МУНК ((Munch) Эдвард) (12.12.1863, Лётэн, Нарвегія — 23.1.1944),

нарвежскі мастак, адзін з заснавальнікаў экспрэсіянізму. Вучыўся ў Осла ў Каралеўскай школе малявання (1881—86) і ў майстэрні К.​Крога (1882—83). Працаваў у Нарвегіі, Даніі, Францыі, Германіі. У ранні перыяд зазнаў уплыў В. ван Гога і П.​Гагена. Светаўспрыманне М. сфарміравалася пад уплывам твораў пісьменнікаў-сімвалістаў Х.​Егера і А.​Стрындберга, што абумовіла ў яго карцінах матывы адзіноцтва, трывогі, смерці. Творам уласцівы эмацыянальная напружанасць і абвостраная выразнасць вобразаў, жорсткі, віхрападобны контурны малюнак, павышаная дынаміка кампазіцый, дысананс колераў: «Хворая дзяўчынка» (1885—86), «Сястра мастака» (1892), «Крык», «Пакой паміраючага» (1893), «Вампір» (каля 1893), «Самота» (1894), «Танец жыцця» (1899), «Танец на беразе» (1900—02), «Дзеці на вуліцы» (1910), «Начны вандроўнік» (1939) і інш. Большасць карцін 1890—1910-х г. уваходзяць у няскончаны цыкл «Фрыз жыцця». Графічныя творы вызначаюцца змрочным эратызмам, успрыняццем жанчыны як увасаблення негатыўнай, разбуральнай сілы: «Дзяўчына і смерць» (1894), «Мадонна» (1895—1902), серыя «Укус» (1913) і інш. Аўтар фрэсак для залаў ун-та ў Осла («Альма Матэр», «Гара людзей» і інш., 1909—15).

Э.Мунк. Мадонна. 1895—1902.

т. 11, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПА́Р, папарнае поле,

поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫЯРХА́Т (ад грэч. pater бацька + archē улада),

1) форма родавай арганізацыі першабытнаабшчыннага ладу, якая характарызуецца вяршэнствам мужчыны ў грамадскай вытв-сці і сац. жыцці. П. ўласцівы патрылакальнасць (прыход жанчын у сем’і родавых абшчын) і патрылінейнасць (адлік роднасці па бацькоўскай лініі). Адрозніваюць ранні П., заснаваны на парнай сям’і, і позні П., які з’явіўся ў канцы першабытнаабшчыннага ладу ў выглядзе манагамных патрыярхальных сем’яў. Як і матрыярхат, П. існаваў не ва ўсіх народаў і не быў стадыяй развіцця першабытнаабшчыннага ладу. Прыхільнікамі тэорыі першапачатковай патрыярхальнасці грамадства ў ант. часы былі Платон, Арыстоцель. У сярэднія вякі гэты погляд быў пануючым, у 19 ст. яго абараняў Г.​Мэн. У 1860—80-я г. І.​Бахафен і Л.​Морган абверглі гэту ідэю. На тэр. Беларусі першыя адзнакі патрыярхальных адносін выяўлены пры даследаванні помнікаў эпохі бронзы: на паселішчах Падзвіння скульпт. і графічныя выявы мужчын-духаў, што сведчыць пра большую ролю мужчын у рэліг. вераваннях; на калект. могілках сярэднедняпроўскай культуры пахаванні мужчын часцей займаюць цэнтр. месца.

2) У хрысціянстве П., патрыярхія — кіруемая патрыярхам царква ў сукупнасці яе элементаў: веравучэння, культу, падання і традыцыі, іерархічнай сістэмы кіравання.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ БОГАЯЎЛЕ́НСКІ МАНАСТЫ́Р, Пінскі Богаяўленскі брацкі манастыр,

