ПО́ЛЬСКАЯ СПА́ДЧЫНА,

вайна за польскую спадчыну (1733—35) паміж Расіяй, Аўстрыяй і Саксоніяй з аднаго боку і Францыяй — з другога. Падстава — выбары караля Рэчы Паспалітай пасля смерці Аўгуста II (1733). Францыя падтрымлівала кандыдатуру Станіслава Ляшчынскага, зацвярджэнне якой вяло да стварэння антырас. блоку дзяржаў на чале з Францыяй. Расія і Аўстрыя падтрымлівалі сына Аўгуста II саксонскага курфюрста Фрыдрыха Аўгуста II. Паводле просьбы групы магнатаў, Расія ў вер. 1733 увяла ў Рэч Паспалітую свае войскі. 12.9.1733 на сейме ў Варшаве каралём быў выбраны Ляшчынскі, але частка шляхты на занятай рас. войскамі тэр. ўзвяла на прастол Фрыдрыха Аўгуста II (гл. Аўгуст Ш). Рас. войскі ў студз. 1734 захапілі г. Торунь, у ліп. — Гданьск (Данцыг), адкуль Ляшчынскі ўцёк у Прусію. У 1734—35 Францыя з пераменным поспехам вяла ваен. дзеянні супраць Аўстрыі на р. Рэйн і ў Італіі. У кастр. 1735 заключаны папярэдні, а ў ліст. 1738 у Вене — канчатковы мір паміж Аўстрыяй і Францыяй, да якога ў 1739 далучыліся Расія, Рэч Паспалітая і Саксонія. Францыя прызнала каралём Рэчы Паспалітай Аўгуста III.

т. 12, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЦЮШКАЎ (Канстанцін Мікалаевіч) (29.5.1787, г. Волагда, Расія — 19.7.1855),

рускі паэт; прадстаўнік анакрэантычнага кірунку ў рус. лірыцы. Адукацыю атрымаў у прыватных пансіёнах у Пецярбургу. Быў на чыноўніцкай і ваеннай службе, пазней — у рус. дыпламат. місіі ў Італіі. Удзельнік літ. гуртка «Арзамас». У вершах «Вясёлы час», «Вакханка», «Мае Пенаты» і інш. услаўляў радасць быцця, сяброўства, каханне, духоўную свабоду асобы. У аснове элегій «На руінах замка ў Швецыі», «Пераход праз Рэйн» уражанні вайны 1812. Ідэйны і душэўны крызіс абумовіў змрочна-меланхалічны тон лірыкі, узмацненне рэліг. настрояў, матывы нераздзеленага кахання, абвастрыў тэму трагічнага лёсу паэта (элегіі «Да сябра», «Надзея», «Мой геній», «Разлука», «Паміраючы Тас» і інш.). У вершаванай казцы «Вандроўнік і дамасед» (1815) стварыў карціну дысгармоніі жыцця. Аўтар цыклаў анталагічных вершаў, нарысаў і артыкулаў пра л-ру і мастацтва. У 1917 выйшаў зб. «Спробы ў вершах і прозе» (ч. 1—2).

Тв.:

Соч. Т. 1—2. М., 1989.

Літ.:

Фридман Н.В. Проза Батюшкова. М., 1965;

Яго ж. Поэзия Батюшкова. М., 1971;

Коровин В.И. «И жил так точно, как писал...» (К.​Н.​Батюшков: К 200-летию со дня рождения). М., 1987;

Кошелев В.А. Константин Батюшков: Странствия и страсти. М., 1987.

К.М.Бацюшкаў.

