ВАРАТЫ́НСКІ (Міхаіл Іванавіч) (каля 1510 — 12.6.1573),

рускі палкаводзец, князь, баярын. Вызначыўся ў 1552 пры ўзяцці Казані, у 1550—60-я г. перыядычна кіраваў рус. арміяй на паўд. граніцы. Летам 1572 разбіў крымскіх татараў у бітве пры Моладзях (непадалёку ад Масквы). У 1573 арыштаваны па лжывым даносе, абвінавачаны ў здрадзе і закатаваны.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛО́Ў (Павел Пятровіч) (27.6.1764, С.-Пецярбург — 6.10.1835),

рускі скульптар; майстар дэкар. скульптуры класіцызму. Аўтар статуі «Малочніца з разбітым збаном» (1816) у парку г. Пушкін, фігур грыфонаў на Банкаўскім мосце, ільвоў на Львіным мосце (абодва цераз канал Грыбаедава), сфінксаў каля б. Егіпецкага моста цераз р. Фантанка (усе 1825—26) у С.-Пецярбургу.

т. 14, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОБ (Faba),

род травяністых раслін сям. бабовых. 1 від — боб конскі, або рускі (F. bona). Старажытная кармавая і харч. (агароднінная) культура. У дзікім стане невядома. Вырошчваюць ва ўсіх краінах умераных паясоў. Кармавы боб мае дробнае насенне і развітую вегетатыўную масу, харчовы — буйнаплодны і буйнанасенны з тоўстымі мясістымі створкамі, мае 23—25% бялку, да 36% крухмалу, цукры, пекцінавыя рэчывы, вітаміны і інш. На Беларусі пашыраны сарты Беларускі, Рускі чорны (харчовыя), Аўшра (кармавы).

Аднагадовая, пераважна самаапыляльная, расліна выш. 1—1,5 м. Корань стрыжнёвы, разгалінаваны, пранікае ў глебу на глыб. 80—150 см. Лісце без вусікаў. Кветкі белыя ці ружаватыя, сабраныя ў гронкі. Плод — шматнасенны струк. Цвіце ў чэрв.—ліпені. Вільгацялюбная расліна, усходы пераносяць замаразкі да -4 — -5 °C. Добра расце на багатых перагноем гліністых і на акультураных тарфяна-балотных глебах. Ураджай зерня 2—3 (да 5), зялёнай масы 20—30 т/га. Завораная зялёная маса — добры сідэрат.

Боб конскі.

т. 3, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНЦЭ́ВІЧ (Казімір Станіслававіч) (3.6.1851, С.-Пецярбург — 26.7.1927),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў і апавяданняў (зб-кі «Пад прыгнётам», 1883; «Абарваныя струны», 1886; «Маленькія апавяданні», 1887), раманаў «Раба» (1887), «Змагары» (1896), «Хворая кроў» (1900), у якіх адлюстраваў жыццё абяздоленых гараджан. Творы Баранцэвіча прасякнуты ідэямі народніцтва. У маст. манеры адчуваецца ўплыў Ф.​М.​Дастаеўскага і А.​П.​Чэхава.

т. 2, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ТАЎ (Іван Андрэевіч) (1767, б. Маскоўская губ. — 30.6.1841),

рускі майстар муз. інструментаў. Прыгонны графа М.​П.​Шарамецева, у 1822 атрымаў вольную. Вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары, рэстаўрыраваў старадаўнія інструменты. Дасканаласць іх вырабу і выдатныя гукавыя якасці прынеслі яму сусв. вядомасць. На выстаўцы ў Пецярбургу (1829) за скрыпку і віяланчэль Батаву прысуджаны Вялікі сярэбраны медаль.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТУ́РЫН (Уладзімір Пятровіч) (27.9.1902, г. Стаўрапаль — 7.11.1945),

рускі геолаг. Д-р геолага-мінералаг. н. (1945). Даследаваў геалогію і літалогію нафтаносных раёнаў паўд.-ўсх. Каўказа, Урала-Эмбінскай і Урала-Волжскай абласцей. Распрацаваў метад вывучэння асадкавых парод, пазбаўленых выкапнёвых рэшткаў. Працы Батурына прысвечаны пытанням петраграфіі асадкавых парод і гіст. геалогіі, атрымалі міжнар. прызнанне. Дзярж. прэмія СССР 1948.

т. 2, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЬБАЎ (Міхаіл Нілавіч) (20.11.1851, С.-Пецярбург — 25.6.1911),

рускі пісьменнік. Аўтар аповесцяў «Пшаніцыны» (1873), «Дзень выніку» (1879), хронікі «Канец Невядомай вуліцы» (1881—82), рамана «Ра́са» (1883), рамант. трылогіі «Дзень ды ноч» (1890—1903), прысвечаных пераважна жыццю гар. мяшчанства і духавенства, лёсу «маленькага» чалавека (адчувальны ўплыў твораў Ф.​Дастаеўскага).

Тв.:

Соч. Т. 1—8. Спб., [1906—08].

т. 1, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВО́ЗДЗЕЎ Міхаіл Спірыдонавіч, рускі геадэзіст і падарожнік 1-й пал. 18 ст. Вучыўся ў маскоўскай навігацыйнай школе (1716) і Марской акадэміі (1719). З 1732 на боце «Св. Гаўрыіл» пад камандай І.Фёдарава здзейсніў плаванне да берагоў Берынгава прал. У выніку былі даследаваны і нанесены на карту часткі азіяцкага і амер. ўзбярэжжаў гэтага праліва.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЯЗНО́Ў (Мікалай Іванавіч) (28.10.1816, С.-Пецярбург — 27.1.1877),

рускі батанік і аграном. Акад. Пецярбургскай АН (1857). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1838). З 1847 праф. Маскоўскага ун-та, у 1861—69 арганізатар і дырэктар Пятроўскай земляробчай і лясной акадэміі ў Маскве. З 1858 першы прэзідэнт Рас. т-ва садоўніцтва. Навук. працы па раслінаводстве, эмбрыялогіі і фізіялогіі раслін.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў (Валянцін Дзмітрыевіч) (31.7.1902, г. Самарканд, Узбекістан — 7.4.1975),

рускі пісьменнік. Аўтар фантаст. рамана «Энергія, падуладная нам» (1951) і аповесці «У карставых пячорах» (1952). Гал. месца ў творчасці займае цыкл кніг па гісторыі Расіі, пра станаўленне Кіеўскай Русі: «Аповесць старажытных гадоў. Хронікі IX ст.» (1955), «Русь спрадвечная» (т. 1—2, 1961), «Русь Вялікая» (1967).

т. 7, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)