мужчынскі правасл. манастыр у г. Пінск Брэсцкай вобл. ў пач. 17 — пач. 20 ст. Узнік у ранні перыяд праваслаўна-уніяцкай канфрантацыі. У жн. 1614 на сродкі Р.​Гарабурдзінай і Пінскага правасл. брацтва пабудавана Богаяўленская царква, пры ёй аселі манахі з Пінскага Лешчанскага манастыра. Праз месяц царква разабрана уніятамі, скаргі праваслаўных да караля і ў сейм былі безвыніковымі. У 1633 кароль Уладзіслаў IV дазволіў брацтву пабудаваць на ўскраіне горада манастыр з вучылішчам, пач. школай і шпіталем. У 1647 драўляны манастыр згарэў, у 1650 зноў адбудаваны. Быў цэнтрам праваслаўя на Піншчыне. У 18 ст. цярпеў прыцясненні з боку пінскага уніяцкага епіскапа і фанатычнай шляхты. Аднак у 1757 за манастыр заступаўся канцлер Ф.​М.​Чартарыйскі, а ў 1775 кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі вызваліў манастырскіх падданых ад усіх падаткаў. У 1799 драўляныя будынкі згарэлі, у 1800 манастыр размешчаны ў комплексе б. Пінскага касцёла і калегіума езуітаў (тады ж сюды пераведзены манахі з Мінскага Петрапаўлаўскага манастыра, а ў 1848 — духоўнае вучылішча з Лядаў). Манастыр спыніў існаванне ў час 1-й сусв. вайны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 12, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЬЯ́К ((Signac) Поль) (11.11.1863, Парыж — 15.8.1935),

французскі жывапісец, тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў Парыжы ў вольнай майстэрні Бінга. Адзін з заснавальнікаў Т-ва незалежных мастакоў (1884; з 1903 яго віцэ-прэзідэнт, з 1909 прэзідэнт). У ранні перыяд творчасці быў блізкі да імпрэсіяністаў, з 1886 пад уздзеяннем Ж.​Сёра далучыўся да неаімпрэсіянізму. Пісаў пейзажныя віды Пд Францыі, спакойныя па кампазіцыі, у стрыманай збалансаванай гаме («Маяк у Порт-Рые», 1888; «Пясчаны бераг мора», 1890; «Гавань у Марселі», 1907; «Марсельскі порт», 1911; «Канал Сен-Мартэн», 1933), партрэты («Партрэт Фелікса Фенеона», 1890), лірычныя сцэны і дэкар. кампазіцыі, у якіх раскрываў сваю канцэпцыю ідэальнага анархісцкага грамадства («Нядзеля ў Парыжы», 1890; «Жанчына прычэсваецца», «Дзве жанчыны каля студні», абедзве 1892; «У часы гармоніі»,1894). Мадыфікаваў тэхніку пуантылізму, выкарыстоўваў невялікія, строга ўпарадкаваныя квадратныя мазкі чыстага, інтэнсіўнага колеру: «Дамба ў Партрыё» (1888), «Хвоя. Сен-Трапез» (1909) і інш. Аўтар кн. «Ад Эжэна Дэлакруа да неаімпрэсіянізму» (1899), «Іонгкінд» (1927).

Літ.:

Ж.​Сёра. П.​Синьяк. Письма. Дневники...: Пер. с фр. М., 1976;

Калитина Н. П.​Синьяк. Л., 1976.

С.​У.​Пешын.

П.Сіньяк Гавань у Марселі. 1907.

т. 14, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЯ́ВІН (Піліп Андрэевіч) (22.10.1869, с. Казанка Арэнбургскай вобл., Расія — 23.12.1940),

расійскі жывапісец. Вучыўся ў манастырскай іканапіснай майстэрні на Аян-Орасе ў Грэцыі (1885—91) і Пецярбургскай АМ у І.​Рэпіна (1892—99). Чл. Саюза рус. мастакоў (з 1903). З 1922 жыў у Зах. Еўропе. У ранні перыяд пад уплывам Рэпіна ствараў стрыманыя паводле каларыту псіхал. партрэты: «Сялянская дзяўчына з панчохай», «Партрэт сястры з кнігай», «К.​А.​Сомаў», «І.​Э.​Грабар» (усе 1895) і інш. У творах канца 1890 — пач. 1900-х г. пад уплывам мадэрну праявіліся павышаны дэкаратывізм, шырокае, дынамічнае пісьмо корпуснымі мазкамі, экспрэсіўнасць. Майстар каларыту, праз які перадаваў шырокую гаму пачуццяў; інтэнсіўныя колеравыя плямы арганізаваны лінейным рытмам у дэкар.-плоскасныя завіхрэнні, якія абрамляюць скульптурна-дакладныя, спакойна мадэліраваныя творы. Сярод карцін: «Смех» (1899), «Дзяўчына» (1903), «Бабы» (1905 і 1914), «Віхор» (1906), «Дзве дзяўчыны» (1910-я г.), «Верка» (1913), «Рускія сялянкі» (1925) і інш. У Нац. маст. музеі Беларусі: «Баба» (1900 і 1916), «Сялянка ў чырвоным» (1910-я г.).