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОН (Bonn),

горад у Германіі, у зямлі Паўн. Рэйн-Вестфалія; месца часовага знаходжання парламента і ўрада краіны. 296,9 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на Рэйне. Міжнар. аэрапорт Кёльн-Бон. Прадпрыемствы паслуг, дакладнай механікі і оптыкі, эл.-тэхн., папяровай, фармацэўтычнай, паліграф., харч., тытунёвай, мэблевай, керамічнай, алюмініевай прам-сці. У Боне знаходзіцца гандл.-прамысл. палата ФРГ, шматлікія праўленні прамысл. і фін. канцэрнаў і інш. Раён Бад-Годэсберг — курорт з мінер. водамі. Ун-т (з 1818). Музеі: зямлі Рэйнланд, Гар. маст. збор Бона, Акад. маст. музей Бонскага ун-та, Дом-музей Л.​Бетховена (нарадзіўся ў Боне), Бетховенгале, дзе кожныя 2 гады праводзіцца Міжнар. муз. фестываль, прысвечаны Бетховену (верасень).

Засн. ў 1 ст. рымлянамі. З 1286 горад. У 1273—1794 рэзідэнцыя кёльнскіх архіепіскапаў. У 1794 акупіраваны франц. войскамі, з 1814 у складзе Прусіі. У 1949—90 сталіца ФРГ. У 1969 да Б. далучаны суседнія гарады Бад-Годэсберг і Боель.

Стары горад моцна разбураны ў 1944—45. У пасляваенны час рэканструяваны, пабудаваны раён з урадавымі і адм. вышыннымі будынкамі. Помнікі архітэктуры: раманскі сабор Санкт-Касіус-унд-Фларэнцыус (1150—1224), гатычная царква св. Рэмігія (1274—1317), барочная царква Іезуітэнкірхе (1686—1717), палацы курфюрстаў (1697—1726, цяпер ун-т) і Попельсдорф (1715—56).

Да арт. Бон. Панарама горада.
Да арт. Бон. Раён Бад-Годэсберг.

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЛЬТЫ,

плямёны індаеўрапейскай групы, якія ў 1-й пал. 1-га тыс. да н. э. жылі ў бас. рэк Рэйн, Сена, Луара, вярхоўях Дуная, пазней засялілі тэр. сучасных Францыі, Бельгіі, Швейцарыі, паўд. Германіі, Аўстрыі, паўн. Італіі, паўн. і зах. Іспаніі, Брыт. а-воў, Чэхіі, Славеніі, часткова Венгрыі, Балгарыі і Турцыі. Рымляне называлі К. галамі, а асн. тэрыторыю іх рассялення Галіяй. Найб. значныя плямёны: бойі, гельветы, белгі, секваны, эдуі і інш. З імі звязаны гальштацкая культура (9—5 ст. да н.э.) і латэнская культура (5—1 ст. да н.э.). Займаліся земляробствам, апрацоўвалі металы, будавалі крэпасці і ўмацаваныя гарады, у найбольш развітых плямён з’явіліся зачаткі дзяржаўнасці. Ваявалі з германцамі, рымлянамі. У 1 ст. да н.э. заваяваны рымлянамі і раманізаваны. Традыцыі своеасаблівага кельцкага мастацтва (бронз. вырабы, посуд, зброя, дэталі конскай вупражы, разьба па каменю) захоўваліся і ў 1-м тыс. н.э., асабліва ў Ірландыі. К. адыгралі пэўную ролю ў фарміраванні англ., франц., бельг. і інш. народнасцей.

Літ.:

Граков Б.Н. Ранний железный век. М., 1977;

Широкова Н.С. Древние кельты на рубеже старой и новой эры. Л., 1989;

Шкунаев С.В. Община и общество западных кельтов. М., 1989.

Да арт. Кельты. Бронзавыя збаны з Бос-Юцс (Францыя).
Да арт. Кельты. Люстэрка з Дэсбара. 1 ст.

