інш.). Выкарыстоўваюць у прам-сці для атрымання полікарбанатаў, тэрэфталатаў, метылавага і бутылавага эфіраў вышэйшых тлустых кіслот, а таксама для сінтэзу складаных эфіраў, якія нельга атрымаць этэрыфікацыяй (напр., вінілавыя эфіры вышэйшых кіслот).
т. 12, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).
Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп 1Не) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.
Літ.:
Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл. АН СССР. 1938. Т. 18, № 1;
Ландау Л.Д. Собр. тр. Т. 1. М., 1969;
Халатников И.М. Теория сверхтекучести. М., 1971.
Л.І.Камароў.
т. 7, с. 42
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛО́Й, налой (грэч. analogeion),
адмысловы столік са скошанай накрыўкай, на які кладуць абразы ці богаслужэбныя кнігі ў час іх чытання ў правасл. храмах.
т. 1, с. 336
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́ГЛУ (эскімоскае igdlu),
у часткі канадскіх эскімосаў зімовае жытло са снегу купалападобнай формы з уваходам праз доўгі калідор. Часам сцены ўнутры пакрываюць шкурамі.
т. 7, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛА́ТЫ,
нашчадкі ад шлюбу паміж прадстаўнікамі еўрапеоіднай расы і неграмі. Прамежкавы антрапалагічны тып са смуглым адценнем скуры. Жывуць пераважна ў Паўд. і Цэнтральнай Амерыцы.
т. 11, с. 21
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАДКЛА́ДНАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ ДАПАМО́ГА,
лячэбныя мерапрыемствы, якія праводзяць на этапе мед. эвакуацыі з мэтай вывядзення хворага са стану, небяспечнага для жыцця. Гл. Хуткая медыцынская дапамога.
т. 11, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛІ́ШКАЎСКІ ВАЛУ́Н,
помнік прыроды ў Беларусі. На паўд.-ўсх. ускраіне в. Васілішкі Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. Валун ружовага буйназярністага граніту (рапаківі) даўж. 4,9 м, шыр. 3 м, выш. 1,7 м, у абводзе 11,7 м, аб’ём 25 м³, маса 66 т. Прынесены ледавіком каля 125 тыс. гадоў назад са Скандынавіі. На паўд. баку мае паглыбленне памерам 0,5 × 0,6 м са згладжанымі і адшліфаванымі сценкамі, якое нагадвае крэсла, каля яго ямка глыб. 3 см, у папярочніку 5 см. У стараж. часы валуну пакланяліся.
В.Ф.Вінакураў.
т. 4, с. 25
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)