Літ.:

Александрова Н. Ф.​А.​Малявин. М., 1966;

Живова О.А. Ф.​А.​Малявин, 1869—19.40: Жизнь и творчество. М., 1967.

В.​Я.​Буйвал.

П.Малявін. Віхор. 1906.

т. 10, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯРКУ́РАЎ (Сяргей Дзмітрыевіч) (7.11.1881, г. Гюмры, Арменія — 8.6.1952),

расійскі скульптар-манументаліст. Нар. маст. СССР (1943). Правадз. чл. АМ СССР (1947). Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1902—05). Да 1909 працаваў у Парыжы. З 1929 чл. Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі. З 1944 дырэктар музея выяўл. мастацтваў у Маскве. У ранні перыяд пад уплывам мадэрну творчасці была ўласціва ўзнёслая сімвалічнасць, часам стылізацыя вобразаў (статуя Ф.​Дастаеўскага, 1911—13, устаноўлена ў 1918 у Маскве, і інш.). Пасля 1917 працаваў у больш акад. манеры, удзельнічаў у ажыццяўленні плана манументальнай прапаганды. У творах, якія вызначаліся маналітнасцю аб’ёмаў і статычнасцю кампазіцый, імкнуўся да ўвасаблення ў вобразах вял. грамадскага зместу. Сярод работ: партрэт С.​Г.​Шаўмяна (1929), статуя У.​Леніна на канале імя Масквы (1937), гарэльеф «Расстрэл 26 бакінскіх камісараў» (1924—46, устаноўлены ў 1958 у Баку), скульпт. група «Смерць правадыра» (1927—47, устаноўлена ў 1958 у г.п. Горкі Ленінскія Маскоўскай вобл.), помнікі К.​Ціміразеву ў Маскве (1922—23), Шаўмяну ў Ерэване (1931), Ф.​Дзяржынскаму ў Валгаградзе (1932) і ў Дзяржынску (Расія, 1948), А.​Пушкіну ў Магнітагорску (1949) і інш. Рабіў пасмяротныя маскі дзярж. дзеячаў і дзеячаў культуры. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1951.

С.Мяркураў. Партрэт С.​Г.​Шаўмяна. 1929.

т. 11, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАСКА́ЛЬНАЕ МАСТА́ЦТВА, наскальныя малюнкі, пятрогліфы, пісаніцы,

старажытныя малюнкі на сценах пячор, скалах і асобных камянях у выглядзе контурных выяў (надрапаны або абведзены каляровымі лініямі), барэльефаў і паліхромнай размалёўкі. Вядомы ва ўсіх частках свету ад палеаліту да сярэднявечча. Наскальныя малюнкі эпохі палеаліту выяўлены на Пд Францыі, Пн Іспаніі (гл. Альтаміра), на Каўказе, Урале і каля р. Лена ў Расіі. Для іх характэрны выявы жывёл і паляўнічых сцэн. У неаліце і бронзавым веку тэматыка наскальных малюнкаў — дзейнасць чалавечых калектываў. Найб. вядомыя тагачасныя творы Н.м. выяўлены ў Скандынавіі, Карэліі, Усх. Сібіры, Сярэдняй Азіі і Закаўказзі. У раннім жал. веку наскальныя малюнкі пашыраны ўсюды. На Беларусі наскальныя малюнкі трапляюцца на асобных камянях у выглядзе гравіраваных салярных знакаў, слядоў жывёл і людзей, незразумелых сімвалаў. Паводле характару яны блізкія да надмагільных камянёў, каменных крыжоў, камянёў з надпісамі. Яны адлюстроўваюць у мастацкай форме гаспадарчае і духоўнае жыццё насельніцтва мінулых эпох і маюць вял. значэнне як гіст. крыніцы.