т. 8, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ПРУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1806—07,

вайна паміж 4-й кааліцыяй (склалася ў вер. 1806 з Вялікабрытаніі, Расіі, Прусіі, Саксоніі, Швецыі) і Францыяй (гл. Напалеонаўскія войны). У адказ на ультыматум Прусіі аб адводзе франц. войск за Рэйн армія Напалеона I імгненна ўварвалася ў Саксонію і Прусію. 14 кастр. ў Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806 пруска-саксонскія войскі разбіты. 24 кастр. франц. войскі занялі сталіцу Прусіі Берлін, дзе 21 ліст. Напалеон падпісаў дэкрэт аб кантынентальнай блакадзе Вялікабрытаніі. Потым Напалеон накіраваў свае войскі супраць рас. арміі (3 корпусы, каля 160 тыс. чал., галоўнакамандуючы фельдмаршал М.​Ф.​Каменскі), якая да гэтага часу сканцэнтравалася ў раёне Пултуск—Астралэнка—Брэст-Літоўск. 28 ліст. французы занялі Варшаву. Паражэнне корпуса маршала Ж.​Лана 26 снеж. каля Пултуска прымусіла Напалеона часова прыпыніць наступленне. 1 лют. ён накіраваў свае гал. сілы у напрамку Кёнігсберга, каб абысці левы фланг рас. арміі і потым акружыць яе. 7—8 лют. каля Пройсіш-Эйлаў адбылася бітва, якая сарвала першапачатковыя планы Напалеона. 14 чэрв. франц. войскі перамаглі рас. армію (галоўнакамандуючы з 13 студз. ген. Л.Л.Бенігсен) у бітве пры Фрыдландзе. Гэта прымусіла рас. імператара Аляксандра I падпісаць 7 ліп. з Напалеонам Тыльзіцкі мір 1807. 9 ліп. мірны дагавор з Францыяй падпісала і Прусія.

т. 13, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́НІЙ (лац. Rhenium),

Re, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат н. 75, ат. м. 186, 207. Прыродны Р. — сумесь 2 ізатопаў: стабільнага ​185Re (37,4%) і слабарадыеактыўнага ​187Re (перыяд паўраспаду 5∙10​10 гадоў). У зямной кары 7∙10​−8% па масе (рассеяны элемент); ізаморфна замяшчае малібдэн у малібдэніце. Адкрыты ў 1925 ням. фізікахімікамі В. і І. Ноддак (муж і жонка); назва ад лац. Rhenus — р. Рэйн.

Серабрыста-шэры пластычны метал, tпл 3180 °C (па тугаплаўкасці другі пасля вальфраму), шчыльн. 21 010 кг/м Хімічна ўстойлівы. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, пераксідзе вадароду (утвараецца рэніевая к-та HReO4). Пры награванні ў паветры (t >300 °C) акісляецца, узаемадзейнічае з фторам (адзіны метал, які ўтварае ўстойлівы гептафтарыд ReF7 — крышт. рэчыва з tпл 48,3 °C), хлорам, пры 700—800 °C з парай серы, фосфарам. Атрымліваюць з канцэнтратаў малібдэнавых руд (маюць 0,01—0,04% Р.). Выкарыстоўваюць пераважна на выраб плаціна-рэніевых каталізатараў для нафтаперапрацоўчай прам-сці (атрыманне бензіну з высокім актанавым лікам), а таксама дэталей электронных прылад, катодаў, тэрмапар, як матэрыял для эл. кантактаў і пакрыццяў, што ахоўваюць металы ад карозіі і зносу; сплавы Р. з інш. тугаплаўкімі металамі (вальфрам, малібдэн, тантал) як канстр. матэрыял у самалёта- і ракетабудаванні.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІДЭРЛА́НДЫ гістарычныя,

