ДЭСТРУ́КЦЫЯ ў біялогіі,
працэс разбурэння мёртвага арган. рэчыва (рэшткаў адмерлых арганізмаў) да больш-менш простых неарган. злучэнняў. Ажыццяўляецца дзякуючы дзейнасці рэдуцэнтаў (дэструктараў), у першую чаргу бактэрый і грыбоў, а часткова і як вынік стрававання і экскрэцыі жывёл (кансументаў). У найб. буйным маштабе працэсы Д. ў наземных экасістэмах адбываюцца ў глебе (разбураецца да 90% першаснай прадукцыі арган. рэчыва). Прадукты Д. — неарган. рэчывы — потым зноў выкарыстоўваюцца прадуцэнтамі.
В.В.Грычык.
т. 6, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМПО́ЎКА ў лазернай фізіцы,
працэс стварэння нераўнаважнага стану рэчыва пад уплывам знешніх уздзеянняў (магн. поля, эл. разраду, рэзкага ахаладжэння папярэдне нагрэтага газу і інш.). Можа перавесці рэчыва са стану тэрмадынамічнай раўнавагі ў актыўны стан (гл. Актыўнае асяроддзе), пры якім яно набывае здольнасць узмацняць і генерыраваць эл.-магн. хвалі (гл. Лазер). Тэрмін «П.» выкарыстоўваецца таксама ў радыётэхніцы і оптыцы пры апісанні працэсаў уздзеяння на актыўныя элементы параметрычных сістэм (гл. Параметрычныя ваганні).
т. 12, с. 36
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯМА́СА (ад бія... + маса),
агульная маса асобін віду, іх папуляцый, груп ці згуртаванняў (раслін, мікраарганізмаў, жывёл), якая прыпадае на адзінку паверхні або аб’ёму месцапражывання; адзін з важнейшых экалагічных тэрмінаў. Біямасы часцей за ўсё выражаюць у масе сырога або сухога рэчыва (г/м², кг/га, г/м³, кг/м³ і інш.). Біямаса раслін наз. фітамасай, жывёл — заамасай, бактэрый — бактэрыямасай.
Сумарная біямаса сухога арган. рэчыва біясферы складае 85—100∙109 т, з якіх фітамасе належыць 97—99%, заамасе — 1—3% (90—95% складаюць беспазваночныя). Для Беларусі агульная біямаса сухога рэчыва жывых арганізмаў складае 2—3∙109 т. На паказчыках біямасы грунтуюцца ўсе разлікі характару і інтэнсіўнасці біялагічнага кругавароту рэчываў. Вызначэнне біямасы выкарыстоўваюць для вывучэння біялагічнай прадукцыйнасці груп арганізмаў, асобных біяцэнозаў і біясферы ў цэлым, пры прагназаванні гасп. дзейнасці чалавека.
т. 3, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
1) у хіміі, актыўнасць каталізатара — здольнасць паскараць хім. рэакцыю. Вызначаецца як скорасць рэакцыі ў дадзеных умовах без уліку скорасці той жа рэакцыі пры адсутнасці каталізатара. Паверхневая актыўнасць — здольнасць рэчыва пры адсорбцыі зніжаць паверхневае нацяжэнне на мяжы падзелу дзвюх фазаў. Вызначаецца велічынёй —
, дзе σ — каэфіцыент паверхневага нацяжэння, c — аб’ёмная канцэнтрацыя рэчыва. Уласцівая паверхнева-актыўным рэчывам.
2) У хімічнай тэрмадынаміцы — велічыня, якая адпавядае тэрмадынамічным уласцівасцям рэчыва ў рэальным растворы. Вызначаецца праз змену пэўных фіз. велічыняў (пругкасці пары, т-ры замярзання, кіпення і інш.) пры змене канцэнтрацыі рэчываў у растворах. Адхіленне ўласцівасцяў рэальнага раствору ад уласцівасцяў ідэальнага характарызуецца каэфіцыентам актыўнасці (адносінай актыўнасці да канцэнтрацыі).
3) У ядзернай фізіцы — велічыня, роўная колькасці радыеактыўных распадаў за адзінку часу; адна з асн. характарыстык радыеактыўнасці. Адзінка актыўнасці ў СІ — бекерэль, пазасістэмная адзінка — кюры.
т. 1, с. 213
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАС-СПЕКТРАМЕ́ТРЫЯ, мас-спектраскапія, мас-спектральны аналіз,
фізічны метад даследавання рэчыва, заснаваны на вызначэнні масы часціц, што ўтвараюцца пры іанізацыі малекул. Пачатак развіццю М.-с. дадзены англ. фізікам Дж.Дж.Томсанам, які прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра і атрымаў першыя мас-спектры (1910).