Літ.:

Гущин А.С. Происхождение искусства. Л.;

М., 1937;

Формозов А.А. Очерки по первобытному искусству М., 1969.

М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Наскальнае мастацтва: 1 — жывапіс цясніны Вальторга, Іспанія (мезаліт); 2 — петрогліфы з урочышча Кабустан, Азербайджан (ранні мезаліт).

т. 11, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЁМАНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі ў Бел. Панямонні, на верхняй Прыпяці, ПнУ Польшчы і ПдЗ Літвы. Культура сфарміравалася на мясц. мезалітычнай аснове (гл. Нёманская мезалітычная культура). У развіцці Н.к. вылучаюць 3 этапы: ранні (дубічайскі), сярэдні (лысагорскі) і позні (дабраборскі). Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам, у познім неаліце — земляробствам і жывёлагадоўляй. Мела наземныя жытлы на берагах вадаёмаў. Для ранняга этапу характэрна вастрадонная слабапрафіляваная кераміка з расліннымі дамешкамі ў гліне, у сярэднім этапе гаршкі мелі выразную шыйку, раслінныя дамешкі ў гліне спалучаліся з жарствой; на познім этапе форма посуду захоўвалася ранейшая, але ў гліне зніклі раслінныя дамешкі. У арнаменце Н.к. ўжываліся гарыз. паясы грабеньчатых адбіткаў, насечкі, праколы, пракрэсленыя рыскі, адбіткі лінейнага штампа, тэкстылю. У Н.к. адбываўся росквіт крамянёвай індустрыі, былі пашыраны дасканала рэтушаваныя наканечнікі стрэл і дзідаў, паявіліся сякеры са звужанымі абушкамі і прышліфоўкай на лязе. Найб. значныя помнікі Н.к. на Беларусі Кругліца, Камень, Добры Бор, Моталь і інш.

М.​М.​Чарняўскі.

Да арт. Нёманская культура. Посуд з паселішча Лысая Гара каля в. Кругліца Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. (1) і паселішча каля в. Русакова Слонімскага раёна Гродзенскай вобл. (2).

т. 11, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБО́РТ (лац. abortus),

спыненне цяжарнасці ў жанчын у першыя 22 тыдні (раней лічылі 28), калі плод яшчэ не здольны да жыцця па-за целам маці. Спыненне цяжарнасці ў больш познія тэрміны (да 38 тыдняў) наз. заўчаснымі родамі. Аборт да 12 тыдняў лічыцца ранні, пасля гэтага тэрміну — позні. Аборт штучны — спыненне цяжарнасці пры дапамозе спец. інструментаў або фармакалагічных сродкаў урачом у мед. установе; дазволены заканадаўствам у большасці краін свету, у т. л. ў Рэспубліцы Беларусь. Штучнае спыненне цяжарнасці па-за бальнічнай установай або без урача лічыцца крымінальным. Самаадвольны аборт (выкідыш) можа быць вынікам уздзеяння генет., эндакрынных, інфекц., сац.-эканам., экалаг., прафес. фактараў і звязаных з гэтым хвароб жанчыны і мужчыны і стварае вял. праблему ў акушэрстве — да 15—20% выкідышаў. У самаадвольным аборце адрозніваюць стадыі: пагражальны аборт, аборт, які пачаўся, аборт няпоўны і поўны. На 2 першых стадыях магчыма захаванне цяжарнасці. Самаадвольны аборт можа ўзнікаць паўторна (прывычны выкідыш), асн. сімптомы: болі ў нізе жывата і ў крыжы, крывяныя выдзяленні, далучаная інфекцыя. Аборт, якому спадарожнічае інфекцыя, наз. інфекцыйны. Любы аборт можа выклікаць ускладненні раннія (крывацёкі, пракол сценкі маткі, пашкоджанні сумежных органаў) і познія (запаленне палавых органаў і брушыны, бясплоднасць, эндакрынныя парушэнні), а таксама смерць жанчыны. Лячэнне аборту на ўсіх стадыях праводзіцца ў стацыянарных умовах.

І.​У.​Дуда.

т. 1, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)