у сярэднія вякі вобласць на ПнЗ Еўропы паміж Паўночным м. і Ардэнамі, у бас. рэк Рэйн, Маас і Шэльда (тэр. сучасных Нідэрландаў, Бельгіі, Люксембурга і часткі паўн. Францыі). Да 14—15 ст. тут існавалі асобныя феад. ўладанні: герцагствы Брабант, Лімбург, Гелдэрн, графствы Фландрыя, Артуа, Галандыя, епіскапства Утрэхт і інш., што залежалі ад «Свяшчэннай Рым. імперыі» або ад Францыі. З 14—15 ст. б. ч. іх у складзе Бургундскай дзяржавы, а пасля яе распаду (канец 15 ст.) — уладанне Габсбургаў, Якія ў 1540-я г. аб’ядналі пад сваёй уладай усю тэр. Н. У 1548 Н. (17 правінцый, якія захавалі назвы феад. уладанняў) абвешчаны непадзельным уладаннем на чале з гасударом з дому Габсбургаў і яго намеснікам (ген. штатгальтарам). Пасля распаду імперыі Карла V (1556) Н. пад уладай Іспаніі. У выніку Нідэрландскай буржуазнай рэвалюцыі 16 ст. на Пн Н. утварылася незалежная Галандская рэспубліка. Паўд. Н. заставаліся ісп. уладаннем. Пасля войнаў 17 ст. Артуа і ч. Фландрыі адышлі да Францыі. У выніку вайны за іспанскую спадчыну 1700—14 Паўд. Н. перайшлі да Аўстрыі. Венскі кангрэс 1814—15 шляхам далучэння да б. Галандскай рэспублікі Паўд. Н. утварыў на тэр. гіст. Н. Нідэрландскае каралеўства. У выніку Бельгійскай рэвалюцыі 1830 на тэр. Паўд. Н. утварылася незалежнае Бельгійскае каралеўства. Назва «Каралеўства Нідэрландаў» замацавалася як афіц. за Паўн. Н. (сучасныя Нідэрланды). Больш падрабязна гл. ў раздзелах Гісторыя артыкулаў Нідэрланды і Бельгія.

т. 11, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЙПЦЫГСКАЯ БІ́ТВА 1813, бітва народаў пад Лейпцыгам,

адна з вырашальных бітваў у час напалеонаўскіх войнаў (кампанія 1813). Адбылася 16—19.10.1813 каля г. Лейпцыг (Германія) паміж саюзнымі прускімі, аўстр., рас. і швед. войскамі (300—316 тыс. чал., больш за 1,3 тыс. гармат) і арміяй Напалеона I(каля 190—200 тыс. французаў, палякаў, саксонцаў, італьянцаў, бельгійцаў, галандцаў; 700 гармат). 16 кастр. адбыліся ўзаемныя малавыніковыя атакі паміж войскамі Напалеона і Багемскай арміяй саюзнікаў (133 тыс. чал.), бакі страцілі па 30 тыс. чал. 17 кастр. баёў не было. 18 кастр. Напалеон намагаўся адцясніць войскі кааліцыі і адкрыць сабе дарогу для адыходу, але моцны ўдар саюзнікаў з Пд, У і Пн прымусіў яго вярнуцца ў Лейпцыг, адкуль ён ноччу 19 кастр. пачаў адыходзіць на З па адзіным уцалелым мосце. Пакінуты Напалеонам у ар’ергардзе корпус Ю.Панятоўскага, які стрымліваў наступаючых, быў амаль увесь знішчаны, пры ўзрыве моста праз р. Вайсе-Эльстэр загінуў і Панятоўскі. Страты арміі Напалеона склалі 40 тыс. чал. забітымі і параненымі, 20 тыс. палоннымі, 325 гармат, саюзнікаў — 45—50 тыс. чал. (22 тыс. расійскіх, 14 тыс. прускіх, 9 тыс. аўстр. вайскоўцаў). Пазней рэшткі франц. арміі (60 тыс. чал.) адышлі за Рэйн. У выніку Л.б. ад франц. панавання вызвалена Германія, Францыя пазбавілася тэр. заваёў у Еўропе. У 1913 у Лейпцыгу ўзведзены Манумент Бітвы Народаў.

Літ.:

Поход русской армии против Наполеона в 1813 г. и освобождение Германии: Сб. док. М., 1964;

Освободительная война 1813 г. против наполеоновского господства. М., 1965.