Пры М.-с. даследуемае рэчыва пераводзяць награваннем ці інш. спосабам у лятучы стан для атрымання малекулярнага пучка, на які ўздзейнічаюць іанізавальным выпрамяненнем. У выніку ўзаемадзеяння нейтральных малекул з выпрамяненнем утвараецца пучок дадатна зараджаных часціц (іонаў) і нейтральных фрагментаў малекул рознай малекулярнай масы і атамнага саставу. Пры аднолькавых умовах выпрамянення колькасць дадатна зараджаных часціц рознага саставу, што ўтвараюцца пры іанізацыі, з’яўляецца велічынёй пастаяннай і залежыць толькі ад будовы малекул рэчыва. Раздзяленне сумарнага патоку часціц на патокі часціц з аднолькавай малекулярнай масай і вымярэнне токаў раздзеленых іонаў ажыццяўляюць з дапамогай мас-спектральных прылад. Найб. шырока М.-с. выкарыстоўваюць у арган. хіміі для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў (па мас-спектрах), вызначэння малекулярнай масы, элементнага і ізатопнага саставу рэчыва, якаснага і колькаснага аналізу складаных сумесей арган. злучэнняў.
Літ.:
Вульфсон Н.С., Заикин В.Г., Микая А.И. Масс-спектрометрия органических соединений. М., 1986;
Чепмен Д. Практическая органическая масс-спектрометрия: Пер. с англ. М., 1988.
В.П.Собач.
т. 10, с. 191
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭТАНА́ТАР (ад франц. détoner узрывацца),
зарад брызантнага выбуховага рэчыва (БВР), прызначаны ўзбуджаць (ініцыіраваць) дэтанацыю ў асн. зарадзе прамысл. (падрыўнога) выбуховага рэчыва або ў боепрыпасах (артыл. снарадах, мінах, бомбах, баявых частках ракет і інш.). Робіцца ў выглядзе метал. або папяровай гільзы, начыненай БВР. Капсуль-Д. — тонкі метал. або пластмасавы каўпачок з БВР, які стварае пачатковы выбуховы імпульс. Выкарыстоўваецца для ўзбуджэння дэтанацыі ў разрыўных або падрыўных зарадах. Існуюць таксама электрадэтанатары, якія ўзбуджаюць дэтанацыю эл. токам.
т. 6, с. 360
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРО́ТГУС (Grotthuss, Grothuß) Крысціян Іаган Дзітрых (Тэадор) фон (20.1.1785, г. Лейпцыг, Германія — 26.3.1822), фізік і хімік. У 1803—08 вучыўся ў Лейпцыгу, Парыжы, Рыме. З 1808 праводзіў навук. даследаванні ў сваім маёнтку Гедучай у Літве. Навук. працы па электра- і фотахіміі, будове рэчыва. Прапанаваў тэорыю электролізу (1805), сфармуляваў першы закон фотахіміі (закон Гротгуса): фотахім. рэакцыю ў рэчыве можа выклікаць толькі тая частка падаючага на яго святла, якую рэчыва паглынае (1818).
Літ.:
Страдынь Я.П. Теодор Гротгус. М., 1966.
т. 5, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАПЕЙРО́НА—КЛА́ЎЗІУСА ЎРАЎНЕ́ННЕ,
дыферэнцыяльнае ўраўненне, якое ўстанаўлівае сувязь паміж ціскам і т-рай чыстага рэчыва ў станах, што адпавядаюць фазавым пераходам I роду (выпарэнню, плаўленню, сублімацыі і інш.). Мае выгляд:
, дзе p — ціск, T — абс. т-ра, r — удзельная цеплата фазавага пераходу і ΔV — рознасць удзельных аб’ёмаў фаз рэчыва. Прапанавана ў 1834 Б.П.Э.Клапейронам і ўдасканалена ў 1850 Р.Ю.Э.Клаўзіусам. Можа выкарыстоўвацца для вызначэння кожнай з велічынь, што ў яго ўваходзяць.
т. 8, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮІЗІ́Т, β -хлорвінілдыхлорарсін,
атрутнае рэчыва агульнаатрутнага, скурна-нарыўнога, раздражняльнага дзеяння, ClCH=CHAsCl2. Назва ад імя амер. хіміка У.Льюіса. Атрыманы ў канцы 1-й сусв. вайны, як атрутнае рэчыва не выкарыстоўваўся.
Бясколерная вадкасць без паху, 196,6 °C. Не раствараецца ў вадзе, добра раствараецца ў арган. растваральніках. Нязносная канцэнтрацыя ў паветры 2 ∙ 10−2 мг/л, смяротная — пры дзеянні праз органы дыхання 0,25 мг/л (экспазіцыя 15 мін). Смяротная доза пры рэзорбцыі праз скуру 25 мг/кг.
т. 9, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІВІНІЛАЦЭТА́Т,
сінтэтычны палімер, прадукт полімерызацыі вінілацэтату, [—CH3—CH(OCOCH3)—]n, мал. м. (5—16)∙105. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, шчыльн. 1190 кг/м³. Тэрмапласт. Святлоўстойлівы. Характэрна халоднацякучасць, добрая адгезія да паперы, скуры, драўніны, тканін. Пры 180 °C раскладаецца. Лёгка гідралізуецца растворамі шчолачаў ці кіслот з утварэннем полівінілавага спірту. Выкарыстоўваюць як плёнкаўтваральнае рэчыва ў вытв-сці эмульсійных фарбаў, кляёў і лакаў, сыравіну для атрымання полівінілавага спірту, як сувязнае ў палімербетоне.
Літ.:
Розенберг М.Э. Полимеры на основе винилацетата. Л., 1983.
т. 12, с. 473
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)