В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЙНЦ (Mainz),

горад на З Германіі. Адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц. 185,5 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Рэйн. Прам-сць: трансп. машынабудаванне (вагона-, аўта- і суднабудаванне), радыёэлектронная, хім., інструментальная, буд. матэрыялаў, паліграфічная, тэкст., абутковая, гарбарная, харчасмакавая, у т. л. вінаробства. Акадэмія навук і л-ры. Ун-т. Рымска-германскі цэнтр. Музей сусв. друкарства. Арх. помнікі 11—18 ст., у т. л. раманскі сабор Санкт-Марцін-унд-Саніст-Штэфан, капэла, гатычныя цэрквы, барочныя цэйхгаўз і палац курфюрстаў.

У старажытнасці на месцы М. існавала паселішча кельтаў, з канца 1 ст. да н.э. — умацаваны лагер рымлян, з канца 1 ст. н.э. цэнтр пагран. рымскай прав. Верхняя Германія. У 297 упершыню згадваецца як горад. У 8 ст. — 1798 рэзідэнцыя архіепіскапаў, у 13 — пач. 19 ст. цэнтр Майнцкага курфюрства. У 1244—1462 самакіравальны горад, у 1254—57 узначальваў Рэйнскі саюз гарадоў. Каля 1450 тут пачаў друкаваць кнігі І.Гутэнберг. У 1477 засн. ун-т. У аўстра-пруска-франц. вайну 1792—95 акупіраваны франц. войскамі (1792—93 і з 1794), цэнтр Майнцкай камуны. У 1797 далучаны да Францыі, у 1801—14 адм. ц. франц. дэпартамента Донерсберг. З 1816 у складзе ням. Вял. герцагства Гесен-Дармштат (гл. Гесен), крэпасць Герм. саюза, з 1866 у Прусіі. Пасля 1-й сусв. вайны акупіраваны франц. войскамі (1918—30), пасля 2-й сусв. вайны ў складзе франц. акупац. зоны. З 1949 у складзе ФРГ, з 1950 адм. ц. зямлі Рэйнланд-Пфальц.

У.​Я.​Калаткоў (гісторыя).

т. 9, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЙНЛАНД-ПФАЛЬЦ (Rheinland-Pfalz),

зямля (адм. адзінка) на З Германіі, у бас. р. Рэйн і яго прытокаў Мозеля і Лана. Пл. 19,8 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (2000). Адм. ц. — г. Майнц. Найб. гарады і гал. прамысл. цэнтры — Людвігсгафен, Кобленц, Кайзерслаўтэрн, Трыр. Большую ч. тэр. займаюць Рэйнскія Сланцавыя горы. Клімат умераны. Сярэдняя т-ра ліп. 19 °C, студз. 2 °C. Ападкаў каля 600—800 мм за год. Натуральная расліннасць найб. захавалася ў гарах, пераважаюць дубовыя, букавыя і дубова-грабава-букавыя лясы. Пад лесам каля 40%. Эканоміка мае індустр.агр. характар. Распрацоўваюцца невял. радовішчы нафты і прыроднага газу. Развіты хім. (гал. цэнтр Людвігсгафен), машынабудаванне і металаапрацоўка (Кайзерслаўтэрн), абутковая (каля 25% вытв-сці абутку ў краіне), харчасмакавая, аўтамабільная, буд. матэрыялаў прам-сць. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 50%. Гал. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля (малочнага кірунку і свінагадоўля). Вырошчваюць пшаніцу, бульбу, цукр буракі, тытунь, кармавыя культуры. Найважн. раён вінаградарства (дае каля 75% збору вінаграду ў краіне, гал. чынам у далінах Рэйна, Мозеля і Наэ). Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па Рэйне і Мозелі. Турызм.

Зямля ўтворана пасля 2-й сусв. вайны паводле распараджэння франц. акупац. улад ад 30.8.1946 з частак Баварыі (Пфальц), Гесена, Прусіі (Рэйнская прав.). Спачатку яе адм. цэнтрам быў г. Кобленц, з 1950 — г. Майнц У 1947 прынята зямельная канстытуцыя. З 1949 зямля ў складзе ФРГ. У 1969—76 прэм’ер-міністрам зямлі быў Г.​Коль. У 1947—91 у яе паліт. жыцці дамінаваў Хрысц.-дэмакр. саюз.

т. 13, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)